Некалькі дзён таму, 19 сакавіка, прэфект даў інтэрв’ю каналу ВВС 4. У праграме, дзе апавядалася ўсяго патроху, у тым ліку пра пачатак вайны ў Іраку і “духоўнасць сэкс-работнікаў” , невялікі кавалачак быў прысвечаны таму, што Папа Францішак абмяжоўвае традыцыйную Імшу. Слова далі як выпадковым парафіянам, якія адчуваюць, што Папа іх ненавідзіць, так і стандартным падазраваным, якія расказалі, што традыцыйны рух падрывае ІІ Ватыканскі сабор і што Папа спрабуе паставіць яму межы і вярнуць у рукі біскупаў.
Кардынал Рош, які ў вымаўленні рэпарцёра ВВС фігуруе як “Роўч” (праўда, у яе вымаўленні і “Ватыкан” гучыць як “Vathican”), кажа ў гэтым інтэрв’ю літаральна два сказы. Але яны важныя тым, што ён спрабуе даць нейкае тлумачэнне таму, што адбываецца.
Тэалогія Касцёла змянілася. Тады як раней святар прадстаўляў на адлегласці ўвесь люд, а апошнія як бы праходзілі праз гэтага чалавека, які адзін цэлебраваў Імшу, [цяпер] не адзін толькі святар цэлебруе літургію, але і ўсе ахрышчаныя разам з ім, і гэта вельмі сур’ёзнае сцвярджэнне.
Трэба сказаць, што гэта моцны ўдар па пазіцыі “нічога не змянілася”. Доўгі час мы знаходзіліся ў працоўным дапушчэнні, што, магчыма, форма Імшы стала новай, але сутнасна ўсё засталося тым жа самым. Цяпер жа нам кажуць, што “тэалогія Касцёла змянілася”. Фактычна з моманту выхаду motu proprio Traditionis custodes гэта кажуць пастаянна, называючы прычынай абмежаванняў, напрыклад, тое, што старая Імша не адпавядае новай “эклезіялогіі”. Той жа кардынал Рош кажа, што традыцыйны рух:
“…падтрымлівае літургію, якая разыходзіцца з саборнай рэформай… і эклезіялогію, якая не з’яўляецца часткай Магістэрыя Касцёла”.
Такім чынам, калі мы цяпер пераходзім на пазіцыі, што тэалогія (эклезіялогія?) Касцёла змянілася (цікава, у які момант гэта адбылося), што ў Касцёла новы Магістэрый, у якім больш няма таго, што было раней, то гэта, вядома, будзе цягнуць за сабой сур’ёзныя наступствы. Якімі б яны ні былі, дастаткова зазначыць, што лефеўрысты кажуць дакладна тое самае: паміж старым і новым ёсць разрыў. Пяцьдзясят выпускаў падкаста FSSPX “Крызіс у Касцёле” прысвечаны абгрунтаванню таго, што адбыліся істотныя змены, што крызіс ёсць і што трэба тым ці іншым спосабам дзейнічаць.
Больш за тое, калі ў тых жа традыцыяналістаў спытацца, у чым заключаецца праблема з новай Імшой, яны адкажуць, што адна з праблем — гэта пераасэнсаванне ролі святара, які раней складаў ахвяру in persona Christi, а цяпер стаіць у адным коле з вернікамі і разам з імі цэлебруе Імшу. То есць менавіта тое, што кажа Рош.
Дык вось, калі мы бачым такое дзіўнае супадзенне пазіцый, ці не азначае гэта, што нам трэба прызнаць, што існаванне пералому ў вучэнні і практыцы Касцёла — гэта адзіная пазіцыя, якая мае сэнс?
Ілюстрацыя: Mazur/catholicnews.org.uk (Flickr, CC BY-NC-ND)