Gregory DiPippo
Частка 3. Імша Вялікага чацвярга і абмыванне ног
А. Імша
Сінопсіс дарэформенных абрадаў
Вялікі чацвер разглядаецца як урачыстае свята Пана. Як і ў іншых падобных урачыстасцях, выкарыстоўваецца белае ўбранне і прамаўляюцца “Gloria” і “Credo”. Гэтыя звычаі ўласцівыя рымскаму абраду і адрозніваюцца ад практыкі некаторых іншых Касцёлаў. Напрыклад, у амбразіянскім абрадзе выкарыстоўваецца чырвонае ўбранне (колер смутку ў гэтай традыцыі), а “Gloria” і “Credo” не прамаўляюцца. Але ў абрадзе Вялікага чацвярга існуюць некаторыя адрозненні ад звычайнага абраду Імшы, якія ўказваюць на асаблівы характар гэтага дня, калі былі ўстаноўлены Найсвяцейшая Эўхарыстыя і святарства. Гэтыя адрозненні дапамагаюць нам зразумець, што гэты дзень з’яўляецца пачаткам пасхальнай таямніцы, якая завяршаецца толькі ў нядзелю Уваскрасення.
Таму, калі ў касцёле адзванілі ўсе званкі падчас “Gloria”, яны больш не выкарыстоўваюцца да Пасхальнай вігіліі. Замест званкоў на Імшы выкарыстоўваецца трашчотка (crepitaculum), немілагучны трэск якой паказвае, што сёння таксама ёсць нагода для смутку: гэта ноч здрады Хрысту, ноч Ягонай пакінутасці вучнямі і Ягонага зняволення, пасля якога Ён на наступны дзень будзе асуджаны на смерць.
У гэтай Імшы не перадаецца пацалунак спакою. “Нашыя думкі звяртаюцца да здрадніка Юды, які менавіта ў гэты дзень апаганіў знак сяброўства, зрабіўшы яго прыладай смерці. Адчуваючы агіду да гэтага злачынства, Царква прапускае сёння гэты знак братэрскай любові” (Дом Геранжэ. “Літургічны год”). У астатнім жа абрад Камуніі цэлебранта застаецца такім жа, як у іншых Імшах.
Цэлебрант у гэты дзень кансэкруе дзве вялікія Гостыі: адну для Імшы Вячэры Пана, а другую для богаслужэння на наступны дзень. Адзін з самых прыгожых аспектаў гэтага абраду — гэта тое, што другую Гостыю перад Камуніяй цэлебранта адмысловым чынам рыхтуюць да перанясення на алтар адпачынку (у “цямніцу”). Яе кладуць у келіх, а не ў піксіду ці цыборый, а затым накрываюць мяккай палай, перавернутай патэнай і тонкім белым вэлюмам, які затым перавязваецца стужкай вакол вузла келіха. Гэтая Гостыя, спакаваная такім чынам у келіх, застаецца на карпарале да канца Імшы.
Звычай складаць Цела Пана ў келіх з’яўляецца знакам Мукі, праз якую Ён праходзіць у сваім людскім целе; Мукі, якую сам Пан апісвае як “келіх”, калі ідзе памаліцца ў садзе (Мц 26:39-42; Лк 22:42). Ён таксама ўказвае на сувязь паміж першай Імшою, Вячэрай Пана, і ахвярай Крыжа, якая адбываецца на наступны дзень; прылады ахвяры Імшы — келіх, пала, патэна і вэлюм — выкарыстоўваюцца ў абодва дні.
Як толькі Гостыя пакладзена ў келіх, астатняя частка Імшы цэлебруецца як Імша coram Sanctissimo. Цэлебрант і вышэйшыя служыцелі ўкленчваюць перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам кожны раз, калі падыходзяць да сярэдзіны і становяцца перад ёй, а таксама калі адыходзяць ад яе. Калі святар або дыякан паварочваецца, каб звярнуцца да люду ці благаславіць яго, ён робіць гэта толькі напалову, каб не павярнуцца плячыма да Найсвяцейшага Сакрамэнту. У самым канцы Імшы, на ўкленчванне падчас апошняга Евангелля, святар, кажучы словы “Et Verbum caro factum est”, паварочваецца да Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Сінопсіс рэформ Пія ХІІ
Рэформа Вялікага тыдня ў 1955 г. прынесла ў гэты абрад толькі некаторыя невялікія змены, адна з якіх, аднак, прыводзіць да амаль поўнай змены абраду Вялікай пятніцы.
“Credo” скасавана, што з’яўляецца адыходам ад звычаю Рымскага Касцёла спяваць Сімвал веры ва ўсе ўрачыстыя святы Пана.
Звычай не перадаваць пацалунак спакою застаўся, але ўведзены дзве змены ў абрад Камуніі цэлебранта. У малітве “Agnus Dei” на трэці заклік больш не прамаўляецца адказ “dona nobis pacem”, а трэці раз паўтараецца “miserere nobis”. Першая з ціхіх малітваў цэлебранта перад Камуніяй “Domine Jesu Christe, qui dixisti Apostolis tuis: Pacem relinquo vobis, pacem meam do vobis…” таксама прапускаецца: тым самым звычай пераносіцца з Імшы за памерлых ва ўрачыстасць Пана. Гэтая малітва цытуе дакладна тыя словы, якія наш Пан прамовіў да апосталаў падчас той самай Вячэры, якая ўспамінаецца на гэтай Імшы (Ян 14:27).
Увесь абрад спакоўвання другой вялікай Гостыі ў келіх прапускаецца, ды і ўвогуле не кансэкруецца вялікая Гостыя для цэлебранта абраду Вялікай пятніцы. Замест гэтага кансэкруюцца два цыборыі малых Гостый: адзін для агульнай Камуніі ў Вялікі чацвер, а другі для агульнай Камуніі на наступны дзень. Святар, які цэлебруе новы абрад Вялікай пятніцы, прымае Камунію малой Гостыяй, як і ўсе вернікі.
У абрады пасля Камуніі было ўведзена яшчэ тры змены. Замест “Ite, missa est” прамаўляецца “Benedicamus Domino” — формула, якая дагэтуль у рымскім абрадзе выкарыстоўвалася ў пакутныя дні, калі Імша цэлебруецца ў фіялетавым убранні. Гэтая змена яўна матывавалася тым фактам, што пасля Імшы ніхто фактычна не пакідае касцёл, таму што наступае працэсія да алтара адпачынку. “Ite, missa est” — гэта формула, якая выкарыстоўваецца выключна ў рымскім абрадзе; амбразіянская і візантыйская традыцыі яе не ведаюць. Пасля малітвы “Placeat” няма благаслаўлення люду. У канцы Імшы прапускаецца апошняе Евангелле і, адпаведна, укленчванне перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам на словы “Et Verbum caro factum est”.

Б. Працэсія да алтара адпачынку (“цямніцы”) і распрананне алтара
Сінопсіс дарэформенных абрадаў
У абрадзе да рэформы 1955 г. пасля Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт ва ўрачыстай працэсіі пераносяць на меншы алтар касцёла, які для гэтай мэты ўпрыгожваецца кветкамі, драпіроўкай з каштоўных матэрыялаў, свечкамі і г. д. і забяспечваецца скрынкай або табернакулюмам. У многіх касцёлах ёсць адмысловая скрынка, зробленая для гэтага абраду.
Пасля Імшы цэлебрант здымае арнат і апранае белую капу. Стаўшы перад алтаром разам з вышэйшымі служыцелямі, ён засыпае кадзіла ў дзве кадзільніцы: адной з іх ён кадзіць Найсвяцейшы Сакрамэнт як на заканчэнне адарацыі. Затым ён апранае наплечны вэлюм, а дыякан узыходзіць да алтара і прыносіць яму келіх з вялікай Гостыяй унутры. Усе міністранты і прысутнае духавенства фарміруюць працэсію і ідуць да алтара адпачынку, тады як хор спявае гімн “Pange lingua”. Ідучы непасрэдна перад святаром, які трымае пад вэлюмам келіх, двое міністрантаў па чарзе кадзяць Найсвяцейшы Сакрамэнт.
Калі яны прыбываюць да алтара адпачынку, дыякан бярэ ў святара Найсвяцейшы Сакрамэнт і ставіць яго на алтар. Пасля паўзы хор спявае канец гімна (“Tantum ergo”), а Найсвяцейшы Сакрамэнт кадзяць зноў і, нарэшце, змяшчаюць у скрынку або табернакулюм. Святар, вышэйшыя і ніжэйшыя служыцелі, прысутнае духавенства вяртаюцца ў сакрыстыю самым кароткім шляхам. Па традыцыі касцёл застаецца адкрытым да поўначы, пасля чаго яго зачыняюць, што сімвалізуе поўную пакінутасць Хрыста ў ноч Ягонага зняволення.
Пасля працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам з алтара здымаюць усю аздобу. Святар, дыякан і субдыякан, вярнуўшыся ў сакрыстыю, здымаюць імшальнае ўбранне і апранаюць фіялетавыя стулы. Яны вяртаюцца да галоўнага алтара касцёла разам з міністрантамі і прысутным духавенствам. Святар інтануе антыфону “Diviserunt sibi”, якую працягвае хор, дадаючы псальм 21, пакуль міністранты здымаюць алтарныя абрусы, алтарныя карткі і г. д. Калі гэта зроблена, усе вяртаюцца ў сакрыстыю.
Сінопсіс рэформ Пія ХІІ
Рэформа Вялікага тыдня 1955 г. не змяніла гэтую працэсію і распрананне алтара.

В. Абмыванне ног
Сінопсіс дарэформенных абрадаў
У абрадзе да рэформы 1955 г. абмыванне ног, шырока вядомае як “mandatum” па першым слове першай антыфоны, якая спяваецца падчас абмывання, выконваецца як асобнае ад Імшы богаслужэнне. Пасля таго, як распрананне алтара скончана, і зазвычай пасля перапынку ў некалькі гадзін духавенства і міністранты ідуць у працэсіі да месца, вызначанага для абмывання ног. (Часта гэтае богаслужэнне адбывалася непасрэдна пасля Нешпараў, але не было закона, што Нешпары павінны яму папярэднічаць.) Калі няма іншага месца, дзе можна было б зручна правесці абмыванне ног, яго можна рабіць перад галоўным алтаром касцёла, але гэта не ідэальная практыка.
Паўтараецца Евангелле Імшы Вячэры Пана з усімі цырымоніямі, якія звычайна выконваюцца на ўрачыстай Імшы. Пасля гэтага святар абмывае ногі дванаццаці мужчынам, падперазаўшыся фартухам, як гэта рабіў сам наш Пан на Апошняй вячэры. Падыходзячы да кожнага з дванаццаці, святар укленчвае перад ім, наследуючы пакору нашага Пана. Субдыякан становіцца на калені, каб падтрымліваць нагу кожнага мужчыны, калі святар яе мые, а дыякан падае ручнік для выцірання пасля таго, як святар яе пацалуе.
Імшал і Градуал даюць дзевяць антыфон, якія трэба спяваць падчас абмывання ног, і яны, несумненна, належаць да самых прыгожых твораў грыгарыянскага рэпертуару. Першыя шэсць з дзевяці ўзяты з раздзела 13 Евангелля св. Яна; сёмая ўзята з канца раздзела 13 першага Паслання да Карынцянаў — “гімна любові” св. Паўла. Восьмая мае ідэнтычны тэкст (але не музыку) з інтроітам свята Найсвяцейшай Тройцы і суправаджаецца іншым вершам. Апошняя антыфона — гэта знакамітая “Ubi caritas”.
Калі абмыванне ног скончана, цэлебрант спявае першыя два словы малітвы Панскай уголас, а астатнюю малітву кажа ціха да верша “Et ne nos inducas in tentationem”. Хор адказвае: “Sed libera nos a malo”, як часта робіцца ў рымскім абрадзе. Далей ідуць два вершы са сваімі адказамі і калекта.
Сінопсіс рэформ Пія ХІІ
У рэформе Вялікага тыдня 1955 г. абмыванне ног было зменена наступным чынам.
Дазваляецца, хоць і не патрабуецца, уставіць абмыванне ног у Імшу Вячэры Пана, адразу пасля Евангелля (і гаміліі, калі яна ёсць). Новая рубрыка ўдакладняе, што можна спяваць столькі антыфон, колькі патрэбна ва ўмовах дадзенай працягласці богаслужэння, але “Ubi caritas” нельга прапускаць ніколі. Восьмая з дзевяці антыфон Імшала св. Пія V скасавана.
Паколькі абмыванне ног усё яшчэ можна рабіць па-за Імшою, іншая новая рубрыка ўдакладняе, што ў такім выпадку ў пачатку трэба паўтарыць імшальнае Евангелле, як гэта і прадпісана ў Імшале св. Пія V.
У Імшале 1961 г. у гэты абрад была ўнесена яшчэ адна невялікая змена, а менавіта тое, што калекта ў канцы павінна чытацца “versus populum”.
Аўтар: Gregory DiPippo
Крыніца: New Liturgical Movement
Ілюстрацыя: Joseph Shaw / Flickr (CC BY-NC-ND)
Пераклад зроблены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.