Падобна, што ў сувязі з нямецкім Сінадальным шляхам узнікла некаторая зацікаўленасць пытаннем цэлібату. Нагадаем, што на нашай старонцы публікаваўся адмысловы цыкл “Пра цэлібат“, які можа задаволіць першасны інтарэс цікаўных.
⭐ Пра цэлібат. 1. Уступ (тут)
Пры дапамозе гэтых артыкулаў мы пастараемся прадставіць гістарычныя і тэалагічныя падставы цэлібату духавенства і давесці, што гэта не проста дысцыплінарная справа, з якой Касцёл можа лёгка і небалюча развітацца.
⭐ Пра цэлібат. 2. Чым цэлібат адрозніваецца ад устрымання? (тут)
Біскупы, святары і дыяканы (акрамя пастаянных) абавязаны жыць у цэлібаце. Гэта азначае, што іхні стан жыцця не дазваляе ім (як і кожнаму мужчыне без жонкі) мець сэксуальныя адносіны, а таму абавязковае для кожнага хрысціяніна жыццё ў чысціні патрабуе ад іх устрымання.
⭐ Пра цэлібат. 3. Ці ёсць цэлібат у Бібліі? (тут)
Стандартным пярэчаннем супраць той ці іншай каталіцкай практыкі з’яўляецца сцвярджэнне, што яе няма ў Святым Пісанні. Вядома, каталіцкая вера і практыка трымаецца не на адным толькі Пісанні. Тым не менш, паколькі такія пярэчанні ўзнікаюць, варта разабрацца і з такім пытаннем: што пра цэлібат кажа Біблія?
⭐ Пра цэлібат. 4. “Муж адной жонкі” (тут)
Прыклад жыцця нашага Пана, Ягонае вучэнне, а таксама старазапаветная практыка ясна сведчаць на карысць цэлібату і ўстрымання. Для паўнаты карціны, аднак, варта разгледзець парады і прадпісанні, якія дае апостал Павел.
⭐ Пра цэлібат. 5. Насаджаная дысцыпліна ці неад’емны элемент святарства? (тут)
Каб разабрацца, якім чынам гэтая практыка ўкаранілася ў жыцці Касцёла, нам варта пераскочыць ажно ў ХІХ ст., калі вакол цэлібату (а дакладней, яго скасавання) разварочвалася дыскусія, якая адначасова стала апошнім значным навуковым даследаваннем гэтага пытання.
⭐ Пра цэлібат. 6. Настаўніцкія і патрыстычныя прамовы ў абарону ўстрымання духавенства (тут)
Хоць пераслед Касцёла яшчэ трываў, у 305 годзе быў скліканы мясцовы сабор у Эльвіры, які зрабіў першую на Усходзе і на Захадзе пісьмовую пастанову, звязаную з устрыманнем духавенства. Канон 33 гэтага Сабору запісаны наступным чынам: “Было палічана правільным абсалютна забараніць біскупам, прэзбітэрам і дыяканам, гэта значыць усяму духавенству, якое займае пасаду ў служэнні, мець [сэксуальныя] адносіны са сваімі жонкамі і нараджаць дзяцей. Хто ж фактычна робіць гэта, павінен быць выдалены з гонару духоўнага стану”.
⭐ Пра цэлібат. 7. Як Пафнуцій дысцыпліну на Усходзе разбураў (тут)
У далейшых допісах мы вернемся да развіцця лацінскай практыкі, а зараз зробім кароткі экскурс на Усход і дадзім адказ на пытанне, як сталася так, што ва Усходнім Касцёле з’явіліся жанатыя святары. Гэта не пустая цікаўнасць і не жаданне ведаць, як у суседзяў: адзін з аргументаў за скасаванне цэлібату засноўваецца якраз на тым поглядзе, што менавіта Усходнія Касцёлы, дазваляючы святарам жыць сямейным жыццём, захавалі старажытную апостальскую практыку. Лацінскі ж Касцёл крытыкуюць за тое, што з часам ён увёў для духавенства больш жорсткую практыку нежанатага жыцця. Кажуць, што Лацінскаму Касцёлу варта сёння вярнуцца да “першаснай” практыкі, тым больш што цэлібат стаў для яго зусім нязносны.
⭐ Пра цэлібат. 8. Трульскі сабор і прыняцце жанатага святарства на Усходзе (тут)
Менавіта па волі імператара Юстыніяна ІІ і быў скліканы Трульскі сабор (691–692), які нас цікавіць у сувязі з тэмай цэлібату. За дзесяць гадоў да яго таксама ў сталіцы Візантыйскай імперыі адбыўся Трэці Канстанцінопальскі сабор (680–681), які займаўся дактрынальнымі пытаннямі, аднак нічога не пастанавіў адносна дысцыпліны. Паколькі ж дысцыпліна паступова распадалася, імператар вырашыў прывесці яе ў парадак і склікаў Трульскі сабор. Гэты сабор прыняў 102 каноны, якія ўнеслі ў Сінтагму, і тая стала называцца дапоўненай Сінтагмай (Syntagma adauctum). Гэта быў апошні агульны кодэкс усяго Візантыйскага Касцёла.
⭐ Пра цэлібат. 9. Ад Сярэднявечча да нашых дзён (тут)
Пасля Трыдэнцкага сабору Папы неаднаразова падтрымлівалі абавязковы цэлібат як пісьмова, у шэрагу дакументаў (Грыгорый XVI, Mirari vos, 1834; Пій ІХ, Qui pluribus, 1848), так і на справе. Гэта, напрыклад, можна бачыць з гісторыі Французскай рэвалюцыі. Святары, якія жаніліся падчас гэтай рэвалюцыі, павінны былі альбо адмовіцца ад свайго (несапраўднага) сужэнства і вярнуцца да выканання святарскіх функцый, альбо прайсці праз працэдуру санацыі сужэнства, але тады яны назаўсёды выключаліся са святарскага служэння.