Толькі чысціня сэрца захавае ў нас чысціню веры
Мае дарагія вернікі, сябры і дабрачынцы,
У тым гістарычным кантэксце, у якім мы знаходзімся, усемагутны Бог паклікаў Святарскае брацтва св. Пія Х да вельмі асаблівага змагання за веру. Гэтае змаганне заключаецца ў захаванні веры, яе вызнаванні, любові да яе і яе перадачы. Каб выканаць усё гэта, важна разумець глыбінныя прычыны гэтага змагання, яго патрабаванні і тое, куды яно павінна прывесці нас, каб мы маглі зрабіць для сваіх душ усе неабходныя высновы.
Вера — недатыкальны краевугольны камень
Тут на зямлі вера з’яўляецца прадчуваннем таго бачання Бога, якое мы будзем мець у вечнасці і якому яна саступіць сваё месца. Вера з’яўляецца звышнатуральным веданнем Бога і ўсяго, што Яго датычыць, без магчымасці памылкі. Па гэтай прычыне гэта адно цэлае, атрыманае намі ад дабрыні Бога, Які перадае нам тое веданне, якое сам мае пра сябе. З гэтай перспектывы зразумела, што вера з’яўляецца ў поўным сэнсе гэтага слова выражэннем праўды — звышнатуральнай праўды, удзеленай душам, без найменшай магчымасці памылкі.
Вера істотна адрозніваецца ад асабістага меркавання або ўспрымання таго, хто выбірае сваю версію “праўды”, а не іншую, абгрунтоўваючы сваё рашэнне ўласным суджэннем або асабістым досведам. Такая “праўда” хутчэй адпавядае “веры” ліберальнага розуму, пазбаўленай усіх звышнатуральных элементаў і зведзенай да ўзроўню асабістага выбару, які на фундаментальным узроўні падлягае дыскусіі. Вера ж, наадварот, з’яўляецца веданнем іншага парадку, звышнатуральным па сваёй сутнасці, для якога мы маем абсалютную гарантыю, што не памыляемся, таму што самая малая памылка была б несумяшчальнай з Божай праўдай. Сапраўды, “праўда”, якая ўтрымлівала б у сабе нават найменшы намёк на памылку, проста перастала б быць Божай і проста перастала б быць праўдай. Напрыклад, Хрыстус, Які быў бы сапраўдным Богам і сапраўдным чалавекам, адначасова Каралём і Прарокам, але не Адкупіцелем, не быў бы сапраўдным Хрыстом нашай веры. Не быў бы Ён і “зменшаным” Хрыстом, чаго ў прынцыпе быць не можа, а быў бы чымсьці іншым. Адзіная памылка незваротна скажае ўвесь будынак веры і догмы, падобна як пары кропель атруты дастаткова, каб зрабіць вялікую колькасць вады непрыдатнай для спажывання чалавекам.
Бітва за веру ў Каталіцкім Касцёле і ў Брацтве
Гэтая пасылка з’яўляецца істотнай для разумення таго, чаму на працягу гісторыі галоўным клопатам Касцёла заўсёды была абарона веры, нават калі гэта азначала спрэчкі і асуджэнне іншых, а таксама перажыванне пераследу за абарону каталіцкага вучэння. Найменшы кампраміс у гэтай сферы быў бы здрадай нашаму благаслаўлёнаму Пану, Ягонай місіі і душам.
Сапраўды, чалавеку дадзена пазнаць Бога, у прыватнасці пазнаць Яго праз нашага Пана Езуса Хрыста: “Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў” (Ян 1:18). Без гэтага ведання Бога, якое дае толькі вера, немагчыма спадабацца Яму і дайсці да Яго; немагчыма ведаць Яго, а таму сузіраць Яго; немагчыма знайсці ў Ім, у любові да Яго і ў служэнні Яму, сваё ўласнае шчасце, таму што мы не можам ні аддаць сваё сэрца, ні прысвяціць сваю людскую волю камусьці, каго не ведаем. Захаванне веры з’яўляецца літаральна пытаннем жыцця і смерці. Духоўнае жыццё тут на зямлі немагчымае без адданасці ўсяго нашага розуму Божай праўдзе ў яе цэласнасці. Менавіта гэтае валоданне самім нашым благаслаўлёным Панам, уцелаўлёнай праўдай, даступнай для ведання праз веру, з’яўляецца ўмовай і першапрычынай хрысціянскага жыцця, якое з’яўляецца пачаткам жыцця вечнага.
Ніколі нельга забывацца, што, калі Брацтва св. Пія Х як цэлае або калі кожны з нас у нашым штодзённым жыцці пакліканы вызнаваць веру і публічна абараняць яе, гэта не з’яўляецца пытаннем таго, што мы высоўваем нейкае асабістае меркаванне або нейкі нюанс, які здаецца нам больш адпаведным. Гэта проста вызнаванне веры, якое з’яўляецца абсалютна неабходным для таго, каб душы маглі ведаць нашага благаслаўлёнага Пана такім, які Ён ёсць, і каб яны маглі будаваць усё сваё існаванне ў часе і ў вечнасці вакол гэтага самага ведання і ў адпаведнасці з ім. На жаль, гэтае хрысціянскае жыццё сёння стала вельмі рэдкім, таму што знікае сама вера, якая адна робіць яго магчымым.
Што мы павінны рабіць, каб гэтае жыццё, уласцівае “праведніку, які жыве вераю”, прынесла ў нас увесь свой плён? Што мы павінны рабіць, каб не абмяжоўвацца чыста фармальнай прыхільнасцю веры, а знайсці сваё шчасце ў валоданні праўдай? Мы павінны дазволіць веры здзейсніць у нас свой адметны эфект, а менавіта ачышчэнне нашага сэрца. Тым самым будуць знішчаны ўсе перашкоды для дасканалай прывязанасці нашай душы да нашага благаслаўлёнага Пана, Які з’яўляецца і праўдай, якой шукае розум, і найвышэйшым дабром, якога шукае сэрца.
Сапраўдная вера ачышчае сэрца
Вера, якая не з’яўляецца павярхоўнай і бясплоднай, здзяйсняе ў душы глыбокую перамену. Па-першае, яна стварае ў душы чысціню. Гэта лагічна і лёгка зразумець, таму што той, хто жыве верай, мадэлюе сваё ўласнае жыццё ў адпаведнасці з вышэйшым ідэалам. Адпаведна, ён аддаляецца ад усяго ніжэйшага, што магло б быць перашкодай для ягонай перамены. Іншымі словамі, сапраўдная і аўтэнтычная вера, якая суправаджаецца любоўю, цягне душу ўверх і, робячы гэта, аддзяляе яе ад усяго прыземнага і свецкага. Яна ўздымае душу над усім, што з’яўляецца нячыстым.
Возьмем прыклад, дарагі св. Тамашу Аквінскаму: метал становіцца нячыстым, калі яго сплавіць з менш высакародным металам. Срэбра не становіцца нячыстым, калі яго сплавіць з золатам, таму што апошняе павялічвае каштоўнасць першага; аднак яно становіцца нячыстым пры сплаўліванні з волавам. Тым самым чынам і душа, якая мае большую годнасць, чым усе часовыя і цялесныя стварэнні, становіцца нячыстай, калі падпарадкоўваецца ім праз неўпарадкаваную любоў ці прывязанасць. Але яна ачышчаецца ад гэтага забруджвання пры дапамозе супрацьлеглага руху, калі імкнецца да таго, што знаходзіцца над ёю, — да Бога. Відавочна, гэты рух залежыць ад веры, якая адна робіць яго магчымым. Каб набліжацца да Бога, мы павінны ведаць Яго, а каб ведаць Яго, мы павінны верыць у Яго. І вось чаму першым пачаткам ачышчэння сэрца з’яўляецца вера; калі гэтая вера знаходзіць сваё ўдасканаленне ў аўтэнтычнай любові, яна выклікае дасканалае ачышчэнне сэрца.
Такім чынам, вера перадусім выключае тую нечысціню, якая наўпрост супярэчыць ёй: нечысціню памылкі ў розуме. Аднак, калі дазволіць ёй дзейнічаць і калі дазволіць ёй глыбока перамяняць душу, яна ў выніку разбурыць усю маральную нечысціню і ўсе перашкоды для дасканалай лучнасці душы з нашым благаслаўлёным Панам. Гэта азначае, што пасля ачышчэння розуму яна таксама зробіць чыстым сэрца і тым самым вызваліць яго. Вось што маецца на ўвазе пад выразам “праведнік жыве вераю”.
Чыстая душа выпраменьвае веру і дае сведчанне аб ёй
“Калі ж вока тваё чыстае, то ўсё цела тваё будзе светлае” (Мц 6:22). Так наш благаслаўлёны Пан выказваў гэтую фундаментальную праўду і вучыў ёй. Іншымі словамі, першае сведчанне веры, якога Ён чакае ад кожнай душы, гэта светлае жыццё, якое з’яўляецца бачным адбіткам таго, што вока розуму сузірае ў веры. Гэта тое, што робіць духоўнае жыццё настолькі каштоўным і што робіць яго глыбока апостальскім, здольным цягнуць за сабою іншых. Бо гэтае святло немагчыма схаваць; і чым больш свет патанае ў цемры граху, тым больш ярка ззяе гэтае святло.
Калі душа жыве ў глыбокай еднасці з нашым Панам Езусам Хрыстом і калі ўсе яе рухі натхняюцца жаданнем спадабацца Яму і прыпадобніць усё да Яго ў імітаванні Ягоных цнот і здзяйсненні ўсяго з любові да Яго, то яе жыццё ззяе так ярка, што яна сапраўды з’яўляецца святлом свету. Вось чаму з незапомных часоў, а тым больш сёння, свет не можа заставацца абыякавым да сведчання чысціні: ён альбо глыбока захапляецца ёю, альбо гневаецца з-за няяўнага дакору, які ад яе атрымлівае. Гэтае сведчанне, як усе выразы праўды, стварае нелады.
Вера без чысціні сэрца знаходзіцца ў небяспецы
Мы ніколі не павінны страчваць з вачэй цесную сувязь паміж верай і чысцінёю. Мы не можам сапраўды пазнаць Бога без таго, каб быць ачышчанымі гэтым веданнем, і ў той жа час мы не можам прэтэндаваць на веданне Яго без чысціні. Фактычна мова тут ідзе пра падвойную чысціню, або хутчэй чысціня адыгрывае падвойную ролю ў духоўным жыцці і ў жыцці веры. З аднаго боку, чысціня сэрца з’яўляецца наступствам веры, а з іншага боку, чысціня прыладжвае душу да ведання і бачання Бога. Можна нават сказаць, што чысціня з’яўляецца як прычынай, так і наступствам. Гэта ў чымсьці падобна на Месяц, здольны як прымаць святло, так і распаўсюджваць яго праз адлюстраванне.
З гэтага вынікае, што найлепшая гарантыя захавання веры заключаецца перадусім у пастаянным высілку па развіцці чысціні і ў любові да гэтай цноты. Усе іншыя высілкі будуць марныя, калі яны не ўвянчаюцца гэтым вынікам.
Звычайна д’ябал (добры псіхолаг і знаўца чалавечай душы з яе слабасцямі і схільнасцямі) не спакушае добрага хрысціяніна непасрэдна апастазіяй. Гэта было б проста абсурдна. Замест гэтага ён спрабуе працаваць з ім павольна, прымушаючы ўбіраць у сябе дух гэтага свету і паступова аслабляючы яго жыццём у кампрамісах з гэтым светам; жыццём, якое становіцца ўсё больш глухім да патрабаванняў веры і якое нейкім чынам спраўляецца з тым, каб перашкодзіць ачышчэнню сэрца. Так ягоная вера застаецца неэфектыўнай, слабой і спустошанай, пазбаўленай не дагматычнага зместу, а сваёй сілы, няздольнай перамяняць душу і ствараць і падтрымліваць жыццё ў ёй.
Гэта трагедыя многіх каталікоў, якія страцілі веру, самі таго не разумеючы і не жадаючы. У іх не было акта апастазіі як такога, але яны дазволілі ўнесці сябе пануючым вятрам гэтага свету. Чаго неставала гэтым душам? Яны мелі веру; яны, найбольш імаверна, мелі доступ да сакрамэнтаў; напэўна, яны нават мелі некаторыя добрыя каталіцкія звычкі… Але, магчыма, іхнія сэрцы не былі ачышчаны або дастаткова абаронены. Гэта трагедыя, і мы павінны сціпла прызнацца, што аднойчы яна можа стаць і нашай.
Гэта таксама трагедыя, якая, праявіўшыся ў супольнасці, стала прычынай некалькіх крызісаў у гісторыі Каталіцкага Касцёла, якія скончыліся схізмай і ерассю. Цэлыя народы былі гатовы пакінуць каталіцкую веру і Каталіцкі Касцёл, таму што іхняя вера паступова аслабла. У некаторых выпадках яна ўвогуле стала нязначнай і больш не аказвала ніякага рэальнага ўплыву на іхнія сэрцы. Яна стала павярхоўнай; магчыма, яна асвятляла розумы, але ніяк не перамяняла душы і не ўздзейнічала на жыццё. Сам мадэрнізм знайшоў свой пачатак і поспех у жаданні любой цаной паяднацца са светам, абыякавым да Бога; са светам з яго ўласнай ментальнасцю, прынцыпамі і духам. Мадэрністы хацелі працягваць верыць, але пры ўмове, што змогуць жыць у гармоніі з сучасным грамадствам і ісці за яго інтэлектуальнай і маральнай эвалюцыяй. Каб дасягнуць гэтага, яны вырашылі хутчэй змяніць веру і яе патрабаванні (што змяніла яе ўплыў на душу), чым прыняць веру такой, якой даў нам яе Бог, і дазволіць веры прынесці ўсе свае плёны ў душы. Касцёл сёння знаходзіцца пасярод выніку гэтага працэсу, і гэта ясна паказвае, што распад веры і распад каталіцкай маральнасці ідуць поруч.
Таму ўсё гэта зводзіцца да праблемы чысціні ў самым глыбокім сэнсе гэтага слова. Але што здараецца з аслабленай душой?
Аслабленая і зняволеная
Калі душа паступова дазваляе сабе забрудзіцца і трапіць пад панаванне духу гэтага свету і нечысціні, яе духоўныя здольнасці падрываюцца, часам з незваротнымі наступствамі.
Перадусім пад зацьменне трапляе розум. Ён больш не можа адрозніваць тое, што з’яўляецца сапраўды добрым, ад таго, што з’яўляецца злым, і, як вынік, не можа імкнуцца да дабра і пазбягаць зла. Фактычна ён трапляе ў падпарадкаванне ўяўным дабротам і зняволенне імі, а яны асляпляюць яго духоўна. Гэта мае вельмі сур’ёзныя наступствы ў практыкаванні разважлівасці, якая павінна накіроўваць душу ў выбары адпаведных сродкаў для дасягнення маральнай дасканаласці. Такая душа становіцца няздольнай слухаць, не дазваляе сабе прымаць парады і тым самым траціць здольнасць правільна накіроўваць сябе: паспешлівая, няздольная да рэфлексіі і пазбаўленая пастаянства, яна асуджае сябе на няўдалыя выбары, якія рызыкуюць абумовіць усё яе існаванне.
Па-другое, нечысцінёй сэрца таксама сур’ёзна падрываецца воля, гэта значыць здольнасць душы, якая дазваляе ёй трымацца таго, што з’яўляецца добрым. Любоў да Бога замяняецца любоўю да сябе: нягледзячы на ўражанне свабоды душа становіцца рабыняй самой сябе. Гэта можа давесці яе да стану пагарды Богам і рэлігіяй, таму што яны непазбежна будуць нагадваць ёй пра памылкі. Такая сітуацыя можа зайсці яшчэ далей, бо прывязанасць да цяперашняга жыцця і яго ўяўных даброт можа стварыць такі разлад у душы, што гэта прывядзе да нянавісці да ўсяго духоўнага і нават да адчаю адносна вечнага жыцця. Вось прычына схаванага гневу і адчаю многіх нашых сучаснікаў. І такая перадусім ціхая і падступная прычына страты веры.
Што трэба рабіць?
Першае і галоўнае: нам нельга трапіць у расчараванне. Гэта справа жыцця і смерці, але мы павінны памятаць, што магчымасць змагацца ў гэтай барацьбе нам дае Божая ласка. Барацьба гэтая вынікае наўпрост з веры і цесна звязана з ёю. Гэта не нейкая другарадная праблема, а бітва, якая павінна мець абсалютны прыярытэт.
З улікам сказанага неабходна таксама прызнаць, што пра чысціню кажуць мала і што няма дастатковага разумення гэтай цноты. Існуе фальшывая сціпласць, з-за якой мы неахвотна разглядаем гэтую тэму, тады як яна заслугоўвае большага. На жаль, гэтая цнота часта здаецца нам чымсьці надзвычай схаваным і асабістым, што абмяркоўваецца толькі ў кантэксце сакраментальнай споведзі. Гэта вялікая памылка. Дзецям і падлеткам неабходна рэгулярна казаць пра гэтую цноту, відавочна, на ўзроўні, адпаведным іхняму ўзросту. Гэта абавязак усіх выхавацеляў: як духоўных, так і свецкіх. Маладыя людзі павінны быць падрыхтаваны да важных бітваў, у якіх ім прыйдзецца змагацца. І, каб дасягнуць гэтага, трэба памятаць пра дзве рэчы.
Па-першае, чысціня мае вельмі моцную прывабнасць для далікатных душаў, якія яшчэ не былі сапсаваны гэтым светам і якія ўсё яшчэ знаходзяцца пад уплывам ласкі. Нам трэба ведаць, як выкарыстаць гэта. Людская натура была створана, каб, пераадольваючы ўсе перашкоды, прысвячаць сябе вышэйшым ідэалам, якія цягнуць яе ўверх. І, паколькі гэта людская натура, яна не змяняецца з эпохамі і з прыходам сучасных тэхналогій. Чым больш штосьці каштуе, тым больш гэта прываблівае гарачыя душы маладых людзей, якія ўсведамляюць, што будуюць сваю будучыню. Добра адукаваныя і падрыхтаваныя, яны будуць валодаць усімі складнікамі, неабходнымі для прымянення разважлівасці, неабходнай для пагоні за гэтым ідэалам. Таму мы не маем права не даць ім тых ведаў, парад і прыкладаў, якія ім патрэбныя.
Па-другое, у выхаванні да чысціні ёсць дзве супрацьлеглыя пасткі. Мы можам лёгка стаць ахвярамі дыялектыкі паміж дзвюма памылкамі, якіх, як нам здаецца, мы маглі б пазбегнуць, калі б знайшлі падманлівую шэрую зону. З аднаго боку, існуе пурытанства, гэта значыць звядзенне чысціні да суровага кодэкса знешніх правіл, якія неабходна выконваць. Гэта даволі відавочная карыкатура, паколькі існуе небяспека ацэнкі чысціні і ўсяго, што з ёй звязана, меркай фармальнай строгасці. На жаль, гэта вельмі дзейсны сродак для выхавання маладых людзей у кульце знешняй добрапрыстойнасці і адвядзення іх ад таго, што з’яўляецца істотным. З іншага боку, ёсць ліберальная мадэль, схільная пагарджаць усімі знешнімі правіламі на карысць псеўдасвабоды розуму, якая не дапускае ніякага стрымлівання. У першым выпадку чалавек будзе схільны ўсюды бачыць зло, акрамя тых месцаў, дзе яно знаходзіцца перадусім; у другім выпадку ён будзе схільны нідзе яго не бачыць! Найбольшай небяспекай пры адкіданні адной і другой крайнасці будзе пошук свайго роду залатой сярэдзіны, або кампрамісу паміж рыгіднасцю і нядбаласцю. Аднак мы павінны пазбавіцца ад гэтай дыялектыкі, паколькі яна не прыносіць нам карыснага рашэння. Такі кампраміс не можа быць адпраўным пунктам. Ён рызыкуе звесці выхавацеляў з правільнага шляху і давесці іх да поўнага расчаравання.
Сапраўднае ачышчэнне сэрца — гэта штосьці іншае. Яно заключаецца ў пошуку чысціні як цноты, якая вынікае наўпрост з веры, якая здзяйсняе глыбокае ачышчэнне душы, цягнучы яе ўверх, да таго, дзеля чаго яна была створана, і дазваляючы ёй ўмацаваць сябе, накіроўваючы яе да пагоні за дабром і, такім чынам, да дасягнення дасканаласці. Чысціня — гэта не проста вынік таго, што чалавек пазбег шэрагу небяспечных сітуацый. Гэта таксама ўмова таго, каб ведаць нашага благаслаўлёнага Пана, як Яго ведалі апосталы, скораныя Ягонай асобай і распаленыя жаданнем прысвяціць усё Яму: “…і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды” (Ян 1:14). Чысціня — гэта неабходная ўмова для чытання Евангелля: не такога, як чытанне дыялогаў Платона або баек Эзопа, а чытання кнігі, усё яшчэ здольнай навярнуць і змяніць душу — і змяніць свет. Чысціня — гэта ўмова, неабходная для таго, каб быць сапраўды свабодным.
Таму, калі мэта ясная і зразумелая ў святле веры, калі неабходныя сродкі для яе дасягнення таксама ясныя, калі душа разумее, што ад гэтага залежаць яе дасканаласць і шчасце, і калі яна свабодная ад усіх перашкод, тады яна здолее зрабіць усё, каб дасягнуць гэтай мэты!
Няхай Бог благаславіць вас!
Менцынген,
23 красавіка 2023 года,
нядзеля Добрага Пастыра
Дон Давідэ Пальярані,
генеральны настаяцель