Gregory DiPippo
Частка 6.2. Вялікая субота: благаслаўленне купелі, літанія да ўсіх святых, Імша і Нешпары
Сінопсіс дарэформенных абрадаў
Калі прароцтвы прачытаны і ў касцёле ёсць купель, пераходзяць да яе благаслаўлення. Адпаведна, усе ў працэсіі накіроўваюцца ў баптыстэрый. Падчас працэсіі спяваецца знакаміты тракт “Sicut cervus”, пачатак псальма 41, які паспрыяў распаўсюджанаму звычаю ўпрыгожваць баптыстэрыі выявамі аленя, які п’е з крыніцы. Перад уваходам у баптыстэрый святар спявае малітву, якая згадвае аленя, параўноўваючы яго з людам, які прагне адраджэння ў водах хросту.
Калі ўсе ўвайшлі ў баптыстэрый, святар чытае яшчэ адну малітву, затым прэфацыю, што тыпова для рымскага абраду, падчас якой ён выконвае абрад благаслаўлення вады. Ён дзеліць ваду далонню ў форме крыжа, затым робіць над купеллю тры знакі крыжа на словы “per Deum vivum, per Deum verum, per Deum sanctum”. Зноў дзелячы ваду рукою, ён кропіць чатыры бакі свету, кажучы: “Ён загадаў табе цячы з крыніцы раю і наказаў навадняць усю зямлю ў чатырох рэках”. Ён працягвае прэфацыю і затым тройчы дзьмухае на ваду ў выглядзе знака крыжа. Пасхальная свечка, якую прынеслі ў баптыстэрый у працэcіі, тройчы пагружаецца ў ваду, кожны раз крыху ніжэй, а святар спявае: “Няхай сыдзе на гэтую паўнату крыніцы моц Духа Святога”. Затым святар зноў дзьмухае на ваду ў форме грэцкай літары псі Ψ (psyche — Дух) і акрапляе люд вадою.
Міністрант прыносіць святару алей катэхуменаў і алей хрызма. Той налівае крыху першага і другога алею ў купель, а затым абодва разам у форме крыжа. Ваду, у якую ўліты алей, размешваюць па ўсёй купелі. Калі ёсць кандыдаты да хросту, ім удзяляецца хрост, як апісана ў Рытуале.
Пасля хросту ўсе вяртаюцца ў касцёл, спяваючы літанію да ўсіх святых. Калі купель не благаслаўляецца, святар здымае арнат, дыякан і субдыякан здымаюць складзеныя арнаты, і затым яны кладуцца ніцма перад алтаром на літанію да ўсіх святых. Літанія спяваецца ў вельмі скарочанай форме, аднак кожны заклік спяваецца двойчы: спачатку двума кантарамі з адказам, а затым усім хорам з тым жа адказам. Гэтае падваенне заклікаў з’яўляецца астаткам старажытнага звычаю, калі літанія спявалася адзін раз ад імені катэхуменаў пры працэсіі ў баптыстэрый, а затым зноў пры вяртанні ў касцёл, як запрашэнне новаахрышчаных у супольнасць святых.
Пасярод літаніі (на словы “Peccatores, te rogamus audi nos”) святар, дыякан і субдыякан падымаюцца і вяртаюцца ў сакрыстыю разам з міністрантамі. Яны апранаюцца ў белае імшальнае адзенне на далейшую ўрачыстую Імшу, а міністранты рыхтуюць алтар, запальваючы свечкі, ставячы рэліквіі (або адкрываючы іх, калі яны закрыты) і кветкі. У канцы літаніі хор спявае вельмі доўгае “Kyrie”. Калі алтар падрыхтаваны, усе вяртаюцца ў прэзбітэрый і пачынаецца Імша.
Імша Пасхальнай вігіліі мае некаторыя значныя адрозненні ад звычайнай урачыстай Імшы. Грыгарыянскія антыфоны Імшы не спяваюцца (знак таго, што радасць Касцёла ад уваскрасення не з’яўляецца поўнай, пакуль сам Збаўца не пакажацца). Інтроіта няма, і, калі “Kyrie” скончана, святар інтануе гімн “Gloria in excelsis”, які спяваецца з тым жа абрадам, што ў Вялікі чацвер: усе званы ў касцёле звоняць, абвяшчаючы пачатак святкавання Вялікадня. Падчас “Gloria” адкрываюцца іконы святых і карціны, якія амаль два тыдні былі закрыты тканінай. Калекта і Пасланне прамаўляюцца як звычайна. Пасля Паслання святар тройчы спявае прыгожае мелізматычнае “аллелюя”, характэрнае для гэтага абраду, павышаючы голас на другі і трэці раз. Гэта афіцыйнае вяртанне “аллелюя” ў літургію, і хор паўтарае яго за святаром кожны раз. Затым ідзе градуал, а потым тракт — апошні ў Вялікім посце. Сумесь “аллелюя”, спеву радасці, і тракта, які спяваецца, калі “аллелюя” скасавана, сімвалізуе той факт, што аб’яўленне ўваскрослага Пана яшчэ не з’яўляецца поўным. У святой літургіі Касцёл жыве чаканнем уваскрасення Хрыста, як ім жыла Ягоная Маці, давяраючы Таму, каго пакуль яшчэ не бачыла жывым.
Евангелле гэтай Імшы (Мц 28:1-7) таксама адлюстроўвае той факт, што Касцёл усё яшчэ чакае з’яўлення Хрыста. Яно апавядае пра тое, як анёл з’явіўся жанчынам, калі яны стаялі каля магілы, і пра тыя словы, якія ён сказаў ім перад світаннем, абвяшчаючы ўваскрасенне. “Калі мінуў шабат, на світанні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу”. Хрыстус, Святло свету, яшчэ не аб’явіўся Касцёлу, таму міністранты не носяць свечкі на Евангелле.
На гэтай Імшы не прамаўляецца Сімвал веры і няма антыфоны аферторыя. “Agnus Dei” не прамаўляецца, а спакой не перадаецца, што зноў жа паказвае, што ўваскрослы Пан яшчэ не з’явіўся адкрыта, каб даць спакой сваім вучням (Ян 20:19-21). Замест антыфоны на Камунію спяваюцца І Нешпары ў вельмі простай форме з аднаго псальма (Пс 116, самы кароткі ў Псалтыры) з добра вядомай антыфонай на шосты тон “Alleluja, alleluja, alleluja”. Адразу пасля гэтага ідзе песня “Magnificat”, а першыя словы антыфоны да яе — гэта першыя словы Евангелля дадзенай Імшы, працытаваныя вышэй. Гэтыя вельмі кароткія Нешпары можна знайсці яшчэ ў Антыфанарыі Камп’еня — манускрыпце ІХ ст. Але, паколькі аналагічны абрад ёсць таксама ў амбразіянскай Пасхальнай вігіліі, ён, імаверна, яшчэ больш старажытны.
Малітва пасля Камуніі спяваецца на заканчэнне Імшы і Нешпараў разам, а дыякан спявае: “Ite, missa est, alleluja, alleluja”. Роспуск з гэтымі двума “аллелюя” спяваецца на працягу ўсёй актавы Вялікадня. Імша заканчваецца, як звычайна, апошнім Евангеллем, якое нагадвае, што справа нашага адкуплення, завершаная ўваскрасеннем Хрыста, гэта справа самога Бога, Які ўцелавіўся для нашага збаўлення.

Сінопсіс рэформ Пія ХІІ
Благаслаўленне купелі было перанесена са свайго традыцыйнага месца на сярэдзіну літаніі да ўсіх святых, пасля слоў “Omnes Sancti et Sanctae Dei, intercedite pro nobis”. Такім чынам, нават калі купель ёсць, літанія пачынаецца адразу пасля чацвёртага прароцтва. Тэкст літаніі не змяніўся, але заклікі больш не прамаўляюцца двойчы, як было прынята ў старажытным спосабе. Святар, дыякан і субдыякан становяцца на калені, а не кладуцца ніцма; таксама яны не здымаюць капу і далматыкі (варта нагадаць, што выкарыстанне далматык у гэты момант было адной з рэформ, што абмяркоўвалася ў частцы 6.1; да 1955 г. тут выкарыстоўваліся не далматыкі, а складзеныя арнаты); рубрыка не ўказвае, што яны павінны стаяць на каленях перад алтаром, а не пры сядзеннях.
У гэтым месцы ўведзены новы абрад ad libitum для благаслаўлення вады. Дапускаецца, хоць і няма абавязку, благаслаўляць ваду не ў самой купелі, а ў начынні, якое пастаўлена з гэтай мэтай пасярэдзіне хора, а затым прынесці яго да купелі і пераліць ваду. У гэтым выпадку тракт “Sicut cervus” спяваецца тады, калі ваду нясуць да купелі, а затым гучыць малітва, якая кажа пра аленя як сімвал хрысціянскага люду. Як і ў выпадку малітваў папярэдняга дня, гэтая малітва цяпер чытаецца са зведзенымі рукамі.
Благаслаўленне вады не змянілася ні ў сэнсе тэксту, ні ў сэнсе абраду. У ім нават застаюцца словы “Божа, Ты, змыўшы водамі злачынствы вінаватага свету, у тым жа разліцці патопу даў знак аднаўлення, каб у таямніцы адной і той жа стыхіі знаходзіліся і канец заганаў, і паходжанне цнотаў”, хоць прароцтва, на якое спасылаецца гэты тэкст (Быц 5:31–8:21), было скасавана.
Новая рубрыка канкрэтызуе, што, калі благаслаўленне вады робіцца ў баптыстэрыі, “кантары і люд застаюцца на сваіх месцах і працягваюць спяваць літанію, паўтараючы, калі трэба, заклікі ад Святая Марыя, маліся за нас“. Тым часам духавенства ідзе благаслаўляць купель без іх. У такім выпадку паўтараць літанію прыйдзецца амаль дакладна, таму што благаслаўленне вады даволі доўгае, а сама літанія даволі кароткая, прычым працягваць літанію ад слоў “Propitius esto…” нельга, пакуль не будзе здзейснена благаслаўленне вады.
Пасля першай часткі літаніі і благаслаўлення вады (калі яно робіцца) быў устаўлены абрад аднаўлення абяцанняў хросту. Святар здымае фіялетавую капу і апранае белую; дыякан і субдыякан застаюцца ў фіялетавых далматыцы і туніцы. Перад пачаткам аднаўлення абяцанняў хросту святар засыпае кадзіла ў кадзільніцу і кадзіць пасхальную свечку. Затым, стаўшы тварам да люду, ён тлумачыць ім мэту Пасхальнай вігіліі, заклікаючы іх лічыць сябе “мёртвымі для граху і жывымі для Бога ў Хрысце Езусе, Пану нашым”. Затым ён запрашае іх аднавіць свае абяцанні хросту і прамовіць разам з ім малітву Панскую, пасля чаго акрапляе іх святой вадой. Усё гэта можа рабіцца на народнай мове.
Спяваецца астатняя частка літаніі ад слоў “Propitius esto”. Як і ў папярэднім абрадзе, на словы “Peccatores, te rogamus, audi nos” усе вяртаюцца ў сакрыстыю і апранаюцца на ўрачыстую Імшу, тады як міністранты рыхтуюць алтар. Адзіная змена тут датычыцца пасхальнай свечкі, якая пераносцца з падсвечніка на калону (“in candelabrum suum”).
Імша вігіліі змянілася толькі ў некаторых аспектах. Малітвы каля прыступак алтара не прамаўляюцца. Першая малітва на Камунію святара “Domine Jesu Christe qui dixisti” таксама прапускаецца, як і ў Вялікі чацвер, таму што спакой не перадаецца; пропуск гэтай малітвы з’яўляецца нармальнай практыкай у Імшах за памерлых.
Замест Нешпараў, якія спяваюцца пасля Камуніі ў абрадах да рэформы 1955 г., было створана штосьці цалкам новае: нейкая форма Хвалаў, істотна скарочаная на ўзор скарочаных старажытных Нешпараў. З той жа самай антыфонай “Alleluja, alleluja, alleluja” спяваецца псальм 150, а замест песні “Magnificat” спяваецца песня “Benedictus” з наступнай антыфонай: “Вельмі рана, у першы дзень тыдня, яны прыйшлі да магілы, калі ўзышло сонца, аллелюя”. Гэтая антыфона, якая прадстаўляе сабою першыя словы Евангелля Імшы Велікоднай нядзелі, ясна адлюстроўвае той факт, што першапачаткова яна павінна была спявацца ў Хвалах раніцы Велікоднай нядзелі. Гэтыя Хвалы замяшчаюць сабою як Ютрань, так Хвалы Велікоднай раніцы. Адпаведна, Вялікдзень становіцца адзіным святам года, у якім няма ні І Нешпараў, ні Ютрані, ні гімна “Te Deum”.
Малітва пасля Камуніі спяваецца як завяршэнне Хвалаў і Імшы разам, а дыякан спявае: “Ite, missa est, alleluja, alleluja”, як і ў папярэднім абрадзе. Апошняе Евангелле прапускаецца.
Аўтар: Gregory DiPippo
Крыніца: New Liturgical Movement
Ілюстрацыя: Joseph Shaw / Flickr (CC BY-NC-ND)
Пераклад зроблены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.