Св. Джон Генры Ньюмэн. “Душэўныя пакуты нашага Пана падчас Мукі”

🕑

24 minutes

Кожны ўрывак у гісторыі нашага Пана і Збаўцы мае нязмерную глыбіню і дае невычэрпны матэрыял для сузірання. Усё, што датычыцца Яго, бясконцае, і тое, што мы спазнаём, гэта ўсяго толькі паверхня таго, што пачынаецца і заканчваецца ў вечнасці. Для таго, хто не з’яўляецца святым або настаўнікам, было б саманадзейнасцю спрабаваць каментаваць Ягоныя словы і ўчынкі, акрамя як у форме разважання. Але разважанне і ментальная малітва настолькі абавязковыя для ўсіх, хто жадае ўзрошчваць у сабе сапраўдную веру і любоў да Яго, што нам, браты мае, можа быць дазволена пад кіраўніцтвам святых людзей, якія пайшлі перад намі, разважаць і тлумачыць тое, што іначай варта было б хутчэй ушаноўваць, чым даследаваць. Пэўныя часы года, асабліва гэты, заклікаюць нас паразважаць над больш святымі часткамі евангельскай гісторыі настолькі падрабязна і непасрэдна, наколькі гэта магчыма. Хай лепш я буду здавацца слабым ці навязлівым у сваім разглядзе гэтых частак, чым мае словы акажуцца неадпаведнымі нашаму перыяду. І таму цяпер, як таго патрабуе пабожны звычай Царквы, хоць любы асобны прапаведнік пастараўся б пазбегнуць гэтага, я пачынаю накіроўваць вашыя думкі да тэмы, асабліва карыснай цяпер, хоць многія з нас, напэўна, задумваюцца пра яе вельмі рэдка. Гэта тэма пакутаў, якія зносіў наш Пан у сваёй нявіннай і бязгрэшнай душы.

Вы ведаеце, браты мае, што наш Пан і Збаўца, хоць і быў Богам, быў таксама дасканалым чалавекам. Адпаведна, Ён меў не толькі цела, але і душу, падобна як і ўсе мы, хоць быў чысты ад усялякай плямы зла. Ён не прыняў цела без душы. Барані Божа! Бо гэта азначала б не стаць чалавекам. Як бы Ён асвяціў нашую натуру, калі б узяў натуру, якая не была нашай? Чалавек без душы адпавядае па ўзроўні жывёлам у полі, а наш Пан прыйшоў збавіць род, здольны праслаўляць Яго, слухацца Яго, валодаць несмяротнасцю, хоць гэтая несмяротнасць і страціла сваё абяцанае благаслаўленне. Чалавек быў створаны паводле Божага вобразу, і гэты вобраз знаходзіцца ў ягонай душы. Таму, калі Творца ў сваім невымоўным змілаванні прыйшоў у нашай натуры, Ён узяў сабе душу, каб узяць цела. Ён прыняў душу як сродак злучэння з целам. Ён узяў сабе перадусім душу, а затым цела чалавека: і тое, і другое адначасова, але ў такім парадку: душу і цела. Душу, якую ўзяў сабе, Ён стварыў сам, тады як сваё цела Ён узяў з цела Найсвяцейшай Дзевы, сваёй маці. Так Ён стаў дасканалым чалавекам з целам і душою. А паколькі Ён узяў сабе цела з плоці і нерваў, якое дапускала нанясенне ранаў і смерць і было здольным пакутаваць, Ён узяў і душу, якая таксама была ўспрымальнай да гэтых пакутаў, а да таго ж была ўспрымальнай да болю і смутку, характэрных для людской душы. І як Ягоная адкупленчая Мука адбывалася ў целе, так яна таксама адбывалася і ў душы.

Пакуль святыя дні ідуць адзін за адным, мы, браты мае, будзем чуць заклік паразважаць над Ягонымі цярпеннямі ў целе: над Ягоным арыштам, вымушаным хаджэннем туды і назад, Ягонымі ўдарамі і ранамі, Ягоным бічаваннем, церневым вянком, цвікамі, Крыжам. Усе гэтыя пакуты падсумоўваюцца ў самой выяве распяцця, якое трапляецца нам на вочы; усе яны разам прадстаўлены на Яго святым целе, якое вісіць перад намі, — і разважанне над імі дзякуючы гэтаму відовішчу становіцца простым. З пакутамі Ягонай душы ўсе не так: іх не намалююць нам і іх нельга належным чынам даследаваць. Яны знаходзяцца па-за межамі пачуццяў і думак, але ўсё ж яны папярэднічалі Яго цялесным пакутам. Першым актам Яго жахлівай ахвяры была агонія — боль душы, а не цела. “Засмучана душа Мая аж да смерці”, — кажа Ён. Больш за тое, калі Ён пакутаваў целам, то насамрэч пакутаваў душою, таму што цела ўсяго толькі служыла для перадачы прычыненых пакутаў душы, якая была сапраўдным адрасатам і цэнтрам пакутаў.

Я падкрэсліваю гэта як тое, што мае прамое дачыненне да справы: пакутавала не цела, а душа ў целе. Менавіта душа, а не цела, была месцам цярпення Спрадвечнага Слова. Падумайце вось пра што: не існуе сапраўднага болю, хоць можа існаваць уяўны боль, калі не існуе ўнутранай адчувальнасці або духа, які мог бы быць месцам гэтага болю. Напрыклад, дрэва мае жыццё, органы, рост і распад; яму можна нанесці раны і пашкодзіць; яго можна паваліць і забіць, але яно не церпіць, таму што не мае розуму або элемента свядомасці ўнутры сябе. Але там, дзе можна знайсці гэты дар нематэрыяльнага пачатку, там боль магчымы, прычым боль тым мацнейшы, чым большая якасць гэтага дару. Калі б у нас не было таго ці іншага духу, мы адчувалі б так жа мала, як дрэва; калі б у нас не было душы, мы адчувалі б боль не мацней, чым дзікая жывёла. Але, паколькі мы людзі, мы адчуваем боль так, як адчуваць яго можа толькі той, хто мае душу.

Жывыя істоты, як я казаў, адчуваюць больш-менш у адпаведнасці з тым духам, які ў іх знаходзіцца. Жывёлы адчуваюць значна менш за чалавека, таму што не могуць разважаць над тым, што яны адчуваюць. У іх няма ўражлівасці да сваіх пакутаў або непасрэднай свядомасці гэтых пакутаў. А менавіта яны робяць боль такім пакутлівым: мы не можам не думаць пра яго, калі церпім. Ён перад намі, ён авалодвае нашым розумам, ён засяроджвае на сабе нашыя думкі. Калі штосьці адцягвае розум ад думкі пра боль, ён змяншаецца. Таму, калі нам балюча, сябры стараюцца бавіць нас, таму што забавы — гэта адцягванне розуму. Калі боль невялікі, то ім часам удаецца развесяліць нас, і тады мы нібы не маем болю, хоць і церпім. І таму пастаянна здараецца, што падчас інтэнсіўных трэніровак ці працы мужчыны атрымліваюць удары ці парэзы, настолькі сур’ёзныя і настолькі доўгатэрміновыя ў сваёй трывасці, што гэта сведчыла б пра пэўнае цярпенне, якое павінна было суправаджаць іх нанясенне. Але мужчыны пра іх нічога не памятаюць. У бойках і бітвах можна атрымаць раны, якія з-за ўзбуджэння бягучага моманту даходзяць да свядомасці байца не праз боль, адчувальны пры нанясенні раны, а праз страту крыві, якая за ім наступае.

Зараз я пакажу вам, браты мае, якім чынам збіраюся прымяніць тое, што сказаў, да разважання пра пакуты нашага Пана, але спярша зраблю іншую заўвагу. Згадзіцеся, што наўрад ці адзін болевы ўдар можна назваць нязносным; ён нязносны, калі працягваецца. Напэўна, вы пачынаеце крычаць, калі больш не можаце цярпець; пацыенты хацелі б спыніць руку хірурга проста таму, што ён працягвае прычыняць ім боль. Яны адчуваюць, што выцерпелі столькі, колькі здольныя знесці, быццам бы іх дакончыць не столькі інтэнсіўнасць болю, колькі яго далейшы працяг. Што гэта можа азначаць, калі не тое, што сваё дзеянне аказвае памяць пра папярэднія моманты болю, якая нібы ўзмацняе той боль, які наступае? Калі б трэці, чацвёрты ці дваццаты момант болю можна было ўзяць сам па сабе, калі б пра шэраг момантаў, якія папярэднічалі яму, можа было б забыцца, то ён быў бы не большым за першы момант; ён быў бы настолькі ж зносным, як і першы (калі не ўлічваць той шок, які суправаджае першы момант). Але нязносным яго робіць якраз тое, што ён дваццаты, што першы, другі, трэці і ўсе да дзевятнаццатага моманту болю — усе канцэнтруюцца ў дваццатым, так што кожны дадатковы момант болю заключае ў сабе ўсё нарастаючую сілу ўсіх папярэдніх момантаў. Менавіта таму, паўтаруся, здаецца, што жывёлы так слаба адчуваюць боль: у іх няма здольнасці да рэфлексіі ці свядомасці. Яны не ведаюць, што існуюць; яны не ўсведамляюць сябе; яны не заглядаюць у будучыню ці мінулае; кожны момант, які наступае, гэта і ёсць іхняе ўсё; яны блукаюць па абліччы зямлі, бачаць тое-сёе, адчуваюць задавальненне і боль, але ўспрымаюць усё па меры здарэння і адразу адпускаюць гэта, як людзі ў снах. У іх ёсць памяць, але гэта не памяць інтэлектуальнай істоты: яны нічога не супастаўляюць; з усіх асобных пачуццёвых досведаў яны нічога не вылучаюць і нічога не адносяць да сябе; для іх нішто не мае рэальнасці, істотнасці, акрамя гэтых досведаў; яны проста адчувальныя да шэрагу паслядоўных уражанняў. І таму пачуццё болю для іх, як і астатнія пачуцці, нягледзячы на знешнія праявы з’яўляецца цьмяным і нудным. Асаблівую моц і вастрыню болю надае менавіта інтэлектуальнае ўспрыманне яго як чагосьці цэльнага, разлітага па асобных момантах. І толькі душа, якой жывёла не мае, здольная гэта спасцігнуць.

Цяпер прыменім гэта да пакутаў нашага Пана. Памятаеце, як Яму прапанавалі выпіць віно са смірнай, калі ўкрыжоўвалі? Ён не выпіў — чаму? Таму што гэты напой прытупіў бы Ягоны розум, а Ён быў рашуча настроены знесці боль ва ўсёй яго вастрыні. З гэтага вы бачыце, браты мае, характар Ягоных пакутаў. Ён ахвотна пазбегнуў бы іх, калі б такою была воля Ягонага Айца: “Калі гэта магчыма, — кажа Ён, — няхай абміне гэты келіх Мяне”. Але паколькі гэта немагчыма, Ён спакойна і рашуча кажа апосталу, які хацеў вызваліць Яго ад цярпення: “Няўжо Мне не піць з келіха, які даў Мне Айцец?” Калі Яму трэба было пакутаваць, Ён аддаваў сябе пакуце. Ён не прыйшоў пакутаваць па мінімальнай мяжы; Ён не адварочваў твар ад пакуты — Ён выходзіў пакуце насустрач; Ён, можна сказаць, грудзьмі станавіўся перад пакутай, каб кожная асобная яе часцінка падзейнічала на Яго. І, паколькі людзі вышэйшыя за дзікую жывёлу і боль на іх дзейнічае мацней, таму што яны маюць у сабе розум, які надае болю тую істоту, якой ён не можа мець у выпадку жывёлы, так і наш Пан адчуваў боль цела чула і свядома, а значыць інтэнсіўна і востра і з той цэласнасцю ўспрымання, якую, напэўна, ніхто з нас не можа зразумець і спасцігнуць, таму што Ягоная душа абсалютна знаходзілася пад Ягонай уладай, была цалкам вольная ад таго, што магло б адцягнуць увагу, да канца накіроўвалася на боль і поўнасцю аддавалася і падпарадкоўвалася цярпенню. Таму можна абсалютна справядліва сказаць, што Ён выцерпеў кожны момант сваёй Мукі.

Узгадайце, што наш благаслаўлёны Пан у гэтых адносінах адрозніваўся ад нас, што, хоць Ён і быў дасканалым чалавекам, у Ім усё ж была сіла, большая за Ягоную душу, якая кіравала Ягонай душою, таму што Ён быў Богам. Душы іншых людзей паддадзены іх уласным жаданням, пачуццям, імпульсам, жарсцям, хваляванням — Ягоная душа была паддадзена толькі Яго вечнай і боскай Асабовасці. Нішто ў Ягонай душы не адбывалася выпадкова ці раптоўна; нішто не заспявала Яго знянацку; нішто не ўплывала на Яго без таго, каб Ён спачатку пажадаў, каб яно паўплывала на Яго. Ён ніколі не смуткаваў, не баяўся, не жадаў, не радаваўся ў духу, калі спачатку не хацеў быць смутным, спужаным, жадаючым ці радасным. Калі мы пакутуем, то робім гэта таму, што нам прыносяць цярпенне знешнія агенты і некантраляваныя эмоцыі нашага розуму. Мы падпадаем пад дысцыпліну болю незнарок; мы пакутуем ад яго больш ці менш востра ў залежнасці ад выпадковых абставін; мы бачым, што боль выпрабоўвае нашую цярплівасць у залежнасці ад стану розуму, і мы ўсімі сіламі стараемся палегчыць боль ці пазбавіцца ад яго. Мы не можам ведаць загадзя, наколькі моцны боль нас сустрэне або наколькі мы зможам зносіць яго; пазней мы не можам растлумачыць, чаму адчулі тое, што адчулі, або чаму не знеслі цярпенне лепш. З нашым Панам было не так. Яго боская Асоба не была падпарадкаванай; яна не магла быць выстаўлена на ўплыў Яго ўласных людскіх эмоцый і пачуццяў, калі Ён сам так не вырашаў. Паўтару: калі Ён вырашаў баяцца, Ён баяўся; калі Ён вырашаў злавацца, Ён злаваўся; калі Ён вырашаў смуткаваць, Ён смуткаваў. Ён не быў адкрыты на эмоцыі, а дабравольна дазваляў уздзейнічаць на сябе імпульсу, які на Яго ўздзейнічаў. Адпаведна, калі Ён вырашыў цярпець боль сваёй замяшчальнай Мукі, то, што б Ён ні рабіў, Ён рабіў гэта, як кажа Мудрэц, “instanter”, шчыра, з усёй моцы. Ён не праходзіў Муку нядбайна; Ён не адварочваўся розумам ад цярпення, як гэта робім мы. (Як бы адвярнуўся ад цярпення Той, хто прыйшоў цярпець і не мог цярпець іначай, як актам сваёй уласнай волі?) Не, не было так, што Ён казаў і браў словы назад або рабіў і адмяняў сваё дзеянне. Ён сказаў: “Вось іду, каб выканаць волю Тваю, Божа; ахвяры і прынашэння Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў Мне”. Ён прыняў цела, каб магчы цярпець; Ён стаў чалавекам, каб магчы цярпець, як чалавек; і калі прыйшла Ягоная гадзіна, — гадзіна сатаны і цемры; гадзіна, калі грэх павінен быў выліць на Яго ўсю сваю злосць, — Ён у выніку ахвяраваў сябе цалкам, як ахвяра ўсеспалення. Ён аддаў сваім катам не толькі ўсё сваё цела, выцягнутае на Крыжы, але і ўсю сваю душу, усю сваю ўвагу, усю сваю свядомасць, чулы розум, вострую адчувальнасць, жывы саўдзел, наяўны, абсалютны намер, а не проста меркаваны дазвол, бяздушнае падпарадкаванне. Ягоная Мука была дзеяннем: млеючы, трацячы прытомнасць і паміраючы, Ён пражываў яе як найбольш энергічна. І памёр Ён не іначай як актам волі, бо Ён схіліў галаву — як знак згоды, але і як загад — і сказаў: “Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой”. Ён сказаў слова, Ён саступіў сваю душу, Ён не страціў яе.

Таму паглядзіце, браты мае: калі б наш Пан цярпеў толькі целам, хоць бы нават не так моцна, як некаторыя іншыя людзі, усё адно, што датычыцца болю, Ён насамрэч цярпеў бы бясконца больш, таму што боль вымяраецца здольнасцю ўсведамляць яго. Бог быў пакутнікам; Бог цярпеў у сваёй людской натуры; цярпенні належалі Богу і былі выпіты да канца, былі асушаны да дна келіха, таму што іх піў Бог. Ён не пакаштаваў, не адпіў, не панюхаў у затуманенасці людскімі медыкаментамі, як чалавек, які пазбаўляецца ад чашы свайго гора. І тое, што я казаў, далей паслужыць адказам на пярэчанне, якое я далей зазначу і якое, магчыма, знаходзіцца ў падсвядомасці многіх, прымушаючы іх ігнараваюць тую ролю, якую ў міласэрнай сатысфакцыі Пана за грэх адыграла Ягоная душа.

Калі пачыналася агонія, наш Пан сказаў: “Засмучана душа Мая аж да смерці”. Вось жа, вы можаце спытацца, браты мае, ці не было ў Яго якога-небудзь суцяшэння, спецыфічнага толькі для Яго, немагчымага ні для каго іншага, якое б змяншала ці кампенсавала боль Ягонай душы і дазваляла б Яму цярпець не больш, а менш за звычайнага чалавека. Напрыклад, у Яго было адчуванне невінаватасці, якога не магло быць у любога іншага пакутніка. Нават Яго ганіцелі, нават фальшывы апостал, які здрадзіў Яму, суддзя, які асудзіў Яго, і жаўнеры, якія выконвалі прысуд, засведчылі Ягоную невінаватасць. “Я выдаў нявінную кроў”, — сказаў Юда. “Невінаваты я ў крыві гэтага справядлівага”, — сказаў Пілат. “Праўдзіва, чалавек гэты быў справядлівы!” — усклікнуў сотнік. І калі нават яны, грэшнікі, сведчылі пра Ягоную бязгрэшнасць, то наколькі больш сведчыла пра гэта Ягоная душа! А мы добра ведаем нават на сваім уласным прыкладзе, хоць мы і грэшнікі, што на здольнасць зносіць супраціў і паклёпы ўплывае перадусім усведамленне ўласнай невінаватасці або віны. Наколькі ж больш, скажаце вы, у выпадку нашага Пана адчуванне ўнутранай святасці кампенсавала пакуты і знішчала сорам! Зноў жа, вы можаце сказаць, што Ён ведаў, што пакуты будуць кароткімі і што іх вынік будзе радасным, тады як самы востры складнік людскога гора — гэта няўпэўненасць у будучыні; Ён жа не мог мець трывогі, таму што не прабываў у невядомасці; не быў Ён і ў самоце ці адчаі, таму што ніколі не заставаўся пакінутым. За пацвярджэннем вы можаце звярнуцца да св. Паўла, які выразна кажа нам, што “перад Ім была радасць” і “Ён не зважаў на ганьбу”. І, несумненна, ва ўсім, што Ён робіць, бачныя цудоўная вытрымка і самавалоданне. Прыгадайце Ягонае папярэджанне апосталам: “Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое”. Або Ягоныя словы да Юды: “Сябра, чаго ты прыйшоў?” і “Юда, пацалункам выдаеш Сына Чалавечага?” Або словы да Пятра: “Кожны, хто бярэ меч, ад мяча і загіне”. Або да чалавека, які Яго ўдарыў: “Калі Я дрэнна сказаў, дакажы, што дрэнна, а калі добра, чаму б’еш Мяне?”. Або да сваёй Маці: “Жанчына, вось сын твой”.

Усё гэта праўда і вельмі вартае таго, каб гэта падкрэсліваць. Але гэта пацвярджае, або хутчэй ілюструе, тое, што я зазначаў. Браты мае, тое, што вы кажаце, усяго толькі азначае, што Ён (калі карыстацца людскім выразам) заўсёды заставаўся сабою. Ягоны розум быў заўсёды засяроджаны і ніколі нават у найменшай ступені не адхіляўся ад сваёй нябеснай і найдасканалай раўнавагі. Калі Ён цярпеў, то цярпеў, таму што сам паставіў сябе пад цярпенне, прычым зрабіў гэта дабравольна і спакойна. Як Ён сказаў пракажонаму: “Хачу, будзь ачышчаны!”; ці паралізаванаму: “Адпускаюцца твае грахі”; або сотніку: “Я прыйду і вылечу яго”; або пра Лазара: “Я іду абудзіць яго”, — так Ён сказаў: “Цяпер Я пачынаю цярпець”, і Ён сапраўды пачаў. Ягоная стрыманасць толькі даказвае, што Ён цалкам валодаў сваім уласным розумам. У патрэбны момант Ён выцягнуў просвы і засаўкі, адкрыў брамы — і патокі ва ўсёй сваёй паўнаце хлынулі проста на Ягоную душу. Гэта нам пра Яго кажа св. Марк, а ён, як кажуць, пісаў сваё Евангелле з вуснаў самога св. Пятра, які быў адным са сведкаў у той час. “Калі яны прыйшлі, — кажа ён, — у месца, якое называлася Гетсэманія, Езус сказаў вучням сваім: ‘Сядзьце тут, пакуль Я памалюся’. Ён узяў з сабою Пятра, Якуба і Яна; і ахапіў Яго страх і трывога”. Вы бачыце, наколькі дабравольна Ён дзейнічае: Ён даходзіць да пэўнай кропкі і затым прамаўляе слова загаду, забіраючы ў сваёй душы падтрымку боскасці: і адразу трывога, страх і туга нападаюць на яе. Ён уваходзіць у душэўную агонію такім жа ўпэўненым дзеяннем, як быццам бы гэта было нейкае цялеснае мучэнне, агонь ці калесаванне.

А паколькі гэта так, вы адразу бачыце, браты мае, што няма ніякага сэнсу казаць, што Яго падтрымлівала ў выпрабаваннях усведамленне сваёй невінаватасці або чаканне трыумфу, таму што Ягонае выпрабаванне заключалася ў ліквідацыі, сярод іншых мер суцяшэння, гэтых ўсведамлення і чакання. Той жа акт волі, які дапускаў уплыў на Ягоную душу таго ці іншага няшчасця, дапускаў усе няшчасці разам. Гэта было не спаборніцтва паміж супярэчлівымі імпульсамі і поглядамі, якія прыходзілі звонку, а дзеянне ўнутранай пастановы. Калі людзі з самавалоданнем здольныя па сваёй волі пераключацца з адной думкі на іншую, то Ён з яшчэ большай воляй дабравольна адмовіў сабе ў суцяшэнні і напоўніў сябе горам. У той момант Ягоная душа думала не пра будучыню. Ён думаў толькі пра цяперашні цяжар, які ляжаў на Ім і дзеля нясення якога Ён прыйшоў на зямлю.

Дык вось, браты мае, што ж Яму прыйшлося знесці, калі Ён такім чынам адкрыў паток гэтага прадвызначанага болю на сваю душу? На жаль, Яму прыйшлося знесці тое, што нам вельмі добра вядома, добра знаёма, але што для Яго было невымоўным горам. Ён зносіў тое, што для нас з’яўляецца справай простай, настолькі натуральнай, настолькі вітанай, што мы нават не ўспрымаем яе як вялікае выпрабаванне, а для Яго яна мела водар і смак смерці. Яму прыходзілася зносіць, мае дарагія браты, цяжар граху. Яму прыходзілася зносіць вашыя грахі. Яму прыходзілася зносіць грахі ўсяго свету. Для нас грэх — справа лёгкая. Мы мала думаем пра яго; мы не разумеем, чаму Творца так ім заклапочаны; мы не можам сабе ўявіць і паверыць, што грэх заслугоўвае адплаты, а калі нават у гэтым свеце за грахом наступаюць пакаранні, мы знаходзім ім іншае тлумачэнне або адварочваем ад іх свой розум. Але падумайце, што такое грэх сам па сабе. Гэта паўстанне супраць Бога; гэта акт здрадніка, які імкнецца да звяржэння і смерці свайго суверэна; гэта тое, што, калі можна ўжыць такі моцны выраз, здолела б скінуць самога боскага Кіраўніка свету, калі б гэта ў прынцыпе было магчыма. Грэх — гэта смяротны вораг Усесвятога, так што Ён і грэх не могуць суіснаваць разам. І, паколькі Усесвяты адганяе грэх ад сваёй прысутнасці ў знешнюю цемру, то, калі б Бога можна было зрабіць менш Богам, менавіта грэх меў бы такую здольнасць. І тут заўважце, браты мае, што, калі аднойчы Усемагутная Любоў, прыняўшы цела, увайшла ў гэтую створаную сістэму і падпарадкавалася яе законам, тады гэты антаганіст дабра і праўды, неадкладна скарыстаўшыся магчымасцю, накінуўся на гэтае прынятае Ёю цела, замацаваўся на ім і стаў яго смерцю. Зайздрасць фарысеяў, здрада Юды і шаленства народа былі толькі прыладай або выразам варожасці, якую грэх стаў адчуваць да Вечнай Чысціні, як толькі ў сваёй бясконцай міласэрнасці да людзей Яна трапіла ў зону ягонага дасягу. Грэх не мог крануць боскую Веліч, але ён мог напасці на Бога так, як Ён сам дазволіў, каб на Яго напалі, а менавіта праз пасрэдніцтва Яго людской натуры. І ў выніку ў смерці ўцелаўлёнага Бога вы, браты мае, усяго толькі атрымліваеце настаўленне, чым з’яўляецца грэх сам па сабе і чым было тое, што ў сваю гадзіну і ў сваёй поўнай сіле падала на людскую натуру Бога, калі Ён дазволіў гэтай натуры настолькі напоўніцца жахам і трывогай падчас аднаго толькі чакання.

Такім чынам, у тую самую страшную гадзіну Збаўца свету стаяў на каленях, адклаўшы абарону сваёй боскасці, разаслаўшы сваіх неахвотных анёлаў, якія тысячамі былі гатовыя прыйсці на Ягоны заклік, і, абсалютна бязгрэшны, адкрываў рукі, агаляў грудзі перад нападам свайго ворага — ворага, чыё дыханне — згуба і чые абдымкі — агонія. Ён стаяў на каленях нерухома і ціха, тады як брыдкі і жахлівы злачынец апранаў Ягоны дух у вопратку, замочаную ва ўсім, што ёсць ненавіснага і гідкага ў людскім злачынстве. Яна цесна аблягала Ягонае сэрца, напаўняла Ягоную свядомасць, пранікала ў кожнае пачуццё і ў кожную пору Ягонага розуму, распаўсюджвала па Ім маральную праказу, пакуль Ён ледзь не адчуў сябе тым, кім ніколі не мог быць і кім ахвотна зрабіў бы Яго вораг. О, той жах, калі Ён глядзеў і не пазнаваў сябе, калі Ён адчуваў сябе, як заразны і агідны грэшнік, з-за свайго жывога ўспрымання той прорвы сапсаванасці, якая пралівалася Яму на галаву і сцякала нават да краёў Ягонай вопраткі! О, вар’яцтва, калі Яму здавалася, што Ягоныя вочы, рукі, ногі, вусны і сэрца нібы з’яўляюцца членамі не Бога, а злога! Ці ж гэта тыя калісьці нявінныя рукі беззаганнага Божага Ягняці, якія цяпер чырванеюць ад дзесяці тысяч варварскіх спраў крыві? Ці ж гэта Ягоныя вусны, што больш не прамаўляюць малітву, хвалу і святыя благаслаўленні, а нібы забруджаны праклёнамі, блюзнерствамі і д’ябальскім вучэннем? Ці ж Ягоныя гэта вочы, што нібы апаганены ўсімі злымі бачаннямі і ідалапалонніцкімі захапленнямі, дзеля якіх людзі пакінулі свайго цудоўнага Творцу? А Ягоныя вушы — у іх раздаюцца гукі папойкі і разладу; Ягонае сэрца замарожана сквапнасцю, жорсткасцю і бязвер’ем; сама Ягоная памяць абцяжарана кожным грахом, здзейсненым з часоў грэхападзення ва ўсіх мясцінах свету: ганарлівасцю старажытных гігантаў, пажадлівасцю пяці гарадоў, упартасцю Егіпта, амбіцыямі Вавілона, няўдзячнасцю і пагардай Ізраэля. О, хто ж не ведае пакутаў ад навязлівай думкі, якая, хоць яе і адкідаеш, зноў і зноў прыходзіць, каб раздражняць, калі не спакушаць? Або ад якой-небудзь нізкай і агіднай фантазіі, ні ў якім разе не ўласнай, а насаджанай розуму звонку? Або ад нейкіх злых ведаў, здабытых па віне або без віны самога чалавека, але за пазбаўленне ад якіх раз і назаўсёды ён быў бы гатовы заплаціць вялікую цану? І цяпер такія непрыяцелі збіраюцца мільёнамі вакол Цябе, благаслаўлёны Пане. Яны прыходзяць войскамі, яшчэ больш шматлікімі, чым саранча або вусені, чым пасланыя фараону пакаранні градам, мухамі і жабамі. Ад жывых і памерлых, і тых, што яшчэ не нарадзіліся, ад згубленых і збаўленых, ад Тваіх людзей і ад чужынцаў, ад грэшнікаў і святых — усе грахі тут. Тут Твае самыя дарагія людзі, тут Твае святыя выбранцы, твае тры апосталы, Пётр, Якуб і Ян — але не як суцяшальнікі, а як абвінаваўцы — як сябры Ёва, якія “кідаюць пыл пад неба” і асыпаюць Тваю галаву пракляццямі. Тут усе, акрамя адной; толькі адна не тут, толькі адна. Бо тая, што не мела ўдзелу ў граху, — толькі яна магла суцешыць Цябе, а таму яе няма побач. Яна будзе побач з Табою, калі Ты будзеш на Крыжы, але яе няма побач, пакуль Ты ў садзе. Яна была Тваёй паплечніцай і Тваёй даверанай асобай на працягу ўсяго жыцця. Яна абменьвалася з Табою чыстымі думкамі і святымі разважаннямі трыццаці гадоў. Але яе дзявочае вуха не можа пачуць і яе беззаганнае сэрца не можа зразумець, што Ты цяпер бачыш перад сабою. Нікому не пасаваў такі цяжар, акрамя Бога. Часам перад святымі Ты ставіў вобраз аднаго граху так, як ён бачны ў святле Твайго аблічча; або гэта быў вобраз лёгкіх грахоў, не смяротных. І яны казалі, што гэтае бачанне ледзь не забіла іх, ды і забіла б, калі б не было адразу ад іх схавана. Багародзіцца ва ўсёй сваёй святасці і нават па прычыне гэтай святасці не змагла б знесці і адной разнавіднасці таго незлічонага патомства сатаны, якое цяпер акружае Цябе. Гэта доўгая гісторыя свету, і адзін толькі Бог можа знесці яе груз. Разбураныя надзеі, парушаныя прысягі, згашаныя вочы, высмеяныя перасцярогі, страчаныя магчымасці; здраджаныя прасцякі, зацвярдзелая моладзь, упаўшыя пенітэнты, пераможаныя справядлівыя, аслабелыя старыя; сафістыка бязвер’я, дабравольнасць жарсці, упартасць пыхі, тыранія звычкі, язва згрызотаў, спусташальная гарачка клопатаў, боль сораму, вастрыня расчаравання, млоснасць адчаю; такая жорсткасць, такія жаласныя відовішчы, такія гаротныя, агідныя, жудасныя, вар’яцкія сцэны; акрамя таго, змучаныя твары, скрыўленыя вусны, пачырванелыя шчокі, цёмныя бровы ахвотных рабоў зла — усе яны цяпер перад Ім; яны перад Ім і ўнутры Яго. Яны разам з ім замест таго невымоўнага спакою, які напаўняў Ягоную душу з моманту зачацця. Яны перад Ім, але яны дакладна не Яго ўласныя. Ён усклікае да свайго Айца, як быццам бы Ён злачынца, а не ахвяра; Ягоная агонія набывае форму віны і згрызотаў сумлення. Ён прыносіць пакуту, Ён чыніць вызнанне, Ён здзяйсняе раскаянне з нашмат большай рэальнасцю і бясконца глыбейшай якасцю, чым гэта рабілі ўсе святыя і пенітэнты разам узятыя. Бо Ён — адзіная Ахвяра за ўсіх нас, адзіная Сатысфакцыя, сапраўдны Пакутнік, але не сапраўдны грэшнік.

Ён павольна падымаецца з зямлі і аглядаецца, каб сустрэць здрадніка і ягоны атрад, які хутка набліжаецца ў глыбокай цемры. Ён паварочваецца, і вось, на Ягонай вопратцы і на адбітках ног кроў. Адкуль узяліся гэты першыя плады Мукі Ягняці? Бізун жаўнера не кранаў Ягоных плячэй, цвікі ката яшчэ не краналі Ягоных рук і ног. Браты мае, Ён праліў кроў раней за свой час; так, гэта быў крывацёк, і менавіта Яго пакутуючая душа прабіла каркас плоці і праліла кроў. Ягоная Мука пачалася знутры. Закатаванае Сэрца, месца прабывання пяшчоты і любові, пачало ў рэшце рэшт пакутаваць і шалёна біцца па-за магчымасцямі сваёй прыроды; “адкрыліся ўсе крыніц вялікай бездані”; чырвоныя струмені пабеглі так багата і інтэнсіўна, што перапоўнілі вены і, працякаючы праз поры, ляжалі густой расою па ўсёй Ягонай скуры. Збіраючыся ў кроплі, поўныя і цяжкія, яны каціліся ўніз і аброшвалі зямлю.

“Засмучана душа Мая аж да смерці”, — сказаў Ён. Гэта было сказана пра тую жахлівую згубу, якая цяпер знаходзіцца перад нашымі вачыма, што яна пачынаецца смерцю. Пад гэтым маецца на ўвазе, што ў яе няма стадый і крызісаў, што, калі яна прыходзіць, надзея заканчваецца і што яе бег выглядае як смяротная агонія і працэс распаду. І так наша адкупленчая Ахвяра са значна глыбейшым адчуваннем распачала гэтую гаротную Муку і не памерла толькі таму, што Яе ўсемагутная воля пажадала, каб сэрца не спынілася і душа не аддзялілася ад цела, пакуль усё не скончыцца Мукай на Крыжы.

Не, Ён яшчэ не выпіў увесь свой келіх, ад якога спачатку ўхілялася Яго натуральная слабасць. Яшчэ прыйдуць арышт, прад’яўленне абвінавачвання, збіццё, вязніца, допыт, здзекі, хаджэнне туды і назад, бічаванне, укаранаванне цернямі, павольная дарога на Кальварыю і ўкрыжаванне. Ноч і дзень павінны вычарпацца гадзіна за гадзінай, пакуль не настане канец і расплата не здзейсніцца.

І затым, калі надыдзе вызначаны момант і Ён скажа сваё слова, Ягоная Мука, якая пачалася з душы, на душы і скончыцца. Ён не памёр ад цялеснай знясіленасці ці цялеснага болю; Яго змучанае Сэрца не вытрымала па Ягонай волі, і Ён аддаў свой дух Айцу.


“О Сэрца Езуса, поўнае любові, ахвярую Табе гэтыя пакорныя малітвы за сябе і за ўсіх тых, хто яднаецца са мною ў Духу, каб пакланяцца Табе. О Найсвяцейшае Сэрца ўзлюбленага Езуса, я жадаю аднаўляць і прыносіць Табе гэтыя акты пакланення і гэтыя малітвы за сябе, нягоднага грэшніка, і за ўсіх тых, хто злучаецца са мною ў пакланенні Табе, ва ўсе моманты, пакуль я дыхаю, аж да канца свайго жыцця. Даручаю Табе, о мой Езу, святую Царкву, Тваю дарагую Абранніцу і нашу сапраўдную Маці, усе справядлівыя душы і ўсіх бедных грэшнікаў, церпячых, паміраючых і ўсё чалавецтва. Няхай Твая Кроў не будзе пралітая за іх марна. Нарэшце, будзь ласкавы ахвяраваць Яе на суцяшэнне душам у чыстцы, асабліва тым, якія на працягу свайго жыцця практыкавалі гэтае святое набажэнства пакланення Табе”.


Аўтар: св. Джон Генры Ньюмэн
Крыніца: “Прамовы да змяшаных аўдыторый”, прамова 16.
Ілюстрацыя: Франчэска Трэвізані, “Агонія ў садзе”, 1740.

Падобныя допісы

Create a website or blog at WordPress.com

Design a site like this with WordPress.com
Get started