Gregory DiPippo

Частка 2. Імша Пальмавай нядзелі, Вялікага аўторка і Вялікай серады

Сінопсіс дарэформенных абрадаў

У абрадзе св. Пія V Імша, якая цэлебруецца непасрэдна пасля працэсіі Пальмавай нядзелі, адрозніваецца ад іншых Імшаў адным вельмі важным аспектам, а менавіта абрадам, які выконваецца пры спеве Мукі Пана паводле св. Мацвея. Той жа абрад мае месца, калі спяваюцца іншыя тэксты Мукі на працягу тыдня: паводле св. Марка ў Вялікі аўторак, паводле св. Лукі ў Вялікую сераду і паводле св. Яна ў Вялікую пятніцу. Што датычыцца аўторка і серады, то адзіныя змены, уведзеныя ў 1955 г., закраналі манеру спеву Мукі, таму я ўключаю іх сюды разам з Пальмавай нядзеляй. Вялікая пятніца, зразумела, будзе разглядацца ў асобных артыкулах: тут будзе дастаткова сказаць, што ў гэты дзень абрад спеву Мукі крыху адрозніваецца ад абраду іншых трох дзён, таму ён будзе апісаны ў сваім месцы.

Муку Пана спяваюць тры дыяканы, апранутыя ў амікт, альбу, пас, маніпул і дыяканскую стулу. Яны не належаць да вышэйшых служыцеляў самой Імшы. З гэтых траіх адзін спявае асноўны аповед Мукі сярэднім голасам; іншы ніжэйшым голасам спявае словы Хрыста; трэці высокім голасам спявае словы ўсіх іншых людзей. Гэта парадак, уласцівы рымскаму абраду; у іншых гістарычных абрадах, напрыклад амбразіянскім і візантыйскім, адзін дыякан спявае ўсю Муку сам. Тры дыяканы ўваходзяць у прэзбітэрый пад канец тракта, укленчваюць перад алтаром і ідуць на тое месца, дзе звычайна спяваецца Евангелле. Яны не кажуць малітву “Munda cor meum” і не прымаюць благаслаўлення ад святара.

Тры дыяканы спяваюць Муку амаль да канца. У Пальмавую нядзелю яны спыняюцца пасля пахавання Хрыста (Мц 27:61); у іншыя тры дні яны спыняюцца там, дзе евангеліст кажа пра сведкаў смерці Хрыста (Мк 15:41; Лк 23:49; Ян 19:37). Дайшоўшы да гэтага месца, тры дыяканы пакідаюць прэзбітэрый.

Апошняя частка кожнай Мукі (Мц 27:62-66; Мк 15:42-46; Лк 23:50-53; Ян 19:38-42) спяваецца імшальным дыяканам. Калі тры дыяканы пайшлі, дыякан, субдыякан і акаліты выконваюць усе абрады, якія зазвычай робяцца перад працэсіяй на Евангелле: Імшал пераносіцца на бок Евангелля, евангеліярый кладуць на алтар, засыпаецца кадзіла, дыякан прамаўляе малітву “Munda cor meum”, просіць і атрымлівае благаслаўленне ад цэлебранта, і ўсе яны ідуць да месца, дзе звычайна спяваецца Евангелле. Прапусціўшы заклік “Dominus vobiscum” і загаловак, дыякан кадзіць кнігу і спявае канец Мукі Пана. Як і ў іншых урачыстых Імшах, цэлебрант прымае і цалуе евангеліярый, прынесены яму субдыяканам, а затым прымае каджэнне ад дыякана.

Паўза паміж канцом Мукі і пачаткам Евангелля драматычна сімвалізуе ашаламленне ўсяго стварэння, у тым ліку самога Касцёла, па прычыне горкай Мукі Езуса Хрыста, укрыжаванага Бога. Падчас вялікай рэформы грыгарыянскага спеву пры панаванні Папы св. Пія Х у агульны ўжытак была зноў уведзена адмысловая мелодыя для гэтага Евангелля (ad libitum) — адзін з шэдэўраў сакральнага спеву. Гэтая мелодыя з доўгім распевам у пачатку кожнага верша і доўгім і ўрачыстым завяршэннем сімвалізуе плач Касцёла над смерцю Пана.

Сінопсіс рэформ Пія ХІІ

Пры рэформе Вялікага тыдня ў 1955 г. у Імшу Пальмавай нядзелі былі ўведзены наступныя змены. Пункты 2 і 3 датычацца таксама Вялікага аўторка і Вялікай серады.

1. Малітвы каля прыступак алтара прапускаюцца, таму што перад Імшой адбываецца іншы літургічны абрад. Тая ж змена мае месца ў абрадзе Вялікай суботы, а з рэформай 1962 г. яна пашыраецца на Папяльцовую сераду і свята Ахвяравання Пана.

2. Пры рэформе 1955 г. усе тры сінаптычныя аповеды пра Муку Пана былі скарочаны спераду: выдалены першыя трыццаць пяць вершаў у св. Мацвея, першы трыццаць адзін верш у св. Марка і першыя трыццаць восем вершаў у св. Лукі. Акрамя таго, у канцы Мукі паводле св. Мацвея таксама выдалены апошнія шэсць вершаў. Выдаленыя ўрыўкі не сустракаюцца ў іншых месцах Рымскага Імшала, які, такім чынам, больш не ўтрымлівае евангельскіх аповедаў пра падрыхтоўку, зробленую Панам для святкавання Апошняй вячэры, пра абмыванне і памазанне Ягоных ног, здраду Юды і саму Апошнюю вячэру. З заканчэння Мукі паводле св. Мацвея быў выдалены аповед пра варту, пастаўленую Пілатам і фарысеямі пры магіле Езуса. Гэты ўрывак не мае паралелей у іншых Евангеллях.

3. Адмысловы абрад спеву Мукі Пана быў амаль цалкам выдалены. Тры дыяканы выходзяць, становяцца на калені перад алтаром і прамаўляюць малітву “Munda cor meum”. Затым яны ідуць да святара, просяць аб благаслаўленні і ідуць да месца, дзе спяваецца Евангелле. Іх не суправаджаюць акаліты са свечкамі, кадзіла не выкарыстоўваецца. Апошнюю частку кожнай Мукі Пана спявае расказчык, а не імшальны дыякан; паўзы паміж Мукай і Евангеллем няма. Адмысловая мелодыя “плачу” больш не прапісана ў тыповым выданні Мукі Пана, хоць яна і не была скасавана выразным чынам. (Тая частка Мукі паводле св. Мацвея, якая спявалася на гэтую адмысловую мелодыю, была выдалена з тэксту.) Евангеліярый цэлебранту не прыносяць; цэлебранта не кадзяць.

У тыповым выданні новага OHS пры кожным згадванні Мукі рубрыка кажа: “cantatur vel legitur”, “proceditur ad cantum vel lectionem”. Такім чынам, мяркуецца, што нават у кантэксце ўрачыстай Імшы Муку можна чытаць, а не спяваць.

Трэба зазначыць, што падобнае апісанне Мукі мяркуе (як і Імшал), што прысутнічаюць тры дыяканы, якія будуць спяваць Муку і якія не належаць да трох вышэйшых служыцеляў Імшы. Зразумела, што існаваў агульны звычай, калі пры адсутнасці дастатковай колькасці духавенства вышэйшыя служыцелі бралі ролі трох дыяканаў, але гэта не трэба лічыць ідэальнай ці нарматыўнай практыкай.

Дадатак

Першапачаткова дзеля лаканічнасці я планаваў апусціць у гэтых артыкулах згадкі пра некаторыя іншыя змены, якія былі зроблены ў Імшах Пальмавай нядзелі і Вялікіх панядзелка, аўторка і серады. Гэтыя змены закранаюць тыя аспекты Імшаў Вялікага тыдня (напрыклад, складзеныя арнаты), якія не з’яўляюцца характэрнымі выключна для Вялікага тыдня.

Аднак дзеля паўнаты ў гэтым дадатку апісваюцца таксама і гэтыя аспекты рэформы.

1. У Пальмавую нядзелю прапускаецца акрапленне, якое ў норме робіцца перад кожнай урачыстай нядзельнай Імшой на працягу года.

2. У абрадах Вялікага тыдня, якія мелі месца да рэформы 1955 г., у першыя чатыры дні Вялікага тыдня, таксама як у Адвэнце і Вялікім посце, дыякан і субдыякан насілі складзеныя арнаты. [Падрабязнае апісанне выкарыстання складзеных арнатаў можна прачытаць у артыкуле Анры дэ Вілье: частка 1, частка 2. — Заўв. пер.] Пасля рэформы Вялікага тыдня ў 1955 г. дыякан і субдыякан на ўсіх гэтых чатырох Імшах носяць далматыку і туніку. Хоць пазней выкарыстанне складзеных арнатаў было скасавана ўвогуле, першапачаткова гэтая рэформа датычылася толькі Вялікага тыдня, і ў Вялікім посце і перыядзе Мукі Пана роўна да дня перад Пальмавай нядзеляй складзеныя арнаты працягвалі выкарыстоўвацца.

3. Дадатковыя малітвы, вызначаныя Імшалам св. Пія V для прамаўлення амаль што на ўсіх Імшах паслядоўнасці часу (літургічных перыядаў), былі выдалены з Імшаў Вялікіх панядзелка, аўторка і серады. (У Пальмавую нядзелю яны не прамаўляліся.) Падобным чынам, успаміны святаў святых былі прыбраны з Вялікага тыдня цалкам. У абрадзе св. Пія V яны былі выключаны з Імшы Пальмавай нядзелі (не з Афіцыя) і са Святога трыдуума.

4. У абрадах Вялікага тыдня да рэформы 1955 г. цэлебрант на ўрачыстай Імшы чытаў ціхім голасам усе часткі, якія ўголас спявалі дыякан, субдыякан або лектар. Пасля рэформы 1955 г. ён больш гэтага не робіць. Хоць “дубляванне” чытанняў (як гэта прынята называць) пазней было скасавана ўвогуле, першапачаткова гэтая рэформа датычылася толькі Вялікага тыдня, і па-за Вялікім тыднем чытанні працягвалі дублявацца.

5. У абрадах Вялікага тыдня да рэформы 1955 г. цэлебрант урачыстай Імшы або спяванай Імшы кажа першыя два словы малітвы “Orate fratres” у канцы аферторыя ўголас, а астатнюю малітву — ціха, пакуль паварочваецца да Імшала. Пасля рэформы 1955 г. ён кажа ўсю малітву “Orate fratres” гучна (“clara et elevata voce”). Па-за Вялікім тыднем малітва “Orate fratres” і далей прамаўлялася так, як у Імшале св. Пія V, пакуль не наступілі паслясаборныя літургічныя рэформы.


Аўтар: Gregory DiPippo
Крыніца: New Liturgical Movement
Ілюстрацыя: Joseph Shaw / Flickr (CC BY-NC-ND)

Пераклад зроблены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.