Gregory DiPippo

Частка 7. Вігілія Спаслання Святога Духа і чытанні Вялікага тыдня

Сінопсіс дарэформенных абрадаў

Ужо ў вельмі старажытныя часы сакрамэнт хросту на свята Спаслання Святога Духа цэлебраваўся так жа, як на Вялікдзень. Пра гэта ясна кажа Папа св. Сірыцый (384–399) у лісце да біскупа Хімерыя Тарагонскага (Epist. ad Himerium cap. 2 : Patrologia Latina vol. XIII, col. 1131B-1148A). Папа св. Леў І (440–461) пацвярджае, што такой была практыка Касцёла, у лісце да біскупаў Сіцыліі, заклікаючы іх кіравацца прыкладам апостала Пятра, які ахрысціў тры тысячы асоб у дзень Пяцідзясятніцы (Epist. XVI ad universos episcopos per Siciliam constitutos : P. L. LIV col. 695B-704A). Гэты звычай выражаецца ў літургіі вігіліі Спаслання Святога Духа, якая ў многіх аспектах нагадвае абрад Вялікай суботы. Гэтае падабенства можна бачыць у Імшале св. Пія V, а таксама ва ўсіх Імшалах, якія былі перад ім, роўна як і ў сярэднявечных звычаях вялікіх катэдральных касцёлаў і манаскіх ордэнаў.

Пачынаецца абрад у пакутным фіялетавым колеры. Няма благаслаўлення ні агню, ні пасхальнай свечкі; няма гімна “Exsultet”. Таму вігілія адкрываецца шасцю прароцтвамі, якія паўтараюцца з Пасхальнай вігіліі. Пасля кожнага з іх ідзе малітва. (Тры тракты Пасхальнай ночы таксама паўтараюцца ў сваіх адпаведных месцах.) Шэсць малітваў адрозніваюцца ад тых, што выкарыстоўваюцца ў Пасхальнай вігіліі, але шмат у чым выказваюць тыя самыя ідэі. Пасля шостага прароцтва паўтараецца благаслаўленне хрысцільнай купелі: змяняецца толькі малітва на пачатак, пасля якой спяваецца літанія. Падчас літаніі вышэйшыя служыцелі вяртаюцца ў сакрыстыю і пераапранаюцца ў чырвонае на Імшу.

На гэтай вігілійнай Імшы паўтараюцца іншыя асаблівасці Пасхальнай вігіліі: няма інтроіта, звоняць званкі на “Gloria in excelsis”. (Інтроіт “Cum sanctificatus fuero” пазней быў дададзены толькі для прыватных Імшаў.) Калекта Імшы кажа пра хрысцільны характар гэтай цэлебрацыі нават больш ясна, чым калекта Пасхальнай вігіліі. Пасля “аллелюя” спяваецца той самы тракт, які спяваецца ў Пасхальную ноч. На Евангелле міністранты не носяць свечкі. Як у Пасхальную ноч уваскрасення чакаюць, а не святкуюць яго заўчасна, так аналагічным жэстам Касцёл выказвае чаканне сыходжання Святога Духа ў языках агню, як Хрыстус наказаў сваім вучням, але не святкуе яго заўчасна. Яшчэ адна спасылка на хрост у першай частцы абраду знаходзіцца ў Каноне Імшы, у якім чытаецца ўласная малітва “Hanc igitur”, як на Вялікдзень. Тэкст выразна кажа пра тых, каго Пан “пажадаў адрадзіць з вады і Духа Святога, удзяляючы ім адпушчэнне іхніх грахоў”. Гэтая малітва чытаецца на дадзенай Імшы і на працягу ўсёй актавы Пяцідзясятніцы, як гэта рабілася таксама на Пасхальнай вігіліі, а потым на працягу актавы.

Сінопсіс рэформ Пія ХІІ

Рэформа 1955 г. амаль цалкам прыбірае гэтую старажытную традыцыю рымскага абраду, скасоўваючы прароцтвы, благаслаўленне купелі і літанію. Імша пачынаецца інтроітам, які раней прамаўляўлся толькі ў прыватных Імшах. Рубрыкі адносна званкоў на “Gloria in excelsis” і адсутнасці свечак на Евангелле таксама скасаваны. Тэкст самой Імшы не змяніўся; далей прамаўляюцца тая самая калекта і велікодная малітва “Hanc igitur”, хоць хрысцільныя абрады, на якія яны спасылаюцца, скасаваны.

У сувязі з гэтай зменай больш старажытнай формы вігіліі Спаслання Святога Духа трэба больш дэтальна вярнуцца да адной з важных змен у Пасхальнай вігіліі. Як згадвалася ў першым артыкуле, прысвечаным Пасхальнай вігіліі, у абрадах да рэформы 1955 г. было дванаццаць прароцтваў, якія ў 1955 г. скарацілі да чатырох. Аднак існавалі таксама старажытныя абрады, у якіх замест дванаццаці прароцтваў на Пасхальнай вігіліі ўжо чыталіся толькі чатыры. Амалярый з Меца, які пісаў пра літургію ў сярэдзіне ІХ ст., даволі ясна кажа, што Пасхальная вігілія мела чатыры прароцтвы (са сваімі трактамі) — тыя ж чатыры, якія застаюцца ў рэфармаваным Вялікім тыдні 1955 г. Гэтая традыцыя карацейшага спісу прароцтваў (хоць іх і не заўсёды было чатыры) з’яўляецца ў некаторых старажытных сакраментарыях, з якіх яна перайшла ў некаторыя сярэднявечныя Імшалы, такія як Сарумскі і Парыжскі Імшалы, а з іх — у звычаі некаторых манаскіх ордэнаў. Напрыклад, у звычаі ордэна дамініканцаў іх толькі чатыры.

Аднак усе гэтыя старажытныя крыніцы і ўсе гэтыя Імшалы, як сярэднявечныя, так і сучасныя, маюць чатыры прароцтвы таксама ў вігіліі Пяцідзясятніцы. У дамініканскім абрадзе, які ў 1955 г. быў самым распаўсюджаным лацінскім звычаем пасля рымскага, у Пасхальнай вігіліі чытаюцца чатыры прароцтвы з Рымскага Імшала: першае, чацвёртае, восьмае і пятае з адпаведнымі трактамі і малітвамі. У вігілію Пяцідзясятніцы чытаюцца трэцяе, адзінаццатае, восьмае і шостае прароцтвы з Рымскага Імшала, таксама з трактамі і малітвамі.

І ў Дамініканскім, і ў Рымскім Імшалах дзявятае прароцтва з’яўляецца таксама Пасланнем Імшы раней асвячаных дароў, а дзясятае — гэта таксама Пасланне панядзелка на тыдні Мукі Пана. Таму, хоць Дамініканскі Імшал і мае ў Пасхальную ноч толькі чатыры прароцтвы, агулам у дамініканскім звычаі адсутнічаюць толькі тры з дванаццаці рымскіх прароцтваў. (Большая частка другога прароцтва ў рымскім абрадзе, Быц 5:31–8:21, і ў Дамініканскім, і ў Рымскім Брэвіярыі чытаецца на тыдні Шасцідзясятніцы.) Падобная сітуацыя мае месца, сярод іншага, у Сарумскім і Парыжскім Імшалах.

Звычай спяваць Муку Пана ўсіх чатырох евангелістаў цягам Вялікага тыдня сустракаецца амаль ва ўсіх гістарычных абрадах Каталіцкага Касцёла. Лацінскі абрад Рымскага Касцёла захоўвае гэты звычай у тыпова стрыманай і простай манеры: у ім размеркаванне ўрыўкаў Мукі Пана значна карацейшае, чым у некаторых іншых абрадах. Яны спяваюцца ў чатыры дні тыдня: св. Мацвей у Пальмавую нядзелю, св. Марк у Вялікі аўторак, св. Лука ў Вялікую сераду і св. Ян у Вялікую пятніцу.

У амбразіянскім абрадзе, які стаіць да рымскага бліжэй за любы іншы, усе Евангеллі Трыдуума ўзяты са св. Мацвея. У богаслужэнні чытанняў і малітваў раніцай у Вялікі чацвер, якое называецца Post Tertiam, чытаецца ўрывак пра здраду Юды (Мц 26:14-16), а на Імшы Вячэры Пана — урывак, які апісвае падзеі ад Апошняй вячэры да зняволення Хрыста (Мц 26:17-75). Астатняя частка Мукі Пана да смерці Хрыста (Мц 27:1-56) чытаецца на богаслужэнні Post Tertiam Вялікай пятніцы; на богаслужэнні Post Nonam у той жа дзень чытаецца ўрывак пра пахаванне Хрыста (Мц 27:57-61). На богаслужэнні Post Tertiam Вялікай суботы чытаецца ўрывак пра размяшчэнне варты пры магіле Хрыста (Мц 27:62-66). На Пасхальнай вігіліі ідзе наступная частка Евангелля св. Мацвея (Мц 28:1-7) — першае абвяшчэнне ўваскрасення, што мае месца таксама ў рымскім абрадзе.

Паколькі ў літургіях святога Трыдуума няма месца для Мукі Пана паводле трох астатніх евангелістаў, яны чытаюцца ў Божым Афіцыі Вялікай пятніцы: усе тры адразу ў другім з трох нактурнаў на Ютрані. Першы нактурн мае адзінаццаць псальмаў і гамілію св. Аўгустына, падзеленую на тры чытанні; згодна з нармальным амбразіянскім звычаем, пасля першага і другога нактурнаў ёсць рэспансорый, а пасля трэцяга няма. Другі нактурн мае сем псальмаў, затым чытаецца Мука паводле св. Марка з рэспансорыем, Мука паводле св. Лукі з рэспансорыем і Мука св. Яна, якая папярэджваецца раздзелам 13 і першымі шасцю вершамі раздзела 14 таго ж Евангелля. У выданні Амбразіянскага Брэвіярыя (1957), надрукаваным Даверыя, адна толькі гэтая Ютрань займае 43 старонкі.

У візантыйскім абрадзе адным з самых прыгожых абрадаў Вялікага тыдня з’яўляецца Ютрань Вялікай пятніцы (якая рэгулярна служыцца заўчасна вечарам у Вялікі чацвер), якая называецца Ютранню дванаццаці Евангелляў. Гэтыя дванаццаць Евангелляў наступныя:

  1. Ян 13:31–18:1 (больш за чатыры раздзелы разам)
  2. Ян 18:1-28
  3. Мц 26:57-75
  4. Ян 18:28–19:16
  5. Мц 27:3-32
  6. Мк 15:16-32
  7. Мц 27:33-54
  8. Лк 23:32-49
  9. Ян 19:25-37
  10. Мк 15:43-47
  11. Ян 19:38-42
  12. Мц 27:62-66

Падчас самой Вялікай пятніцы служацца “царскія Гадзіны”, на кожнай з якіх паўтараецца адно з Евангелляў гэтай Ютрані. (У Прыме: Мц 27:1-56; у Тэрцыі: Мк 15:16-41; у Сэксце: Лк 23:32-49; у Ноне: Ян 18:28–19:37.) У Нешпарах зняцця з Крыжа, якія адбываюцца ў Вялікую пятніцу пасля поўдня, паўтараецца раздзел 27 св. Мацвея, да якога дадаюцца вершы з Евангелляў св. Лукі і св. Яна.

Гэта не адзіныя чытанні Мукі Пана ў візантыйскім Трыдууме. На Ютрані Вялікага чацвярга чытаецца першая частка Мукі паводле св. Лукі (Лк 22:1-39), а на Боскай літургіі — пачатак Мукі паводле св. Мацвея (Мц 26:1–27:2) з вершамі, дадзенымі з Евангелляў св. Лукі і св. Яна. Нарэшце, у Вялікую суботу на Ютрані чытаецца заканчэнне Мукі паводле св. Мацвея (Мц 27:62-66) — урывак, які не мае паралеляў у іншых Евангеллях.

Калі параўноўваць з практыкай іншых абрадаў, то нельга сказаць, што практыка рымскага абраду з’яўляецца празмерна вялікай, паколькі гэтыя чытанні з’яўляюцца аповедам пра самыя важныя падзеі ў гісторыі чалавецтва: пра яго адкупленне збаўчай смерцю Хрыста.


Аўтар: Gregory DiPippo
Крыніца: New Liturgical Movement
Ілюстрацыя: Joseph Shaw / Flickr (CC BY-NC-ND)

Пераклад зроблены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.