Выпуск 19. “Нешчаслівы пачатак ІІ Ватыканскага сабору”

Гэтае відэа можна праглядзець з беларускімі субцітрамі.

Вы слухаеце падкаст FSSPX, і мы вітаем вас у выпуску 19 праграмы “Крызіс у Касцёле”. Сёння мы пагрузімся ў сам ІІ Ватыканскі сабор з кс. Уільямам Магіліўры. Гэта будзе першы з трох выпускаў пра Сабор. Разгледзеўшы ў папярэдніх двух выпусках падрыхтоўку да Сабору, сёння мы паглядзім на тое, што адбывалася падчас першай сесіі — за першы год-паўтара Сабору. Мы ўбачым, што неамадэрністы прыбылі на Сабор цалкам падрыхтаванымі і фактычна давялі сітуацыю да таго, што першая сесія скончылася без нейкіх дасягненняў. Частка айцоў Сабору — Рэйнская група — вярнулася дадому пасля першай сесіі і стала рыхтавацца змяніць ход астатняй часткі Сабору. Калі вы хочаце даведацца больш пра гэтую праграму, якую мы прысвячаем крызісу ў Касцёле, вярнуцца і перагледзець нашы папярэднія 18 выпускаў або падтрымаць гэты праект, калі ласка, наведайце старонку sspxpodcast.com/crisis. Цяпер пяройдзем да нашай размовы з кс. Магіліўры.


  1. Уступ
  2. Прычыны склікання Сабору
  3. Агульны ход Сабору
  4. “Адасобіцца ад прарокаў пагібелі”
  5. Прадстаўленне веры на “пастырскай” мове
  6. Няма неабходнасці ў асуджэнні памылак
  7. Інтрыгі на Саборы
  8. Змена складу камісій
  9. Блакіроўка падрыхтоўчых схем
  10. Падрыхтоўка новых схем
  11. Выбар Паўла VI
  12. Выступленне кардынала Атавіяні

Уступ

Эндру Лэтэм: Вітаем вас зноў на падкасце FSSPX і ў праграме “Крызіс у Касцёле”. Сёння мы ўпершыню сустракаемся з кс. Уільямам Магіліўры. Вітаю, ойча! Як справы?

Кс. Уільям Магіліўры: Вельмі добра, дзякую, Эндру. А ў вас?

Вельмі добра, дзякуй. І для тых нашых слухачоў, якія не ведаюць вас і не знаёмыя з вамі, не маглі б вы коратка прадставіцца і расказаць нам крыху пра тое, кім з’яўляецеся?

Так, вядома. Мяне завуць кс. Уільям Магіліўры. Я вырас у Фініксе, штат Арызона, у сям’і, прыхільнай Novus Ordo. Калі мне было 10 гадоў, мы адкрылі для сябе Традыцыю. Я хадзіў у розныя традыцыйныя школы. Хадзіў таксама ў Акадэмію Маці Божай Балеснай у Фініксе, праўда толькі два гады, у сярэднюю школу. Потым я на кароткі час паехаў у Ла-Салет, а скончыў сярэднюю школу ўжо ў падрыхтоўчай акадэміі “Veritas” — гэта мясцовая прыватная школа ў Фініксе, штат Арызона. Адразу пасля сярэдняй школы я паступіў у семінарыю, дзе вучыўся сем гадоў: спачатку ў Віноне, штат Мінесота, а затым у Дзілвіне, штат Вірджынія. Адзін з гэтых гадоў я насамрэч правёў за апостальскай працай у Гвадалахары (Мексіка). Пасля гэтых сямі гадоў я быў у чэрвені 2019 г. пасвячаны ў святары і адразу прызначаны ў Нью-Гамбург, правінцыя Антарыа ў Канадзе.

Цудоўна. Чым вы займаецеся ў Нью-Гамбургу? Якія вашы абавязкі там?

Там у нас вельмі незвычайнае апостальства, таму што гэта маладая, дынамічная парафія, якая налічвае каля 350 асоб. Наш галоўны занятак там — гэта школа-інтэрнат. Напэўна, мала хто ведае, прынамсі ў Злучаных Штатах, што ў нас ёсць даволі вялікая школа-інтэрнат ў Канадзе, якая называецца Акадэміяй Маці Божай Кармэльскай. У нас каля 50 вучняў з 7 па 12 клас, усе хлопцы. Таксама ў нас ёсць невялікая дзённая школа для пачаткоўцаў пры нашым касцёле св. Пятра ў Нью-Гамбургу. Таму мы апякуемся і пачатковай школай, і сярэдняй школай, якая амаль уся запоўнена вучнямі з пражываннем. Таксама ёсць звычайная парафіяльная праца. У нас невялікі прыярат з трох святароў: кс. Стэнэс, я і кс. Рыён — наш новы святар са Швейцарыі, які быў пасвячаны ў мінулым годзе.

Прычыны склікання Сабору

Вельмі добра, дзякуй, што знайшлі час у сваім шчыльным графіку, каб паразмаўляць з намі пра ўсё гэта. Мы будзем працягваць тое, што разглядалі з кс. Лупам мінулым разам. Мы ўжо разгледзелі падрыхтоўчы перыяд Сабору, і цяпер мы пагрузімся ў сам Сабор. Мы не будзем спрабаваць змясціць увесь ІІ Ватыканскі сабор у адзін выпуск. Можаце даць нам агульны агляд Сабору? Чаму пачалося ўсё замяшанне? Вы ведаеце, што мы ўжо разгледзелі тое, што папярэднічала Сабору, але вось, пачынаецца сам Сабор. Які настрой у Касцёле?

Гэта выдатнае пытанне. Можна пачаць з таго, чаму Сабор увогуле быў скліканы. І гэта, насамрэч, да сённяшняга дня ў нейкай ступені застаецца загадкай. Скажам так, гэта, меркавана, было раптоўнае натхненне з неба, якое з’явілася ў галаве Папы Яна ХХІІІ. Не пракансультаваўшыся ні з кім, ён раптоўна абвясціў, што мае намер склікаць сусветны сабор.

Цікава, што няма нейкай канкрэтнай ерасі ці памылкі, якую ён збіраўся б перамагчы дзякуючы сабору. Зазвычай у гісторыі Касцёла сусветныя саборы былі чымсьці накшталт адчайнай апошняй меры, каб спыніць ерась, якая пашыралася і наносіла сур’ёзную шкоду душам, пагражаючы самому жыццю Касцёла. І тады сусветны сабор быў такім апошнім сродкам: калі ўжо нічога не спрацавала, нам трэба склікаць усіх разам і вельмі ясна акрэсліць, у чым заключаецца каталіцкае вучэнне па той ці іншай праблеме.

Што яшчэ цікава ў скліканні Сабору Папам Янам ХХІІІ, дык гэта тое, што ён сам кажа (мы можам не згаджацца, але ён кажа), што ў Касцёле цяпер няма вялікіх памылак, якія трэба пераадольваць, бо сёння ўсё добра. А галоўная праблема заключаецца ў тым, што Касцёл адарваны ад сучаснага свету і не можа прамовіць да сучаснага чалавека так, каб ён зразумеў і раздзяліў гэтыя погляды. Таму неабходна правесці пэўнае аджарнамента, ці абнаўленне ў Касцёле.

Здаецца, быў такі выпадак, калі адзін з кардыналаў спытаўся ў яго: “Ваша Святасць, што вы хочаце зрабіць на гэтым Саборы?” У адказ Папа не сказаў ні слова, а проста падышоў да акна і адкрыў яго, быццам бы жадаючы сказаць, што Касцёл застаяўся, што ён стары і што нам трэба ўпусціць крыху свежага паветра.

Ого. Значыць, зноў жа, гэта штосьці ўнікальнае ў гісторыі Касцёла. Ведаеце, гэта забаўна. Я ўспамінаю самы першы выпуск, які мы рабілі з кс. Макфарлендам, калі размаўлялі пра крызіс у Касцёле. Мы прывыклі казаць пра крызіс у Касцёле, але ў той час у Касцёле не было крызісу. Зразумела, быў мадэрнізм; зразумела, дзесьці прарастаў неамадэрнізм, але такога крызісу ў Касцёле не было. Значыць, не было і прычыны для Сабору.

Вядома. Скажам так: прынамсі крызіс не быў відавочны. Можна сказаць, што ён быў схаваны, нібы пружына, якую накруцілі і якая чакае моманту, каб выстраліць. Але, на погляд самога Папы, які склікаў Сабор, крызісу не было. Гэта было штосьці, што не было ім відавочна. Відавочна гэта стане толькі пазней, калі ўсе біскупы свету з’едуцца разам і стане зразумела, што сярод іх ёсць вельмі ліберальна настроеныя, якія хочуць змяніць Касцёл так, што ён перастане адпавядаць сваім апостальскім вытокам.

Агульны ход Сабору

Ці не маглі б мы цяпер паразмаўляць пра тое, як працуе Сабор? Наколькі ён адрозніваецца ад Нацыянальнага сходу або чагосьці падобнага? Тыя сустракаюцца на некалькі дзён — і справа зроблена. Саборы ж збіраюцца на вельмі доўгі перыяд часу. Там ёсць мноства сесій, правільна?

Так, абсалютна дакладна. У выпадку ІІ Ватыканскага сабору было чатыры сесіі, кожная з якіх праходзіла паміж вераснем-кастрычнікам — і снежнем кожнага з чатырох гадоў Сабору. Значыць, 1962, 1963, 1964 і 1965. І гэта даволі стандартная практыка. І Ватыканскі сабор, напрыклад, доўжыўся каля года, але гэта таму, што ён быў прыпынены ўварваннем у Рым масонскіх войск. Таму гэта хутчэй выключэнне. Зазвычай жа сусветны сабор можа лёгка працягвацца некалькі гадоў. Напрыклад, Трыдэнцкі сабор, здаецца, працягваўся некалькі гадоў, затым быў перарваны, затым скліканы зноў. Гэта зазвычай штосьці, што расцягваецца на значны перыяд часу, таму што, вядома, трэба абмеркаваць сур’ёзныя праблемы і выслухаць меркаванне кожнага.

Тым больш гэта датычылася ІІ Ватыканскага сабору, паколькі ён, безумоўна, меў найбольшую колькасць прадстаўнікоў, біскупаў з усяго свету. На ІІ Ватыканскім саборы прысутнічала каля 2400 айцоў Сабору, што больш чым у два разы перавышае колькасць прысутных на І Ватыканскім саборы, хоць нават яшчэ той Сабор быў больш маштабны за любы папярэдні. Таму, калі мы рухаемся праз гэтыя нядаўнія саборы ў гісторыі Касцёла, кожны з іх будзе значна буйнейшым за папярэдні, што патрабуе больш арганізацыйнай працы, больш складанай адміністрацыі. Таксама больш часу трэба аддаць на абмеркаванне кожнага дакумента перад тым, як ён будзе прадстаўлены як штосьці канчатковае.

Хто ўдзельнічае ў саборы, ойча? Запрашаюць усіх біскупаў свету? Выбіраюць пэўных людзей?

Гэта выдатнае пытанне. Калі гэта сусветны сабор, то ў прынцыпе запрашаюцца ўсе біскупы свету. Відавочна, гэта немагчыма на практыцы, таму дастаткова, каб біскупы свету былі прадстаўлены нейкай, скажам так, маральнай большасцю або, можна сказаць, дастатковай колькасцю, каб можна было сказаць, што ў маральным сэнсе быў прадстаўлены ўвесь свет. Але істотна тое, каб была пэўная прадстаўленасць біскупаў свету і каб яны былі там у еднасці з Папам, які з’яўляецца галавой Сабору і гарантуе ягоную беспамылковасць.

Добра. Значыць, усе гэтыя біскупы і кардыналы павінны загадзя разумець нейкую ідэю Сабору? Ім даюць нейкія падрыхтоўчыя дакументы, каб паказаць, што будзе разглядацца?

Так, зразумела. Зрабілася б сапраўднае замяшанне, калі б усіх біскупаў запрасілі на Сабор, у першы дзень адкрылася б пасяджэнне і ў іх пачалі пытацца: “Пра што вы хочаце паразмаўляць сёння? Што будзем сёння акрэсліваць?” Неабходна, каб існавала тое, што мы называем падрыхтоўчымі схемамі.

Біскупы, кардыналы, важныя прадстаўнікі Курыі загадзя выбіраюцца Папам, і ім даручаецца заданне ўкласці дакументы, якія будуць асновай для дыскусіі ў пачатку Сабору. Гэтыя дакументы могуць быць прыняты як ёсць. Іх можна змяняць, крыху мадыфікаваць. А можна цалкам іх адкінуць.

Я не ведаю, ці здаралася такое калісьці да ІІ Ватыканскага сабору, што падрыхтоўчыя схемы адкінулі цалкам, але, як мы даведаемся, разглядаючы гісторыю першай сесіі Сабору, ліберальна настроеныя біскупы з Германіі, Францыі, Бельгіі і Нідэрландаў сфарміруюць такі саюз, які мы называем Еўрапейскім альянсам або Рэйнскай групай. І яны будуць аказваць ціск на Сабор, а іх галоўнай мэтай у пачатку будзе адкінуць падрыхтоўчыя схемы якраз таму, што яны з’яўляюцца надта кансерватыўнымі, надта адпавядаюць дактрынальнай традыцыі Касцёла і не пакідаюць прасторы для таго, што яны назавуць прагрэсам у ліберальным сэнсе гэтага слова.

“Адасобіцца ад прарокаў пагібелі”

Зразумела. Гэта ўжо вельмі цікава. Тады давайце пагаворым пра адкрыццё Сабору, пра першую сесію. Мы трапляем у кастрычнік 1962 года. Як адкрываецца Сабор? Папа гэта абвяшчае?

Так. Папа Ян ХХІІІ зрабіў прамову на адкрыццё Сабору, якую вельмі важна даследаваць, таму што яна сапраўды задала тон Сабору. Мы ўжо сказалі, што матыў Папы пры скліканні Сабору быў наватарскім. Ён больш не заключаўся ў тым, каб адолець ерась ці асудзіць памылку, а ён хутчэй спадзяваўся на абнаўленне Касцёла і на тое, што Касцёл нейкім чынам стане больш прымальным для ментальнасці сучаснага чалавека.

У той жа час, зразумела, з розных частак каталіцкага свету прыходзілі папярэджанні, і Папа ў сваёй уступнай прамове хацеў нейкім чынам адказаць на гэтыя папярэджанні, якія надыходзілі з розных месцаў. Мы можам успомніць, што было хаця б у часы Пія ХІ, калі Папа пытаўся ў сваіх кардыналаў, ці будзе добрай ідэяй склікаць сусветны сабор. І тады кардынал Біё сказаў яму не рабіць гэтага, таму што існуюць сур’ёзныя разыходжанні паміж біскупамі ва ўсім свеце і сярод іх ёсць мадэрністы або ліберальна настроеныя біскупы, якія выкарыстаюць сусветны сабор, каб увесці ў Касцёл свае мадэрністычныя ідэі. А таму не будзе разумным склікаць сабор.

Акрамя таго, канешне, было папярэджанне ад Маці Божай Фацімскай, якое заключалася ў загадкавай трэцяй таямніцы, якую тады не апублікавалі і, праўдападобна, не апублікавалі цалкам дагэтуль. У ёй Божая Маці, як здаецца, папярэджвае пра небяспеку вераадступніцтва ў Касцёле і нават сярод найвышэйшых членаў іерархіі.

Мы ведаем, што гэтую трэцюю таямніцу паказалі Папу Яну ХХІІІ, каб ён абнародаваў яе ў 1960 годзе. Гэта тое, аб чым прасіла Найсвяцейшая Дзева. Кардыналы і члены Курыі, якія ведалі яго, кажуць, што ён адкрыў гэтую таямніцу ў прысутнасці кардынала Атавіяні і некаторых іншых, прачытаў яе і затым схаваў у ватыканскі архіў, сказаўшы, што гэтае прароцтва не прызначана для нашых часоў, што яно не для нас.

Чаму я згадваю пра гэта? Таму што, скажам так, Папа Ян ХХІІІ бы вельмі аптымістычным чалавекам. Ён быў перакананы, што сучасны свет больш адкрыты да Хрыста, чым калі-небудзь дагэтуль, і што нам усяго толькі трэба склікаць біскупаў свету разам і паказаць сваю каталіцкую еднасць і прыгажосць нашай каталіцкай рэлігіі — і свет проста выкупіць гэта. Усім гэта спадабаецца. Таму ён быў перакананы, што ўсё пройдзе добра, што няма патрэбы асуджаць памылкі, а трэба проста выразіць дэпазіт веры на той мове, якая была б больш пастырскай, больш зразумелай для сучаснага чалавека. Таму ў гэтай прамове (я працытую некалькі радкоў з яе) ён кажа:

“Мы лічым, што нам трэба адасобіцца ад тых прарокаў пагібелі, якія пастаянна прадказваюць самае горшае… Паводле іх, сучаснае грамадства не вядзе ні да чога, акрамя разарэння і катастрофы”.

Хто такія гэтыя прарокі пагібелі, гэта, канешне, справа здагадак. Адна з важных здагадак, якая высоўвалася, гэта тое, што ён кажа канкрэтна пра дзяцей-пастушкоў з Фацімы і пра тое прароцтва Найсвяцейшай Дзевы, якое знаходзіцца ў трэцяй таямніцы, пра зло, якое ўдарыць Касцёл. Гэта толькі спекуляцыя, але зразумела, што ён перакананы ў тым, што ўсё будзе выдатна. Мы пабачым, ці акажацца гэта праўдай.

Прабачце, я спрабую зрабіць так, каб мой твар не адлюстроўваў мой жах. Зноў жа, гэта толькі здагадка, але вельмі імаверна, што менавіта гэта ён і мае на ўвазе. Фактычна, ён выказваецца пра марыйнае аб’яўленне як пра прарока пагібелі, нібы тым самым кажучы, што гэта не такая ўжо вялікая справа. Паўтаруся, што я проста ўкладаю словы ў ягоныя вусны, але…

Ну, гэта сапраўды таямніца беззаконня, як так магчыма, што Папы ігнаруюць просьбу Найсвяцейшай Дзевы прысвяціць Расію яе Беззаганнаму Сэрцу. І нават калі мы кажам пра некаторых вельмі добрых Папаў, як пра Пія ХІ і Пія ХІІ, якія ва ўсім астатнім былі выдатнымі. Пій ХІІ, напрыклад, прысвяціў свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі, але прапусціў згадванне Расіі.

Таму яшчэ да Папы Яна ХХІІІ існаваў гэты смутны феномен, калі Папы ў большай ці меншай ступені ўшаноўваюць Маці Божую Фацімскую і развіваюць культ Фацімы, але не надта слухаюцца таго, аб чым іх просіць Найсвяцейшая Дзева. А калі так было з такімі вялікімі Папамі, як Пій ХІІ, то чаго хацець ад Яна ХХІІІ, які, як мы пабачым, быў кімсьці накшталт умеранага ліберала. Вядома, не такім лібералам, як многія айцы Сабору ў той час, але ён быў такім Папам, які заўсёды хацеў знайсці кампраміс паміж супрацьлеглымі групіроўкамі і таму ішоў па тонкай мяжы паміж мадэрнізмам і традыцыйным вучэннем Касцёла.

Сапраўды, ён быў як мінімум адкрыты на гэтыя ідэі.

Несумненна.

Прабачце, я перабіў вас, ойча. Працягвайце далей наконт адкрыцця Сабору.

Такім чынам, пункт нумар адзін — гэта тое, што Папа Ян ХХІІІ кажа, што мы не хочам мець нічога супольнага з гэтымі прарокамі пагібелі, што чалавецтва фактычна прагрэсіруе ў бок большых і лепшых спраў. Як ён казаў, здаецца, што чалавецтва ўваходзіць у новы парадак рэчаў. Што такое канкрэтна гэты новы парадак, сказаць цяжка, але ён перакананы, што гэта штосьці вельмі станоўчае.

Прадстаўленне веры на “пастырскай” мове

Другі пункт у ягонай прамове — гэта тое, што мэта гэтага Сабору заключаецца ў тым, каб прадставіць, скажам так, надзейнае і нязменнае вучэнне Касцёла, але тымі метадамі, якіх патрабуе сучасная думка. І Папа Ян праводзіць такое размежаванне — сапраўды, вельмі сумнеўнае размежаванне, — што дэпазіт веры — і я цытую яго:

“Дэпазіт веры — гэта адна рэч, а спосаб, якім ён прадстаўлены, гэта штосьці зусім іншае. У нашым вучэнні мы павінны звярнуцца да стылю прадстаўлення, які з’яўляецца асабліва пастырскім”.

Тут дзве рэчы. Па-першае, мы кажам, што мы можам змяніць спосаб, якім прадстаўляем веру, і гэта нармальна, таму што дэпазіт веры застаецца тым жа самым.

Гэта гучыць добра ў тэорыі, але на практыцы, як толькі ты пачынаеш прадстаўляць веру радыкальна іншым спосабам, гэта прыводзіць да адрозненняў у вераванні.

Але, ідучы яшчэ далей, ён таксама выкарыстоўвае слова “пастырскі”, якое будзе ў нейкім сэнсе модным на Саборы. Усе будуць вымаўляць гэтае слова: “Пастырскі, пастырскі, пастырскі”, — а што канкрэтна яно азначае, ніхто, вядома, не акрэсліў. Але яно стане прыладай для ўвядзення ў Сабор перадусім вельмі небяспечнай двухсэнсоўнасці з адгаворкай, што мы не прамаўляем да тэолагаў і не карыстаемся тэрміналогіяй схаластычнай тэалогіі, а хочам зрабіць наш пасыл прэзентабельным для сучаснага чалавека. Таму нам прыходзіцца карыстацца гэтай неадназначнай пастырскай мовай.

Няма неабходнасці ў асуджэнні памылак

Хутка дададзім сюды трэці і апошні пункт, які тут варта згадаць. Ён мае сувязь з першымі двума. Паколькі справы ідуць добра і ў свеце, і ў Касцёле ў цэлым, у нас няма патрэбы выдаваць асуджэнні памылак. Таксама, паколькі мы хочам быць пастырскімі і нашай мэтай не з’яўляецца акрэсліванне праўды, няма патрэбы ў дэфініцыях або, наадварот, асуджэннях. Таму Папа Ян кажа, што хутчэй чым асуджаць, Касцёл лепш адкажа на патрэбы нашай эпохі тым, што падкрэсліць багацце свайго вучэння.

Таму фактычна на гэтым Саборы няма патрэбы быць жорсткімі, таму што нічога дрэннага не адбываецца. Зноў жа, я вельмі спрашчаю. Нічога кепскага не адбываецца, таму нам не трэба быць звышжорсткімі. Мы можам весці сябе па-пастырску, размаўляць пра Божую міласэрнасць і любоў, якія існуюць, але мы не будзем засяроджвацца на судзе ці асуджэнні.

Дакладна.

Атрымліваецца, што гэта задае тон. Мы, канешне, цяпер заглядваем вельмі далёка наперад, але гэта ў нейкім сэнсе задае тон не толькі для Сабору (папраўце мяне, калі я памыляюся), але і для ўсяго Каталіцкага Касцёла на астатнія 50-60 гадоў пасля яго.

Так, зразумела. Націск заўсёды будзе перадусім на тыя аспекты нашай рэлігіі, якія чалавек знойдзе для сябе суцяшальнымі. Мы будзем шмат казаць пра дабрыню Бога, Ягоную міласэрнасць, Ягоную любоў, але будзем замоўчваць усе тыя рэчы, якія могуць быць у нейкім сэнсе негатыўнымі або некамфортнымі для нас. Божая справядлівасць, зло ерасі і схізмы, скажам, суд, смерць, пекла, чысцец — усё, што можа выклікаць дыскамфорт, асабліва ў сучаснага чалавека, і паказаць яму рэлігію як штосьці цяжкае і абрыдлае. Гэтыя рэчы мы будзем ігнараваць і пазбягаць іх называння з увагі на гэты дух… пастырскі дух. Але, вядома, не пастырскі ў сапраўдным сэнсе слова.

Дакладна. Гэта мае сэнс.

Інтрыгі на Саборы

Значыць, гэта ўступная прамова, якую робіць Папа Ян ХХІІІ, і затым мы пераходзім да Сабору. Думаю, нас чакае інтрыгуючы пачатак, правільна? Можна выкарыстаць такое слова?

Так, абсалютна. Трэба прызнаць, што на працягу гісторыі Касцёла яго саборы заўсёды спазнавалі ўплыў хітрых планаў і інтрыг таго ці іншага кшталту. Гэта, скажам так, непазбежны аспект людскога элемента Касцёла. Гэта факт, што лідары Касцёла з’яўляюцца людзьмі, і таму натуральна, што будуць існаваць пэўныя разыходжанні ў меркаваннях і што людзі будуць арганізоўвацца вакол свайго ўласнага набору меркаванняў.

Напрыклад, на І Ватыканскім саборы былі групы, якія выступалі за акрэсленне папскай беспамылковасці, і групы, якія былі супраць. Часам падзел вельмі глыбокі, але ён адбываецца не столькі па прычыне вучэння, колькі па пытанні разважлівасці. На І Ватыканскім саборы не стаяла пытання, ці беспамылковы Папа: хутчэй было пытанне, ці своечасова будзе тут і цяпер акрэсліваць ягоную беспамылковасць.

Праблема з гэтымі падзеламі, з гэтым манеўраваннем на Саборы заключаецца ў тым, што адна з груп — больш магутная, уплывовая і паспяховая ў сваіх інтрыгах — спрабуе не проста прасунуць пэўную разважлівую пазіцыю накшталт таго, павінны мы ці не павінны акрэсліваць дадзеную рэч у дадзены канкрэтны момант, а хутчэй спрабуе падарваць Сабор, падарваць каталіцкае вучэнне і ўвесці новыя ідэі, якія бяруць пачатак з Французскай рэвалюцыі і не належаць да вучэння Каталіцкага Касцёла.

Мы пабачым на першых сесіях Сабора, што гэтая група, якая сама па сабе з’яўляецца адносна малой і складаецца прыблізна з дзесяці працэнтаў айцоў Сабору, паспяхова атрымае кантроль над напрамкам, у якім ідзе Сабор, часткова дзякуючы таму, што сама была лепш арганізавана.

Раней мы казалі, што Сабор стаў нечаканасцю для каталіцкага свету, і большасць біскупаў з тых, хто прыбыў на Сабор, сапраўды не ведалі, што адбываецца або чаго чакаць, тады як лібералы — і толькі лібералы — мелі загадзя вызначаную праграму і ведалі, чаго хочуць дабіцца. Яны разглядалі Сабор як магчымасць, якой чакалі шмат гадоў, каб, нарэшце, аказаць уплыў на Касцёл у цэлым. Таму гэта лібералы, якіх мы называем Рэйнскай групай ці Еўрапейскім альянсам, прыбылі на Сабор падрыхтаванымі значна лепш за астатніх, са сваёй моцнай унутранай арганізацыяй. Дзякуючы гэтаму, хоць колькасна яны былі меншасцю, яны змаглі аказаць непрапарцыянальна вялікі ўплыў на ход Сабору.

Змена складу камісій

Не маглі б мы коратка паглядзець на тое, як арганізаваны сабор? Там ёсць камісіі, у камісіях ёсць члены… Як гэта працуе, ойча? Здаецца, гэта адыграе важную ролю ў тым, пра што мы размаўляем.

Ёсць некалькі розных камісій, члены якіх першапачаткова прызначаюцца самім Папам, але потым у пачатку Сабору па пытанні складу камісіі галасуюць айцы Сабору. Таму, напрыклад, Папа ўжо заснаваў падрыхтоўчую камісію, якая павінна пісаць чарнавікі саборных дакументаў, але як толькі Сабор ужо пачаўся, першая рэч, якую трэба зрабіць айцам Сабору, гэта зацвердзіць спіс айцоў, якія сфарміруюць гэтыя камісіі. Кожная камісія адказвала за стварэнне саборнага дакумента, які затым будзе абмяркоўвацца айцамі Сабору і па якім, нарэшце, будуць галасаваць, прымаць яго ці не.

Найперш айцам Сабору трэба было вырашыць, хто будзе членам гэтых камісій, таму што, відавочна, гэта будуць самыя ўплывовыя асобы на Саборы. Гэта будуць тыя, хто будзе пісаць тэксты. Таму айцам былі дадзены імёны ўсіх іерархаў, якія працавалі ў падрыхтоўчай камісіі, і чакалася, што большасць гэтых людзей будзе зацверджана ў складзе камісій Сабору, таму што яны ўжо былі вядомыя як эксперты ў сваёй сферы і яны ўжо працавалі над падрыхтоўчымі дакументамі.

Але што адбылося на першай сесіі Сабору? На самым першым пасяджэнні агульнага сходу адзін з ліберальных кардыналаў — кардынал Льенар — падняўся і выступіў супраць тых спісаў патэнцыйных членаў камісій, якія былі раздадзены ўсім айцам Сабору, сцвярджаючы, што ў іх няма дастаткова міжнароднага прадстаўніцтва біскупаў, або айцоў Сабору. Большасць гэтых людзей былі членамі Рымскай курыі, а таму біскупы з іншых месцаў не былі дастаткова шырока прадстаўлены. Гэта была адгаворка для таго, каб перакрэсліць усе гэтыя спісы і даць час айцам Сабору, каб яны ўклалі свае ўласныя спісы тых, хто, на іх думку, павінен быць у гэтых камісіях, з самага пачатку. Фактычна, усе айцы Сабору пададуць гэтыя спісы зыходзячы са сваёй нацыянальнасці. Кожная нацыя будзе супрацоўнічаць з мэтай падрыхтоўкі сваіх уласных спісаў.

Я гляджу ў некаторыя нататкі, якія вы перадалі мне перад нашай размовай, ойча, і ведаеце, цікава, што ў нашым падкасце пастаянна ўсплывае Маці Божая Фацімская. Я гляджу на дату, калі адбывалася галасаванне і калі адбыўся гэты пратэст кардынала Льенара. Гэта 13 кастрычніка. Магчыма, я надаю гэтаму неўласцівы сэнс — не ведаю, але мне здаецца, што ў гэтым штосьці ёсць.

Ну, гэта, несумненна пачатак канца. Усё добрае, што магло быць зроблена на Саборы, сапраўды было адкінута або задушана ў зачатку, таму што атрымалася так, што падрыхтоўчыя камісіі, якія былі сфарміраваны з вельмі сур’ёзных у цэлым тэолагаў, будуць расфарміраваны, а ўсе лібералы атрымаюць месца ў гэтых саборных камісіях.

Таксама, паколькі яны цешыліся сімпатыяй з боку Папы, — тут важна сказаць, што Папа добра сябраваў з пэўнымі членамі Рэйнскай групы, такімі як кардынал Сюненс, якога сам жа Ян ХХІІІ толькі што і зрабіў кардыналам, — у гульню пачыналі ўваходзіць асабістыя сяброўскія адносіны. І таму Папа быў вельмі прыхільны да іх просьбаў і ў выніку зацвердзіў 88 са 109 кандыдатаў, якіх яны прапанавалі. Іншымі словамі, яны атрымалі амаль усё, чаго хацелі, і гэтыя 88 кандыдатаў сфарміравалі больш за 30 % агульнай колькасці айцоў Сабору ў камісіях. Такім чынам, яны змаглі дасягнуць непрапарцыянальна вялікай прадстаўленасці пры ўкладанні схем, таму што, зноў жа, Рэйнская група ў лічбавым выражэнні складала каля 10 % айцоў Сабору, але яе члены складалі больш за 30 % у саборных камісіях.

Блакіроўка падрыхтоўчых схем

Ого. Атрымліваецца, гэта вялікая перамога Рэйнскай групы ўжо ў першыя дні Сабору. Добра, першая сесія Сабору працягваецца — і што мы бачым? Якія рэчы абмяркоўваліся або прымаліся?

Значыць, першай мэтай Рэйнскай групы было пасадзіць сваіх членаў у саборныя камісіі. Іх наступнай мэтай было заблакаваць падрыхтоўчыя схемы, якія ім не падабаліся, таму што гэтыя дакументы былі надта традыцыйнымі і кансерватыўнымі. Як жа яны дабіліся гэтага?

Іхняя тактыка заключалася ў тым, каб адкласці абмеркаванне гэтых схем, акрамя адной, якую яны лічылі больш-менш прымальнай, а менавіта схемы пра літургію. Літургічная камісія была адзінай падрыхтоўчай камісіяй, якая мела пэўную колькасць ліберальных членаў у сваім складзе, у тым ліку, што важна, кс. Буньіні. Або, магчыма, ён тады быў мансіньёрам — мне трэба праверыць.

Так ці інакш, Буньіні быў архітэктарам літургічнай рэформы 1955 года, г. зн. рэформы Вялікага тыдня, а таксама рэформы 1962 года. У выніку ён стане таксама архітэктарам новай Імшы, а праз гады высветліцца, што ён быў масонам. Ягонае імя апублікуюць у спісах італьянскіх масонаў. Гэта прывядзе да таго, што яго выганяць з афіцыйных пасадаў, якія ён меў у Ватыкане. Але ў той час ён быў патаемным масонам, а таксама сакратаром літургічнай камісіі.

Такім чынам, з усіх падрыхтоўчых чарнавікоў схема пра літургію была найбольш прымальнай для лібералаў. Таму іх тактыка была такой: давайце абмяркоўваць яе першай, таму што ў ёй ужо ёсць шмат таго, што нам падабаецца і з чым можна працаваць, і так мы зможам адкласці абмеркаванне іншых дакументаў, што ў выніку прывядзе да іх ігнаравання ці адкідання.

Ого. Значыць, першая сесія Сабору заканчваецца без асаблівых вынікаў. Не хачу казаць правалам, але на гэтай першай сесіі фактычна дасягнута не вельмі шмат.

Так, абсалютна правільна. Да канца першай сесіі не было зацверджана ніводнага дакумента. Усе дасягненні заключаліся ў тым, што былі зменены члены камісій і пачаўся разгляд дакумента пра літургію. Вось і ўсё. Для ліберальнай фракцыі гэта была вялікая перамога, таму што яны дасягнулі дзвюх сваіх мэтаў: першай было паставіць сваіх людзей у камісіі; другой было ў выніку цалкам адкінуць усе падрыхтоўчыя схемы. Але каб дабіцца гэтага, ім трэба было прыбегнуць да ўскоснага падыходу, затрымаўшы абмеркаванне ўсяго астатняга і засяродзіўшыся на дакуменце, які іх задавальняў.

Падрыхтоўка новых схем

Атрымліваецца, што Сабор пастаўлены на паўзу да наступнай сесіі, якая адбудзецца ў 1963 г. Але перад тым, як яна надыдзе, напэўна, былі нейкія абмеркаванні, штосьці адбывалася. Біскупы вярнуліся дадому, і там праходзілі фармальныя ці нефармальныя сустрэчы айцоў Сабору на тэму будучых падзей.

Дакладна, асабліва сярод нямецкамоўных біскупаў. Яны былі найбольш актыўнымі ў планаванні наступнай сесіі Сабору. Яны правялі дзве вялікія сустрэчы паміж першай і другой сесіямі, каб стварыць альтэрнатыўныя схемы, каб, калі прыйдзе час вяртацца на наступную сесію, яны маглі сказаць, што цягам года, пакуль чакалі другой сесіі, паспелі распрацаваць альтэрнатыўныя схемы, якія фактычна значна больш згаджаюцца з тым, аб чым Папа Ян ХХІІІ прасіў у пачатку Сабору. Яны, скажам так, больш адкрытыя на спосаб мыслення сучаснага чалавека, таму чаму б нам не прагаласаваць аб прыняцці новых схем замест першапачатковых, якія напісала падрыхтоўчая камісія.

Яны бралі тыя схемы, што ўжо існавалі, і затым проста перапрацоўвалі іх? Ці яны ўвогуле рабілі штосьці абсалютна новае, што нават не абмяркоўвалася ў падрыхтоўчых схемах?

Тыя дакументы, якія падрыхтавалі нямецкамоўныя біскупы да пачатку другой сесіі, былі напісаны пераважна кс. Ранэрам, які быў адным з перадавых ліберальных тэолагаў. Ён быў самым уплывовым тэолагам на ІІ Ватыканскім саборы. Таму ён стаяў за ўсімі гэтымі дакументамі, якія прапаноўваліся на другой сесіі ў якасці альтэрнатывы першапачатковым дакументам.

І гэта той жа кс. Ранэр, пра якога мы размаўлялі з кс. Бурмо некалькі выпускаў таму, калі разглядалі дэ Любака і новую тэалогію. Значыць, гэта той жа кс. Ранэр.

Гэта той жа кс. Карл Ранэр, дакладна. Здаецца, кардынал Атавіяні, сакратар Святой Канцылярыі пры Пію ХІІ і нават у той час, звяртаўся да Папы Пія ХІІ сумарна каля пяці разоў, каб папрасіць экскамунікаваць кс. Карла Ранэра, — настолькі ерэтычным было ягонае вучэнне. І менавіта гэты святар, гэты тэолаг будзе самым уплывовым з усіх айцоў Сабору на ІІ Ватыканскім саборы. Яшчэ даволі цікава, што ён у той час быў настаўнікам Папы Бенедыкта XVI, кардынала Ратцынгера. Той яшчэ як кс. Ратцынгер працаваў пад кіраўніцтвам Карла Ранэра, з’яўляючыся адным з ягоных пратэжэ на ІІ Ватыканскім саборы.

Зноў жа, прабачце, што вяртаюся ў гісторыю нашага падкаста, але, калі мы размаўлялі з кс. Бурмо пра гэта, ён сказаў пра энцыкліку Humani generis Пія ХІІ, якая асуджала новую тэалогію, што гэта добры дакумент. Але калі ў яго і ёсць адна загана, то гэта тое, што ён не назваў па імені ўсіх гэтых людзей. Магчыма, варта было. Разумею, што махаю кулакамі пасля бойкі, але цікава, што было б, калі б ён назваў Ранэра. Магчыма, справы пайшлі б па-іншаму. Не ведаю.

Дакладна. На жаль, здаецца, у Папы Пія ХІІ была пэўная слабасць, нежаданне асуджаць людзей, ды і ўвогуле неахвота ацэньваць людзей. Мы бачым гэта, напрыклад, у тым, што ён пакінуў многія важныя пазіцыі ў Рымскай курыі вакантнымі. Ён прызначыў вельмі мала кардыналаў, так што пасля ягонай смерці Папа Ян ХХІІІ за чатыры ці пяць гадоў свайго пантыфікату змог прызначыць такую вялікую колькасць кардыналаў, што, калі прыйшла ягоная смерць і час выбіраць новага Папу, большасць кардыналаў была менавана якраз ім самім за 4-5 гадоў пантыфікату. І так атрымалася менавіта таму, што Папа Пій ХІІ вельмі неахвотна выносіў суджэнне адносна людзей. Скажам, я думаю, што ты добры, таму я прызначу цябе кардыналам. Або, напрыклад, я думаю, што ты ствараеш праблемы, таму цябе трэба пакараць.

Выбар Паўла VI

І тады Папа Ян ХХІІІ у хуткім часе памірае.

Так, фактычна, калі мы кажам пра падзеі, якія адбываліся паміж першай і другой сесіямі, то трэба згадаць сустрэчы нямецкамоўных біскупаў, якія рыхтаваліся да другой сесіі, але больш важнай будзе смерць Яна ХХІІІ 3 чэрвеня 1963 года.

Гэта, вядома, прыводзіць да выбару Паўла VI, які, скажам так, акажа вельмі выразны ўплыў на тое, каб астатняя частка Сабору прайшла ў адпаведнасці з тым, чаму даў пачатак Папа Ян ХХІІІ. Але мы можам сказаць, што Папа Павел VI яшчэ больш перакананы ў тых ліберальных ідэях, з якімі Папа Ян ХХІІІ проста гуляўся.

Таксама ён зменіць некаторыя правілы ў тым, як працуе Сабор, і гэта таксама дасць вялікую перавагу ліберальнай фракцыі. Напрыклад, ён дасць кантроль над Саборам чатыром кардыналам — мадэратарам, усе чацвёра з якіх былі лібераламі. Іх прызначыў наўпрост сам Папа Павел VI. Гэта не выносілася на галасаванне і рашэнне айцоў Сабору. Гэта ён вырашыў сваёй уладай: прызначу гэтых чатырох кардыналаў мадэратарамі, каб яны кіравалі штодзённым ходам Сабору. Адпаведна, яны мелі вялізны ўплыў на яго напрамак.

Ну, ужо бачна, як усе вельмі і вельмі хутка пачынае станавіцца на свае месцы.

Дакладна.

Выступленне кардынала Атавіяні

Перад тым, як мы скончым, калі вы не супраць, я хацеў бы працытаваць вельмі паказальны інцыдэнт, які здарыўся пад канец першай сесіі Сабору і ў якім мы бачым, як інтрыгі ліберальнай партыі выразіліся ў вельмі сімвалічным жэсце. Кардынал Атавіяні выйшаў, каб выступіць на тэму схемы пра літургію, якая прапаноўвала радыкальныя змены ў Імшы. Ён выйшаў, каб апратэставаць гэтыя змены, каб сказаць, што Імша — гэта вельмі святая рэч, якую мы не можам мадыфікаваць і змяняць, як нам падабаецца. Ён звяртаецца з гэтай вельмі важнай справай да ўсяго Сабору, але прамова пачынае перавышаць ліміт часу.

Далейшыя падзеі я проста працытую з кнігі кс. Вільтгена. Магчыма, я няправільна вымаўляю ягонае імя, але тым не менш. Гэта кніга “The Rhine Flows into the Tiber” — вельмі знакамітая кніга пра гісторыю ІІ Ватыканскага сабору. Кс. Вільтген піша:

“30 кастрычніка, на наступны дзень пасля свайго 72-га дня нараджэння, кардынал Атавіяні звярнуўся да Сабору з пратэстам супраць драматычных змен, якія прапаноўвалася зрабіць у Імшы. “Ці хочам мы ўзбудзіць здзіўленне ці, магчыма, скандал сярод хрысціянскага люду, уводзячы змены ў такі шанаваны абрад, які быў прыняты на працягу шматлікіх стагоддзяў і цяпер усім знаёмы? Да абраду святой Імшы нельга ставіцца так, як быццам бы гэта кавалак анучы, які можна перарабляць паводле прыхамаці кожнага пакалення”. Прамаўляючы без напісанага тэкста па прычыне сваёй частковай слепаты, ён перавысіў 10-хвілінны ліміт, які прасілі ўсіх захоўваць. Кардынал Цісеран, дэкан прэзідыума Сабору, паказаў на гадзіннік кардыналу Алфрынку, які ўзначальваў пасяджэнне той раніцай. Калі кардынал Атавіяні дайшоў да 15 хвілін, кардынал Алфрынк пазваніў у званочак, але прамоўца настолькі захапіўся сваёй тэмай, што не заўважыў гэты званочак або свядома праігнараваў яго. Па сігнале кардынала Алфрынка тэхнічны спецыяліст адключыў мікрафон. Пастукаўшы у яго пальцам і пераканаўшыся ў гэтым, кардынал Атавіяні, кульгаючы, пайшоў на сваё месца ў прыніжэнні. Самы магутны кардынал у Рымскай курыі быў змушаны замаўчаць, і айцы Сабору пачалі радасна пляскаць у далоні”.

Гэта вельмі злавесны момант, калі самага важнага кардынала, сакратара Святой Канцылярыі, прымусілі змоўкнуць пасярод ягонай прамовы перад Саборам. Гэта вельмі прыніжальна для яго, і гэта паказвае, што іншыя кардыналы, якія мадэрыравалі гэтую дыскусію, не былі зацікаўлены ў тым, каб даць яму час і свабоду гаварыць. У той жа час быў гэты агідны выбух апладысментаў, калі бедны кардынал, абарваны пасярод прамовы, разумее, што яго больш ніхто не пачуе, таму што яму адключылі мікрафон.

Здаецца, гэта прафесар Дэ Матэі ў сваёй кнізе пра ІІ Ватыканскі сабор сцвярджае, што насамрэч апладысменты, якія тады ўзніклі, былі не агульнымі воплескамі ўсяго сходу, а хутчэй паходзілі ад вельмі канкрэтнай часткі айцоў Сабору, дзе была сабрана Рэйнская група, або Еўрапейскі альянс. Менавіта ім настолькі спадабалася бачыць гэтае прыніжэнне кардынала Атавіяні, які быў іх вялікім ворагам, таму што прадстаўляў сабою нязломную прыхільнасць дактрынальнай традыцыі Касцёла.

Ну, калі гэта не кажа вам пра атмасферу на Саборы, то я не ведаю, што яшчэ скажа.

Дакладна. Падсумаваць першую сесію можна тым, што на ёй сапраўды было шмат палітычных і дыпламатычных інтрыг, якія прывялі да зыходнага паражэння кансерватараў і каталіцкай Традыцыі. Гэта паказвае, што лібералы з’яўляюцца найбольш магутнымі, найлепш арганізаванымі, з чаго вынікае, што яны будуць далей кантраляваць Сабор.

Вельмі добра. Ойча, дзякуй вам, што знайшлі час. Чакаю разгляду другой сесіі з вамі ў наступны раз.

Добра, вялікі дзякуй вам.


Дзякуй, што паслухалі і паглядзелі выпуск 19 праграмы “Крызіс у Касцёле” на SSPX Podcast. У выпуску 20 мы зноў сустрэнемся з кс. Магіліўры, каб паглядзець на тое, што адбылося на другой і трэцяй сесіях Сабору — двух самых важных перыядах у гісторыі Касцёла ХХ ст. Мы таксама паглядзім на праблематычную двухсэнсоўнасць саборных пастаноў і даведаемся, што такое неамадэрнісцкая бомба запаволенага дзеяння. Калі ў вас ёсць пытанне на тэму крызісу, калі ласка, задайце яго на старонцы sspxpodcast.com/crisis. Калі ласка, падзяліцеся гэтым выпускам з тымі, каму ён можа спадабацца. А калі яны не ведаюць, што такое падкаст, калі ласка, пакажыце ім, каб яны маглі атрымаць карысць ад усіх нашых выпускаў. Нарэшце, калі ў вас ёсць магчымасць дасылаць нам штомесячныя ахвяраванні ў $5, 10 або 20 праз старонку sspxpodcast.com, гэта вельмі дапамагло б нам завяршыць гэты цыкл “Крызіс у Касцёле”. Да наступнага тыдня. Дзякуй, што паслухалі! З Богам!