29 красавіка, падчас апостальскага падарожжа ў Венгрыю, Папа Францішак правёў сустрэчу з мясцовымі езуітамі, на якой зноў назваў прычыны ўвядзення абмежаванняў традыцыйнай лацінскай Імшы ў motu proprio Traditionis custodes. Размову публікуе англамоўная версія часопіса La Civiltà Cattolica.


Другі Ватыканскі сабор кажа пра адносіны паміж Касцёлам і сучасным светам. Як мы можам паяднаць Касцёл і рэальнасць, якая ўжо стала пост-сучаснай? Як нам знайсці Божы голас, любячы пры гэтым нашую эпоху?

Я не ведаю, як адказаць на гэтае пытанне тэарэтычна, але я дакладна ведаю, што Сабор усё яшчэ знаходзіцца ў працэсе прымянення. Кажуць, што патрэбна стагоддзе, каб Сабор быў засвоены. І я ведаю, што супраціў ягоным пастановам агромністы. Існуе неймаверная падтрымка рэстаўрацыянізму, які я называю “indietrismo” (адступанне назад), як кажа Пасланне да Габрэяў (10:39): “Але мы не належым да тых, хто адступаецца”. Хада гісторыі і ласкі адбываецца ад каранёў уверх, як сок дрэва, якое прыносіць плод. А без гэтага цячэння чалавек застаецца муміяй. Рух назад ніколі не захоўвае жыцця. Неабходна змяняцца, як пісаў у сваім “Commonitorium” св. Вінцэнт Лерынскі, калі зазначаў, што нават вучэнне хрысціянскай рэлігіі развіваецца, умацоўваючыся з гадамі, развіваючыся ў часе, паглыбляючыся ў эпохах. Але гэта змена знізу ўверх. Небяспекай сёння з’яўляецца indietrismo, рэакцыя супраць сучаснага. Гэта настальгічная хвароба. Вось чаму я вырашыў, што цяпер дазвол на цэлебрацыю паводле Рымскага Імшала 1962 года неабходна будзе атрымліваць усім новапасвячаным святарам. Пасля ўсіх неабходных кансультацый я вырашыў так, таму што бачыў, што добрыя пастырскія меры, уведзеныя Янам Паўлам ІІ і Бенедыктам XVI выкарыстоўваліся ідэалагічным чынам, каб ісці назад. Неабходна было спыніць гэты indietrismo, які не быў пастырскім бачаннем маіх папярэднікаў.


Ілюстрацыя: Mazur/catholicnews.org.uk (Flickr, CC BY-NC-ND)