Выпуск 22. “Паслясаборныя рэформы: усё павінна змяніцца”

Гэтае відэа можна праглядзець з беларускімі субцітрамі.

Вы слухаеце падкаст FSSPX, і мы вітаем вас у выпуску 22 праграмы “Крызіс у Касцёле”. Гэтым выпускам мы пачынаем разгляд перыяду пасля ІІ Ватыканскага сабору. На працягу наступных прыкладна 20 выпускаў мы зоймемся такімі тэмамі, як Імша Novus Ordo, рэлігійная свабода, калегіяльнасць, герменеўтыка неразрыўнасці, фініізм, паслухмянасць і яе межы, седэвакантызм, экуменізм, беспамылковасць, новыя кананізацыі, замяшчальная юрысдыкцыя і многае іншае. Сёння ж мы пачнём з рэформ, якія пачалі адбывацца адразу пасля ІІ Ватыканскага сабору. Кс. Джон Марк Макфарленд распавядзе нам пра непасрэдныя наступствы Сабору і пакажа нам, што Сабор і дух ІІ Ватыканскага сабору азначалі раптоўны перагляд і дэфармацыю ўсяго ў Касцёле. Калі вы хочаце даведацца больш пра гэтую праграму, якую мы прысвячаем крызісу ў Касцёле, вярнуцца назад і перагледзець наш папярэдні 21 выпуск або падтрымаць гэты праект, калі ласка, наведайце старонку sspxpodcast.com/crisis. А цяпер пяройдзем да нашай размовы з кс. Макфарлендам.


  1. Дух Сабору як штуршок да рэформ
  2. Мадэрнісцкі ўплыў на рэформы
  3. Рэформа Рымскай курыі
  4. Рэлігійная свабода ў адносінах з дзяржавамі
  5. Рэформы ў манаскіх ордэнах
  6. Як рэформы закранулі вернікаў?

Дух Сабору як штуршок да рэформ

Эндру Лэтэм: Зноў вітаем на падкасце FSSPX, у нашым чарговым выпуску праграмы “Крызіс у Касцёле”. Вітаем кс. Макфарленда з прыярата Маці Божай Балеснай у Фініксе. Вітаю, ойча. Як вашыя справы?

Кс. Джон Макфарленд: Вельмі добра, Эндру.

Добра, вельмі добра! Сёння мы размаўляем пра паслясаборныя рэформы, пра тое, што адбылося пасля Сабору. Мы з вамі гутарылі хвіліну таму, пакуль не пачалі падкаст, і я спытаўся ў вас, ці праўда гэта і ці можна сказаць, што большасць тых рэчаў, якія мы, каталікі, успрымаем як праблематычныя элементы ў паслясаборным Касцёле, насамрэч не мелі месца падчас Сабору. Магчыма, яны здарыліся па прычыне Сабору, але большасць інавацый і змен — кепскіх рэчаў, кажучы простай мовай, якія мы бачым сёння ў Касцёле, насамрэч здарыліся пасля Сабору. Ці так гэта?

Несумненна. Сабор — гэта штуршок, гэта пачатак, але ўсё пачалося адтуль і развілося да вялікіх маштабаў. Вядома, не ўсё, што мы бачым, а дакладней адносна малы працэнт, нават можна сказаць, на дзіва малы працэнт гэтых меркаваных рэформ у Касцёле выразна згадваецца на Саборы.

Добра. Шмат рэформ, шмат змен, якія адбыліся, рабіліся пад дэвізам або з ідэяй духу ІІ Ватыканскага сабору. Гэта штосьці ўнікальнае: мы не бачым, каб існаваў дух Трыдэнцкага сабору або дух Фларэнтыйскага сабору, затое шмат чуем пра дух ІІ Ватыканскага сабору. Я думаю, мы можам пачаць адсюль.

Так. І са свайго боку, як традыцыяналісты, мы кажам, што апраўданне гэтых рэчаў, апраўданне гэтых навінак робіцца пры дапамозе духу ІІ Ватыканскага сабору. Яно, можна сказаць, несумненна, выходзіць за межы літаральных фармуліровак у дакументах. І прычына, чаму мы так кажам, заключаецца ў тым, што мадэрністы кажуць дакладна тое самае! Пры абмеркаванні той ці іншай рэформы яны кажуць: “Магчыма, гэтага няма ў саміх дакументах Сабору, але гэта дакладна ў духу Сабору, у тым жа напрамку. Гэта тое, чаго Сабор хацеў, нават калі не казаў гэтага наўпрост”.

Значыць, менавіта такім апраўданнем карыстаюцца мадэрністы. Яны кажуць, што гэтага не было ў дакументах Сабору, але каб рэалізаваць дух, каб рэалізаваць тое, што здарылася на Саборы, мы павінны працягваць ісці тым жа шляхам.

Так, але на дакументы таксама варта глядзець. У іх заключаны пэўны дух, які бярэцца з таго, што не акрэсліваюцца рэчы, не паясняюцца догматы. Пануе гэтая ідэя пастаральнасці, працягвання рукі, адкрыцця на свет. Вось адкуль бярэцца гэты дух.

Возьмем хаця б ідэю навізны. Слова “novus” або нейкая яго варыяцыя 212 разоў з’яўляецца ў саміх дакументах ІІ Ватыканскага сабору. Гэтае слова азначае “новы”. Гэта значна больш, чым на любым іншым Саборы. Павел VI казаў, што слова “навізна” было дадзена нам як парадак і праграма. Таму мы бачым хаця б у самім падборы слоў, што гэтае імкненне да чагосьці новага насамрэч і з’яўляецца гэтым духам Сабору, нават калі ён не пералічвае выразна ўсе гэтыя канкрэтныя новыя рэформы.

Некалькім іншым нашым святарам я задаваў адно і тое ж пытанне ў розных варыянтах. Гэта пытанне “навошта?” Навошта айцам Сабору былі патрэбны ўсе гэтыя змены, усе гэтыя здарэнні? У гэтым кантэксце я спытаюся ў вас, ойча: што яны спрабавалі зрабіць, калі перайначвалі ўсё на новае? Ім проста не падабалася старое, традыцыйнае?

Я думаю, што гэта залежыць ад канкрэтнага айца Сабору. Напэўна, многія з іх проста далучаліся да руху ў тым сэнсе, што не прасоўвалі гэтую праграму, але ім здавалася, што гэта тое, чаго хоча Папа, таму яны падпарадкоўваліся. Але многія з іх сапраўды мелі жаданне стварыць новы Касцёл, больш засяроджаны на чалавецтве, больш адпаведны філасофіі і агульнаму мысленню сучаснага свету. Так было па розных прычынах. Што гэта былі за прычыны? Спатрэбіцца шмат даследванняў, каб паспрабаваць сфармуляваць канкрэтна, што было ў галаве кожнай асобы. Але, несумненна, тут ёсць жаданне ісці ў нагу з сучасным светам, жаданне фактычна перастаць змагацца.

І тая ідэя, што трэба заключыць саюз, арганізаваць экуменізм, мы б сказалі фальшывы экуменізм, з іншымі рэлігіямі, з іншымі народамі.

Так, пэўнае паразуменне, пэўны спакой з усімі, які не засноўваецца на праўдзе, не засноўваецца на спакоі, які прынёс наш Пан Езус Хрыстус, які даецца ў Ягоным Касцёле. Жаданне стварыць новы суперкасцёл, які ў рэшце рэшт акружыць і ахопіць усіх, але ім не прыйдзецца рабіць увогуле нічога.

Так. Калі вы кажаце “суперкасцёл”, я пачынаю пасмейвацца, таму што гэта гучыць, як супермаркет Уолмарт. Але сучасны Касцёл чымсьці да яго падобны: ён такі вялікі і адкрыты, там ёсць людзі, якія вітаюць цябе пры ўваходзе… (смяюцца).

Мадэрнісцкі ўплыў на рэформы

Добра. Значыць, гэта дух ІІ Ватыканскага сабору. Гэта штосьці, што падказвае нам, у якім напрамку пойдуць усе астатнія паслясаборныя рэформы. Яны будуць браць ідэі, што прысутнічалі на Саборы, а затым стануць будаваць на іх. Куды мы ідзём далей? Што яшчэ будзе пасоўваць гэтыя рэформы? Напэўна, мадэрнізм?

Так, несумненна, мадэрнізм уплывае на Сабор, асабліва праз экспертаў — periti, як мы называем іх, — прафесійных тэолагаў, што дапамагалі канкрэтным біскупам. Некаторыя з іх мелі незвычайна вялікі ўплыў. Гэта такія знакамітыя імёны, як дэ Любак, Кангар, Ранэр, Кюнг, які памёр пару дзён таму. Спакой ягонай душы. Гэтыя людзі аказвалі мадэрністычны ўплыў, як самі ў гэтым прызнаваліся, і былі самымі ўплывовымі людзьмі на Саборы. Карл Ранэр, напэўна, быў самым уплывовым сярод усіх.

Ёсць пэўная сувязь паміж неамадэрнізмам, які мы вывучалі 4-5 выпускаў таму, паміж тымі персанажамі, якіх вы толькі што назвалі, а таксама рэформамі, якія наступяць пазней. Тут ёсць гістарычная сувязь, але таксама свайго роду духоўная і ідэалагічная сувязь.

Так, несумненна, гэтая ідэя навізны, антрапацэнтрычнасці рухаецца пад уплывам неамадэрнізму. Можна сказаць, што неамадэрнізм і з’яўляецца гэтым таямнічым духам Сабору. Вы бачылі гэты відавочны адыход на Саборы ад традыцыйнага спосабу мыслення, разыходжанне паміж арыгінальнымі схемамі, якія былі падрыхтаваны перад Саборам, і тым, з чым мы ў выніку апынуліся: з новымі схемамі і новымі дакументамі, якія былі падрыхтаваны неамадэрністамі. Гэта штосьці зусім іншае.

Пасля Сабору мы бачым далейшы ўплыў тых жа людзей. Афіцыйны каментарый да саборных дакументаў 95 разоў цытуе Ранэра, 67 разоў цытуе Кангара, 15 разоў — дэ Любака. Святы Тамаш з’яўляецца 48 разоў. Карл Ранэр цытуецца амаль у два разы часцей, чым самы вялікі тэолаг у гісторыі Каталіцкага Касцёла. Здаецца, тут штосьці не зусім у парадку.

Аптыміст мог бы сказаць: добра, што яго ўвогуле цытавалі! Значыць, мы бачылі, што гэтыя неамадэрністы аказвалі вялікі ўплыў на сам Сабор, але яны таксама будуць аказваць нават большы ці роўны ўплыў на перыяд пасля Сабору, у рэалізацыі некаторых з гэтых рэформ.

Так. У 1966 г. Павел VI стварае пяць камісій па інтэрпрэтацыі саборных тэкстаў. Нам патрэбны камісіі, каб інтэрпрэтаваць тэксты Сабору! Напэўна, там штосьці не да канца зразумела. Большасць членаў у гэтых камісіях — гэта былыя эксперты на Саборы. Некаторыя імёны з тых, што мы толькі што называлі: Ранэр і дэ Любак прызначаны ў Міжнародную тэалагічную камісію; дэ Любак, фон Бальтазар, а таксама кс. Ратцынгер, які быў тэолагам-неамадэрністам, былі менаваны кардыналамі Янам Паўлам ІІ. Кардынал Ратцынгер перад тым, як стаць Папам, быў адным з самых уплывовых людзей у Курыі, бо з’яўляўся прэфектам Кангрэгацыі дактрыны веры, старшынёй Міжнароднай тэалагічнай камісіі і Папскай біблейскай камісіі. Паслясаборныя Папы даволі часта выказвалі сваё захапленне гэтымі мадэрністычнымі і неамадэрністычнымі мыслярамі.

Цікава, што вы згадалі Кюнга, які адышоў некалькі дзён таму, незадоўга да таго, як мы запісваем гэты падкаст у пачатку красавіка. Ён быў асуджаны або цэнзураваны, здаецца, у 1979 г. Я чытаў некаторыя артыкулы пра яго. У дзень ягонай смерці Папская акадэмія жыцця ў сваім твітар-акаўнце апублікавала пахвалу яму, кажучы, што ён быў вялікім мысляром, ён прымушаў людзей думаць, прымушаў іх разважаць над рэчамі. Але яго цэнзуравалі, а тут афіцыйны орган Ватыкана фактычна хваліць яго! Гэтыя тэолагі былі асуджаны, магчыма, не па імені, Піем ХІІ, яны былі асуджаны нават потым, але яны ўсё ж працягваюць дзейнічаць, застаюцца на высокіх пазіцыях.

Пакаранне Ханса Кюнга было даволі лагодным: яму забаранілі выкладаць у семінарыях і ўніверсітэтах, і на гэтым усё. Ён заставаўся святаром у добрым становішчы, ён мог працягваць прапаведаваць, удзяляць сакрамэнты і г. д. У хуткім часе пасля абрання Бенедыкта XVI яны мелі доўгую вячэру разам у Ватыкане, магчыма, размаўляючы пра старыя часы або штосьці. Але ён, несумненна, не быў персонай нон грата. Яго працягвалі хваліць і пра яго добра думалі ў многіх касцёльных колах.

Рэформа Рымскай курыі

Мы паразмаўлялі пра дух, пра людзей, якія былі ў гэта замешаны. Давайце скажам пра змены, якія адбыліся, пра некаторыя канкрэтныя прыклады, пра кіраванне Касцёлам, якое змянілася пасля гэтых часоў.

Добра. Зноў мы маем гэтую ідэю навізны, і сам Павел VI (важна гэта зазначыць), а таксама гэтыя эксперты, гэтыя тэолагі пераводзяць стрэлкі з дактрынальных рэек на ідэалагічныя. Але Папа і біскупы з’яўляюцца саўдзельнікамі: яны даюць гэтым людзям тую ўладу, якую яны маюць.

Пасля Сабору былі тыя самыя біскупы, якія былі на Саборы, якія праяўлялі актыўнасць на Саборы і якія потым будуць уводзіць гэтыя новыя рэформы на месцы, у сваіх дыяцэзіях. Асабліва сам Павел VI уводзіць гэтыя змены ў паўсюдным Касцёле і ў Рыме. Таму перадусім трэба сказаць пра перабудову Курыі — гэтых падраздзяленняў у Ватыкане, якія дапамагаюць Папу.

Там была Святая Канцылярыя — тая частка Курыі, якая займалася веравучэннем і была заснавана ў XVІ ст. Яна змагалася з ерасямі і спрабавала перамагаць небяспеку для веры. У 1965 г. яна была зменена. Яе перайменавалі ў Кангрэгацыю дактрыны веры.

Спіс забароненых кніг, які яна фарміравала, быў проста скасаваны. У законе больш не будзе абавязку пазбягаць чытання пэўных кніг, якія могуць быць ерэтычнымі, амаральнымі і г. д. Гэты спіс быў інструментам Святой Канцылярыі, а цяпер ён раптоўна знік.

Таксама, калі Святая Канцылярыя вяла расследаванне ў дачыненні да пэўных аўтараў або ў падазрэнні ў ерасі, яна праводзіла гэтыя расследаванні сакрэтна, каб на яе нельга было ўплываць палітычным ціскам і тым самым пазбегнуць асуджэнняў. Гэтая практыка таксама была спынена падчас рэформы 1965 г. Цяпер вядома, у дачыненні да каго праводзяць расследаванне, так што, напрыклад, калі гэта езуіт, то настаяцелі езуітаў, а калі гэта святар з дыяцэзіі, то ягоны біскуп могуць зрабіць усё магчымае, каб прадухіліць асуджэнне гэтага святара, які ім падпарадкаваны.

Святая Канцылярыя была галоўным падраздзяленнем Рымскай курыі. Усе астатнія падпарадкоўваліся ёй. Яе змясцілі з гэтай пазіцыі і замянілі Дзяржаўным сакратарыятам, і гэта даволі вымоўна. Дзяржсакратарыят займаецца і ўнутранымі справамі, і знешнімі справамі Касцёла, але, фактычна, гэта дыпламатычны орган Курыі. Адпаведна, дыпламатыя займае месца веравучэння. Гэта ў нейкім сэнсе падсумоўвае ўвесь дух ІІ Ватыканскага сабору, як па мне.

Гэта і фактычна, і сімвалічна кажа, што веравучэнне больш не з’яўляецца ў Касцёле самай важнай справай. Дыпламатыя становіцца самай важнай справай. Падраздзяленне, якое ўзначальваў кардынал Атавіяні, дзе ён змагаўся за ўратаванне Традыцыі і за чысціню вучэння, больш не настолькі важнае.

Так, яно пераходзіць на другое месца па важнасці.

Рэлігійная свабода ў адносінах з дзяржавамі

Што датычыцца саборнага вучэння. Дэкларацыя Dignitatis humanae кажа пра тое, што ў людзей павінна быць больш магчымасці выбіраць сваю рэлігію, жыць у спакоі і г. д. Але пасля ІІ Ватыканскага сабору Ватыкан бярэ тое, што напісана ў Dignitatis humanae, і пачынае сапраўды прымяняць гэта на практыцы. Можна так сказаць?

Так, прычым робіць гэта больш ясна, чым Dignitatis humanae выказваецца пра гэта. Выраз у Dignitatis humanae вельмі неадназначны і няпоўны, але пасля Сабору Ватыкан пачынае заахвочваць секулярызацыю каталіцкіх дзяржаў, каб каталіцкая рэлігія больш не прызнавалася адзінай афіцыйнай рэлігіяй той ці іншай дзяржавы, як гэта было ў Іспаніі, Італіі, некаторых паўднёваамерыканскіх народах.

Канкардат, гэта значыць пагаджэнне з урадам Італіі, які быў заключаны ў 1929 г., цалкам перагледзелі. Перамовы скончыліся ў 1984 г. І там той прынцып, што каталіцкая рэлігія з’яўляецца адзінай афіцыйнай рэлігіяй італьянскай дзяржавы, больш не мае сілы. Ён быў скасаваны, і гэта прывяло да жахлівых наступстваў. У Італіі цяпер ёсць разводы, у іх самая нізкая нараджальнасць у свеце. На гэта, вядома, уплываюць таксама іншыя фактары, але, несумненна, гэтае выдаленне Касцёла з важнага месца ў жыцці італьянскага грамадства робіць свой унёсак.

Калі чуеш пра гэта, пра гэтае разбурэнне ўладарання Хрыста, ты пачынаеш больш ясна разумець, навошта арцыбіскуп Лефеўр напісаў кнігу “Яны Яго развянчалі”.

Так, гэта раўназначна сцвярджэнню, што наш Пан больш не мае канкрэтнага месца ў грамадскім жыцці, хіба што ўплывае на нас як на індывідуальных людзей. Гэта абсалютная няпраўда: калі людзі індывідуальна абавязаны ісці за Хрыстом, то і людзі калектыўна абавязаны ісці за Хрыстом. Таму гэта, несумненна, падрывае гэты факт. Гэта не прамое пярэчанне, але вельмі і вельмі выглядае як пярэчанне.

Так.

І адна справа казаць, што ў многіх месцах у дадзены момант гэта не практычна, што гэта немагчыма практыкаваць, што многія дзяржавы супраціўляюцца і г. д. І зусім іншая справа — проста саступіць гэтаму так, быццам бы гэта нейкі ідэал, быццам бы мы цяпер усе больш свабодныя і больш сталыя, а сучасны чалавек лепш разумее сябе і свой свет. Гэта проста нонсэнс.

Мы бачым гэта ў абсалютным дактрынальным рэлятывізме ў сучасным свеце, а таксама мы бачым гэта ў маральным рэлятывізме. Я маю на ўвазе абсурдныя сітуацыі з гомасэксуальнымі шлюбамі, увесь гэты трансгендэрны нонсэнс, спрыянне абортам і кантрацэпцыі — гэтыя рэчы разбураюць людское грамадства вакол нас. Яны паходзяць з такой вось ментальнасці. Я не кажу, што яны пачаліся ў гэты момант, але гэтая ментальнасць у свеце, якая потым напоўніла Касцёл, прывяла нас да гэтых бедаў на маральным і сацыяльным узроўнях.

Так. Гэта канфлікт паміж светам рэлігійнай цярпімасці і светам рэлігійнай свабоды. Гэтыя дзве рэчы не азначаюць таго самага.

І гэтае прыняцце не было б магчымым без Dignitatis humanae. Яно апраўдваецца апеляцыяй да Сабору, да таго, што менавіта гэтага хацеў Сабор. Таму можна выдумляць прававерныя тлумачэнні гэтаму выразу ў Dignitatis humanae: магчыма, ён азначае іншае; магчыма, гэта беспамылковае сцвярджэнне… Што немагчыма, але гэта абмеркаванне на іншы час. Казаць, што можа існаваць прававерная інтэрпрэтацыя… Як яго інтэрпрэтуе Павел VI — Папа, які падпісаў і прасоўваў яго? Якая ягоная інтэрпрэтацыя? Ягоная інтэрпрэтацыя такая, што дзяржава больш не павінна быць каталіцкай. І ў сучасным свеце не засталося каталіцкіх дзяржаў.

Рэформы ў манаскіх ордэнах

Што з манаскімі ордэнамі? Яны засталіся некранутымі ў гэты перыяд? Свайго роду навадное пытанне…

Свайго роду… (Смяецца.) Кожны, хто мае справу з манаскімі законамі ў сучасным Касцёле, разумее, што адбываецца. У самым першым выпуску, размаўляючы пра крызіс у Касцёле, мы казалі пра разбурэнне манаскага жыцця. Пасля Сабору кожны манаскі закон быў абавязаны правесці адмысловы генеральны капітул, каб абнавіць свае канстытуцыі і дастасаваць іх да дэкрэта ІІ Ватыканскага сабору Perfectae caritatis, які датычыцца манаскіх ордэнаў.

Картузіянцы, пра якіх казалі, што яны “ніколі не рэфармаваліся, бо ніколі не дэфармаваліся”, папрасілі дазвол не праводзіць адмысловы капітул, сказаўшы, што ў іх канстытуцыях няма нічога няправільнага, няма ніякіх праблем, што яны хочуць пакінуць усё як ёсць. Ім гэты дазвол не далі. Ім прыйшлося зрабіць некаторыя змены: літургічныя змены, пэўныя дысцыплінарныя змены.

Мы бачым таксама акрэсленне манаскага жыцця ў адносінах перадусім да чалавека, а не да Бога; у адносінах да службы людскім істотам, а не да славы, якая аддаецца Богу выключным прысвячэннем Яму душы праз манаскія абяцанні.

Многія з нас мелі асабісты досвед гэтых змен, назіраючы скасаванне манаскіх хабітаў або вельмі рэдкае нашэнне манаскіх хабітаў. Іх выцягваюць на вельмі рэдкія нагоды, абтрасаюць пыл і апранаюць, а ў цэлым ходзяць па горадзе ў брыджах і гавайскіх кашулях. Манашкі ў штанах і таму падобнае. Гэта таксама жыццё па-за супольнасцю. Фактычна, прыбіраецца ўсё, што ўводзіць розніцу паміж манаскім і свецкім.

Аднойчы ў размове хтосьці расказваў мне пра сваячку, якая была манахіняй, што яна належыць да такога і такога вялікага ордэна, дзе ёй не трэба жыць у супольнасці, дзе ў яе ёсць свая кватэра, дзе ёй не трэба насіць хабіт, яна можа апранацца як хоча… У чым сэнс? Калі тваё жыццё будзе дакладна такім жа, як у астатніх, навошта станавіцца манахам? Гэтае ж пытанне задае ўвесь свет, таму ніхто не хоча станавіцца манахам. Ордэны выміраюць ва ўсім свеце, таму што нікому гэта не патрэбна.

Падарвана нават разуменне паслухмянасці. Яно стала дыялогам паміж настаяцелям і падначаленым, каб вызначыць Божую волю. Зноў жа тут бачны дух Сабору, у якім слова “дыялог” згадваецца 28 разоў, тады як раней яно ніколі не выкарыстоўвалася ў настаўніцкіх дакументах. Гэта цалкам адпавядае духу ІІ Ватыканскага сабору. Апеляцыя да Сабору: важна, каб быў дыялог, важна засяродзіцца на чалавеку, — таму мы пераробліваем таксама і манаскае жыццё ў адпаведнасці з ім.

Як рэформы закранулі вернікаў?

Але ў брыджах вы становіцеся значна больш сяброўскім, ойча! (Смяюцца.) Жартую. Гэта некаторыя змены ў касцёльным кіраванні і палітыцы. Тое, аб чым я хацеў паразмаўляць у апошняй частцы на сёння, гэта тое, якім чынам яны прасоўваюць гэты мадэрнізм, гэты Сабор у жыццё вернікаў. Усё гэта датычыцца таго, як Касцёл арганізаваны, як ён структураваны, а цяпер давайце пяройдзем да таго, як ІІ Ватыканскі сабор закранае вернікаў. Тут, зразумела, будзе новая Імша – пра яе мы не будзем казаць сёння. Пра яе мы зробім некалькі асобных выпускаў. Больш, чым некалькі… Але як яшчэ паслясаборныя рэформы закранулі жыццё вернікаў?

Зразумела, новая Імша — гэта тое, дзе ўсе кожны тыдзень кантактуюць з Касцёлам, калі можна так выразіцца. Таму гэта будзе найважнейшая з усіх рэчаў, якая заслугоўвае асобнага разгляду.

Другая рэч — гэта катэхізацыя. Пачалося выданне катэхізісаў, што знаходзяцца ў адпаведнасці і апраўдваюцца духам ІІ Ватыканскага сабору. Яны атрымліваюцца не зусім дагматычнымі, яны антрапацэнтрычныя, яны больш абапіраюцца на ідэі рэлігійнага досведу, чым на аб’ектыўныя факты. Найгоршы з іх — гэта сумна вядомы “Галандскі катэхізіс”, які адмаўляе некаторыя догматы: Уцелаўленне, Рэальную Прысутнасць, службовае святарства, існаванне анёлаў…

І каб было зразумела, як усё працуе ў сучасным Касцёле. Кангрэгацыя дактрыны веры, былая Святая Канцылярыя, асуджае “Галандскі катэхізіс”. Але пачынаюцца палітычныя махінацыі і г. д., і Кангрэгацыя дактрыны веры дазваляе друкаваць “Галандскі катэхізіс” пры ўмове, што асуджэнне будзе ўключана ў яго ў якасці дадатку.

Таму што гэта дапаможа.

Думаю, так… У ім ёсць прамыя ерасі, а яго ўсё адно дазваляюць. Яго і цяпер можна знайсці ў каталіцкіх кнігарнях. Больш артадаксальныя не будуць прадаваць яго, але ў прынцыпе ён існуе.

Зробім крок назад, ойча. Вы кажаце пра гэты “Галандскі катэхізіс”. Гэта катэхізіс для галандскамоўнага свету? Або гэта пераклад?..

Гэта катэхізіс, падрыхтаваны канферэнцыяй біскупаў Нідэрландаў. Дарэчы, яшчэ адна рэч, пра якую мы маглі б сказаць, гэта ўзнікненне біскупскіх канферэнцый як органаў фактычнай улады і іх бітвы супраць нават лагоднага выканання ўлады Рымскай курыяй за апошнія 50 гадоў. Але неўзабаве пасля ІІ Ватыканскага сабору паасобныя канферэнцыі біскупаў пачалі рыхтаваць свае ўласныя катэхізісы. “Галандскі катэхізіс” — найгоршы з іх.

Значыць, гэта штосьці падобнае, як калі б канферэнцыя біскупаў ЗША выдала катэхізіс для ўсіх дыяцэзій Злучаных Штатаў.

Штосьці такое.

Добра, зразумела.

Французскія біскупы таксама падрыхтавалі свой катэхізіс, які называўся “Жывыя камяні” і таксама меў мноства ерасяў. Кардынал Ратцынгер, які ўзначальваў тады Кангрэгацыю дактрыны веры, асудзіў яго, а затым адклікаў свае словы, калі французскія біскупы кінуліся яго абараняць. Дыпламатыя вышэй за вучэнне.

Ого. Падобна на тое, што яны хочуць зрабіць штосьці правільна, але як толькі сустракаюцца з якім-небудзь самым малым адпорам, адразу ж кажуць: “А, не-не, усё добра”. Мы дазваляем публікаваць яго з дадаткам. А, не, мы дазваляем французскім біскупам публікаваць яго нават з ерасямі.

Мы можам дайсці да пэўнага роду кампрамісу, у межах якога нас фактычна цалкам пераедуць, а мы затым, магчыма, прымем некаторыя меры, каб захаваць твар.

Зразумела.

Немагчыма дамаўляцца, немагчыма дзейнічаць дыпламатычна з рэвалюцыяй. Гэта не працуе. Яны проста хочуць адрэзаць вам галаву.

Затым з’явіўся “Катэхізіс Каталіцкага Касцёла” — афіцыйная кніга, выдадзеная ў Рыме. У ім мы бачым пэўную, можна сказаць, кансерватыўную эвалюцыю. Ён падрыхтаваны пры Яне Паўле ІІ з удзелам кардынала Ратцынгера, пазней Бенедыкта XVI. Але ён зноў жа задуманы як выраз духу ІІ Ватыканскага сабору. Ян Павел ІІ казаў:

“Разам з літургічнай рэформай і новым Кодэксам кананічнага права новы Катэхізіс дае цвёрды падмурак для касцёльнай рэформы, распачатай Саборам”.

Вось. І сам “Катэхізіс” па большай частцы з’яўляецца нізкай цытат з ІІ Ватыканскага сабору. У ім вельмі шмат абсалютна артадаксальных рэчаў. У ім няма шакуючых ерасяў, як у галандскім ці французскім катэхізісах. Несумненна, ёсць некаторыя праблематычныя ўрыўкі, напрыклад:

“Стары Запавет з’яўляецца неад’емнай часткай Святога Пісання. Яго кнігі з’яўляюцца боганатхнёнымі і захоўваюць непраходзячае значэнне [тут усё добра], таму што Стары Запавет ніколі не быў адкліканы”.

Гэта ўводзіць у аблуду. Гэта падразумявае, што Стары Запавет усё яшчэ мае моц, а гэта не так. Ён быў заменены прыйсцем Езуса Хрыста. Гэта пастаяннае вучэнне Касцёла на працягу 2000 гадоў. Або:

“Аднак падзел паміж хрысціянамі з’яўляецца для Касцёла перашкодай на шляху да рэалізацыі ўласцівай яму поўні каталіцкасці ў тых яго дзецях, якія праз хрост да яго належаць, але адлучыліся ад поўнай еднасці з ім”.

Гэта цытата з Unitatis redintegratio — дакумента ІІ Ватыканскага сабору пра экуменізм. Цытата даслоўная. Няздольнасць тых, хто называе сябе хрысціянамі, увайсці ў Каталіцкі Касцёл або іх адыход ад Каталіцкага Касцёла не пазбаўляе Касцёл ягонай каталіцкасці.

Дакладна.

Тут таксама ўводзіцца ідэя поўнай і няпоўнай еднасці, якая не з’яўляецца традыцыйнай, якая ўводзіцца на ІІ Ватыканскім саборы і якой ніколі не бачылі ў гісторыі Касцёла.

Але чаму б не ўставіць гэта? Усё ж у парадку.

Так, гэта адпавядае ўсёй экуменічнай лініі Сабору і духу Сабору.

Так. Гэта вельмі цікава. Мы хутка паглядзелі на некаторыя змены, якія адбыліся пасля ІІ Ватыканскага сабору, і мы бачым, што гэта будзе нарастаць, як снежны камяк. Гэта тыя змены, што адбываюцца непасрэдна пасля Сабору. І гэта вельмі дзіўна, таму што, калі зрабіць крок назад і паглядзець на ўсё гэта… Я нарадзіўся ў 1982 г., ужо пасля таго, як многае з гэтага адбылося, але калі зрабіць крок назад і азірнуцца, то акажацца, што ў Касцёле нішто не засталося некранутым гэтым духам ІІ Ватыканскага сабору. Гэта поўная мадэрнізацыя Каталіцкага Касцёла ў яго іерархіі, кіраванні, у тым, як усё робіцца, у катэхізацыі — абсалютна ва ўсім.

Так, і гэта спускаецца ўніз і там закранае таксама ўсё. На літургічную рэформу мы паглядзім пазней, але нават касцёлы выглядаюць па-іншаму. Можна схадзіць у касцёл, пабудаваны 100 гадоў таму, і ў касцёл, пабудаваны 30 гадоў таму, — яны выразна розныя. Убранне іншае, музыка іншая, штодзённае жыццё каталікоў, практыка набажэнстваў, кнігі, якія яны чытаюць, — усё іншае. Усё мусіла змяніцца, і ўсё апраўдвалася духам Сабору.

Але гэта было варта таго! (Смяюцца.) Насамрэч, не, жартую.

Усе стала значна лепш, праўда?

Так, вядома, стала. Вернемся зноў жа да нашага першага выпуску. У Касцёле поўная катастрофа. Мне здаецца, я казаў гэта пры той размове, што яны маглі б зрабіць крок назад, паглядзець на ўсё і сказаць: напэўна, трэба вярнуцца, напэўна, трэба паспрабаваць усё выправіць.

Частка праблемы заключаецца ў назойлівай ідэі, што неабходна ратаваць Сабор. Ёсць такая герменеўтыка неразрыўнасці. Калі існуе герменеўтыка, значыць трэба штосьці інтэрпрэтаваць. І калі ваш аўтарытэтны Сабор мае неабходнасць у сістэме інтэрпрэтацыі, то ён не вельмі аўтарытэтны. Тут ёсць штосьці фундаментальна няправільнае.

Але яны спрабуюць уратаваць Сабор і сказаць, што праблема была не ў Саборы, а ў тым, як людзі рэалізавалі Сабор. Але адны і тыя ж ідэі ляжаць у аснове рэчаў, якія былі адрознымі і новымі на Саборы, і тых рэформ, якія адбыліся пасля. Гэта ўсё рабілі адны і тыя ж людзі. Гэта тыя самыя тэолагі, тыя самыя біскупы, той самы Папа! Павел VI застаецца Папам яшчэ 13 гадоў пасля заканчэння Сабору. Ян Павел ІІ быў біскупам на Саборы. Бенедыкт XVI быў тэолагам на Саборы. Рэформы ўводзілі тыя самыя людзі.

Таму казаць, што хтосьці здабыў кантроль над Саборам… Хто здабыў кантроль? У каго ён перахапіў яго? Якраз тут ёсць неразрыўнасць. Справы горшаюць. Ёсць людзі, якія хочуць у пэўнай ступені націснуць на тармазы, ёсць тыя, хто хоча імчаць на поўнай хуткасці, але фундаментальна ўсім кіруюць адны і тыя ж ідэі і адны і тыя ж людзі.

На мікраўзроўні гэта чымсьці нагадвае людзей, якія, калі Папа Францішак кажа штосьці дзіўнае, праблемнае, тое, што прымушае людзей называць яго ерэтыком ці неяк так, адказваюць, што мы проста няправільна яго інтэрпрэтуем. Ну, тады яму не трэба было казаць таго, што можна няправільна інтэрпрэтаваць. Праблема не ў маёй інтэрпрэтацыі — праблема ў сцвярджэнні!

І калі гэта выклікае сусветны скандал, яму, магчыма, трэба праясняць, што ён мае на ўвазе.

Так, і падобным чынам кажуць, што людзі проста няправільна інтэрпрэтуюць Сабор, а сам Сабор у парадку. Не, праблема — у Саборы!

Так, гэта фундаментальны недахоп, калі Сабор так лёгка інтэрпрэтаваць настолькі няправільна.

Добра, ойча. Было вельмі цікава. Дзякуй, што распавялі нам пра гэтыя паслясаборныя змены. Як я казаў, мы яшчэ будзем больш шчыльна займацца літургіяй. Вы вельмі добра сказалі, што гэта тое, што закранае жыццё людзей кожны тыдзень. На жаль, цяпер значна радзей, чым кожны тыдзень. Але як бы там ні было. Мы прысвяцім гэтаму пытанню шмат часу і разгледзім яго. А вас чакаем да нас на чарговы выпуск.

Я таксама ўжо чакаю, Эндру. Дзякуй вялікі.

Дзякуй вам.


Дзякуй, што паслухалі і паглядзелі выпуск 22 праграмы “Крызіс у Касцёле” на SSPX Podcast. У выпуску 23 мы працягнем разгляд паслясаборных рэформ і правядзём першы з чатырох выпускаў, прысвечаных Імшы Novus Ordo. Разам з кс. Рутэрам мы паглядзім на тое, як новая Імша была створана для таго, каб прывабіць некаталікоў. Яна сапраўды была экуменічнай Імшой. Калі ў вас ёсць пытанне на тэму крызісу, калі ласка, задайце яго на старонцы sspxpodcast.com/crisis. Калі ласка, падзяліцеся гэтым выпускам з тымі, каму ён можа спадабацца. А калі яны не ведаюць, што такое падкаст, калі ласка, пакажыце ім, каб яны маглі атрымаць карысць ад усіх нашых выпускаў. Нарэшце, калі ў вас ёсць магчымасць дасылаць нам штомесячныя ахвяраванні ў $5, 10 або 20 праз старонку sspxpodcast.com, гэта вельмі дапамагло б нам завяршыць гэты цыкл “Крызіс у Касцёле”. Да наступнага тыдня. Дзякуй, што паслухалі! З Богам!