Gregory DiPippo

Частка 4.1. Вялікая пятніца: Імша катэхуменаў і ўрачыстыя малітвы

Сінопсіс дарэформенных абрадаў

Паколькі абрад Вялікай пятніцы спазнаў больш шырокія змены, чым любы іншы абрад Вялікага тыдня, гэты артыкул падзелены на дзве часткі. Першая частка апісвае Імшу катэхуменаў і ўрачыстыя малітвы; другая частка апісвае адарацыю крыжа і абрад Імшы раней асвячаных дароў.

Каб зразумець розніцу паміж Вялікай пятніцай да рэформы Вялікага тыдня 1955 г. і Вялікай пятніцай пасля рэформы, трэба памятаць наступную рэч. Хоць Імша раней асвячаных дароў не з’яўляецца эўхарыстычнай ахвярай, усе цырымоніі ў ёй выконваюцца так, як гэта робіцца ў звычайным абрадзе Імшы. Гэта важна, таму што многія рубрыкі рэформы 1955 г. уключаюць у сябе рытуальныя дзеянні і жэсты, якія даволі істотна адрозніваюцца ад рытуальных дзеянняў Імшы. Калі браць нават самы першы па чарзе прыклад, то ў старэйшым абрадзе калекту Імшы катэхуменаў і малітву Панскую святар прамаўляе з разведзенымі рукамі, як на Імшы. Пасля рэформы 1955 г. цэлебрант падчас дзвюх калект Імшы катэхуменаў і малітвы Панскай трымае рукі зведзенымі.

Тэрмін “Вялікая пятніца” з’яўляецца ўласцівым для нашай мовы; афіцыйная лацінская літургічная назва гучыць па-іншаму: “Feria sexta in Parasceve”. Слова “parasceve”, па-грэчаску падрыхтоўка, выкарыстоўвалася яшчэ ў дахрысціянскія часы для абазначэння дня перад Пасхай, калі людзі першага Запавету займаліся падрыхтоўкай да гэтага святкавання, найважнейшага ва ўсім годзе. Паколькі гэта таксама дзень смерці Хрыста, гэтае слова сустракаецца пад канец усіх чатырох Евангелляў (Мц 27:62; Мк 15:42; Лк 23:54; Ян 19:31). Лацінскі пераклад Евангелляў (як Vetus Latina, так і рэвізія св. Гераніма, прадстаўленая ў Вульгаце) не перакладаў слова “parasceve”, а даваў транслітарацыю, і так яно ва ўсіх лацінскіх абрадах (рымскім, амбразіянскім і масарабскім) стала назвай Вялікай пятніцы.

У дадатак да амікта, альбы, паса і стулы святар носіць чорны арнат; дыякан носіць чорную стулу і, як і субдыякан, чорны складзены арнат — святое ўбранне для пакутных Імшаў. Чорны колер у рымскім абрадзе, калі не ўлічваць Імшаў за памерлых, выкарыстоўваецца выключна ў гэты дзень. У пачатку на алтары няма абрусоў, а свечкі застаюцца незапаленымі на знак смутку. Крыж на алтары, як і ўсе крыжы на працягу апошніх двух тыдняў, закрыты фіялетавай тканінай.

Міністранты ўваходзяць у касцёл, укленчваюць перад крыжам, займаюць свае месцы ў прэзбітэрыі і становяцца на калені. Субдыякан, дыякан і святар ідуць за імі, падыходзяць да алтара, укленчваюць перад крыжам і кладуцца перад ім ніцма на некалькі хвілін. (Традыцыйна яны ў цішыні прамаўляюць псальм “Miserere”, але гэта не з’яўляецца афіцыйнай часткай абраду.) Міністранты падымаюцца да алтара, укленчваюць перад крыжам і засцілаюць алтар адным абрусом. Гэты адзіны абрус сімвалізуе пахавальны саван Хрыста. Ён кладзецца на алтар у пачатку абраду, каб паказаць, што ўсё, што сёння робіцца, з’яўляецца жывым прадстаўленнем смерці Хрыста, які сам з’яўляецца святаром, алтаром і ахвярай. Імшал таксама ставяць на алтар, на баку Паслання. Вышэйшыя служыцелі падымаюцца, укленчваюць і ўзыходзяць да алтара. Святар цалуе алтар і ідзе да Імшала, як робіць гэта ў іншых Імшах, а лектар тым часам пачынае чытаць першае чытанне.

Паколькі ў абрадзе няма ні інтроіта, ні “Kyrie”, ён пачынаецца першым чытаннем (Ос 6:1-6), пасля якога ідуць тракт і калекта. Падобны парадак з першага чытання, градуала (замест тракта) і калекты перад Пасланнем таксама сустракаецца ў вельмі старажытных Імшах рымскага абраду, напрыклад у сухія серады.

Перад малітвай святар, стоячы пры Імшале (дыякан і субдыякан стаяць у шэрагу за ім), спявае заклік “Oremus”. Дыякан спявае: “Flectamus genua”, і ўсе становяцца на калені на момант ціхай малітвы. Затым субдыякан спявае: “Levate”, і ўсе падымаюцца для калекты. Паклоны крыжу на “Oremus” і святое імя робяцца як звычайна.

Малітва “Deus, a quo et Judas” належыць да Імшы папярэдняга дня. Гэтая калекта згадвае як учарашнюю здраду Юды, так і сённяшняе раскаянне добрага злачынцы, ясна звязваючы Вячэру Пана з Ахвярай Крыжа. Яна таксама прадчувае Уваскрасенне (“…resurrectionis suae gratiam largiatur”), паказваючы, што гэты дзень утварае сэрца і цэнтр пасхальнага святкавання.

Затым ідзе Пасланне (Зых 12:1-11), якое субдыякан спявае, як на Імшы, яшчэ адзін тракт і Мука паводле св. Яна. Пасланне, якое таксама з’яўляецца дзявятым прароцтвам у Пасхальную вігілію, гэта пачатак доўгага ўрыўка з кнігі Зыходу, які апісвае рытуал пасхальнага ягняці. Канец гэтага ж урыўка (Зых 12:46) цытуе св. Ян (адна з нямногіх прамых цытат са Старога Запавету ў ягоным Евангеллі): “Косць Ягоная не будзе зламаная”, пацвярджаючы, што Хрыстус з’яўляецца пасхальным Ягнём Новага Запавету.

Як ужо зазначалася ў сувязі з абрадам Пальмавай нядзелі, Муку Пана амаль да канца спяваюць тры дыяканы (Ян 18:1–19:37), а апошнюю частку спявае імшальны дыякан. Калі тры дыяканы, якія спявалі Муку, пайшлі, дыякан, субдыякан і міністранты выконваюць звычайныя абрады, якія папярэднічаюць працэсіі на Евангелле. У гэты дзень, аднак, яны імітуюць урачыстую Імшу за памерлых. Евангеліярый кладзецца на алтар, але кадзіла не выкарыстоўваецца, а міністранты не носяць свечак. Дыякан прамаўляе малітву “Munda cor meum”, але не атрымлівае благаслаўлення ў святара, і яны ідуць да месца, дзе звычайна спяваецца Евангелле. Прапусціўшы “Dominus vobiscum” і загаловак, дыякан спявае канец Мукі (Ян 19:38-42). Кнігу не прыносяць святару для пацалунку, і дыякан яго не кадзіць.

(Тут ёсць два вельмі дробныя адрозненні ад Імшы за памерлых. Імшал, які далей спатрэбіцца на баку Паслання, не пераносіцца на бок Евангелля, а дыякан здымае складзены арнат і апранае на гэтае Евангелле шырокую стулу.)

Пасля Мукі святар стаіць пры Імшале на баку Паслання. Дыякан і субдыякан стаяць у шэрагу за ім. Ён спявае так званыя ўрачыстыя малітвы — вельмі старажытную хрысціянскую малітву. Святар пачынае заклікам да кожнага малітоўнага намеру (напрыклад, “Oremus dilectissimi nobis, pro Ecclesia sancta Dei…”). Пасля кожнага закліку ідуць “Oremus”, “Flectamus genua”, якое спявае дыякан, і “Levate”, якое спявае субдыякан (як раней), а затым калекта.

Сінопсіс рэформ Пія ХІІ

У тыповым выданні OHS (1956) традыцыйная літургічная назва дня “Feria sexta in Parasceve” заменена на “Feria sexta in Passione et Morte Domini” (Пятніца Мукі і Смерці Пана). Назва самога абраду зменена з “Missa Praesanctificatorum” (Імша раней асвячаных дароў) на “Solemnis actio liturgica postmeridiana in Passione et Morte Domini” (Урачыстае пасляпаўдзённае богаслужэнне Мукі і Смерці Пана).

Алтар цалкам распрануты: на ім няма не толькі алтарных абрусоў, але і свечак з крыжам. Звычайныя паклоны на словы “Oremus” і “Jesum” выразна не скасаваны, але калі іх рабіць, то яны робяцца ў нікуды.

У пачатку абраду трое вышэйшых служыцеляў апрануты ў амікт, альбу і пас. Святар і дыякан таксама носяць чорныя стулы, але ніхто з траіх не носіць ні якіх-небудзь арнатаў, ні далматыкі або тунікі. Рубрыкі не згадваюць маніпулаў. На працягу абраду будзе тры змены ўбрання.

Міністранты ўваходзяць у касцёл, ушаноўваюць алтар, займаюць свае месцы і становяцца на калені, як у абрадзе св. Пія V. Субдыякан, дыякан і святар падыходзяць да алтара, ушаноўваюць яго і кладуцца перад ім ніцма на некалькі хвілін, таксама як у абрадзе св. Пія V. Алтар падчас прастрацыі больш не засцілаецца алтарным абрусом.

Трое вышэйшых служыцеляў падымаюцца, але дыякан і субдыякан застаюцца стаяць на каленях разам з астатнімі, тады як святар падымаецца на ногі. Стоячы перад першай прыступкай алтара, ён прамаўляе малітву “Deus qui peccatis veteris” (дададзеную ў гэты абрад са старажытнага сакраментарыя), трымаючы рукі зведзенымі. Малітва заканчваецца кароткім завяршэннем (“Per Christum Dominum nostrum. R. Amen”), а не доўгім, якое выкарыстоўваецца для малітваў Імшы. Усе абрады, якія звычайна робяцца, калі на Імшы прамаўляецца малітва, прапускаюцца: малітва не папярэджваецца ніводнай з дзвюх формул, што звычайна сустракаюцца ў гэтым месцы (“Dominus vobiscum — Oremus” або “Oremus — Flectamus genua — Levate”); святар не разводзіць рукі; малітва прамаўляецца не пры алтары, а перад прыступкамі. Цырыманіярый ці акаліт павінен трымаць кнігу перад святаром, бо апошняму трэба трымаць рукі зведзенымі.

Трое вышэйшых служыцеляў адразу ідуць да сядзенняў; рубрыка не кажа, што яны павінны дадаткова ўшанаваць алтар.

Лектар пачынае першае чытанне, за якім ідзе тракт: абодва захаваліся з Імшала св. Пія V. У канцы тракта ўсе падымаюцца, але трое вышэйшых служыцеляў не ідуць да алтара. Застаючыся пры сядзеннях, святар спявае: “Oremus”, дыякан спявае: “Flectamus genua”, і ўсе становяцца на калені на момант ціхай малітвы. Затым дыякан (ужо не субдыякан) спявае: “Levate”, і ўсе падымаюцца для калекты. Прамаўляецца калекта папярэдняга дня “Deus, a quo et Judas”, як у ранейшым абрадзе; святар падчас малітвы трымае рукі зведзенымі. Зноў жа, цырыманіярыю ці акаліту трэба трымаць кнігу перад святаром, бо апошні трымае рукі зведзенымі.

Затым ідуць Пасланне, якое спявае субдыякан, яшчэ адзін тракт і Мука Пана паводле св. Яна, як у Імшале св. Пія V.

Тры дыяканы, якія будуць спяваць Муку, ушаноўваюць алтар, але не становяцца на калені і не прамаўляюць малітву “Munda cor meum”. Затым яны ідуць да святара, схіляюцца перад ім, і той благаслаўляе іх словамі “Dominus sit in cordibus vestris et in labiis vestris”, і толькі гэтымі. Астатняя частка благаслаўлення, якую ён кажа дыякану на Імшы (“ut digne et competenter…”), прапускаецца. Яны ідуць да месца, дзе звычайна спяваецца Евангелле, і спяваюць Муку Пана.

Як ужо зазначалася адносна Пальмавай нядзелі, асаблівы абрад для спеву канца Мукі быў скасаваны. Апошнюю частку спявае расказчык, а не імшальны дыякан, і больш няма паўзы паміж Мукай і Евангеллем. Паколькі працэсіі на Евангелле цяпер увогуле няма, адмысловыя абрады, запазычаныя з Імшы за памерлых, больш не маюць месца.

Пасля Мукі і перад урачыстымі малітвамі святар, дыякан і субдыякан пераапранаюцца: святар апранае капу, дыякан і субдыякан апранаюць далматыку і туніку. Канкрэтна гэтая камбінацыя элементаў убрання ў рымскім абрадзе традыцыйна выкарыстоўваецца для працэсій і благаслаўленняў, а не для Імшы. Пакуль яны пераапранаюцца, міністранты засцілаюць алтар адным абрусам і ставяць Імшал роўна пасярэдзіне.

Святар, дыякан і субдыякан падыходзяць да алтара і ўзыходзяць на платформу; рубрыкі не кажуць, што яны павінны перад гэтым укленчыць. Цэлебрант цалуе алтар. Дыякан і субдыякан стаяць па баках ад яго (“ministris sacris hinc inde astantibus”), а не ў шэраг за ім. Як і рабілася раней перад малітвай “Deus, a quo et Judas”, заклік “Levate” спявае дыякан, а не субдыякан. Паколькі на алтары няма крыжа, тэарэтычна не трэба кланяцца, калі святар кажа “Oremus” або прамаўляе святое імя, але рубрыкі не канкрэтызуюць, што паклоны апускаюцца.


Аўтар: Gregory DiPippo
Крыніца: New Liturgical Movement
Ілюстрацыя: Joseph Shaw / Flickr (CC BY-NC-ND)

Пераклад зроблены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.