Gregory DiPippo

Частка 6.1. Вялікая субота: благаслаўленне новага агню, працэсія, Exsultet, прароцтвы

Сінопсіс дарэформенных абрадаў

Вігілійнае богаслужэнне Вялікай суботы — адзін з самых прыгожых і ўрачыстых абрадаў літургічнага года — з’яўляецца не поўным выкананнем пасхальнай таямніцы, а хутчэй пачаткам яе выканання. Сам Хрыстус, калі ўстаў з магілы, не прадстаў публічна перад людзьмі і не адкрыў сябе апосталам адразу. Таксама і ў святой літургіі Касцёл не паказвае адразу ўваскрослага Пана ў ноч Пасхі. Гэты абрад з’яўляецца вігіліяй, а не заўчасным святкаваннем, і ў гэтым сэнсе можна сказаць, што абрад Вялікай суботы з’яўляецца першай часткай адзінага цэлага, тады як другой часткай будзе Імша Вялікадня, якая цэлебруецца ў нядзелю раніцай.

Паколькі ў гэты дзень заканчваецца Вялікі пост і пачынаецца Вялікдзень, абрад пачынаецца ў фіялетавым убранні, колеры пакаяння, а заканчваецца ў белым убранні, колеры Вялікадня і хроснай вопраткі, бо ў старажытнасці сакрамэнт хросту ўдзяляўся па магчымасці ў гэтую ноч або на Пяцідзясятніцу. У самім касцёле пануе поўная цемра. У прэзбітэрыі, на баку Евангелля, наверсе высокай калоны, якая сімвалізуе вогненны слуп, што выводзіў дзяцей Ізраэля з Егіпта, стаіць пасхальная свечка. На сярэдзіне свечкі ёсць пяць маленькіх дзірачак, размешчаных у форме крыжа, для пяці зярнятак кадзіла. У адпаведнасці са старой традыцыяй, якая, аднак, не з’яўляецца абавязковай, паміж перакладзінамі крыжа наносіцца лічба бягучага года. Зярняткі кадзіла зазвычай заплаўлены ў воск, з якога тырчаць цвікі, каб іх можна было ўстаўляць у дзірачкі.

Святар у пачатку апрануты ў капу, а дыякан і субдыякан носяць складзеныя арнаты. Разам з міністрантамі яны выходзяць з касцёла на двор, дзе ўжо распалена пасхальнае вогнішча. Субдыякан нясе працэсійны крыж, а міністранты нясуць пяць зярнятак кадзіла для пасхальнай свечкі і святую ваду. Субдыякан з крыжам становіцца ў дзвярах касцёла, а астатнія размяшчаюцца вакол вогнішча: святар стаіць тварам да крыжа ў дзвярах.

Святар благаслаўляе агонь, прамаўляючы тры малітвы, а затым благаслаўляе зярняткі кадзіла, кажучы адну малітву. Турыферарый набірае вуглі з пасхальнага вогнішча і кладзе іх у кадзільніцу. Святар засыпае ў кадзільніцу кадзіла і акрапляе святой вадой спачатку вогнішча, затым пяць зярнятак кадзіла. Затым ён кадзіць і агонь, і зярняткі, як гэта зазвычай робіцца пры благаслаўленнях.

Дыякан ідзе да крэдэнса, падрыхтаванага звонку касцёла, здымае фіялетавы складзены арнат і апранае белую дыяканскую стулу і далматыку. Затым ён бярэ вялікі шост (arundo) з трыма свечкамі наверсе, размешчанымі ў форме трохвугольніка. Гэтыя тры свечкі сімвалізуюць жанчын, якія першымі прыйшлі да магілы Хрыста. У італьянскай народнай традыцыі гэты шост часта называлі “тры Марыі”. Трэба зазначыць, што ў візантыйскім абрадзе падчас спеву пасхальнага канона Вігіліі святары трымаюць у руках крыж з трыма свечкамі, калі выконваюць каджэнне алтара, ікон і люду.

Усе ўваходзяць у касцёл у працэсіі: спачатку турыферарый і міністрант, які нясе пяць зярнятак кадзіла на талерцы, затым субдыякан з крыжам, міністранты, прысутнае духавенства, дыякан з шастом і святар. Праз некалькі крокаў пасля ўваходу міністрант вяртаецца да благаслаўлёнага вогнішча, запальвае ад яго маленькую свечку, вяртаецца да дыякана і запальвае адну з трох свечак на шасце. Дыякан падымае шост, укленчвае і спявае: “Lumen Christi”. Усе становяцца на калені і адказваюць: “Deo gratias”. Працэсія даходзіць да сярэдзіны касцёла, запальваецца яшчэ адна свечка, і дыякан зноў падымае шост, укленчвае і спявае на вышэйшы тон: “Lumen Christi”. Усе адказваюць, як раней. Працэсія даходзіць да алтара, і дыякан яшчэ вышэй спявае: “Lumen Christi”, зноў укленчваючы і падымаючы шост. Усе зноў адказваюць: “Deo gratias”.

Святар узыходзіць да алтара і цалуе яго, тады як дыякан перадае шост міністранту. На алтар кладуць кнігу з тэкстам гімна “Exsultet”, у кадзільніцу засыпаюць кадзіла, дыякан просіць аб благаслаўленні і атрымлівае яго ад святара. Усё гэта робіцца паводле нармальных абрадаў перад спевам Евангелля на ўрачыстай Імшы. Дыякан, субдыякан і міністранты ідуць да пюпітра, які стаіць каля калоны з пасхальнай свечкай. Субдыякан трымае працэсійны крыж, адзін з міністрантаў трымае пяць зярнятак на талерцы, а яшчэ адзін трымае шост. Кнігу кладуць на пюпітр і кадзяць, як звычайна. Дыякан пачынае спяваць “Exsultet”.

Дайшоўшы да слоў “curvat imperia” прыкладна на сярэдзіне, дыякан спыняе спеў, бярэ пяць зярнятак кадзіла і ўстаўляе іх у дзірачкі ў свечцы ў форме крыжа. Яны сімвалізуюць пяць ран Хрыста. Вярнуўшыся да пюпітра, ён працягвае словамі: “Таму ў ласцы гэтай ночы прымі, Святы Ойча, вячэрнюю ахвяру гэтага кадзіла…” Неўзабаве, праспяваўшы пра калону і агонь на ёй, які гарыць “Богу на хвалу”, ён спыняецца зноў, бярэ ў міністранта шост, і ад адной з трох свечак запальвае пасхальную свечку. Працягваючы, ён спявае, што агонь, хоць і дзеліцца, тым самым не змяншаецца. У гэты момант запальваецца ўсё святло ў касцёле. Да з’яўлення электрычнага асвятлення святло запальвалася толькі ад пасхальнай свечкі. Заканчваецца “Exsultet” пахвалой благаслаўлёнаму святлу і малітвамі за люд, прысутны ў касцёле, Папу, мясцовага біскупа і — раней — імператара. (Дзе імператара не было, гэтая частка прапускалася.)

Калі “Exsultet” скончаны, дыякан вяртаецца да святара. Апошні здымае капу, таму што яна зазвычай выкарыстоўваецца толькі для благаслаўленняў і працэсій, і апранае арнат, тады як дыякан здымае белую далматыку і зноў апранае фіялетавы складзены арнат.

Пачынаецца чытанне дванаццаці прароцтваў са Старога Запавету, якія, у адпаведнасці з нармальнай практыкай Імшала св. Пія V, святар чытае пры алтары, пакуль яны спяваюцца лектарамі.

1. Быц 1:1–2:2: Стварэнне свету

2. Быц 5:31–8:2: Ной і каўчэг (17 вершаў з гэтага ўрыўка прапушчана)

3. Быц 22:1-19: Ахвяра Абрагама

4. Зых 14:24–15:1, за якім ідзе тракт Зых 15:1-3: Пераход праз Чырвонае мора

(Цэнтральны характар гэтага чытання для Пасхальнай вігіліі падкрэсліваецца рубрыкай Імшала 1970 г., якая ўдакладняе, што яго ніколі нельга прапускаць.)

5. Іс 54:17–55:11: Заклік прыняць сакрамэнт хросту

6. Бар 3:9-38: Аб’яўленне Бога свайму народу

7. Эзх 37:1-14: Візія пра высахлыя косткі і ўваскрасенне

8. Іс 4:1-6, за якім ідзе тракт Іс 5:1-2, 7: Вінаграднік Пана

9. Зых 12:1-12 (паўтор з Імшы раней асвячаных дароў): Закон Пасхі і пасхальнае ягня

10. Ён 3:1-10: Заклік да пакаяння

11. Дрг 31:22-30, за якім ідзе тракт Дрг 32:1-4: Заклік да захавання закону Пана

12. Дан 3:1-24: Трое юнакоў у печы

У рымскіх катакомбах — старажытных сведках не толькі хрысціянскай мастацкай традыцыі, але і літургіі Касцёла — можна вельмі ясна бачыць, што з самага пачатку хрысціянства гэтыя ўрыўкі са Святога Пісання фарміравалі частку падрыхтоўкі катэхуменаў да хросту. У Вялікую суботу катэхумены даходзілі да таго моманту, калі яны становяцца хрысціянамі, паміраючы ў Хрысце, каб з Ім уваскрэснуць. Ужо ў сярэдзіне ІІ ст. св. Мелітон Сардыйскі (у першай Велікоднай гаміліі, якая захавалася) кажа, што ахвяра Ісаака з’яўляецца прароцтвам смерці Хрыста. Вобразы каўчэга Ноя, Майсея, трох юнакоў, Ёны (цэнтральны хрысталагічны вобраз у першыя стагоддзі) паўсюдна з’яўляюцца ў катакомбах і на саркафагах, што знаходзяцца ў іх.

Пасля кожнага прароцтва (і тракта, які ідзе пасля чацвёртага, восьмага і адзінаццатага чытання) святар, стоячы, як звычайна, пры Імшале на баку Паслання (дыякан і субдыякан стаяць у шэрагу за ім), спявае: “Oremus”. Дыякан спявае: “Flectamus genua”, і ўсе становяцца на калені на момант ціхай малітвы. Затым субдыякан спявае: “Levate”, і ўсе падымаюцца для калекты, як ужо згадвалася для Імшы раней асвячаных дароў. Усё гэта робіцца і тады, калі адпаведная формула сустракаецца ў іншых Імшах.

Сінопсіс рэформ Пія ХІІ

Рэформа 1955 г. змяняе пераважна першую частку Пасхальнай вігіліі.

Рэфармаваны абрад усё яшчэ пачынаецца ў фіялетавым убранні і заканчваецца ў белым. Святар, як і раней, спачатку апрануты ў капу, але дыякан і субдыякан больш не носяць складзеных арнатаў, апранаючы замест іх далматыку і туніку.

Вышэйшыя служыцелі і міністранты выходзяць з касцёла для благаслаўлення вогнішча, як і ў ранейшым абрадзе, і ў касцёле па-ранейшаму не гарыць святло. Замест калоны на баку Евангелля, для пасхальнай свечкі выкарыстоўваецца невялікі падсвечнік (“parvum sustentaculum”) пасярэдзіне прэзбітэрыя, як кажа новая рубрыка.

Субдыякан нясе працэсійны крыж, а міністранты нясуць зярняткі кадзіла і святую ваду. Субдыякан становіцца з крыжам у дзвярах касцёла; астатнія размяшчаюцца вакол вогнішча: святар стаіць тварам да крыжа ў дзвярах, як у ранейшым абрадзе.

Святар благаслаўляе агонь толькі адной малітвай: другая і трэцяя малітвы, якія знаходзіліся ў абрадзе да рэформы 1955 г., скасаваны. Як і на Пальмавую нядзелю, парадак пры гэтым благаслаўленні адрозніваецца ад нармальнага. Агонь акрапляецца святой вадой адразу пасля малітвы, затым у кадзільніцу засыпаецца вугаль з вогнішча, потым засыпаецца кадзіла, і кадзіцца сам агонь. Пяць зярнятак кадзіла разам з агнём не благаслаўляюцца.

У новым абрадзе шост, які сімвалізуе жанчын пры магіле, а праз іх — Касцёл, больш не выкарыстоўваецца. Міністрант падае святару саму пасхальную свечку, якая знаходзіцца звонку касцёла, на крэдэнсе. Святар бярэ пісала і выразае ім (“incídit”) на свечцы перакладзіны крыжа паміж дзірачкамі, літару альфа зверху, літару амега знізу, а затым грамадзянскі год у кутах (цяпер гэта стала афіцыйнай часткай абраду). У рэальнасці наўрад ці магчыма падобным чынам выразаць лініі на цвёрдым кавалку воску, таму святар накрэслівае лініі, якія зроблены на свечцы загадзя, праводзячы паверх іх пісалам. Робячы гэта, ён кажа адмыслова вызначаныя словы для кожнага элемента дызайну (“Christus heri et hodie” для вертыкальнай перакладзіны, “Principium et finis” для гарызантальнай і г. д.) Прадмова ў OHS (№ 11) зазначае адносна гэтага: “Няма прычын, чаму знакі на пасхальных свечках… не маглі б быць зроблены загадзя”.

Калі на свечцы накрэслены крыж і лічбы, святар устаўляе зярняткі ў дзірачкі. Калі яны не благаслаўляліся, ён благаслаўляе іх вадой і кадзілам, нічога не кажучы. Ён устаўляе іх, кажа прадпісаныя словы на кожнае: “Per sua sancta vulnera” на першае, “gloriosa” на другое і г. д.

Дыякан запальвае ад пасхальнага вогнішча маленькую свечку і падае яе святару, які з яе дапамогай запальвае пасхальную свечку. На запальванне свечкі прамаўляецца новы тэкст, адмыслова для гэтага складзены.

Малітва, якой у папярэднім абрадзе благаслаўляліся пяць зярнятак кадзіла, цяпер прамаўляецца для самой пасхальнай свечкі: “Усемагутны Божа, няхай на гэтае кадзіла (super hoc incensum) сыдзе шчодрае праліццё Твайго благаслаўлення” зменена на “…на гэты запалены воск” (super hoc incensum cereum).

Святар засыпае кадзіла ў кадзільніцу яшчэ раз. Дыякан ідзе да крэдэнса, здымае фіялетавую далматыку і апранае белую. Затым ён бярэ пасхальную свечку і нясе яе ў працэсіі.

Вышэйшыя служыцелі і міністранты ўваходзяць у касцёл, але парадак працэсіі зменены, паколькі прысутнае духавенства ідзе за святаром, а не перад ім, як у іншых працэсіях. Як і ў форме да 1955 г., ёсць тры прыпынкі: першы праз некалькі крокаў ад уваходу, другі пасярэдзіне касцёла, трэці ў прэзбітэрыі. Дыякан тройчы спявае: “Lumen Christi”, паступова павышаючы голас. Яму адказвае хор. Відавочна, ён не падымае пасхальную свечку і не ўкленчвае.

Усе прысутныя, духавенства і вернікі перад пачаткам абраду атрымліваюць па свечцы. Святар нясе сваю свечку з сабою ў касцёл. На першае “Lumen Christi” ад пасхальнай свечкі запальваюць свечку святара; на другое — свечкі духавенства; на трэцяе — свечкі вернікаў, а таксама запальваюць святло ў касцёле. Таму цяпер касцёл асвятляецца не пры спеве гімна “Exsultet” у гонар святла, а значна раней.

У гэты момант святар не ідзе да алтара, каб пацалаваць яго, а адразу ідзе да сядзенняў. Дыякан ставіць пасхальную свечку на падсвечнік пасярэдзіне прэзбітэрыя. Калона больш не з’яўляецца істотным элементам абраду, а становіцца чыста дэкаратыўным аб’ектам, які трымае пасхальную свечку падчас Імшы.

Субдыякан становіцца перад пюпітрам з працэсійным крыжам. Кніга з гімнам больш не кладзецца на алтар. Кадзіла засыпаецца ў кадзільніцу, дыякан просіць аб благаслаўленні і атрымлівае яго ад святара, затым бярэ кнігу ў цырыманіярыя. Усё гэта робіцца пры сядзеннях; рубрыкі не кажуць, ці павінен дыякан стаць на калені перад святаром, як на Імшы.

Дыякан і турыферарый ідуць да пюпітра, які стаіць там, дзе звычайна спяваецца Евангелле. Кніга кладзецца на пюпітр і кадзіцца, як звычайна. Дыякан затым кадзіць пасхальную свечку, абыходзячы яе навокал. (“…circumiens cereum paschale, etiam illum thurificat”.)

Паколькі пасхальная свечка ўжо запалена, пяць зярнятак кадзіла ўстаўлены, а святло ў касцёле гарыць, “Exsultet” спяваецца дыяканам адразу цалкам.

Даўно не актуальная малітва за імператара ў канцы заменена новым тэкстам: “Глянь таксама на тых, хто намі кіруе…” Апошняя частка гэтага новага тэксту гучыць так: “…de terrena operositate ad caelestem patriam perveniant cum omni populo tuo”. Хоць гэта, відавочна, задумана як: “ад зямной працы няхай яны прыйдуць у небясную айчыну разам з усім Тваім людам”, тут ёсць лексічная памылка. У класічнай лаціне “operositas” азначае “празмерны цяжар, празмерная скрупулёзнасць, старанная праца” (Lewis and Short, p. 1268), а ў Тэртуліяна — “збянтэжанасць” (Souter, p. 277), пасля якога яно сустракаецца вельмі рэдка і ніколі ў тым сэнсе, у якім мелася на ўвазе тут.

Калі “Exsultet” скончаны, дыякан здымае белую далматыку і зноў апранае фіялетавую. Затым ён вяртаецца да святара, які застаецца ў капе. Гэтая камбінацыя ўбрання зазвычай выкарыстоўваецца толькі для благаслаўленняў і працэсій.

Прароцтвы спяваюць лектары, якія стаяць пры пюпітры на баку Паслання, павернутым на чвэрць кола налева ад звычайнай пазіцыі. Тым самым чытанні спяваюцца ў бок свечкі, а не ў бок алтара, у адрозненне ад чытанняў у любы іншы дзень, і ў напрамку, які звычайна зарэзерваваны для Евангелля.

З дванаццаці прароцтваў абраду да рэформы 1955 г. восем скасавана. Застаюцца наступныя чытанні (пранумараваны ў парадку з папярэдняга абраду):

1. Быц 1:1–2:2: Стварэнне свету

4. Зых 14:24–15:1, за якім ідзе тракт Зых 15:1-3: Пераход праз Чырвонае мора

8. Іс 4:1-6, за якім ідзе тракт Іс 5:1-2, 7: Вінаграднік Пана

11. Дрг 31:22-30, за якім ідзе тракт Дрг 32:1-4: Заклік да захавання закону Пана

Скасаваныя прароцтвы (пранумараваны ў парадку з папярэдняга абраду):

2. Быц 5:31–8:2: Ной і каўчэг (17 вершаў з гэтага ўрыўка прапушчана)

3. Быц 22:1-19: Ахвяра Абрагама

5. Іс 54:17–55:11: Заклік прыняць сакрамэнт хросту

6. Бар 3:9-38: Аб’яўленне Бога свайму народу

7. Эзх 37:1-14: Візія пра высахлыя косткі і ўваскрасенне

9. Зых 12:1-12 (паўтор з Імшы раней асвячаных дароў): Закон Пасхі і пасхальнае ягня

10. Ён 3:1-10: Заклік да пакаяння

12. Дан 3:1-24: Трое юнакоў у печы

Пасля кожнага прароцтва (і тракта) святар не ідзе да алтара, каб памаліцца, а застаецца пры сядзенні і спявае: “Oremus”, як у папярэдні дзень. Дыякан спявае як “Flectamus genua”, так і “Levate”, чаго больш не робіць субдыякан, таксама як у папярэдні дзень.


Аўтар: Gregory DiPippo
Крыніца: New Liturgical Movement
Ілюстрацыя: Joseph Shaw / Flickr (CC BY-NC-ND)

Пераклад зроблены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.