Марцін Кохемскі. 6. У святой Імшы Хрыстус узнаўляе сваё жыццё

🕑

11 minutes

З кнігі “Тлумачэнне святой ахвяры Імшы” (1704)

Калі б мы ўважліва паназіралі за вялікімі таямніцамі святой Імшы і ўнутрана пераканалі сябе, што святар як прадстаўнік Хрыста, апрануты ў вопратку радасці, узнаўляе перад нашымі вачыма таямніцы цудоўнага жыцця і смерці Збаўцы, то мы, несумненна, пры першым удары звона спяшаліся б у касцёл, жадаючы паўдзельнічаць у гэтым суцяшальным відовішчы, таму што, як кажа Санчэс, “у гэтай святой драме нам пасылаюцца заслугі нашага Адкупіцеля, якія даюцца нам як нашы ўласныя”.

Калі б нашыя вочы былі асветлены верай, гэтае святое відовішча напаўняла б нас інтэнсіўнай радасцю. Бо святая Імша з’яўляецца кароткім падсумаваннем усяго жыцця Хрыста і аднаўленнем усіх таямніц, якія былі ў ім заключаны; гэта не фіктыўнае апісанне мінулых падзей, а рэальнае і фактычнае паўтарэнне ўсяго таго, што Хрыстус зрабіў і выцерпеў на зямлі.

Такім чынам, на святой Імшы перад намі ляжыць тое самае Дзіця, Якое пастухі бачылі спавітым у пялюшкі, толькі ў яшчэ больш прыніжанай форме — пад знешняй формай хлеба і віна. Так, перад намі на алтары знаходзіцца тое самае Дзіця, Якому пакланіліся тры каралі, і мы таксама можам пабожна ўшанаваць Яго і з любоўю прыняць Яго, як гэта зрабілі яны. Падчас Імшы нам чытаецца Евангелле: мы чуем пры гэтым голас святара, але словы маюць тую самую вагу, як быццам бы іх прамаўляе сам Хрыстус. Акрамя таго, мы бачым, як Ён здзяйсняе большы цуд, чым тое, што Ён учыніў у Кане Галілейскай, бо там Ён перамяніў ваду ў віно, а тут перамяняе віно ў сваю святую Кроў. У Імшы зноў аднаўляецца сцэна Апошняй вячэры, таму што хлеб і віно праходзяць праз тую ж змену, што і тады. Хрыстус таксама нанова прыносіцца ў ахвяру рукамі святара і аддаецца Найвышэйшаму Богу. А. Санчэс, пішучы на гэтую тэму, кажа: “Той, хто жадае атрымаць карысць ад святой Імшы, зможа праз пабожны ўдзел у ёй атрымаць прабачэнне грахоў і дар Божай ласкі так жа лёгка, як калі б асабіста стаў сведкам усіх гэтых таямніц”. Адсюль становіцца зразумела, наколькі збаўчым з’яўляецца гэтае ўрачыстае богаслужэнне і як шмат атрымліваюць тыя, хто прысутнічае на ім.

Паслухаем, як пабожны Дыянісій Картузіянец тлумачыць узнаўленне таямніц жыцця нашага Пана падчас святой Імшы. Ён кажа: “Усё жыццё Хрыста, якое Ён вёў на зямлі, было адной вялікай цэлебрацыяй Імшы, дзе Ён сам быў алтаром, святаром і ахвярай”.

Можна сказаць, што наш Пан, калі, схаваўшыся ад людскіх вачэй ва ўлонні сваёй Маці, прымаў нашае цела і ўскладаў на сябе вопратку смертнасці, насамрэч апранаўся ў святарскае ўбранне. Выйшаўшы ў ноч свайго нараджэння з улоння, нібы з сакрыстыі, і ўваходзячы ў гэты свет, Ён праспяваў інтроіт — пачатак святой Імшы. Ягоныя ўскрыкі ў калысцы былі першым Kyrie, eleison. Анёлы, якія з’явіліся пастухам і суправадзілі іх да бэтлеемскай стайні, праспявалі Gloria. Тыя просьбы, якія Ён узносіў, калі праводзіў ночы ў малітве, заклікаючы на нас міласэрнасць Бога, былі калектамі. Пасланнем сталі настаўленні, якія Ён даваў адносна прароцтваў Майсея і прарокаў, паказваючы, якім чынам яны споўніліся ў Ім. Ходзячы па Юдэі і абвяшчаючы сваё боскае вучэнне, Ён чытаў Евангелле. Тыя штодзённыя моманты, калі Ён прыносіў сябе Богу як ахвяру ўміласціўлення для адкуплення чалавецтва, былі аферторыем. Прэфацыяй быў Яго штодзённы дар пахвалы Богу, Ягоная ўдзячнасць за даброты, удзеленыя чалавеку. Sanctus габрэйскі народ спяваў у Пальмавую нядзелю, калі ўсклікаў: “Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Гасанна на вышынях!” (Мц 21:9). Кансэкрацыя адбылася на Апошняй вячэры, калі Ён перамяніў хлеб і віно ў свае Цела і Кроў. Узнясеннем стаў той момант, калі Ён быў узняты на крыжы і стаў відовішчам для людзей і анёлаў. Малітва Панская — гэта тыя сем слоў, якія Ён прамовіў на крыжы. Ламанне Гостыі — гэта раздзяленне Ягоных душы і цела. Малітву Agnus Dei прамовіў сотнік і тыя, хто быў з ім, калі яны ўдаралі сябе ў грудзі і казалі: “Праўдзіва, гэта быў Сын Божы!” (Мц 27:54). Антыфона на Камунію — гэта намашчэнне цела нашага Пана і змяшчэнне яго ў магілу. Благаслаўленне на заканчэнне Імшы паказвае тое благаслаўленне, якое Ён даў сваім вучням, калі ўзыходзіў на неба.

Такім быў вялікі акт культу, які Хрыстус здзейсніў на зямлі і які Ён наказаў сваім апосталам і іх наступнікам штодзённа выконваць у скарочанай форме. Фёрнер [1] кажа: “Святая Імша — гэта кароткі выклад жыцця нашага Пана; падсумаванне ў межах паўгадзіны ўсяго таго, што Ён учыніў за трыццаць тры гады, якія правёў на зямлі”. Таму мы, маючы магчымасць слухаць Імшу, можам лічыць, што мы настолькі ж шчаслівыя, як і сучаснікі нашага Пана. Мы нават больш шчаслівыя за іх, таму што яны маглі выслухаць і пабачыць толькі адну Імшу, прычым вельмі доўгую, тады як мы можам слухаць больш за адну Імшу кожны дзень, ды яшчэ і за вельмі малую цану для сябе ўзяць удзел у плёнах жыцця і Мукі Хрыста. Апавядаючы далей пра тое, якім чынам наш Пан узнаўляе ў святой Імшы таямніцы свайго жыцця на зямлі, мы раскажам адну гісторыю з жыцця. Яна апісана ў творах Тамаша Кантэмпрэйскага, дапаможнага біскупа Лёвена [2].

У 1267 г., калі адзін святар з Дуэ раздаваў на Пасху Камунію ў касцёле св. Амата, здарылася так, што адна з Гостый упала на падлогу. На сваё вялікае здзіўленне, ён убачыў, што яна сама паднялася з падлогі і завісла ў паветры. Узяўшы яе ў руку, ён панёс яе да алтара і, пакорна стаўшы там на калені, пачаў прасіць прабачэння ў Хрыста за ўчыненую Яму абразу. Пабожна ўшаноўваючы Найсвяцейшы Сакрамэнт, ён у зняменні заўважыў, што знешні выгляд гостыі знік, а з’явілася постаць прыгожага дзіцяці. Ён настолькі ўзрушыўся, што не змог стрымаць слёз і ўсхліпвання. Святары, якія прысутнічалі ў хоры, падышлі бліжэй, каб паглядзець, у чым справа, і таксама ўбачылі мілае дзіця. Глыбока кранутыя гэтай сцэнай, яны выбухнулі воклічамі радасці і захаплення. Тады ўжо і люд падышоў, каб паглядзець на цудоўную з’яву, якая давала такі пераканаўчы доказ рэальнай прысутнасці Хрыста на алтары. Але раптоўна адбылася яшчэ адна цудоўная змена: люд ужо не мог бачыць таго, што бачыла духавенства, бо тады было бачна мілае дзіця, а цяпер Хрыстус стаяў перад імі ў выглядзе мужчыны, у бляску сваёй боскай велічы. Усіх ахапілі страх і здзіўленне, і прэзбітэрый напоўніўся ахвотнымі паглядзець. Пэўны час наш Пан заставаўся бачны ў сваёй святой людской натуры, але потым гэтае бачанне знікла, і святар паклаў Гостыю ў табернакулюм. Пагалоска пра тое, што адбылося, шырока распаўсюдзілася і дайшла да біскупа, які і расказвае пра гэтую падзею. Ён адразу ж выправіўся ў Дуэ, і спытаўся дэкана, ці праўда тое, што ён чуў. Дэкан адказаў: “Праўда не толькі ў тым, што вялікая колькасць людзей бачыла Хрыста ў святой Гостыі; многія і дагэтуль бачаць Яго ў выглядзе чалавека”. “Тады, — піша гэты біскуп, — мною авалодала гарачае жаданне пабачыць тое самае. Я стаў прасіць дэкана паказаць мне цудоўную Гостыю. Мы разам пайшлі ў касцёл, а за намі ішло мноства людзей, якія спадзяваліся, што наш Пан зноў ім пакажацца. Дэкан з трымценнем адчыніў табернакулюм. Ён з пашанай узяў Найсвяцейшы Сакрамэнт і благаславіў ім людзей. На дзіва, усе яны пачалі плакаць і ўсклікаць: Езус, Езус! Я спытаўся, што гэта ўсё азначае, і яны адказалі: Мы бачым нашага Пана і Збаўцу сваімі цялеснымі вачыма. Але я нічога не бачыў — толькі звычайную Гостыю. Мяне ахапіў горкі смутак, бо я падумаў, што нейкі грэх не дазваляе мне пабачыць майго Збаўцу. Я звярнуўся ў думках да свайго сумлення, але не знайшоў нічога асаблівага, у чым мог бы дакарыць сябе, таму са слязьмі пачаў прасіць нашага Пана, каб Ён пажадаў паказацца мне. Мая просьба была выслухана. Я таксама атрымаў прывілею пабачыць Яго, але не ў постаці дзіцяці, як бачылі многія, а ў постаці дарослага мужчыны. Пасля таго, як я кароткі час паўглядаўся ў Збаўцу ў непараўнанай прыгажосці Ягонай знешнасці, маё сэрца напоўнілася радасцю і шчасцем з-за той дабрыні, якою Ён адарыў мяне. Але зноў адбылася змена, і я ўбачыў Яго перад сабою як Мужа цярпення. Я бачыў, як Ён насіў цярновы вянок, бачыў патокі крыві, якія пакрывалі Яго святое аблічча. Ахоплены спачуваннем ад гэтай смутнай сцэны, я праліваў горкія слёзы над пакутамі майго Адкупіцеля; яны настолькі жыва сталі перада мною, што здавалася, быццам церні, якія вянчаюць Ягоную галаву, прабіваюць мае ўласныя скроні. Збянтэжаны шэпт прабег скрозь сабраны натоўп, таму што кожны ў той самы момант бачыў штосьці сваё. Некаторыя бачылі Пана ў постаці мілага дзіцяці, некаторыя бачылі Яго прыгожым хлопцам, або юнаком, які толькі сталее, або мужчынам у самым росквіце сіл, або, зноў жа, бачылі Яго падчас святой Мукі. Эмоцыі, якія ўзбуджаліся ў сэрцах людзей, пачуцці, якія разгараліся ў іх унутры, слёзы, якія цяклі з іхніх вачэй, мне прыйдзецца пакінуць на ўяву чытача, таму што мне не хапае слоў апісаць іх”.

Гэтая прыгожая і суцяшальная гісторыя не можа не навесці кожнага з нас на думку, што і мы хацелі б паглядзець на такое кранальнае відовішча; што міла было б таксама атрымаць ласку ўбачыць нашага Збаўцу цялеснымі вачыма пад тым ці іншым выглядам. Якую б нам гэта прынесла радасць, суцяшэнне і прыемнасць! Пане Езу, хоць я ніколі не бачыў Цябе ў выглядзе чалавека, я цвёрда веру, што Ты прысутнічаеш у святой Гостыі і што Ты стаіш перад Спрадвечным Айцом у тых розных выглядах, якія меў на зямлі. І як Хрыстус цудоўным і незразумелым чынам прымаў гэтыя розныя фізічныя постаці, так у кожнай Імшы Ён узнаўляе ўсе таямніцы свайго жыцця і сваёй Мукі перад абліччам і на ўміласціўленне Бога Айца і Бога Духа Святога, перад Яго Найсвяцейшай Маці і ўсімі хорамі анёлаў і святых роўна так, як гэтыя вялікія таямніцы здзяйсняліся падчас Яго зямнога жыцця. Таму ў небе бывае значна больш радасці ад адной Імшы, чым ад любой іншай добрай справы ці малітвы ў свеце.

Гэтая радасць выклікана не проста жывым прадстаўленнем жыцця і Мукі Хрыста, але і той славай, якую святая людская натура аддае Богу ў святой Імшы. Бо ў кожнай Імшы, якая служыцца, Хрыстус усёй сілай сваёй боскасці, усё сілай сваёй чалавечнасці, усёй сілай свайго людскога сэрца настолькі ўзвышаным і невымоўным чынам ушаноўвае, славіць, любіць, хваліць і ўзвялічвае Найсвяцейшую Тройцу, што слава, якую Богу аддаюць анёлы ў небе і святыя на зямлі, аказваецца нязмерна ніжэйшай за тую славу, якую аддае Ён. Адсюль мы бачым, наколькі вялізным актам культу з’яўляецца святая Імша і наколькі пераканаўчым аргументам для Бога з’яўляецца тое, што мы яе служым або ўдзельнічаем у ёй.

Перад тым, як скончыць гэты раздзел, паглядзім на вялікую карысць і духоўныя перавагі, якія можна атрымаць са святой Імшы. Хрыстус, наш дарагі Збаўца, падчас трыццаці трох гадоў, якія працаваў на зямлі, назапасіў агромністы скарб заслуг: не для сябе, а для нас, сваіх дзяцей. Не скончылася Ягоная праца і сёння, як Ён сам сведчыць: “Айцец Мой дзейнічае дагэтуль, і Я дзейнічаю” (Ян 5:17). Ён працягвае сваю справу не для таго, каб здабыць яшчэ больш, а для таго, каб зрабіць нас здольнымі прыняць тое, што Ён здабыў для нас. Па гэтай прычыне Ён аднаўляе сваё святое жыццё ў кожнай адслужанай Імшы і ў кожнай яшчэ раз здзяйсняе тое, што заняло ў Яго на зямлі трыццаць тры гады. Усё гэта Ён прадстаўляе Спрадвечнаму Айцу, каб здзейсніць нашае з Ім прымірэнне. Праз гэта Бог атрымлівае задавальненне, а Ягоны гнеў, выкліканы нашымі правінамі, улагоджваецца. Ён ахвяруе ўсе свае заслугі Богу ў якасці расплаты за нашыя даўгі і, калі мы слухаем святую Імшу, удзяляе нам столькі, колькі мы здольныя прыняць, каб тым самым і мы прынеслі расплату за свае грахі.

Таму падзякуй, о хрысціянін, гэтаму свайму сапраўднаму Сябру, Які працаваў дзеля цябе і здабыў для цябе вялікі скарб багаццяў. Паглядзі на Яго вялікую любоў да цябе ў тым, што Ён ахвяраваў гэтыя багацці на тое, каб ты быў прыняты ў Бога, і дабравольна ўдзяляе іх табе. Пастарайся па магчымасці штодзённа ўдзельнічаць у Імшы, каб прыняць большую колькасць гэтых багаццяў. Калі б выпадала магчымасць набыць зямныя даброты так жа лёгка, як можна набыць даброты духоўныя, ты не шкадаваў бы высілкаў і не эканоміў бы часу. Чаму ж ты настолькі легкадумна ставішся да вечнага скарбу і сваёй абыякавасцю дазваляеш яму ўцячы з тваіх рук? Няхай Бог асветліць тваю слепату, зменіць тваю ляноту ў руплівасць і натхніць цябе сапраўдным запалам. І, калі гэтая шчаслівая перамена адбудзецца, ты станеш часта слухаць Імшу, атрымліваючы карысць для сваёй душы.


[1] Фрыдрых Фёрнер (ням. Friedrich Förner, лац. Fornerus, 1568–1630) — дапаможны біскуп у Бамбергу, адзін з выбітных дзеячаў Контррэфармацыі. — Заўв. пер.

[2] Тамаш Кантэмпрэйскі, або Кантыпратанскі (нід. Thomas van Cantimpré, лац. Thomas Cantipratensis, каля 1201 — паміж 1263 і 1280) — фламандскі каталіцкі святар, энцыклапедыст, агіёграф, па некаторых звестках быў прызначаны біскупам Лёвена. — Заўв. пер.

Ілюстрацыя: Жан-Баціст дэ Шампэнь, “Укрыжаванне з Дзевай, св. Янам, св. Марыяй Магдаленай і рымскімі жаўнерамі”, 1650-я гг.

Падобныя допісы

Create a website or blog at WordPress.com

Design a site like this with WordPress.com
Get started