Св. Джон Генры Ньюмэн. “Хрыстус, жыватворны Дух”

🕑

15 minutes

Казанне са зборніка “Парафіяльныя і простыя казанні”, т. 2.

Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос (Лк 24:5, 6).

Гэтым трыумфальным пытаннем святыя анёлы рассейваюць смутак жанчын у раніцу Хрыстовага ўваскрасення. “О малаверныя”, у якіх веры менш, чым любові, у якіх абавязковасці больш, чым разумення, навошта вы прышлі на трэці дзень памазваць Ягонае цела? Чаму вы шукаеце жывога Збаўцу ў магіле? Час смутку скончыўся; прыйшла перамога, як Ён і казаў, а вы гэтага не памятаеце. “Яго тут няма; Ён уваскрос!”

Такія словы і справы мелі месца васямнаццаць стагоддзяў таму: так даўно, што свет ужо пачаў лічыць, быццам бы гэтага ніколі і не было. Але яны застаюцца праўдзівымі да гэтага дня. Хрыстус сёння для нас такі ж, які Ён быў ва ўсіх сваіх слаўных уласцівасцях у раніцу ўваскрасення; і мы шчаслівыя, што ведаем пра гэта; нават больш шчаслівыя, чым тыя жанчыны, да якіх звярталіся анёлы, у чым Ён сам нас запэўнівае: “Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў” (Ян 20:29).

У гэты найбольшы з усіх дзён я паспрабую паставіць перад вамі адну з самых прыемных тэм для разважання, якую прапануе нам сённяшняе свята.

1. Па-першае, заўважце, як уваскрасенне Хрыста гарманіруе з гісторыяй Яго нараджэння. Давід прадказаў, што Ягоная “душа не застанецца ў пекле” (гэта значыць, у нябачным стане) і што “Святы Божы не ўбачыць тлення” (пар. Пс 15:10). Спасылаючыся на гэтае прароцтва, св. Пётр кажа, што “немагчыма было, каб [смерць] трымала Яго” (Дз 2:24), як быццам бы ў Ім была нейкая схаваная ўнутраная энергія, якая ахоўвала Яго людскую натуру ад распаду. Самае вялікае прычыненне болю і насілля змагло толькі на пэўны перыяд знішчыць яе сілы, але нішто не можа прычыніць ёй тлення. “Не дасі святому Твайму ўбачыць тленне”, — кажа Пісанне, а ў іншым месцы называе Яго “святым дзіцём Езусам” (Дз 4:27). Гэтыя выразы нагадваюць нам пра абвяшчэнне анёлам Ягонага нараджэння, у якім падразумяваецца існаванне ў Ім незнішчальнай і несмяротнай натуры. “Святое”, што народзіцца з Марыі, будзе “Сынам” не чалавечым, а “Божым” (Лк 1:35). Усе іншыя нараджаліся ў граху “на падабенства Адама і на ягоны вобраз” (Быц 5:3), і, народжаныя ў граху, яны падлягалі тленню. “Праз аднаго чалавека грэх увайшоў у свет і праз грэх — смерць” (Рым 5:12) і ўсе іншыя наступствы. Ніводная людская істота не ўзнікае да існавання без таго, каб Бог не даў нейкія бачныя прыкметы таго, што яе нараджэнню спадарожнічае грэх. Калі ж у нашым целе аб’явілася Слова жыцця, Святы Дух паказаў тую творчую руку, якою ў пачатку была створана Ева; і Святое Дзіця, такім чынам зачатае сілай Найвышэйшага, было (як паказвае гісторыя) несмяротным нават у сваёй смертнай натуры; Яно было настолькі чыстым ад усялякай заразы забароненага плода, што гэта дало яму бязгрэшнасць і незнішчальнасць. Таму, хоць Яно і падлягала смерці, “немагчыма было, каб яна трымала Яго”. Смерць магла перасіліць Яго, але не магла ўтрымаць сваю здабычу; “смерць ужо не мае над Ім улады” (Рым 6:9). Кажучы словамі нашага тэксту, Ён быў “жывым сярод мёртвых”.

І таму можна сказаць, што Ягонае ўваскрасенне з мёртвых ясна даказала Яго боскае паходжанне. Ён “адкрыўся як Божы Сын у моцы, паводле Духа святасці, — гэта значыць, у сваёй сутнаснай боскасці — праз уваскрасенне з мёртвых” (Рым 1:4). Юдэйскімі кіраўнікамі Ён быў асуджаны як блюзнер, “таму што зрабіў сябе Сынам Божым”; Ён быў забіты на Крыжы не толькі ў якасці пакарання, але і ў якасці практычнага абвяржэння Ягонай заявы. Ворагі на гэтай падставе кінулі Яму выклік: “Калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа!” Такім чынам, Ягонае ўкрыжаванне было нібы тэстам, новым эксперыментам з боку сатаны, які і раней выпрабоўваў Яго, каб даведацца, быў Ён такім жа, як іншыя людзі, ці Сынам Божым. Заўважце вось што. Ён быў паслухмяны да смерці, выконваючы закон той пазбаўленай спадчыны натуры, якую ўзяў на сябе, каб праз падуладнасць гэтаму закону прынесці расплату за нашыя грахі. Ажно столькі было дазволена “паводле вызначанай волі і Божага прадбачання”; але тут трыумф Ягоных ворагаў, калі можна яго так назваць, скончыўся. Ён скончыўся на тым, што было неабходным для нашага адкуплення. Ён сказаў: “Здзейснілася”, бо Ягонае прыніжэнне, калі Ён паміраў, знаходзілася ў сваёй найніжэйшай кропцы. І адразу ж праявіліся нейкія пачатковыя прыкметы таго, што рэальная перамога засталася за Ім. Па-першае, землятрус і іншыя цуды на небе і на зямлі. Паводле суджэння сотніка-язычніка, нават гэтага было дастаткова, каб пацвердзіць праўдзівасць Ягоных прэтэнзій, бо ён адразу сказаў: “Праўдзіва, Чалавек гэты быў Сынам Божым” (Мк 15:39). Затым адбылося Ягонае сыходжанне ў пекла і трыумф у нябачным свеце, чым бы ён ні быў. Нарэшце, гэтая слаўная справа Ягонай сілы раніцай трэцяга дня, пра што мы цяпер успамінаем. Памерлы ўваскрос. Магіла не змагла стрымаць Таго, хто “меў у сабе жыццё” (Ян 5:26). Ён падняўся так, як чалавек, які абуджаецца ўранку, калі сон злятае з яго як штосьці звычайнае. Тленне не мела сілы над Яго святым целам, над гэтым плодам цудоўнага зачацця. Путы смерці былі парваны, як зялёныя лозы, і сваёй слабасцю засведчылі, што Ён быў Сынам Божым.

Такая вось сувязь паміж нараджэннем і ўваскрасеннем Хрыста; і можна было б рызыкнуць сказаць яшчэ больш адносна Яго нятленнай натуры, калі б не было разумней пазбегнуць рызыкі перайсці мяжу той пашаны, да якой мы абавязаны ў дачыненні да яе. Штосьці можна было б сказаць адносна Яго знешняга выгляду, які, здаецца, меў на сабе прыкметы таго, хто ніколі не быў заплямлены грахом ад нараджэння. Людзі ледзь стрымліваліся ад таго, каб не пакланіцца Яму. Калі фарысеі паслалі схапіць Яго, усе афіцэры ад таго, што Ён проста прызнаўся, што Ён той, каго яны шукаюць, пападалі на зямлю. Яны былі спужаныя, як, кажуць, дзікія жывёлы пужаюцца голасу чалавека. Такім чынам, будучы створаным на Божае падабенства, Ён быў другім Адамам; і яшчэ больш, чым Адамам, Ён быў у сваёй таямнічай натуры, якая прамяніла скрозь Ягоны шацёр цела такой жахлівай чысцінёй і яркасцю, што гэта было відаць нават у дні Ягонага прыніжэння. “Першы чалавек з зямлі ёсць пылам; другі Чалавек — з неба” (1 Кар 15:47).

2. І калі такою была Яго бачная веліч, пакуль Ён яшчэ быў падвержаны выпрабаванню, немачы і болю, то яшчэ больш багатым было праяўленне Ягонай боскасці, калі Ён уваскрос з памерлых. Тады боская істота, калі можна так сказаць, прамяніла ва ўсе бакі і агортвала Яго чалавечую натуру, як воблака славы. Яго святое цела было настолькі пераменена, што Той, хто пажадаў нарадзіцца ад жанчыны і павіснуць на крыжы, меў у сабе схаваную сілу праходзіць, як дух, праз закрытыя дзверы да сваіх сабраных вучняў; але ў той жа час, спагадаючы іхнім пачуццям, на якія аказваўся такі ціск, Ён паказваў, што Ён не проста дух, а што з імі размаўляе той самы Ён, Які па-ранейшаму мае параненыя рукі і прабіты бок. Ён паказваўся ім у гэтым праслаўленым стане, каб яны маглі стаць Ягонымі сведкамі для люду; сведкамі тых асобных праўд, якія людскі розум не можа спалучыць: што Ён меў рэальнае людское цела, што яно мела ўдзел ва ўласцівасцях Ягонай душы і што яно было населена Спрадвечным Словам. Яны дакраналіся да Яго; яны бачылі, як Ён прыходзіць і выходзіць праз зачыненыя дзверы; яны адчувалі тое, чаго не маглі бачыць, але пра што маглі сведчыць ажно да смерці, — што Ён быў “іхнім Панам і іхнім Богам”. Гэта трайное сведчанне: па-першае, Яго збаўчай Мукі; затым іх уласнага ўваскрасення да славы; і, нарэшце, Яго боскай сілы і здольнасці бяспечна давесці іх да яго. Аб’явіўшыся як дасканалы Бог і дасканалы чалавек, у паўнаце сваёй суверэннасці, у несмяротнасці сваёй святасці, Ён узышоў на неба, каб авалодаць сваім каралеўствам. Там Ён застаецца да апошняга дня, “Цудоўны, Дарадчык, Бог моцны, Спрадвечны Айцец, Князь спакою” (Іс 9:6).

3. Ён узышоў на неба, каб заступацца за нас перад Айцом, як сказана, што Ён “заўсёды жывы, каб заступацца за нас” (пар. Гбр 7:25). Але не варта лічыць, што, пакінуўшы нас, Ён завяршыў ласкавую эканомію свайго ўцелаўлення і адклікаў паслугу сваёй нятленнай людской натуры са сваёй справы любячай міласэрнасці да нас. “Святы Божы” быў прызначаны не толькі для таго, каб памерці за нас, але і для таго, каб быць пачаткам новага стварэння да святасці ў нашым грэшным родзе; для таго, каб перайначыць душу і цела на сваё ўласнае падабенства, каб яны маглі быць разам “уваскрэшаны і пасаджаны на нябёсах у Хрысце Езусе” (Эф 2:6). Няхай заўсёды будзе благаслаўлёным Ягонае імя! Перад тым, як пайсці ад нас, Ён успомніў пра нашую патрэбу і завяршыў сваю справу, пакінуўшы нам у спадчыну асаблівы спосаб набліжэння да Яго — святую Таямніцу, у якой мы прымаем (хоць і не ведаем якім чынам) сілу таго нябеснага Цела, якое з’яўляецца жыццём усіх, хто верыць. Гэта благаслаўлёны сакрамэнт Эўхарыстыі, у якім “перад нашымі вачыма накрэслены вобраз укрыжаванага Езуса Хрыста” (Гал 3:1), каб мы, здзяйсняючы Ягоную ахвяру, маглі стаць “саўдзельнікамі Божай натуры” (2 П 1:4). Прыслухаемся да гэтага, каб мы не былі сярод тых, хто “не зважае на Цела Пана” (1 Кар 11:29) і на тыя “вялікія і каштоўныя абяцанні”, якія былі дадзены тым, хто мае ў ім удзел. І, паколькі ёсць пэўная небяспека гэтага, я зраблю некаторыя кароткія заўвагі адносна гэтага вялікага дару. Дай Бог, каб нашыя словы і думкі адпавядалі яго невымоўнай святасці.

Хрыстус кажа: “Як Айцец мае ў сабе жыццё, так і Сыну даў мець жыццё ў сабе” (Ян 5:26); а пазней Ён кажа: “Я жыву, і вы жыць будзеце” (Ян 14:19). Адпаведна, выглядае так, што як Адам быў прычынай смерці для ўсяго чалавецтва, так Хрыстус з’яўляецца пачаткам несмяротнасці. Калі Адам з’еў забаронены плод, гэты плод стаў нібы атрутай, якая распаўсюдзілася на ўсю яго натуру: на душу і цела, а таму на ўсіх ягоных нашчадкаў. Калі ён быў змешчаны ў садзе, яму было сказана: “У дзень, калі з’ясі з яго, напэўна памрэш смерцю” (Быц 2:17); і нам ясна сказана: “У Адаме ўсе паміраюць”. Мы ўсе народжаны спадкаемцамі той інфекцыі натуры, якая наступіла пасля ягонага грэхападзення. Але нам таксама сказана: “Як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены” (1 Кар 15:22); адзін і той жа закон Божага провіду захоўваецца ў абодвух выпадках. Адам распаўсюджвае атруту — Хрыстус пашырае вечнае жыццё. Кожнаму паасобку Хрыстус перадае жыццё праз тую святую і нятленную натуру, якую прыняў дзеля нашага адкуплення. Як — мы не ведаем, але, хоць гэта адбываецца нябачна, гэта ўсё ж рэальна адбываецца праз тое, што Ён дае нам сябе. Таму св. Павел кажа, што  “апошні Адам стаў” не проста “жывой істотай”, а “жыватворным духам”, як “Пан з неба” (1 Кар 15:45, 47). Зноў жа, калі казаць Яго ласкавымі словамі, Ён “хлеб жыцця”. “Хлеб Божы — гэта той, хто сыходзіць з неба і дае жыццё свету”; або, як Ён кажа больш ясна: “Я — хлеб, які сышоў з неба”; “Я — хлеб жыцця”; “Я — хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, — гэта Цела Маё дзеля жыцця свету” (Яе 6:33-54). Чаму гэтая лучнасць з Ім павінна лічыцца неймавернай, таямнічай і святой, калі мы ведаем з Евангелля, якія цуды Ён у дні свайго прыніжэння рабіў тым, хто набліжаўся да Яго? У адным з выпадкаў нам сказана, што “ўсе людзі імкнуліся дакрануцца да Яго, таму што сіла сыходзіла ад Яго і вылечвала ўсіх” (Лк 6:19). Зноў жа, калі жанчына, якая хварэла на крывацёк, дакранулася да Яго, Ён “адразу адчуў, што моц выйшла з Яго” (Мк 5:30). Такая ласка была нябачнай; яе можна было пазнаць толькі па тым аздараўленні, якое яна здзяйсняла, як у выпадку гэтай жанчыны. Не будзем сумнявацца, што, хоць мы не набліжаемся да Яго адчувальна, Ён усё адно можа даць нам сілу сваёй чысціні і нятленнасці, як і абяцаў, прычым больш нябесным і духоўным чынам, чым “у дні свайго цела”; такім чынам, які не проста прыбірае хваробы гэтага часовага стану, але і сее зерне вечнага жыцця ў цела і ў душу. Не будзем адмаўляць Яму ў славе Яго жыватворнай святасці, у той багатай ласцы, якою з’яўляецца аднаўленне ўсяго чалавецтва, у тым імклівым, магутным і праніклівым духу, які можа заквасіць усю масу людской сапсаванасці і даць ёй жыццё. Ён першынец уваскрасення; мы ідзём за Ім кожны ў сваім парадку, па меры таго, як мы асвячаны Яго духоўнай прысутнасцю. І ў гэтым сэнсе, сярод іншага, Хрыстус, калі казаць словамі Пісання, “фарміруецца ў нас”; гэта значыць, нам перадаецца Яго новая натура, якая асвячае душу і робіць цела несмяротным. У падобным сэнсе мы ў камунійным набажэнстве молімся, “каб нашы грэшныя целы былі ачышчаны Ягоным Целам, а нашыя душы былі абмыты Яго Найдаражэйшай Крывёю і каб мы ўсё больш прабывалі ў Ім, а Ён у нас”.

Таму такі вось наш уваскрослы Збаўца сам па сабе і ў дачыненні да нас: Ён быў зачаты ад Духа Святога; быў святы ад улоння; памёр, але не спазнаў тлення; на трэці дзень уваскрос сваім уласным унутраным жыццём; узнёсся як Сын Божы і як Сын чалавечы, каб уваскрасіць нас пасля сябе; і незразумелым чынам напаўняе нас сваёй несмяротнай натурай, пакуль мы не станем такімі, як Ён; напаўняе нас духоўным жыццём, якое можа вывесці з нас атруту дрэва пазнання і вярнуць нас да Бога. Якая цудоўная гэтая справа ласкі! Дзіўна, што Адам стаў нашай смерцю, але яшчэ больш дзіўна і больш ласкава, што сам Бог стаў нашым жыццём праз той чалавечы шацёр, які ўзяў на сябе.

О, благаслаўлёны дзень уваскрасення, які ад старажытнасці называлі каралём усіх святаў, які абуджаў у хрысціянах трывожнае і нават упартае імкненне ўшанаваць яго як належыць! Благаслаўлёны дзень, які толькі раз прайшоў у смутку, калі наш Пан фактычна ўваскрос, а вучні не паверылі ў гэта; але ва ўсе наступныя разы — дзень радасці ў веры і любові Касцёла! У старажытныя часы хрысціяне ва ўсім свеце пачыналі яго ранішнім прывітаннем. Кожны чалавек казаў свайму бліжняму: “Хрыстус уваскрос!” А бліжні адказваў яму: “Сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону!” Нават для Сымона, таго баязлівага вучня, які тройчы адрокся ад Яго, Хрыстус уваскрос; нават для нас, што доўгі час таму паабяцалі быць паслухмянымі Яму, аднак так часта адракаліся ад Яго перад людзьмі, так часта станавіліся на бок граху і ішлі за гэтым светам, калі Хрыстус клікаў нас ісці іншым шляхам. “Хрыстус сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону”. Хрыстус з’явіўся Сымону Пятру, улюбёнаму вучню, на якім пабудаваны Касцёл. Ён з’явіўся найперш свайму святому Касцёлу, і ў Касцёле Ён удзяляе благаслаўленні, якіх свет не ведае. Благаслаўлёныя тыя, хто ведае сваё благаслаўленне, каму дазволена, як нам, тыдзень за тыднем, свята за святам шукаць і знаходзіць у гэтым святым Касцёле Збаўцу нашых душ! Благаслаўлёныя звыш усякіх слоў і ўсякай думкі тыя, хто атрымаў ласку прыняць той задатак Ягонай любові, які чалавек не можа атрымаць іншым чынам, той знак і сродак Яго асаблівай прысутнасці ў сакрамэнце Ягонай Вячэры; каму дазволена есці і піць ежу несмяротнасці і прымаць жыццё з акрываўленага бока Божага Сына! Што за халоднае сэрца ці ганебная забабоннасць трымаюць чалавека, які называе сябе хрысціянінам, здалёк ад гэтага нябеснага абраду? Ці не жахліва, што існуе хтосьці, хто баіцца ўдзельнічаць у самым вялікім з магчымых благаслаўленняў, якія пасылаюцца грэшнаму чалавеку? Што такое насамрэч гэты страх, калі не бязвер’е ці рабскае трыванне ў любові да граху, калі ён год за годам схіляе чалавека хадзіць без той духоўнай падтрымкі, якую Бог падрыхтаваў для яго? Што дзіўнага, калі з цягам часу гэты чалавек прывучваецца наўмысна сумнявацца ў ласцы, якая даецца яму ў гэтым дары? Калі ён больш не глядзіць на Вячэру Пана як на нябеснае свята; на слугу Пана, які кансэкруе яе, як на выбранае начынне; або на святы Касцёл, у якім той служыць, як на Божае ўстанаўленне, якое трэба цаніць як развітальную спадчыну Хрыста для грэшнага свету? Што дзіўнага, калі ён глядзіць і не бачыць, слухае і не чуе; калі, легкадумна ставячыся да ўсіх дароў Хрыста, ён не адчувае пашаны да той скарбніцы, дзе яны назапашаны?

Але мы, якія лічым, што выконваем волю Бога, захоўваючы тыя абрады і правілы, якія нам пакінуў Ягоны Сын, можам у гэты дзень сціпла радавацца той радасцю, якой свет не можа ў нас забраць і якой нават не можа зразумець. Сапраўды, у наш час ганебных паводзін і блюзнерства мы не можам не быць стрыманымі і прыцішанымі ў сваёй радасці; але якраз дзякуючы такой сур’ёзнасці нашыя спакой і радасць могуць быць больш глыбокімі і поўнымі. Бо нішто не можа нанесці шкоду тым, хто носіць у сабе Хрыста. Выпрабаванне, спакуса, час уціску, перыяд дастатку, боль, цяжкая страта, трывога, смутак, абразы ворага, страта зямнога багацця — нішто не можа “адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым” (Рым 8:39). Гэта апостал сказаў нам даўно таму, але мы ў нашай эпосе гэтага свету, акрамя ягонага слова, маем яшчэ да свайго спакою досвед многіх стагоддзяў. У нас ёсць уласная гісторыя гэтага апостала, якая паказвае, што Хрыстус унутры нас мацнейшы за той свет, які навокал, і што Ён пераможа. У нас ёсць гісторыя ўсіх ягоных калег у пакутах, усіх вызнаўцаў і мучанікаў ранніх і пазнейшых часоў, і яна паказвае нам, што рука Хрыста “не скарацілася, каб ўжо не збаўляць”; што вера і любоў маюць на зямлі рэальнае месца прабывання; што, якая б ні прыйшла сітуацыя, Ягоная ласка будзе дастатковай для Ягонага Касцёла, а Ягоная сіла ўдасканальваецца ў слабасці; што Ён “да самай старасці і да сівізны будзе яго насіць” (пар. Іс 46:4); што, у якім б час ні кінулі свой выклік сілы зла, мучанікі і святыя зноў з’явяцца і ўваскрэснуць з мёртвых настолькі багата, як быццам бы іх ніколі не было дагэтуль, і знойдуцца нават “душы сцятых за сведчанне Езуса і за Божае слова, якія не пакланіліся зверу, ні вобразу ягонаму, і не прынялі кляйма на сваё чало і на сваю руку” (Ап 20:4).

Тым часам, пакуль сатана толькі пагражае, будзем трымаць свае сэрцы ў спакоі; пастараемся захоўваць сябе ціха; паставім сабе за мэту слухацца Бога ва ўсіх рэчах, і ў малых, і ў вялікіх; будзем дзень за днём выконваць абавязкі свайго паклікання, якія ляжаць перад намі, і “не турбавацца аб заўтрашнім дні, бо хопіць кожнаму дню свайго клопату” (Мц 6:34).

Ілюстрацыя: Fr James Bradley / Flickr, CC BY-ND.

Падобныя допісы

Create a website or blog at WordPress.com

Design a site like this with WordPress.com
Get started