Гэтае відэа можна праглядзець з беларускімі субцітрамі.

Вы слухаеце падкаст FSSPX, і мы вітаем вас у выпуску 40 праграмы “Крызіс у Касцёле”. Нам засталося каля дзесяці выпускаў у гэтай праграме. На працягу апошніх 39 выпускаў мы разглядалі гісторыю крызісу, падзеі, якія прывялі да ІІ Ватыканскага сабору, сам Сабор, наступствы Сабору, і ў апошнім шэрагу выпускаў мы разгледзелі памылкі, з якімі маюць справу верныя каталікі ў выніку ўсяго гэтага. Цяпер мы пяройдзем да адказу на крызіс — традыцыйнага каталіцкага руху. Безумоўна, мы не можам казаць пра гэты рух, не сказаўшы пра Брацтва св. Пія Х. Але перад тым, як мы пяройдзем да гісторыі Брацтва на наступным тыдні, у выпуску 41, нам трэба паглядзець на місію, на прычыну яго існавання. Якія кіруючыя прынцыпы ляжаць у аснове FSSPX? Што прымусіла арцыбіскупа Лефеўра прыняць пэўныя рашэнні адносна яго арганізацыйнай структуры? Ён мог зрабіць сотню розных рэчаў — чаму ён зрабіў менавіта гэта? Мы рады вітаць кс. Стывена Рыда, які растлумачыць нам усё гэта проста зараз на SSPX Podcast.


  1. Місія Брацтва св. Пія Х — святарства
  2. Любоў арцыбіскупа Лефеўра да святарства
  3. Заснаванне традыцыйных семінарый пасля ІІ Ватыканскага сабору
  4. Роля Кангрэгацыі Святога Духа ў заснаванні FSSPX
  5. Місія Брацтва св. Пія Х у святле статутаў
  6. Роля супольнага жыцця ў Брацтве св. Пія Х
  7. Заканчэнне

Місія Брацтва св. Пія Х — святарства

Эндру Лэтэм: Вітаем на падкасце FSSPX і ў нашым чарговым выпуску праграмы “Крызіс у Касцёле”. Мы вітаем упершыню ў гэтай праграме кс. Стывена Рыда. Вітаю, ойча, як справы?

Кс. Стывен Рыд: Вітаю, Эндру. Вельмі добра. Як у вас?

Вельмі добра. Мы сустракаемся з вамі ў заключнай частцы ўсёй гэтай праграмы. Для тых, хто, магчыма, не ведае, хто вы і што робіце, не маглі б вы нам даць крыху інфармацыі, хто такі кс. Рыд?

Так, вядома. Мяне завуць кс. Стывен Рыд. Я быў пасвячаны ў 2015 г. у Віноне біскупам Цісье дэ Малерэ. Я працаваў у розных месцах. Гэта маё трэцяе прызначэнне. Я знаходжуся ў прыяраце св. Марыі ў Канзасе і працую з кс. Ратліджам. Я дырэктар школы для дзяўчынак у нашым прыяраце.

Выдатна. Дзякуй, што знайшлі час паразмаўляць з намі. Цяпер часовае зацішша перад пачаткам вучэбнага года. Мы размаўляем у сярэдзіне жніўня. Вам хутка выпраўляцца ў чарговы шлях, але ўсё адно дзякуй, што знайшлі час пасярод неабходнай падрыхтоўкі. Мы з вамі адкрываем новы раздзел у праграме “Крызіс у Касцёле”. Мы паразмаўлялі пра наміналізм і Лютэра, пра мадэрнізм, пра новую тэалогію, ІІ Ватыканскі сабор, пра некаторыя новыя праблемы, седэвакантызм, пра тое, ці застаецца Папа Бенедыкт Папам. Усе гэтыя праблемы, звязаныя з крызісам, мы абмяркоўвалі так, быццам бы святары нашага Брацтва з’яўляюцца знешнімі назіральнікамі, якія глядзяць на гэтыя тэмы звонку.

Цяпер, на працягу апошняй часткі, мы будзем глядзець больш інтраспектыўна на само Брацтва св. Пія Х. Мы сапраўды не можам казаць пра крызіс у Касцёле, калі не скажам пра традыцыйны рух; і мы не можам казаць пра традыцыйны рух, калі не скажам пра Брацтва св. Пія Х. Такім чынам, сёння мы будзем размаўляць пра Брацтва св. Пія Х у кантэксце ягонай місіі. Да гісторыі Брацтва св. Пія Х мы пяройдзем у нашым наступным выпуску, але давайце паглядзім на FSSPX шырока. У чым яго мэта? У чым прычына яго існавання? Не маглі б вы нам даць пэўныя ўводзіны да FSSPX, да яго ролі ў крызісе і ролі ў Каталіцкім Касцёле ў цэлым?

Так. Я думаю, няма сумневу, што FSSPX адыгрывае вельмі важную ролю ў жыцці Касцёла, хоць і застаецца пераважна невядомым. Часта, калі мы кантактуем з духавенствам, біскупамі, адказ будзе: хто вы такія? Адкуль вы? Што вы робіце? Многія людзі ўвогуле не ведаюць пра FSSPX.

Але я думаю, што тое ж датычыцца многіх нашых вернікаў, якія наведваюць нашыя Імшы. Напэўна, ёсць разуменне, што FSSPX робіць даступнай лацінскую Імшу, цэлебруе сакрамэнты, гэта штосьці, што мне падабаецца, што я цаню. Але яны часта не ведаюць дэталяў, не ведаюць, што такое FSSPX і ў чым яго мэта. Несумненна, FSSPX адыгрывае ролю ў абароне і падтрыманні sana doctrina — здаровага вучэння Касцёла, пастаяннага вучэння Касцёла — і выражае яго праз лацінскую Імшу і ўсё звязанае з ёю.

Але, калі мы хочам сапраўды падсумаваць справу адным сказам і на гэтым скончыць разгляд таго, у чым заключаецца мэта FSSPX, то гэта святарства і ўсё, што мае да яго дачыненне. Вось фактычна і ўсё.

Ну, дзякуй, ойча, мы вельмі ўдзячныя.

Добра, я адключаюся! (Смяюцца.) Не, але гэта сапраўды так. У гэтым уся сутнасць. Гэта можна прачытаць непасрэдна ў статутах Брацтва.

Любоў арцыбіскупа Лефеўра да святарства

Калі мы глядзім на місію Брацтва св. Пія Х, яна звязана са святарствам. Мы не можам паглядзець на місію Брацтва, не сказаўшы пра постаць яго заснавальніка, абп. Лефеўра. Паўтару, што мы будзем больш дэтальна разглядаць гісторыю ў наступным выпуску, але арцыбіскуп Лефеўр сапраўды меў любоў да святарства. Чаму ён лічыў яго галоўным прынцыпам? Што ў ягонай гісторыі было такога, што ён разглядаў яго як апірышча для ўсёй справы выжывання традыцыйнага Касцёла?

Гэта штосьці, пра што ён сам казаў пры некалькіх нагодах, а таксама пісаў пра гэта. Ён кажа пра тое, што меў сон. Гэта неабавязкова, што ён спаў і прысніў гэта. Гэта пэўнае бачанне, якое ён меў у канкрэтны момант часу і ў канкрэтнымі месцы, у катэдральным касцёле Дакара, дзе ён у свой час быў апостальскім дэлегатам. Ён меў бачанне таго, як ён арганізуе таварыства святароў або брацтва святароў, якія будуць вернымі свайму святарству, якія будуць засяроджаны на тым, каб быць святарамі самым аўтэнтычным чынам, і, адпаведна, на Імшы, на вучэнні (гэта неабходная частка) і на ўсім, што з гэтым звязана. Гэта прыкладна 50-я гг., сярэдзіна ХХ ст. Пасярод усіх абавязкаў і ўсіх спраў у яго з’яўляецца такая ідэя, што гэта тое, што патрэбна Касцёлу, таму што ўжо ў той час ён пачынаў бачыць, як сітуацыя шмат у чым пагаршаецца. Гэта быў першы момант, прынамсі так ён тлумачыў. Затым, зразумела, гэтая ідэя з часам развіваецца. Я ўжо казаў, што ён быў апостальскім вікарыем. Яго прызначыў Пій ХІІ, каб ён па сутнасці прадстаўляў Ватыкан у франкамоўнай Афрыцы: Заходняя Афрыка, Мадагаскар і таму падобнае.

Пасля смерці Пія ХІІ ягонае прызначэнне змянілася. Ян ХХІІІ звольніў яго з гэтай пасады і прызначыў біскупам Цюля — вельмі маленькай дыяцэзіі ў Францыі. Яго прызначылі туды проста для таго, каб ён быў біскупам гэтай дыяцэзіі. Гэта быў пачатак 60-х гг., і Касцёл ужо вельмі яўна пачынаў ісці па нахіленай плоскасці, асабліва ў Еўропе, у Францыі. Калі ён прыехаў у гэтую маленькую, збяднелую дыяцэзію, усё знаходзілася ў заняпадзе. Семінарыі пусцелі. Здаецца, у момант яго прыезду семінарыя была закрыта.

Ён звярнуў увагу на святароў, асабліва на маладых святароў, якія толькі што скончылі семінарыі. Ён убачыў, што яны, здаецца, зусім не разумелі, што павінны рабіць, не разумелі сваёй ролі. Іх вучылі чамусьці іншаму. Ён апісваў іх як разгубленых, яны знаходзіліся ў дэпрэсіі. Ён апавядаў гісторыі, як размаўляў з рознымі маладымі святарамі, падбадзёрваў іх, але гэта таксама было для яго пэўным пробліскам. Ён правёў увесь гэты час у Афрыцы, магчыма, у пэўнай адасобленасці ад таго, што адбывалася ў Касцёле ў Еўропе, а цяпер ён раптоўна ўбачыў гэта і падумаў: “Ого, гэта сапраўды праблема”.

Мы не будзем празмерна паглыбляцца ў гісторыю, але яго наступным прызначэннем непасрэдна на парозе ІІ Ватыканскага сабору стала пазіцыя генеральнага настаяцеля сваёй Кангрэгацыі Святога Духа. Гэта адбылося ў 1962 г. Ён стаў генеральным настаяцелем сваёй кангрэгацыі і заняўся кіраваннем, падарожжамі па ўсім свеце. Ягоным заданнем была арганізацыя працы настаяцеляў, святароў (таму што гэта святарская кангрэгацыя). Несумненна, у кантэксце ІІ Ватыканскага сабору ён бачыць тое, што адбываецца ў ягонай супольнасці.

Пад канец ІІ Ватыканскага сабору, у канцы 60-х гг., напэўна, у 1967 або 1968 г., кангрэгацыя захацела абнавіцца. ІІ Ватыканскі сабор заклікае абнавіць манаскія кангрэгацыі, і члены гэтай кангрэгацыі вырашаюць гэта зрабіць: сесці і зрабіць усе гэтыя змены. Узнікла рознагалоссе. У выніку ён разумее, што ў ягонай кангрэгацыі ніхто не стане яго слухаць. Таму ён падае ў адстаўку і пакідае пасаду генеральнага настаяцеля Кангрэгацыі Святога Духа. Ён ідзе на пенсію. Яму на той час было каля 63 гадоў.

Мне падалося цікавым, ойча… Папраўце мяне, калі я ўспрымаю гэта няправільна або калі раблю празмерна вялікі націск на тое, дзе націску няма. Але ў жыцці арцыбіскупа Лефеўра было тры этапы да Брацтва св. Пія Х. Ён быў у Афрыцы і наглядаў за школамі і семінарыямі ў франкамоўнай Афрыцы. Затым ён кіраваў дыяцэзіяй Цюля, а затым кіраваў Кангрэгацыяй Святога Духа. Ва ўсіх гэтых функцыях ён тым ці іншым чынам кіраваў іншымі святарамі. У яго была гэтая здольнасць да менеджменту, калі казаць сучаснымі словамі. Напэўна, гэта любоў да таго, каб дапамагаць святарам, прыглядаць за імі, мець упэўненасць, што яны робяць тое, што павінны.

Так, гэта праўда. Фактычна ён пабыў пробашчам у Францыі толькі каля двух гадоў. Яго старэйшы брат Рэнэ належаў да Кангрэгацыі Святога Духа і заахвочваў яго паехаць у Афрыку, далучыцца да кангрэгацыі, таму што працы вельмі шмат. Марсель Лефеўр быў вельмі энергічным чалавекам, вельмі шчодрым чалавекам. Кожны, хто прачытае ягоную біяграфію, пабачыць гэта.

І тады яго, нарэшце, паслалі ў Афрыку, і яго першым прызначэннем была семінарыя ў Габоне, у Афрыцы. Ён прымае гэтае вельмі цяжкое прызначэнне: рыхтаваць афрыканскіх святароў, таму што ўжо ў той час клалі націск на падрыхтоўку мясцовага духавенства. Таму гэта тое, з чаго ён пачынае, але насамрэч гэта напрамак, якім ён займаўся на працягу ўсяго свайго жыцця: спачатку у семінарыях, затым ён быў рэктарам семінарыі ў Мартэне, у Францыі, гэта пасля Другой сусветнай вайны. І, зразумела, ён быў біскупам і пазней апостальскім вікарыем. Уся ягоная праца заключалася ў тым, каб рыхтаваць мясцовае духавенства і ставіць новых біскупаў. Таму што зразумела, што яны стваралі ўсе гэтыя новыя дыяцэзіі ў Афрыцы. Усё проста квітнела, паўсюль былі навяртанні. Адпаведна, ім прыходзілася ствараць дыяцэзіі, паўсюль устанаўліваць біскупаў, пасвячаць святароў. Таму святары і біскупы былі ягонай працай. Гэтым ён займаўся, несумненна. Гэта быў ягоны акцэнт ад пачатку.

Заснаванне традыцыйных семінарый пасля ІІ Ватыканскага сабору

Значыць, ён ідзе на пенсію. Зноў жа, мы вернемся да гісторыі пазней, але мы ўжо паглядзелі на гісторыю ІІ Ватыканскага сабору, мы бачылі, як усё змянялася. Ён быў гатовы проста пайсці на пенсію, сесці і сказаць: “Я — усё”. У сэнсе, ён аддаў жыццё Касцёлу. Што затым адбываецца ў ягоных адносінах са святарамі?

Несумненна, ён не быў невядомым іерархам. У свой час яго добра ведалі, асабліва кансерватыўныя каталікі, святары і іерархі. Ён чуў шмат заахвочвання, многія людзі звярталіся да яго, асабліва пасля адстаўкі. Можна ўявіць сабе, што на яго ўскладалі вялікую надзею, але потым ён ідзе на пенсію. І людзі думаюць: вось, ёсць гэты біскуп, яму 63 гады, ён традыцыяналіст… Таму, думаю, многія сябры заахвочвалі яго. І, вядома, да яго звярталіся самі семінарысты і прасілі дапамагчы ім, бо яны фактычна патаналі ў атмасферы 60-х гг. у семінарыях Еўропы. Гэта быў жахлівы час.

(Кс. Жан-Іў Катар): “Мяне вельмі непакоіў той факт, што нам было немагчыма працягваць працаваць і мець нейкую пэўнасць у тым, што мы дойдзем да святарства ўлічваючы пашыраныя ў той час настроі. Мне прыйшлося папрасіць арцыбіскупа [Лефеўра] зрабіць штосьці для нас. Спачатку ён сказаў, што знойдзе нам біскупа. І я памятаю, што знайшоў у сабе смеласць сказаць яму: “Эксцэленцыя, але нам патрэбны вы!” Ён паглядзеў на мяне са здзіўленнем. Ды і сам я быў вельмі здзіўлены, што асмеліўся сказаць яму такую рэч, таму што мне было 19 гадоў, я толькі вучыў філасофію. І сказаць 63-гадоваму біскупу “Эксцэленцыя, нам патрэбны вы” — гэта было даволі смела. Але ён нічога не сказаў, а потым абяцаў падумаць”.

Вось, значыць, да яго звяртаюцца семінарысты, і ён кажа, што нельга проста кінуць гэтых маладых людзей, калі яны прыходзяць і просяць дапамагчы ім. Ён знайшоў вучэбны дом для семінарыстаў каля Фрыбура. Універсітэтам Фрыбура ў той час кіравалі дамініканцы, якія мелі больш тамістычны погляд. Ён давяраў у дактрынальным сэнсе таму, чаму яны вучылі. Ён лічыў, што для іх гэтае месца будзе бяспечным. Агулам ідэя была такая, што для іх гэта будзе такі дом, дзе яны будуць весці супольнае жыццё, жыццё малітвы і вучобы, яны будуць хадзіць на заняткі ва ўніверсітэт, а потым вяртацца назад. І для іх гэта будзе такое бяспечнае прыстанішча.

У выніку становіцца зразумела, што такі варыянт не з’яўляецца рэальным. Гэта не тое, што можа працягвацца доўга: не толькі таму, што заняткі аказаліся не настолькі дактрынальна надзейнымі, як чакалася, але і таму, што людзі працягвалі выказваць зацікаўленасць. Або прынамсі ён прадбачыў большую зацікаўленасць. Таму становіцца ясна, што трэба адкрываць поўную семінарыю са сваімі ўласнымі выкладчыкамі, са сваім персаналам.

І адсюль пачынаецца гісторыя ўстанаўлення Брацтва як кангрэгацыі. Ён звяртаецца да біскупа Шар’ера, які быў ягоным сябрам яшчэ з часоў Афрыкі, і пад кіраўніцтвам гэтага біскупа ён засноўвае Брацтва св. Пія Х у ягонай дыяцэзіі. Затым адбудзецца заснаванне семінарыі ў Эконе. Пра гэта можна сказаць нашмат больш, але вось так усё гэта адбывалася. Так пачыналася існаванне FSSPX як такога ў нашыя дні.

Роля Кангрэгацыі Святога Духа ў заснаванні FSSPX

Значыць, з гэтага ўсё пачыналася. Мы паглядзелі на пэўную працу, якую ён зрабіў, і ёсць адна рэч, якая здаецца мне цікавай. Вы, ойча, рабілі даклад у Сэйнт-Мэры ў мінулым годзе, з нагоды 50-й гадавіны Брацтва св. Пія Х. Здаецца, агулам было пяць лекцый, і ўсе яны ёсць на ютуб-канале Сэйнт-Мэры, на ютуб-канале капліцы Унебаўзяцця. Я рэкамендую нашым слухачам схадзіць паглядзець іх, яны вельмі добрыя. Але вось я слухаў даклад, які вы рабілі, і маё пытанне заснавана на ім. Вы казалі пра паходжанне Кангрэгацыі Святога Духа. Я шмат чытаў пра арцыбіскупа Лефеўра, я глядзеў дакументальны фільм, я чытаў шмат з гісторыі, я ведаю ўсё гэта, але тады ўпершыню я пабачыў сувязь з місіяй Кангрэгацыі Святога Духа. Аказваецца, ёсць шмат паралеляў. Можаце нам крыху распавесці пра гэта?

Так, гэта вельмі цікава. Калі вы хочаце сапраўды зразумець арцыбіскупа Лефеўра, вам трэба зразумець Кангрэгацыю Святога Духа. Крыху гісторыі. Кангрэгацыя Святога Духа был заснавана ў 1703 г. маладым семінарыстам Клодам Пулар-дэ-Пласам (напэўна, я вымаўляю імя няправільна). У 1703 г. ён вучыўся ў езуітаў у Парыжы і хацеў заснаваць кангрэгацыю для маладых семінарыстаў, якія былі беднымі, каб дапамагчы ім вывучыцца і атрымаць пасвячэнне. Сам ён атрымае пасвячэнне праз чатыры гады, у 1707 г. Было шмат маладых людзей, у далейшым святароў, якія далучыліся да ягонай групы. Цікава, што Пулар-дэ-Плас памёр праз два гады. Ён захварэў і памёр вельмі маладым.

Тым не менш кангрэгацыя працягвала расці і квітнець. І нават цяпер, калі вы пойдзеце на старонку Кангрэгацыі Святога Духа, яны ўсё яшчэ акцэнтуюць гэтую ідэю, што выходзяць насустрач бедным душам у патрэбе. Мне здаецца, адсюль Кангрэгацыя Святога Духа ўзяла свой вельмі місіянерскі характар. Яны працавалі ў таварыстве замежных місій у Парыжы. Іх святары выязджалі на новыя місіі па меры пашырэння Французскай імперыі ў свеце. Яны ішлі за гэтым трэндам і навярталі людзей, прапаведавалі пераважна ў Афрыцы, але таксама і ў іншых месцах. Дамы кангрэгацыі існуюць па ўсім свеце, гэта сусветная кангрэгацыя.

Такім чынам, кангрэгацыя расце і расце, але затым адбываецца Французская рэвалюцыя 1789 г. Зразумела, гэта пераслед, хаос, усіх высылаюць, і кангрэгацыя рассейваецца. Здаецца, што кангрэгацыя знішчана, што ёй прыйшоў канец. Але яны нейкім чынам збіраюцца зноў, рэфармуюцца. Да часоў Французскай рэвалюцыі ў іх было 1300 святароў: яны ўсе рассеяліся. Магло здавацца, што ўсё скончана.

Але ў сярэдзіне ХІХ ст. з’яўляецца яшчэ адна цікавая постаць, якая будзе вельмі важнай для разумення Кангрэгацыі Святога Духа. Гэта кс. Франсуа Ліберман. Яго лічаць другім заснавальнікам. Сам ён заснаваў Таварыства Найсвяцейшага Сэрца Марыі, але Ватыкан папрасіў яго аб’яднаць сваю кангрэгацыю з Кангрэгацыяй Святога Духа. Ідэя была ў тым, што яны былі вельмі падобныя. Гэта адбылося ў 1848 г., у сярэдзіне ХІХ ст.

Кс. Франсуа Ліберман — вельмі цікавая постаць. Канвертыт з юдаізму, ён стаў святаром і ўліў у кангрэгацыю свайго роду гэты адноўлены дух. Тады кангрэгацыя пачала хутка развівацца і сапраўды набыла свой місіянерскі аспект. Да часоў ІІ Ватыканскага сабору ў гэтай кангрэгацыі, здаецца, было 5 тыс. святароў. Гэта адна з самых буйных кангрэгацый у Касцёле. Гэта вялікая справа.

Калі я рыхтаваўся да таго даклада на канферэнцыі, я хацеў знайсці арыгінальныя статуты, дакументы аб заснаванні Кангрэгацыі Святога Духа. Я адшукаў дакумент, які яны не называюць статутамі, але гэта штосьці падобнае, гэта правілы іх кангрэгацыі. Дык вось, калі яны кажуць пра мэту кангрэгацыі, яны называюць дзве рэчы. Як я казаў, гэта выхад насустрач душам, якія знаходзяцца ў патрэбе, пакінутым душам. Гэта ідэя таго, што трэба ехаць у бедныя краіны, да бедных людзей, выходзіць ім насустрач, весці іх да веры, нібы выцягваць іх з пякельнага полымя.

Але далей цікава: вось гэта мэта; а галоўны сродак, пры дапамозе якога яны гэтага дасягаюць, гэта супольнае жыццё. Гэта вельмі цікавы аспект таго, чым з’яўляецца Кангрэгацыя Святога Духа, або прынамсі чым з’яўлялася, які вылучае яе сярод іншых місіянерскіх кангрэгацый. Таму так, яны ідуць да душаў у патрэбе, робяць місіянерскую працу, але яны робяць гэта, ствараючы супольнасць святароў у розных місіянерскіх краінах. І гэта сапраўды падсумоўвае тое, чым з’яўляецца Кангрэгацыя Святога Духа. І далей гэта ляжа ў аснову таго, чым стане Брацтва св. Пія Х.

Вы кажаце, што яны жылі ў супольнасці. У гісторыі Касцёла гэта было больш тыпова для кляштараў, канвентаў, для манаскіх супольнасцей, якія прыносяць абяцанні, для тых, хто з’яўляецца членам гэтых супольнасцей. Парафіяльныя святары зазвычай жылі адны: у касцёле быў адзін святар, ён жыў у адным горадзе. Гістарычна ў іх супольнага жыцця не было, а тут гэта асаблівая з’ява ў Кангрэгацыі Святога Духа.

Так. Мне здаецца, што гэта перадусім з-за іхняй місіянерскай працы. Яны ехалі ў вельмі далёкія рэгіёны, у замежныя краіны з вельмі жорсткім кліматам. У такой сітуацыі лёгка было расчаравацца або захварэць. Вельмі цяжка працягваць такую працу аднаму, калі ты нежанаты мужчына пасярод джунгляў і сам па сабе. Гэта надзвычай цяжка, як вы разумееце. Таму вельмі важна мець побач іншых святароў. Я думаю, асабліва за мінулыя паўтары гады мы пабачылі больш чым калі, наколькі важна, каб людзі не заставаліся ізаляванымі. Калі мы жывём асобна, жывём адны, жывём у закрытай прасторы, гэта для нас сапраўды дрэнна.

Можна з’ехаць з глузду.

Так, людзі шалеюць і трацяць розум! Тут тая ж ідэя, гэта натуральны прынцып, але ў прымяненні да святарства. Несумненна, святар фарміруе супольнасць са сваёй паствай, са сваёй парафіяй. У мінулым святары мелі доступ да іншых святароў, бо адлегласці не былі такія вялікія. Можна было дайсці ў іншы горад за некалькі хвілін. Нават калі святары знаходзіліся ў розных парафіях, усё адно можна было падтрымліваць пэўныя зносіны і мець супольнасць з іншымі святарамі ў рэгіёне. Але з прыходам сучаснага транспарту, з пашырэннем усяго ўзнікла істотнае раздзяленне. Таму гэта сапраўды патрэбна. Святарам патрэбны іншыя святары. Гэта вельмі важна. Арцыбіскуп Лефеўр разумеў гэта.

Місія Брацтва св. Пія Х у святле статутаў

Я хацеў прапанаваць зрабіць на гэтым паўзу і перайсці да заснавання Брацтва. Што датычыцца статутаў. У сваім дакладзе вы згадалі, што статуты Брацтва св. Пія Х даволі невялікія, не надта доўгія. У некаторых іншых кангрэгацый яны вялікія.

Дарэчы, у мяне ёсць з сабой. Вось яны.

Ёсць тактычныя падручнікі па амерыканскім футболе, таўсцейшыя за вашы статуты!

Так!

Значыць, у статутах Брацтва напісана няшмат. Але тое, што напісана, будзе вельмі змястоўным. Як той досвед, які меў арцыбіскуп Лефеўр у сэнсе кіравання святарамі і ў сэнсе выхавання, падрыхтоўкі, жыцця ў Кангрэгацыі Святога Духа, перанёсся ў статуты Брацтва?

Напэўна, я магу проста прачытаць вам урывак са статутаў. Дарэчы, не шукайце гэтую кнігу на Амазоне. У яе няма версіі для Kindle. Гэта не публічны дакумент. Гэта не тое, што кожны можа купіць і прачытаць. Гэта толькі для святароў: нам даюць гэтую кнігу, калі мы паступаем у семінарыю. Лічыцца, што мы павінны захоўваць яе ў сябе і не распаўсюджваць. Таму гэта не публічны дакумент, але я думаю, што мы можам прачытаць урыўкі з некаторых раздзелаў, асабліва калі размаўляем пра мэту існавання Брацтва.

Кс. Пальярані ўжо піша вам на электронную пошту… (Смяюцца.)

Толькі адзін маленькі абзац. Зрэшты, гэта тое, пра што я ўжо казаў… Ладна, можа, два абзацы. Загаловак такі: “Мэта Брацтва”.

“Мэтай Брацтва з’яўляецца святарства і ўсё, што да яго належыць, і нічога, акрамя таго, што яго датычыцца; гэта значыць, святарства, якім яго задумаў наш Пан Езус Хрыстус, калі сказаў: Гэта чыніце на Маю памяць”.

Гэта першы абзац. І адразу пераскочу на другі, які таксама здаецца мне важным.

“Таму Брацтва павінна арыентаваць святара на тое, каб ён здзяйсняў у сваім штодзённым жыцці тое, што па сутнасці з’яўляецца яго raison d’être, прычынай яго існавання: святую ахвяру Імшы з усім, што яна азначае, усім, што з яе вынікае, і ўсім, што яе дапаўняе”.

І гэта падсумоўвае асноўную місію Брацтва. Гэтая місія — святары. А калі вам патрэбны добрыя, здаровыя святары, то вам патрэбны святары, якія цесна звязаны з Імшой. Гэта іх місія. Немагчыма, каб святары існавалі без святой ахвяры Імшы. Гэтага нельга раздзяліць. Вось у чым ідэя.

Я думаю, што адсюль бярэцца націск на важнасць Імшы. Вось чаму святары Брацтва будуць падкрэсліваць важнасць Імшы, робячы Імшу цэнтрам свайго духоўнага жыцця. Для іх гэта не проста яшчэ адна рэч, якую робяць каталікі. Гэта цэнтр каталіцкага жыцця. Калі вы хочаце зноў бачыць рост і росквіт Каталіцкага Касцёла, вам патрэбна святая ахвяра Імшы. Гэта тое, што я апісваў у сваім дакладзе на канферэнцыі.

Таму, калі вам патрэбна агульная карціна, то ў цэнтры будзе Езус Хрыстус. Ён павінен быць у цэнтры. У цэнтры знаходзіцца Езус Хрыстус, Ён на Крыжы, гэта Езус Хрыстус Укрыжаваны. А Хрыстус Укрыжаваны — гэта тое, чым з’яўляецца Імша. Гэта некрывавая ахвяра нашага Пана, якая зноў адбываецца на алтары. Такім чынам, у цэнтры знаходзіцца Езус Хрыстус на Крыжы, і гэта істота Імшы. А Імша — гэта прычына існавання святарства: святарства і Імша нераздзельныя.

І, паколькі Імша па неабходнасці з’яўляецца апостальскай працай (гэта не проста прыватная малітва для мяне або для малой групы; яна павінна прапаведаваць), будуць існаваць парафіі, будуць існаваць школы, будзе існаваць іншая апостальская дзейнасць. Гэта самы бачны аспект таго, чым з’яўляецца Брацтва св. Пія Х. Гэта тое, што людзі найчасцей бачаць.

Для большасці людзей першы досвед будзе такі, што яны прыйдуць у капліцу Брацтва св. Пія Х, пабачаць навокал жанчын у мантыльях, дзяцей паўсюль, магчыма, пачуюць грыгарыянскі спеў, убачаць лацінскую Імшу, святара, які прыязджае сюды, магчыма, едзе пару гадзін або прылятае і адпраўляе для гэтых людзей Імшу ў выходныя. Вось тое, што людзі бачаць. Але гэта ў сваім родзе канец усёй справы. Я думаю, гэта выраз таго, чым займаецца Брацтва, але сэнс ляжыць нашмат больш глыбока. Вось што я спрабую сказаць.

Брацтва св. Пія Х існуе не для таго, каб заснаваць паўсюль шмат капліц з лацінскай Імшой.

Так!

Яно робіць гэта, але сэнс іншы. Пра гэта я даведаўся некалькі гадоў таму. Гэта быў такі момант накшталт “эўрыкі”. Сэнс існавання Брацтва св. Пія Х заключаецца ў захаванні каталіцкага святарства. Як толькі гэта ёсць, з гэтага вынікае ўсё астатняе. Я правільна тлумачу?

Так, правільна. Зразумела, што не можа быць такога: “Мы робім святароў! Паглядзіце на гэтых выдатных святароў! Вось яны!” Не! Хто такі святар? Святар — гэта пастыр, ён Хрыстус, ён павінен даваць Хрыста душам. Ён павінен рабіць справы. Ён павінен прапаведаваць, ён павінен навучаць, хрысціць, рабіць тое, што робяць святары. Але ўсё гэта, як я сказаў, бярэ свой пачатак з Імшы. Пакуль святар верны Імшы, ён будзе пражываць сваё святарства аўтэнтычным чынам. Вось да чаго ўсё зводзіцца.

Роля супольнага жыцця ў Брацтве св. Пія Х

Дакладна. Мы казалі пра гэта крыху раней: Брацтва паўстала на падставе традыцыі Кангрэгацыі Святога Духа. Арцыбіскуп Лефеўр прынёс гэтую традыцыю, гэты досвед у Брацтва св. Пія Х, калі засноўваў яго. Ён таксама хацеў зрабіць моцны акцэнт на супольным жыцці, так?

Так, сапраўды. Гэта адсылае яшчэ да правіл Кангрэгацыі Святога Духа. Што з’яўляецца сродкам, пры дапамозе якога яны выконваюць сваю апостальскую працу? Гэта супольнае жыццё.

Напэўна, некаторыя з нашых вернікаў ужо знаёмыя з гэтым, але, калі вы сапраўды хочаце бачыць святароў Брацтва, калі вы сапраўды хочаце ўключыцца ў працу Брацтва, то ідэальным месцам для гэтага будзе тое, што мы называем прыяратам. Гэта сінонім таго месца, дзе святары жывуць разам, дзе вядуць супольнае жыццё.

У Кангрэгацыі Святога Духа было прынята прыносіць абяцанні беднасці, чысціні і паслухмянасці. Зразумела, што ўсе святары, нават секулярныя святары, прыносяць прынамсі няяўнае абяцанне чысціні. Яны таксама абяцаюць паслухмянасць свайму настаяцелю — біскупу — у дзень пасвячэння. Але што заўважыў арцыбіскуп — і гэта даволі цікавая дэталь, — ён заўважыў, што місіянерам Кангрэгацыі Святога Духа часта было складана рабіць сваю працу з-за абяцання беднасці. Напрыклад, калі ім трэба ўзводзіць будынкі або мець банкаўскія рахункі, яно ім фактычна перашкаджала.

І гэта цікава, таму што гэта гучыць прагрэсіўна, але ён хацеў заснаваць асобнае адгалінаванне Кангрэгацыі Святога Духа, якое аб’ядноўвала б членаў гэтай кангрэгацыі, але яны не прыносілі б абяцанне беднасці менавіта з гэтай мэтай. І гэта фактычна і ёсць тое, чым з’яўляецца Брацтва. Мы святары, мы жывём у супольнасці, мы не прыносім манаскіх абяцанняў. Таму гэта адно з ключавых адрозненняў. Гэта тое, пра што арцыбіскуп Лефеўр думаў і што прапаноўваў за многія гады да таго, калі працаваў у Кангрэгацыі Святога Духа.

Але так, у цэнтры стаіць супольнае жыццё. Пакуль святары верныя яму… Я думаю, што многія святары згодзяцца са мною: калі мы верныя нашаму супольнаму жыццю, калі мы ўдзельнічаем у супольных практыкаваннях, супольных малітвах, калі мы ўключаны ў жыццё супольнасці, калі ёсць камунікацыя з настаяцелем, калі ёсць усё тое, што датычыцца супольнага жыцця (пра гэта можна было б зняць асобную праграму), калі святар робіць усё гэта, з ім усё будзе ў парадку, ён будзе рабіць усё правільна. Калі ён блукае, то гэта, напэўна, таму, што ён так ці іначай не пражывае сваё супольнае жыццё. Мы ведаем гэта, мы жывём у гэтым, мы бачым гэта кожны дзень.

Гэта геній арцыбіскупа Лефеўра: вось тое, дзякуючы чаму мы захоўваем здаровы розум, стабільнасць і робім тое, што павінны. І тады, калі вы разумееце, што такое супольнае жыццё, вы можаце паглядзець хаця б на бенедыктынцаў і заходняе манаства. Яно літургічнае, гэта значыць, яно сканцэнтравана вакол літургіі. У гэтым сэнс бенедыктынцаў. Гэта літургічная кангрэгацыя, калі можна так сказаць. Што такое літургія? Гэта Імша, Божы Афіцый і астатняе, што з гэтага вынікае. Таму, калі мы гаворым пра супольнае жыццё, то кажам, што людзі жывуць разам, але таксама кажам пра літургію, вядома, пра Імшу. І гэта вяртае нас да таго, пра што мы казалі раней: Імша з’яўляецца цэнтрам усяго.

Гэта цікава. Часта можна пачуць… У Злучаных Штатах ёсць недахоп капліц FSSPX, як і ў астатнім свеце. І часта можна пачуць, як людзі з добрымі намерамі, жадаючы, каб капліца была заснавана яшчэ дзесьці, глядзяць, напрыклад, на прыярат Сэйнт-Мэры, у якім больш за дзясятак святароў. Яны глядзяць на Фінікс, дзе ёсць пяць святароў. Яны глядзяць кудысьці яшчэ, глядзяць на ўсе гэтыя прыяраты і кажуць: “Навошта вам пяць святароў? Навошта вам дванаццаць ці чатырнаццаць святароў? Разашліце іх, падзяліцеся багаццем”. Але, калі вы чыталі кнігу “Душа апостальства”, калі вы разумееце, што перадусім неабходна духоўнае жыццё, каб рабіць такую працу, то вы зразумеце, чаму супольнае жыццё настолькі важнае. Вось чаму Брацтва арганізавана, як хаб, з якога святары ездзяць у падарожжы. Ці ж не цяжка падарожнічаць кожныя выходныя? Цяжка! Але на тыдні вельмі важна, каб усе былі разам.

Так, усё правільна. Гэта вельмі важна. Несумненна, тут прысутнічае місіянерскі аспект. Мы вымушаны падарожнічаць, як, напэўна, гэта рабілі арцыбіскуп Лефеўр і ягоныя святары, калі ездзілі па дзікіх мясцінах. Зразумела, мы не ездзім па дзікіх мясцінах, мы сядаем у машыну з кандыцыянерам, ездзем пару гадзін…

Ну, залежыць, куды паглядзець!

Ну, так, сапраўды. У нас ёсць святары ў Афрыцы і іншых месцах. Баюся ўявіць, як падарожнічаюць яны. Так, гэта пэўны місіянерскі аспект. Але вяртанне да супольнага жыцця, да стабільнасці — гэта падмурак.

Так. На заканчэнне яшчэ згадаю, што ў сваім дакладзе вы правялі паралель паміж тым, што робіць Брацтва св. Пія Х, і тым, што рабілі сярэднявечныя кляштары. Вы згадалі бенедыктынцаў і іх супольнае жыццё. Мне гэта здалося цікавай думкай.

Калі вы хаця б крыху ведаеце гісторыю, то памятаеце, што хрысціянская цывілізацыя была заснавана гэтымі невялікімі супольнасцямі: бенедыктынцамі, манахамі са сваімі кляштарамі і сваёй літургіяй. Са сваёй эканомікай, неабходнай для заснавання і падтрымання кляштара. Усе гэтыя людзі, якія прыходзяць і фарміруюць супольнасці, вёскі вакол манаскіх кляштараў. Падчас цёмных стагоддзяў і варварскіх уварванняў усё гэта захоўваецца, расце і квітнее. І гэта сапраўды падмурак, гэта пік хрысціянскай цывілізацыі ХІІІ ст. Гэтай кропкі яны дасягнулі дзякуючы дробным супольнасцям, якія пачыналі з малога, захоўвалі веру, захоўвалі культуру і далі пачатак заходняй каталіцкай цывілізацыі, хрысціянскаму свету.

Таксама варта дадаць штосьці яшчэ. Я казаў пра гэта ў дакладзе з нагоды 50-й гадавіны. Я ўвесь час падкрэсліваю: Імша, Імша, Імша. Бенедыктынцы з’яўляюцца літургічнай супольнасцю. Гэта азначае, што іхнія супольнасці гуртуюцца вакол таго, што яны называюць Божай працай. Па сутнасці гэта малітва, літургічная малітва. Імша сапраўды вельмі важная для таго, што мы робім. Гэта сапраўды наша апостальская праца.

Мне здаецца, арцыбіскуп Лефеўр казаў: “Калі святар проста служыць сваю Імшу раніцай, ён ужо выконвае 80 % сваёй апостальскай працы, прыносячы гэтую ахвяру Богу Айцу”. Нашая прывязанасць да Трыдэнцкай Імшы… Пра гэта ўжо былі некаторыя выпускі, але ў нас ёсць дактрынальныя прычыны для прывязанасці да Трыдэнцкай Імшы. Але гэта гэта таксама звязана з тым, што мы робім. Калі мы сапраўды займаемся святарствам, калі мы хочам захаваць яго здаровым… Наша прывязанасць да Трыдэнцкай Імшы не з’яўляецца эстэтычнай перавагай. Гэта не таму, што мы любім яе больш, або таму, што яна больш прыгожая. Так, яна, відавочна, больш прыгожая, але яна выражае штосьці, што з’яўляецца вечным.

Новая Імша проста прасякнута гэтым разбаўленым духам хрысціянства канца ХХ ст. — вельмі канкрэтнага часу і месца. Яна нібы захрасла ў часе. Разумееце, калі так ужо браць, то гэта не лацінская Імша захрасла ў часе. Зусім не. Яна цягнецца на тысячы гадоў назад. Новая Імша? Як штосьці такое можа даць плён?

Таму, вядома, у дактрынальным сэнсе гэта падмурак. Гэта не проста перавага. Калі мы не будзем мець традыцыйнага абраду, мы не зможам рабіць тое, што робім. Вось у чым сэнс. Гэта сапраўды вельмі важна. Кс. Пальярані вельмі добра растлумачыў гэта ў сваім апошнім лісце пра Traditionis custodes Папы Францішка. Ён выдатна гэта выказаў. Таму, калі хтосьці не чытаў гэты ліст, заахвочваю прачытаць яго. Ён сапраўды вельмі добры.

Заканчэнне

Так. Дакладна. Добра, ойча, гэта была цікавая размова. Я вельмі ўдзячны, што вы знайшлі час. Гэта вельмі добра, што мы можам зразумець… Гісторыя — гэта адно, але мы хацелі спачатку правесці гэты выпуск, каб пагрузіцца ў філасофію, у сэнс існавання Брацтва св. Пія Х, у тое, чым матываваўся арцыбіскуп Лефеўр. Гэта было карысна. Яшчэ адно пытанне, якое мы не абмяркоўвалі загадзя. Калі б у вас была магчымасць паразмаўляць з арцыбіскупам Лефеўрам некалькі хвілін, што вы ў яго спыталіся б або што вы хацелі б абмеркаваць з ім?

Гэта цікава, таму што я жыў са святарамі, якія ведалі арцыбіскупа. Яны не толькі размаўлялі з ім раз ці два. Яны адказвалі перад ім, ён быў іх настаяцелем. І ўсе яны мелі на сабе пэўны адбітак гэтага чалавека. Ён зрабіў на іх вельмі вялікае ўражанне.

Пра што я спытаўся б у арцыбіскупа Лефеўра? Было б вельмі цікава пачуць ягонае меркаванне пра тое, што адбываецца цяпер. Гэта было б захапляльна. Свет настолькі моцна змяніўся з канца 80-х — пачатку 90-х гг., калі ён адышоў. Шмат рэчаў змянілася. Мне здаецца, што ён сказаў бы… Вядома, я толькі выказваю здагадку, але было б сапраўды захапляльна пачуць ягоны погляд на ўсё гэта. Я хацеў бы пачуць гэта: ягонае выказванне ў кантэксце сучаснасці, ягоныя думкі пра ўсё гэта.

Напэўна, ён сказаў бы: “Малайцы!”

Я спадзяюся!

Так бы і было. Добра, ойча. Дзякуй вялікі, што знайшлі час. Мы вельмі ўдзячныя. Чакаю нашай наступнай сустрэчы ў далейшым.

Так, выдатна. Я не толькі сёння ўдзельнічаю ў гэтым падкасце: я яшчэ і заядлы глядач гэтага падкаста!

О, вельмі добра!

Я адчуваю сябе, як на нейкім тэлешоу, дзе выклікаюць чалавека з аўдыторыі!

Так, мы падрыхтавалі для вас чамадан грошай.

Не, я даю яго як дамашняе заданне сваім вучням. Мне падабаецца, як вы праводзіце гэты падкаст. Працягвайце добрую працу. Гэта выдатна.

Дзякуй. Я таксама ўдзячны ўсім святарам, якія робяць яго. Да наступнай сустрэчы. Дзякуй, ойча.

Дзякуй, Эндру.


Дзякуй, што паслухалі і паглядзелі выпуск 40 праграмы “Крызіс у Касцёле” на SSPX Podcast. На наступным тыдні мы сустрэнемся з першым госцем, які не з’яўляецца святаром, са спадаром Джэймсам Вогелем. Ён з’яўляецца інфармацыйным дырэктарам Брацтва св. Пія Х і на працягу апошняга дзесяцігоддзя прамовіў шмат дакладаў пра гісторыю Брацтва. На наступным тыдні мы разгледзім гэтую гісторыю, якая мае пэўныя цікавыя паралелі з сённяшняй сітуацыяй, карысныя для нас. Калі ласка, падпішыцеся на наш падкаст і на Youtube-канал “SSPX News – English”, каб не прапусціць выпуск на наступным тыдні і ўсе нашы далейшыя выпускі. А калі ў вас ёсць магчымасць дасылаць нам штомесячныя ахвяраванні ў $5, 10 або 20 праз старонку sspxpodcast.com, гэта вельмі дапамагло б нам завяршыць гэты цыкл “Крызіс у Касцёле”. Да наступнага тыдня. Дзякуй, што паслухалі! З Богам!