Выпуск 18. “Закулісная падрыхтоўка, якая перахопіць Сабор”

🕑

35 minutes
Гэтае відэа можна праглядзець з беларускімі субцітрамі.

Вы слухаеце падкаст FSSPX, і мы вітаем вас у выпуску 18 праграмы “Крызіс у Касцёле”. Мы рады зноў вітаць кс. Джонатана Лупа, дырэктара Акадэміі Беззаганнага Зачацця ў Пост-Фолс, штат Айдаха, каб абмеркаваць другую частку падрыхтоўкі да Сабору. Мінулым разам мы разглядалі добрыя моманты ў падрыхтоўцы, якія далі многім, у тым ліку арцыбіскупу Лефеўру, прычыны для аптымізму ў сувязі з Саборам. Сёння мы пабачым закулісную працу, якую ліберальныя айцы Сабору праводзілі яшчэ да таго, як Сабор пачаўся. Яна аказала фатальны ўплыў на ўвесь Сабор і наступныя гады паслясаборнага Касцёла. Калі вы хочаце даведацца больш пра гэтую праграму, якую мы прысвячаем крызісу ў Касцёле, вярнуцца і перагледзець нашы папярэднія 17 выпускаў або калі вы хочаце падтрымаць гэты праект, калі ласка, наведайце старонку sspxpodcast.com/crisis. А цяпер пяройдзем да нашай размовы з кс. Лупам.


  1. “Рэйн быў патокам магутнай каталіцкай тэалогіі, які ўзяў пачатак у 1950-х гг.”
  2. Аптымізм Яна ХХІІІ
  3. Аптымізм у адносінах да іншых рэлігій
  4. Праца сакратарыята па справах хрысціянскага адзінства
  5. Махінацыі з падрыхтоўчымі дакументамі
  6. Іншая падрыўная праца напярэдадні Сабору
  7. Рэабілітацыя падазроных тэолагаў

“Рэйн быў патокам магутнай каталіцкай тэалогіі, які ўзяў пачатак у 1950-х гг.”

Эндру Лэтэм: Вітаю на падкасце FSSPX і на нашай другой сесіі (думаю, гэта ўдалае слова ў нашым кантэксце, ойча) пра падрыхтоўчы перыяд ІІ Ватыканскага сабору. Зноў вітаем кс. Лупа. Вітаю, ойча, як вашы справы?

Кс. Джонатан Луп: Вельмі добра, Эндру. А вашы?

Даволі добра. Тут у Фініксе пайшло пацяпленне. Нічога асабліва дзіўнага, але…

Зразумела, пайшло за трыццатку. (Смяюцца.)

Так, дакладна. Апошні свой выпуск мы скончылі на афіцыйным скліканні Сабору. Мы коратка паразмаўлялі пра заклік да ўсіх біскупаў прыбыць на ІІ Ватыканскі сабор. Гэта было зроблена папскай булай… Humanae salutis, вы казалі?.. 25 снежня 1961 года. Гэта адбылося прыкладна за 10 месяцаў да пачатку самога ІІ Ватыканскага сабору. Апошняе, на чым мы скончылі, было тое, што ўся гэтая вялікая падрыхтоўчая праца скончана, і цяпер будзе пачынацца закулісная праца. І на гэтым мы засяродзімся сёння. Раскажыце нам пра гэта, ойча.

Канешне. Як вы толькі што згадалі, мы казалі пра гэтае афіцыйнае абвяшчэнне і пра заклік да ўсіх біскупаў свету, выдадзены Янам ХХІІІ у канцы 1961 г. Мінулы раз мы скончылі на тым, што падкрэслілі фрагмент, які нейкім чынам паказваў той добры напрамак, у якім мог пайсці Сабор. Гэта бачанне таго, што свет сапраўды знаходзіцца ў крызісе і патрабуе ўказанняў з боку Касцёла, патрабуе парады ад Касцёла, патрабуе выпраўлення Касцёлам. Здавалася, што афіцыйная і фармальная падрыхтоўка да Сабору ідзе ў гэтым напрамку і дасць неабходную дапамогу Касцёлу.

Але ў той жа час, як вы згадалі, існаваў пэўны паток, падземны паток, які па вялікім рахунку накіроўваўся ў адваротным напрамку і які лічыў, што не свет патрабуе выпраўлення, а хутчэй сам Касцёл павінен нейкім чынам змяніць свой падыход у адносінах да свету. І ў гэтым кантэксце можа быць цікава прачытаць каментарый а. Іва Кангара, які пазней стане экспертам на Саборы, які быў адным з ліберальных і прагрэсіўных тэолагаў, які зрабіў свой унёсак у так званае аджарнамента, абнаўленне ў Касцёле. Ён робіць свой каментарый, выказваючыся пра кнігу кс. Ральфа Вільтгена “The Rhine Flows into the Tiber“, і кс. Вільтген, у сваю чаргу, уключае яго ў прадмову да пазнейшага выдання кнігі. Такім чынам, а. Кангар кажа:

“Кс. Вільтген быў выключна добра інфармаваны, і ягоная справаздача, якая адлюстроўвае разгортванне ўсяго Сабору, поўная дакладных дэталяў. Коратка кажучы, Рэйн сапраўды быў тым шырокім патокам магутнай каталіцкай тэалогіі і пастырскай навукі, які ўзяў пачатак у 1950-х гг., а ў тым, што датычыцца літургічных спраў і біблейскіх крыніц, нават раней за гэта”.

Тут а. Кангар сцвярджае, што насамрэч тое, што мы бачым у дзеях Сабору і што мы далей разгледзім больш падрабязна, было не чым іншым, як плёнам цяжкай працы тэолагаў і біскупаў пераважна з Францыі, Нідэрландаў і Германіі. Гэты плён збіраўся цягам дзесяцігоддзя перад ІІ Ватыканскім саборам і ў многіх выпадках не выпраўляўся біскупамі, а нават падтрымліваўся імі. На гэта звяртаю вашу ўвагу.

Аптымізм Яна ХХІІІ

І цяпер я хацеў бы на момант вярнуцца да склікання Сабору, да булы Humanae salutis, таму што ў ёй Папа дае, можна сказаць, востры аналіз стану тагачаснага свету, але дамешвае ў гэтым дакуменце вялікую долю таго, што здаецца неабгрунтаваным аптымізмам. Напрыклад, ён кажа пра свет у цэлым:

“Сапраўды, мы прыслухоўваемся да рэкамендацыі Езуса вучыцца чытаць або распазнаваць знакі часу, і нам здаецца, што мы можам пералічыць пасярод такой вялікай цемры не адну прыкмету, якая дазваляе нам мець надзею на добры лёс Касцёла і чалавецтва”.

Магчыма, варта пракаментаваць палітычную сітуацыю на той момант. Гэта снежань 1961 года. Думаю, большасць нашых слухачоў добра ведае, што гэта два месяцы пасля Карыбскага крызісу, калі свет стаяў на парозе ядзернай вайны. Гэта таксама некалькі гадоў да эскалацыі ў В’етнаме паміж ЗША з некаторымі іншымі саюзнікамі і камуністамі — Ха Шы Мінам і яго паслядоўнікамі, якія пры падтрымцы СССР насаджвалі камуністычны рэжым у частцы В’етнама. У той жа час гэта пашырэнне камунізму ў Афрыцы, Цэнтральнай Амерыцы, Паўднёвай Амерыцы. Гэтая бязбожная і матэрыялістычная сістэма тады знаходзілася на пад’ёме, нават калі яна і панесла некаторае прыніжэнне з-за вымушанага вывазу ракет з Кубы. Агульная карціна — гэта здаровы, агрэсіўны камунізм, які расце і супрацьстаіць Касцёлу. Такая вось сітуацыя. Зноў жа, многія з гэтых тэолагаў, якія папярэднічалі Сабору і пра якіх мы крыху казалі, такія як Анры дэ Любак, з якім мы сустракаліся некалькі тыдняў таму, — яны таксама падзялялі гэты аптымізм.

Далей Папа выказваецца пра Касцёл. Ён кажа:

“Такім чынам, калі здаецца, што свет грунтоўна змяніўся, то хрысціянская супольнасць таксама ў вялікай ступені перамянілася і аднавілася, а менавіта ўмацавала сваю сацыяльную еднасць, набрала інтэлектуальных сіл і ўнутрана ачысцілася. Яна гатова да любога выпрабавання”.

Гэта цікавы каментарый, і, на маю думку, такое сапраўды можна сказаць, прынамсі пра вонкавы выгляд Касцёла на некаторых тэрыторыях у той час. Так, напрыклад, у ЗША Касцёл пашыраўся даволі энергічна, маючы шмат святарскіх пасвячэнняў, квітнеючы дыяцэзіяльнымі пакліканнямі да святарства, законнымі пакліканнямі да святарства, душамі, што далучаюцца да кансэкраванага жыцця.

На піку Злучаныя Штаты мелі 60 тыс. святароў па ўсёй краіне. Для параўнання, цяпер іх каля 45 тыс. Было таксама каля 180 тыс. манахінь, якія працавалі ў шпіталях, школах і г. д., тады як цяпер мы маем, напэўна, каля 40 тыс. законных сясцёр у Злучаных Штатах.

Дык вось, я хачу сказаць, што на паверхні бачны пэўны росквіт. Падобная сітуацыя назіралася і ў Афрыцы. Але ў Еўропе і ў большай частцы Паўднёвай Амерыкі так не было. Там існаваў хутчэй крызіс даверу да Касцёла.

Таксама тут я хачу пракаментаваць адну рэч ад кардынала Манціні з Мілана. Гэта самы пачатак ІІ Ватыканскага сабору або, дакладней сказаць, той час, калі выбралі Яна ХХІІІ. Кардынал Манціні, будучы Папа Павел VI, піша ліст Яну ХХІІІ, калі таго абралі, каб абмеркаваць ягоны погляд на сітуацыю ў яго дыяцэзіі. Кардынал Манціні піша:

“Здаецца, што колькасць ворагаў Божага імені павялічваецца і ўмацоўваецца з дня на дзень. Секулярызм і антыклерыкалізм актыўна вяртаюцца ў моду. Уседазволенасць у маральным жыцці людзей, асабліва ў прэсе і фільмах, становіцца вельмі вялікай, нахабнай і неабмежаванай”.

Далей ён каментуе, што агульная сітуацыя ў ягонай дыяцэзіі, скажам, у сэнсе святарскіх пасвячэнняў, практыкі рэлігіі не вельмі ўдалая. Так, ён кажа, што ў 1955 г. Міланская дыяцэзія, якая была і застаецца найбольшай у Італіі, мае 89 святарскіх пасвячэнняў. Някепска. Калі б Брацтва мела 89 пасвячэнняў у год, гэта было б зусім выдатна. Праз пяць гадоў іх стала 13.

Гэта быў поўны калапс. Часткова гэта абумоўлівалася недаверам з боку хрысціянаў яшчэ да таго, як на грамадства наваліліся гэтыя ідэі. Каб вы разумелі, у Італіі пасля Другой сусветнай вайны камунізм амаль перамог, а кампартыя амаль змагла перахапіць італьянскую нацыянальную палітыку. На многіх каталікоў гэта вельмі моцна ўплывала. Упэўненасць, якую дэманструе Ян ХХІІІ, у нейкім сэнсе вельмі не да месца.

Я толькі хацеў спытацца, бо тут штосьці не сходзіцца. Вы кажаце, што, па словах Яна ХХІІІ, Касцёл умацаваўся ў сацыяльнай еднасці, набраў інтэлектуальных сіл і ўнутрана ачысціўся. Якім чынам? Калі глядзець на інфармацыю з месцаў, якая прыходзіла ад арцыбіскупа Лефеўра, ад кардынала Манціні з Мілана… гэтага не было. Адкуль гэты аптымізм?

У чымсьці ён кажа праўду, і часткова, я думаю, гэта звязана з духоўным жыццём Яна ХХІІІ. Але здаецца, што ён усё ж празмерна аптымістычны па той ці іншай прычыне. Думаю, гэта пэўнае жаданне бачыць усё ў добрым святле, бачыць ва ўсім добрае.

Адзін чалавек казаў пра Бенедыкта XVI, што Бенедыкт XVI мае, скажам так, традыцыйнае сэрца: вельмі прывязанае да лацінскай Імшы з-за ўспамінаў аб святарскай маладосці, успамінаў з дзяцінства. Выглядае, што яна сапраўды ўразіла яго. Але галава ягоная спазнала моцны ўплыў мадэрністычных ідэй. Яго інтэлектуальны погляд на рэальнасць супярэчыў традыцыйнай, грунтоўнай філасофскай падрыхтоўцы. Арцыбіскуп Лефеўр казаў пра Яна ХХІІІ роўна адваротнае. Ён казаў, што ў таго традыцыйная галава… І ў некаторых яго працах, як, напрыклад, той прамове на Рымскім сінодзе, можна пачуць даволі традыцыйныя рэчы. Але ягонае сэрца, кажа арцыбіскуп Лефеўр, здаецца даволі ліберальным і вядзе яго ў тым напрамку, дзе ён жадае быць сябрам для кожнага любым коштам. Так здаецца.

Аптымізм у адносінах да іншых рэлігій

Мы пабачым гэта прама зараз, таму што ў тым жа скліканні Сабору ён выказвае сапраўды неабгрунтаваны аптымізм наконт іншых рэлігій, асабліва іншых хрысціянаў. Ён кажа:

“Акрамя таго, у той час, калі ў розных сферах прадпрымаюцца шчодрыя і ўсё большыя высілкі па аднаўленні той бачнай еднасці ўсіх хрысціянаў, якая адпавядае волі боскага Адкупіцеля, будзе даволі натуральным, калі надыходзячы Сабор дасць пасылкі дактрынальнай яснасці і ўзаемнай любові, якія зробяць яшчэ больш жывым у нашых аддзеленых братах жаданне вярнуцца да еднасці і выраўняюць шлях да яе”.

Іншымі словамі, зноў гэтае жаданне бачыць самае добрае. Усе гэтыя іншыя хрысціяне жадаюць вярнуцца ў Касцёл, і мы можам, кажучы простай мовай, быць добрымі хлопцамі, мы можам паладзіць, мы можам справіцца, калі пастараемся. Але нават тады гэта выказванне неадназначнае, таму што, як пісаў Пій ХІ у энцыкліцы Mortalium animos, каталікі не могуць браць удзел у гэтых экуменічных набажэнствах, таму што для гэтага патрабуецца, каб бачная еднасць, якая фактычна была страчана, кажучы словамі Яна ХХІІІ, аднавілася, з’явілася зноў.

Не ведаю, ці не будзе надта жорстка казаць такое пра Яна ХХІІІ, але ён паказвае сябе амаль што наіўным у тым, як глядзіць на людзей. “О, у сэрцы яны ўсе добрыя, з імі ўсё ў парадку”. Я разумею, чаго ён хоча дабіцца, але такое ўражанне ён стварае.

Так, і тут, несумненна, можна прынамсі зразумець, чаму людзі карыстаюцца гэтым і як яны выкарыстоўваюць гэты настрой. Асабліва тыя многія тэолагі, пра якіх мы кажам і якія больш-менш згаджаюцца з гэтым, але больш канкрэтна лічаць, што гэта тое, што нам патрэбна, і што мы павінны рухацца ў гэтым напрамку, а ён нас падтрымае. Фактычна, так і адбылося. Сваё скліканне ён заканчвае амаль што запрашэннем некаталіцкіх братоў, як ён іх называе. Ён кажа пра малітвы, якія ўзносяцца аб поспеху надыходзячага Сабору, і затым дадае:

“Да гэтага хору малітваў мы таксама запрашаем усіх хрысціянаў тых Цэркваў, якія аддзелены ад Рыма, каб Сабор паслужыў таксама на іх карысць”.

Зноў жа, гэта вельмі двухсэнсоўна, і можна палічыць, што гэта падразумявае, што гэтыя супольнасці як такія ўзносяць малітвы, якія самі па сабе прыемныя Богу і могуць заклікаць даброты. Можна таксама сказаць, што, з іншага боку, ён, магчыма, схіляе іх да прыняцця ласкі вяртання да веры, але насамрэч так не выглядае.

Думаю, цяпер варта перайсці да таго, што я згадваў, — да сакратарыята па справах еднасці хрысціянаў. Мы вельмі коратка згадвалі пра яго ў мінулы раз, таму што ён быў заснаваны ў той жа час, калі была заснавана цэнтральная падрыхтоўчая камісія, гэта значыць у чэрвені 1960 г. Але гэта сапраўды цалкам новы орган.

Магчыма, у якасці ўступу можа быць карысным яшчэ раз вярнуцца да І Ватыканскага сабору і прачытаць некаторыя вытрымкі, узятыя з таго ліста, які Пій ІХ напісаў пратэстантам. Мінулы раз мы казалі, што ён напісаў ліст праваслаўным, каб запрасіць іх папрысутнічаць на Саборы у якасці назіральнікаў, таму што яны з’яўляюцца сапраўднымі біскупамі, яны маюць пасвячэнні, і, магчыма, яны нават маглі б паўдзельнічаць у камісіях, як гэта адбылося на Фларэнтыйскім саборы ў XV ст., які прывёў да фактычнага паяднання некаторых з тых біскупаў у той час.

Але ліст, які ён піша пратэстантам, даволі адрозны. Ён запрашае іх, што не дзіўна, вярнуцца ў Каталіцкі Касцёл. Гэта ягоны абавязак як пастыра душ. “Слухайце, я прашу прабачэння, але вы ўсе знаходзіцеся па-за каўчэгам збаўлення, таму, магчыма, вы захочаце вярнуцца”. Але затым ён працягвае і кажа:

“Старанная праверка пакажа, што ніводная з іхніх груп і ўсе яны разам ніякім чынам не складаюць і не з’яўляюцца тым адзіным Каталіцкім Касцёлам, які Езус Хрыстус заснаваў, устанавіў і пажадаў. Не могуць гэтыя групы і ніякім чынам называцца членамі або часткамі гэтага Касцёла да таго часу, пакуль яны бачным чынам аддзелены ад каталіцкай еднасці”.

Гэты ўрывак кс. Вільтген цытуе ў сваёй кнізе “The Rhine Flows into the Tiber” і кажа, што гэты ліст аказаўся абарончым і дасягнуў вельмі мала. У нейкім сэнсе гэтага нават не дзіўна. Скажам, вы як арцыбіскуп Кентэрберыйскі атрымліваеце такі ліст і кажаце: “А, ну, ладна, вельмі добра. Пакладу яго ў сметніцу”. У гэтым штосьці ёсць. Але затым, як я казаў, Ян ХХІІІ прыме зусім іншую паставу, прычым такую, якая будзе як мінімум заснавана, калі хочаце, на наіўным аптымізме адносна рэальнай сітуацыі.

Далей кс. Вільтген кажа, што рэлігійны клімат у свеце ў часы Яна ХХІІІ вельмі адрозніваўся ад таго, якім ён быў у дні Пія ІХ. Трэба разумець, што кс. Вільтген з’яўляецца крыху лібералам, таму ён будзе прыпісваць гэта агульнай сітуацыі ў свеце, а не канкрэтным прынцыпам. Ён кажа:

“У прамежкавыя гады экуменічны рух спрыяння хрысціянскаму адзінству моцна ахапіў хрысціянскія супольнасці ва ўсім свеце. Да гэтага прывялі многія фактары. Адным з іх, напрыклад, былі біблейскія даследаванні, якія аб’ядналі пратэстантскіх, англіканскіх, праваслаўных і каталіцкіх вучоных”.

Магчыма, варта вярнуцца да той цытаты а. Кангара, з якой мы пачалі і ў якой ён прама згадвае біблейскія даследаванні, як адзін з ранніх патокаў, дзякуючы якому Рэйн пачаў упадаць у Тыбр. Затым кс. Вільтген піша:

“Потым прыйшла Сусветная рада Цэркваў, заснаваная адмыслова для таго, каб развіваць хрысціянскае братэрства ва ўсіх магчымых сферах”.

Дык вось, да 1960-х гг. Каталіцкі Касцёл казаў, што не мае нічога супольнага з гэтай арганізацыяй, таму што гэта фактычна вельмі таннае прадстаўленне таго, чым мы ўжо з’яўляемся. Але ў 1960-я гг. сакратарыят па справах хрысціянскага адзінства пашле туды членаў.

Праца сакратарыята па справах хрысціянскага адзінства

Значыць, Папа Ян ХХІІІ засноўвае гэты сакратарыят, каб паспрабаваць сабраць гэтыя патокі, пра якія кажа кс. Вільтген. На чале ён ставіць кардынала Аўгустына Бэа, які ў некаторых аспектах з’яўляецца цікавай постаццю. Ён — выбітны даследчык Бібліі ў тым сэнсе, што ён вельмі адукаваны. Гэта не заўсёды добра, але ён, несумненна, быў вельмі заслужаным. Яму, на жаль, вельмі давяраў Пій ХІІ, які зрабіў яго сваім асабістым спаведніком, а таксама даручыў яму заданне стварыць новы пераклад псальмаў.

Калі нас слухаюць святары, якія калі-небудзь мелі справу з псальмамі… Бо яны фактычна перерабілі Брэвіярый, дадаўшы гэты абноўлены пераклад. Калі хтосьці знаёмы з перакладам Вульгаты, то ягоны пераклад, магчыма, больш тэхнічна карэктны ў класічным сэнсе, але прызвычаіцца да ягоных псальмаў вельмі цяжка. Але гэта так, на палях.

Ян ХХІІІ выбраў яго, каб ён узначаліў гэты сакратарыят, і ён акажацца шмат у чым вельмі і вельмі энергічным. Ягоным сакратаром быў нідэрландзец Ян Вілебрандс, які пазней заменіць яго ўжо як сакратар гэтай камісіі і вельмі яму дапаможа.

Чым яны займаюцца? Яны заводзяць шмат кантактаў з рознымі нехрысціянскімі арганізацыямі. Мова ідзе не толькі пра хрысціянаў-некаталікоў, хоць першапачаткова іх націск менавіта такі. Яны з усіх сіл стараюцца запрасіць на Сабор у якасці прадстаўнікоў натоўпы людзей і прадстаўнікоў як розных пратэстанцкіх арганізацый, так і праваслаўных супольнасцей. На першую сесію ў іх набралося каля 50 чалавек. Яны таксама просяць іх выказаць сваё меркаванне аб тым, чаго яны жадаюць ад гэтага Сабору.

Кс. Вільтген вельмі шмат кажа пра праф. Колмана, які быў метадыстам і вельмі шмат выказваўся пра тое, як ім давалі адчуць сябе часткай праграмы Сабору. Тут мы ўжо залазім крыху ў сам Сабор, але глеба была падрыхтавана загадзя, гэтым духам і гэтай перспектывай. Ім давалі пачытаць дакументы перад тым, як прадставіць іх генеральнай асамблеі. У іх пыталіся каментарыяў, ім давалі доступ да ўсіх біскупаў. Хоць яны не мелі права голасу, не былі афіцыйнымі членамі Сабору, іхнюю прысутнасць давалі адчуць. І ўсё гэта дзякуючы працы перад Саборам, праведзенай кардыналам Бэа і ягонай групай.

Адным словам, гэта поўны адыход ад таго, што мы бачылі на І Ватыканскім саборы. Што зрабіў Пій ІХ? Ён сказаў, што яны не ўдзельнічаюць, і паведаміў ім пра Сабор проста з ветлівасці. А тут гэта члены без права голасу, але таксама паўнапраўныя, уключаныя.

Так, дакладна ўключаныя. Ніякай афіцыйнай ролі, але тым не менш уключаныя. І яны адчувалі сябе ўключанымі. Зноў жа, гэта тая перспектыва, з якой іх запрашалі. Як я казаў, усё не абмяжоўвалася, скажам так, сувязямі з хрысціянамі-некаталікамі. Яны таксама цішком звязваліся з нехрысціянамі.

Ёсць выдатны ўрывачак з кнігі “The Catechism of the Crisis“. Гэта цікавая праца. Яе крыху складана чытаць, як па мне, але ўсё адно яна цікавая. У раздзеле пра ІІ Ватыканскі сабор цытуецца ўрывак ад юдэя па імені Лазарэ Ландау. Гэта проста захапляльны ўрывак. Ён кажа:

“У туманны, марозны зімні вечар 1962-63 года я ўдзельнічаў у незвычайнай падзеі ў Страсбургскім цэнтры міру. Юдэйскія кіраўнікі патаемна прымалі ў падвале папскага дэлегата. На заканчэнне шабата 12 чалавек з нашых павінны былі сустрэцца з дамініканцам, апранутым у белае, — вялебным айцом Івам Кангарам, які атрымаў заданне ад кардынала Бэа папрасіць нас ад імені Яна ХХІІІ распавесці на парозе Сабору аб тым, чаго мы чакаем ад Каталіцкага Касцёла. Юдэі, якіх на працягу амаль дваццаці стагоддзяў трымалі на ўзбочыне хрысціянскага грамадства, да якіх часта ставіліся як да горшага сорту, да ворагаў і забойцаў Бога, папрасілі аб поўнай рэабілітацыі. Як прамыя нашчадкі Абрагама, ад якіх пайшло хрысціянства, яны папрасілі хрысціянскую Царкву лічыць сябе братамі, партнёрамі роўнай годнасці. Пасланнік, апрануты ў белае, які не меў на сабе ніякіх сімвалаў і знакаў, вярнуўся ў Рым, несучы з сабою незлічоныя просьбы ў падтрымку нашага народа. Пасля складаных дыскусій Сабор саступіў нашым пажаданням. Дэкларацыя “Nostra aetate”, як мне пацвердзілі а. Кангар і тры іншыя аўтары тэкста, стала сапраўднай рэвалюцыяй у вучэнні Касцёла адносна юдэяў. На працягу некалькіх гадоў змяніліся казанні і катэхізісы. З моманту патаемнага візіту а. Кангара ў сакрэтны пакой сінагогі ў халодны зімні вечар у вучэнні Касцёла сапраўды адбылася поўная перамена”.

Тут, зноў жа, а. Кангар дзейнічае як прадстаўнік кардынала Бэа, прадстаўнік сакратарыяту. Мы вернемся да гэтага, таму што гэта фактычна падводзіць нас да наступнага пункта.

Гэта цікава, таму што сучасныя каталікі ў нейкім сэнсе прызвычаіліся да гэтага дыялогу з іншымі рэлігіямі. Цяпер гэта амаль што нармальна для нас. Але ў той час, як можна бачыць з гэтага ўрыўка, ён быў здзіўлены такой ініцыятывай з боку Каталіцкага Касцёла ў бок юдэйскай рэлігіі. Я проста спрабую зразумець, што гэта значыць. Гэта падобна на тое, як калі б у вас быў бізнес, вы б праводзілі сустрэчу на высокім узроўні з іншымі выканаўцамі і раптам пазванілі б канкурэнту, які не мае ніякага дачынення да справы, і сказалі: “Пра што хочаш, каб мы паразмаўлялі на гэтай сустрэчы?” Не, вы абмяркоўваеце тое, што важна для вашага бізнесу. Гэта свецкая і, напэўна, слабая аналогія, але я проста спрабую разабрацца. Гэта ненармальна.

Так і ёсць. Я думаю, вы правільна зазначылі, што праз 60 гадоў мы, на жаль, настолькі прызвычаіліся да гэтых зносін, што больш не адчуваем ніякіх згрызотаў. У той момант, калі гэта адбывалася, гэта была рэвалюцыйная справа. Не толькі з юдэямі, але і з пратэстантамі. Некаторыя асобы, падобныя да а. Кангара, вельмі пахвальна выказваліся пра Лютэра. Зноў жа, сёння нас гэта не здзіўляе, але… Ладна, вернемся да нашай тэмы.

Як я сказаў, сакратарыят не толькі меў кантакты з некаталікамі, стараўся запрасіць іх, пытаўся іхняга меркавання пра тое, як разглядаць справы на Саборы, але і аказаўся ў некаторай ступені ўключаны ў афіцыйную падрыхтоўку Касцёла. Але, зноў жа, гэта было вельмі патаемна.

Махінацыі з падрыхтоўчымі дакументамі

Арцыбіскуп Лефеўр, калі памятаеце, быў членам цэнтральнай падрыхтоўчай камісіі, таму ён удзельнічаў ва ўсіх агульных сесіях, дзе знаходзілася каля сотні кардыналаў, біскупаў, экспертаў і г. д., каб разглядаць працу падкамісій. У гэтай сваёй ролі ён стаў сведкам некаторых махінацый. Гэта сапраўды іншым словам не назавеш. Асабліва кардынал Бэа стараўся змяніць напрамак некалькіх дакументаў, якія былі падрыхтаваны.

Нармальны прынцып падрыхтоўкі дакумента быў такі, што існавала падкамісія, якая мела пэўную кампетэнцыю. Напрыклад, была падкамісія па літургіі — фактычна, адзіная падкамісія, у якой пераважалі прагрэсісты. Гэта пазней адыграе сваю ролю. Але галоўнай была тэалагічная камісія, якую ўзначальваў кардынал Атавіяні, старшыня Святой Канцылярыі ў той час.

Сакратарыят па справах хрысціянскага адзінства не меў афіцыйнага прадстаўніка, але кардынал Бэа пачаў прымушаць сваіх падначаленых ствараць тэксты, якія потым можна было б уставіць і выкарыстаць. Напрыклад, яшчэ ў лістападзе 1960 г. яны пачалі падрыхтоўку дакумента, які затым стане на Саборы схемай пра рэлігійную свабоду. Зразумела, такі дакумент ўключае ў сябе тэалагічныя прынцыпы. Іншымі словамі, штосьці, што належыць якраз тэалагічнай камісіі.

Кардынал Бэа некалькі разоў прасіў кардынала Атавіяні, стараючыся прасунуць свае мэты, каб ён стварыў змяшаную камісію, якая будзе даследаваць гэтае пытанне. Кардынал Атавіяні пастаянна казаў: “Не, гэта не ваша справа. Гэта тэалагічны прынцып”. Кардынал Атавіяні пастаянна адмаўляўся рабіць гэта, таму што гэта сапраўды не тая справа, якая належыць сакратарыяту па справах хрысціянскага адзінства.

Што адбываецца тады? Кардынал Бэа ідзе наўпрост да Яна ХХІІІ і прадстаўляе яму сітуацыю. І Ян ХХІІІ такі: “А, ну, добра, чаму б вам не прадставіць дакумент, не турбуючы тэалагічную камісію, наўпрост у цэнтральную падрыхтоўчую камісію?” Такім чынам, ён фактычна не бярэ пад увагу адмову кардынала Атавіяні разглядаць гэты дакумент, што перашкодзіла б яму з’явіцца на свет.

Абсалютна выпадковае адступленне. Першапачатковы дакумент пра рэлігійную свабоду, падрыхтаваны імі, разглядаў біскуп Шар’ер, які прыблізна праз 10 гадоў будзе тым, хто падпіша дэкрэт аб заснаванні Брацтва св. Пія Х як біскуп Фрыбура. Такая цікавая рэч.

Значыць, кардынал Бэа… проста каб падсумаваць… Кардынал Бэа хоча ўмяшацца ў працу камісіі, у якой не мае права знаходзіцца і за якую не адказвае. Ён улазіць у тэалагічную камісію або хоча прасунуць туды сваё меркаванне. Калі ласка.

Не зусім так. Ён хоча стварыць дакумент, які датычыцца тэмы, што абапіраецца на тэалагічныя па сваёй прыродзе прынцыпы, а таму належыць тэалагічнай камісіі.

Зразумела. Тое, што ён робіць, перасякаецца з тым, што павінна рабіць тэалагічная камісія, і таму ён у прынцыпе не павінен брацца за гэты дакумент.

Правільна.

І тады ён ідзе да кардынала Атавіяні і кажа: “Вось, гэта залазіць на вашу тэрыторыю, давайце працаваць над гэтым разам”. Кардынал Атавіяні кажа: “Не, гэта мая праца, ідзі прэч”. І тады кардынал Бэа, калі казаць простай мовай, ідзе і скардзіцца Папу Яну ХХІІІ.

Так, а той кажа: “Добра, чаму б вам проста не прадставіць дакумент цэнтральнай падрыхтоўчай камісіі?”

І гэта разбурае ланцужок падпарадкавання…

Так, правільна.

Цяпер мы бачым, якім чынам гэта працуе. Калі б кожны заставаўся ў сваёй паласе, магчыма, атрымалася б менш шкоды.

Правільна. І гэта цікава, таму што ў выніку ўсяго дакумент кардынала Бэа ўсё ж прадстаўляюць цэнтральнай падрыхтоўчай камісіі. Гэта прывяло да таго, што арцыбіскуп Лефеўр апісваў як драматычную канфрантацыю паміж кардыналам Атавіяні і кардыналам Бэа.

З аднаго боку, можна сказаць, што былі абражаны пачуцці кардынала Атавіяні, што таксама не дзіўна, але больш важны той факт, што раптоўна стала бачнай глыбокая розніца ў прынцыпах. Таму што быў дакумент, які кардынал Атавіяні ўжо падрыхтаваў, які фактычна выкладаў традыцыйнае вучэнне Касцёла і які, па словах арцыбіскупа Лефеўра, меў каля 15 старонак зносак на Магістэрый Касцёла. І побач з ім ёсць дакумент, які вучыць дакладна супрацьлегламу і не мае зносак на Магістэрый Касцёла, таму што ён проста наватарскі. У пэўны момант дайшло да таго, што яны двое стаялі адзін перад адным і казалі: “Вы памыляецеся”. Я пераказваю па-простаму, але… “Вы памыляецеся, вы не ведаеце, пра што гаворыце”.

Больш за тое, здарылася раздзяленне паміж кардыналамі. У камісіі было 10 кардыналаў: пяць падтрымала кардынала Бэа, а трое падтрымала кардынала Атавіяні. Тады камісія прагаласавала, і атрымалася 50/50 паміж дакументамі. Мне здаецца, біскуп Цісье дэ Малерэ ў сваёй біяграфіі арцыбіскупа Лефеўра распавядае пра гэта. Сам факт таго, што сакратарыят па справах хрысціянскага адзінства існаваў толькі два гады, з’яўляецца цалкам новым ва ўсёй традыцыі Касцёла. І гэта ўжо паказвае перамогу сакратарыята хрысціянскага адзінства.

Яшчэ адзін каментарый — і пойдзем далей. Пасля пачатку Сабору, калі казаць дакладна, праз 11 дзён, як сцвярджае кс. Вільтген, праз 11 дзён пасля пачатку Сабору Ян ХХІІІ ператварае сакратарыят у фармальную камісію з заданнем ствараць дакументы, якія будуць разглядацца айцамі Сабору. Кс. Вільтген лічыць, што ён зрабіў гэта, каб не даць айцам Сабору кіраваць тым, хто з’яўляецца членам гэтай камісіі. Гэта прывяло да таго, што кардынал Бэа меў сваю падабраную каманду. Ён працаваў з такімі людзьмі, як а. Кангар і іншыя. А айцы Сабору не маглі гэтага змяніць.

Гэтая камісія будзе надзвычай важнай, таму што яна створыць самыя ўплывовыя тэксты. З гэтай камісіі выйдзе Dignitatis humanae. Unitatis redintegratio пра экуменізм таксама выйдзе з гэтай камісіі. Як і Nostra aetate пра юдэяў і нехрысціянскія рэлігіі. Іншымі словамі, тая праца, якую кардынал Бэа робіць перад Саборам, перацячэ ў сам Сабор, а прынцыпы, якія ён прыняў, яўна былі вельмі нетрадыцыйнымі.

Іншая падрыўная праца напярэдадні Сабору

Цяпер, паглядзеўшы крыху на гэты сакратарыят, скажам таксама пра падрыхтоўку, якая вядзецца на некаторых іншых узроўнях і на фоне. Таму што, хоць праца сакратарыята па справах хрысціянскага адзінства была шмат у чым закуліснай, яна ўсё ж мела бачнасць афіцыйнай, таму што яго заснаваў Папа і г. д. Але ў той жа час шмат працы вялося на фоне. І тут я хацеў бы працытаваць Іва Шырона. Урывак паходзіць з ягонай біяграфіі Паўла VI. Ён кажа:

“Праца падрыхтоўчых камісій будзе ў пэўным сэнсе дублявацца з прапановамі і праектамі, якія прадпрымаліся французска- і нямецкамоўнымі тэолагамі. Так, у маі 1959 года тэолаг Ота Карэр адным з першых напісаў мемарандум пра экуменізм для наступнага сабору. Што важна, ён даслаў гэты мемарандум біскупам сваёй уласнай краіны, Германіі, мансіньёру Шар’еру [зноў вітаем], якому справы экуменізму даручыў швейцарскі епіскапат, і кардыналу Манціні”.

Значыць, ён ужо прадстаўляе пэўныя тэксты вельмі неафіцыйным чынам. Зноў жа, гэта можна параўнаць з тым, што мы толькі што бачылі ў выпадку неафіцыйнай падрыхтоўкі дакумента пра рэлігійную свабоду.

Таксама была атака на тую падрыхтоўку, што была праведзена. Ёсць адзін вельмі цікавы ўрывак з кнігі “Iota unum” Рамана Амерыа. Гэта вельмі значны каментарый. Ён апавядае пра тое, што адбываецца ў самы першы дзень Сабору. Я ўпэўнены, што далей гэта будзе абмяркоўвацца больш дэтальна, але скажу коратка.

Былі нямецкія і французскія біскупы, якія вырашылі адразу сарваць Сабор. Кардынал Ашыль Льенар з Ліля, роднага горада арцыбіскупа Лефеўра (біскуп, які ўдзяліў яму пасвячэнне ў біскупы), узяў мікрафон адразу пасля ўступу, малітвы і падобных рэчаў і стаў зачытваць дэкларацыю з мэтай цалкам замяніць склад розных камісій, якія мелі даручэнне складаць чарнавікі і пераглядаць тэксты, па якіх павінны галасаваць айцы Сабору. Так, гэта адбываецца ў самы першы дзень Сабору, але ясна, што гэта было падрыхтавана загадзя. Такім чынам, Рамана Амерыа каментуе гэтую дэкларацыю, якую кардынал Льенар напісаў, а тады ўжо і прачытаў:

“Цяпер мы маем адкрытае прызнанне гэтага адкідання Сабору ў першапачаткова задуманай форме ад а. Шэню — аднаго з прадстаўнікоў прагрэсіўнай школы. [Ліберальнага, прагрэсіўнага тэолага.] Гэты знакаміты дамініканец і ягоны сабрат па ордэне а. Кангар [які ў нас пастаянна з’яўляецца] былі ўзрушаны чытаннем тэкстаў падрыхтоўчых камісій, якія здаліся ім абстрактнымі, старамоднымі і чужымі для натхнення сучаснага чалавецтва. І яны прадпрынялі дзеянні, каб прымусіць Сабор выйсці па-за вызначаныя межы і адкрыцца для патрабаванняў свету, пераканаўшы яго абвясціць новую арыентацыю ў пасланні, адрасаваным чалавецтву ў цэлым. Тэкст, які павінен быў прагучаць на Саборы [гэты дакумент, які прачытаў кардынал Льенар], ухвалілі [па словах Рамана Амерыа] Ян ХХІІІ і кардыналы Льенар, Гарон [які адыграе важную ролю ў гісторыі Брацтва], Фрынгс, Дэпфнер, Алфрынк, Манціні і Лежэ”.

Значыць, група кардыналаў з Германіі, Нідэрландаў, Францыі і кардынал Манціні з Мілана. Але ён працягвае, і гэта нават больш цікава. Ён кажа:

“Змова, як здаецца, таксама пацвярджаецца [змова сарваць Сабор] тым, што французскі акадэмік Жан Гітон апавядае як тое, што яму сказаў кардынал Цісеран”.

Патлумачу, што Жан Гітон — гэта блізкі сябар Паўла VI. Кардынал Цісеран у той час быў дэканам, іншымі словамі, найстарэйшым з кардыналаў. Ён быў французам.

“Паказваючы Гітону карціну, зробленую з фатаграфіі, на якой быў адлюстраваны сам Цісеран і шэсць іншых кардыналаў, дэкан святой Калегіі сказаў: “Гэтая карціна гістарычная, а хутчэй сімвалічная. Яна паказвае сустрэчу, якую мы мелі перад пачаткам Сабору, калі вырашылі блакаваць першую сесію, адмаўляючыся прыняць тыранічныя правілы, устаноўленыя Янам ХХІІІ”.

Даволі сур’ёзная заява. Калі гэта праўда, то яна паказвае, што існаваў даволі адладжаны план. Называем мы яго змовай ці не, насамрэч не істотна. Але гэта даволі адладжаны план па змяшчэнні акцэнту Сабору.

Тое самае мы можам бачыць па некаторых дзеяннях, напрыклад, нідэрландскага епіскапату, які таксама быў часткай Рэйна, які ўпадаў у Тыбр. Нідэрланды таксама стаяць на гэтай рацэ. Калі я не памыляюся. Прынамсі блізка.

Кс. Вільтген у сваім тэксце зазначае, што ў ліпені 1962 г. цэнтральная падрыхтоўчая камісія практычна скончыла працу, і мансіньёр Фелічы, сакратар, разаслаў першыя сем дакументаў, схем, усім айцам ва ўсім свеце. Калі нідэрландцы атрымалі іх, яны ім не спадабаліся. Біскупы сабраліся разам і вырашылі напісаць крытыку парадку дакументаў і саміх дакументаў і разаслаць яе іншымі біскупам ва ўсім свеце. У выніку яны даручылі а. Шылебексу напісаць іх кароткія заўвагі, іхнюю крытыку як парадку, так і зместу. А. Шылебекс быў сам па сабе вельмі знакамітым тэолагам. Пазней ён стане аўтарам “Галандскага катэхізіса”, які акажацца выразна ерэтычным. Добры выбар тэолага.

Яны прэзентавалі гэтыя дакументы ўжо тады, калі біскупы былі ў Рыме. Гэта была сур’ёзная спроба паўплываць на іншых біскупаў, каб змяніць парадак дакументаў і перапісаць некаторыя раннія дакументы, якія датычыліся Божага аб’яўлення, Касцёла і г. д.

Яны таксама выступалі за тое, каб канстытуцыя пра літургію разглядалася першай. Зноў жа, як я згадваў раней, гэта адзіны істотны дакумент, створаны падрыхтоўчай камісіяй, якая знаходзілася больш-менш пад уплывам прагрэсіўных тэолагаў з Германіі і Францыі. Таму яна была ім найбольш даспадобы.

Гэтая праца, гэта тактыка блакіроўкі, або як гэта назваць, будзе разгортвацца далей. Пра гэта мы пагаворым наступным разам з кс. Магіліўры. У канцы першай сесіі Сабору, калі я правільна выкарыстоўваю тэрміны, або ў канцы першага года Сабору, ніводная схема не была зацверджана. Не выйшла зусім нічога. Думаеце, гэта з-за гэтай тактыкі, якую прымянілі ў пачатку?

Гэта абсалютна дакладна з-за гэтага, таму што ўсе два гады працы былі фактычна адкінуты за першы тыдзень Сабору. І калі я казаў пра падрыхтоўку да таго, каб мець максімальны кантроль над тым, хто будзе знаходзіцца ў камісіях падчас Сабору, з боку еўрапейскага альянсу, з боку груп у Францыі і Германіі, нямецкіх біскупаў, то гэта рабілася менавіта з мэтай таго, каб мець магчымасць стварыць больш-менш з нуля ўсе дакументы для разгляду айцамі Сабору. Таму фактычна не здзіўляе, што на першай сесіі ім не было чаго рабіць. Нідэрландцы таксама мелі поспех у змене парадку разгляду дакументаў. Першым сапраўды разглядаўся дакумент пра літургію, але і там было шмат спробаў змяніць яго, таму што ўсё гэта вельмі павольны працэс.

Рэабілітацыя падазроных тэолагаў

Такім чынам, мы паглядзелі на працу сакратарыята па справах хрысціянскага адзінства. Мы паглядзелі ў некаторай ступені на спробы ліберальных тэолагаў і нават кардыналаў атакаваць структуру Сабору і праведзеную падрыхтоўку. Напэўна, у якасці апошняй справы нам будзе цікава разгледзець… І гэта зноў жа адсылае нас да таго, што мы казалі пра Яна ХХІІІ, пра ягонае бачанне, пра атмасферу, якую ён дапамог устанавіць у Касцёле.

У апошнія гады, якія падводзілі да Сабору, назіралася сапраўды згуртаваная спроба рэабілітаваць многіх падазроных тэолагаў. Гэта можна праілюстраваць некаторымі прыкладамі, некаторыя з якіх маюць месца крыху да непасрэднай падрыхтоўкі Сабору, але я думаю, што прыклады павучальныя, таму што яны паказваюць тую паставу, якая падрывае вялікую працу Пія ХІІ і рыхтуе глебу, каб гэтыя тэолагі змаглі адыграць сваю ролю на Саборы.

Так, напрыклад, на першым месцы трэба назваць кардынала Ранкалі, які ў нейкім сэнсе праяўляе сябе, з усіх сіл хвалячы Марка Санье. Слухачы могуць памятаць яго як кіраўніка руху “Sillon” у Францыі. Гэта быў хрысціянска-дэмакратычны рух, які ў выніку быў канкрэтна і неаспрэчна асуджаны св. Піем Х як рух, які адыходзіў ад грунтоўнага каталіцкага вучэння.

У 1950 г. Санье памірае, а кардынал Ранкалі ў той час з’яўляецца папскім нунцыем у Парыжы. Гэта перад тым, як яго пашлюць патрыярхам у Венецыю. І ён піша ліст удаве Марка Санье, хвалячы яго і ягоныя ідэі. Ён кажа, што калі ўпершыню сустрэўся з ідэямі Санье як малады святар у 1903-1904 гг., то знайшоў у ім крыніцу натхнення. Што даволі дзіўна, улічваючы, што амаль адразу пасля гэтага, праз нейкія сем гадоў, ён быў канкрэтна асуджаны, а ягоныя ідэі абвешчаны несумяшчальнымі з верай. Вось так. Гэта такі склад розуму.

Расказваюць такую гісторыю… Зноў жа, я не ведаю. Гэта гісторыя, якую часта паўтараюць, але яе цяжка праверыць. Калі кардынала Ранкалі выбралі Папам, ён адкрыў дзверы і кажа: “Ну, вось, будзе вельмі крута быць Папам. Цікава, што пра мяне падумаюць людзі”. (Смяюцца.) Прынамсі ў нейкай меры ён быў падазраваны ў мадэрнізме. Часткова вось менавіта з-за такіх рэчаў.

Затым быў таксама мансіньёр Манціні. Вельмі цікавая асоба. Калі ён яшчэ не стаў кардыналам і арцыбіскупам Мілана… А зрабіў яго арцыбіскупам Мілана Пій ХІІ, які яўна і заўважна адмаўляўся рабіць яго кардыналам, хоць Міланская дыяцэзія самая вялікая ў Італіі і традыцыйна была кардынальскай сталіцай. Кардыналам быў, напрыклад, св. Караль Барамей. Часткова праблема была ў тым, што перад гэтым ён трапіў у няміласць да Пія ХІІ, хоць і быў пры ім сакратаром Дзяржаўнага сакратарыяту і адным з двух самых давераных супрацоўнікаў Пія ХІІ разам з мансіньёрам Тардзіні, пазней — кардыналам Тардзіні.

Пакуль ён быў сакратаром у Дзяржсакратарыяце, ён вельмі сябраваў з цэлым натоўпам прагрэсіўных тэолагаў. Напрыклад, вось адна ілюстрацыя. У 1950 г. Пій ХІІ публікуе энцыкліку Humani generis, якая, калі браць агульна, накіравана супраць новай тэалогіі. Яна засталася патэнцыйна неэфектыўнай, таму што не сыходзіла да таго, каб называць канкрэтных асобаў па імені і прапаноўваць канкрэтныя крокі, якія трэба прадпрыняць. Яна вельмі агульная: такія рэчы няправільныя, ім нельга вучыць…

Так ці іначай, Жан Гітон (мы зноў вяртаемся да яго) перадае сваю размову з кардыналам Манціні, дакладней тады яшчэ мансіньёрам Манціні, у якой ён скардзіўся на Humani generis, а мансіньёр Манціні прасіў яго не турбавацца аб гэтым, таму што гэта проста папярэджанне. Ён таксама запэўніваў яго, што скарыстаецца сваім уплывам, каб справа не пайшла далей. Іншымі словамі, каб не было канкрэтных асуджэнняў асобаў або чагосьці такога. У той жа час мансіньёр Манціні рабіў шмат працы, каб пэўныя тэолагі не аказаліся асуджанымі. Нават Жан Гітон напісаў працу пра Найсвяцейшую Дзеву Марыю, якую вельмі крытычна ўспрынялі ў Святой Канцылярыі, але мансіньёр Манціні дабіваўся, каб яго не асудзілі.

Вось яшчэ што цікава. І гэта такая агульная лінія. Пасля таго, як яго зрабілі арцыбіскупам Мілана ў 1956 г., адбываецца цікавая рэч. Ён арганізуе вялізныя місіі для ўсёй дыяцэзіі, спрабуючы аднавіць каталіцкае жыццё. Вынікі, на жаль, вельмі абмежаваныя. Але ў межах гэтых місій ён запрашае праводзіць розныя канферэнцыі ў парафіях горада святара, асуджанага Святой Канцылярыяй. Іў Шырон так каментуе гэта:

“Гэты святар, дон Мацалары, быў асуджаны Святой Канцылярыяй. У 1954 г. яму было забаронена прапаведаваць па-за сваёй парафіяй, а ў 1956 г. яму забаранілі пісаць. Ён выступаў за супрацоўніцтва каталікоў і камуністаў”.

Арцыбіскуп Манціні: “Выдатна, прыязджай прапаведаваць, няма праблемы!”

І, магчыма, апошняе, што я хацеў бы тут зазначыць. Напэўна, гэта самае важнае. Было шмат працы і можна вельмі шмат пра яе казаць. Але, магчыма, выніковым плёнам было тое, што ў цэнтральнай падрыхтоўчай камісіі ў якасці кансультантаў ці каго яшчэ знаходзілася некалькі экспертаў. І сярод іх былі некаторыя святары, тэолагі, таксама цэнзураваныя Святой Канцылярыяй. Напрыклад, а. Кангар, а. Ранэр, а. дэ Любак.

Гэта цікава, таму што арцыбіскуп Лефеўр заўважыў гэта, палічыў дзіўным і зрабіў заўвагу на агульным пасяджэнні ў стылі, што ў нас ёсць прадпісанні, якія кажуць, што эксперты павінны быць артадаксальнымі, павінны мысліць разам з Касцёлам, а здаецца, што не ўсе члены адпавядаюць гэтым крытэрыям. На самой сесіі кардынал Атавіяні нічога не адказаў. Па словах арцыбіскупа Лефеўра, кардынал Атавіяні сустрэўся з ім пасля сесіі і сказаў, што цалкам згодзен з заўвагай.

“Але што я магу зрабіць? Іх захацеў бос”.

У сэнсе, Ян ХХІІІ. Прынамсі па словах кардынала Атавіяні, ён яўна даў зразумець, што хоча, каб гэтыя іншыя тэолагі таксама маглі зрабіць свой унёсак. Людзі, якія, несумненна, былі падазронымі, а ў некаторых выпадках яўна асуджанымі пры пэўных абставінах.

Наконт а. Кангара, а. Ранэра… Мы чулі гэтыя імёны раней, калі размаўлялі з кс. Бурмо пра новую тэалогію. Гэта тыя людзі, якія, зноў жа, не былі яўна асуджаны Піем ХІІ, але іхнія ідэі — дакладна былі. А цяпер ім проста дазваляюць удзельнічаць у падрыхтоўцы да Сабору.

Правільна. Можна сказаць, што ў нас ёсць два патокі. З аднаго боку, як мы пабачылі мінулым разам, зроблена вялікая афіцыйная праца, у якой пастараліся ўлічыць погляды біскупаў і якая ў выніку таго, што ёю кіравалі прадстаўнікі Курыі, у цэлым даволі традыцыйныя на той час, дае вынік, які патэнцыйна мог стаць вельмі грунтоўным.

Арцыбіскуп Лефеўр сам сцвярджаў, што гэты вынік лёгка прывёў бы да здаровага і карыснага Сабору. Гэта ўдалося б зрабіць за той прамежак часу, на які разлічваў Ян ХХІІІ. Ян ХХІІІ пастаянна паўтараў ідэю, што ўсе айцы Сабору будуць дома і ўсё будзе зроблена да Божага Нараджэння таго самага года. Як мы ўжо казалі і як вы паглядзіце больш дэтальна наступным разам, да Божага Нараджэння першага года не было зроблена абсалютна нічога. І гэта ў вялікай ступені з-за іншага патоку, скажам так, неартадаксальных тэолагаў, якія працавалі разам ці то ў біблейскіх даследаваннях…

Ксав’е Рэн вельмі працягла піша пра бітву, якую Святая Канцылярыя вяла з Біблейскім інстытутам ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х гг. Гэта было быццам бы дробнае змаганне гэтых двух светаў, якія біліся адзін з адным. Яно скончылася тым, што Ян ХХІІІ прымусіў Святую Канцылярыю саступіць і па-рымску папрасіць прабачэння.

Ксав’е Рэна вельмі цікава чытаць. Я прачытаў шмат усяго, але ён яўны ліберал і вельмі моцна падтрымлівае прагрэсіўных тэолагаў: “Так ім і трэба, рымскім курыяльным традыцыяналістам!” Гэта выдатна.

І незалежна ад таго, была гэта літургічная праца або праца ў сакратарыяце па справах хрысціянскага адзінства, або, скажам, нават праца ў афіцыйных органах, якая вялася кардыналамі і біскупамі насуперак мэтам і за спіной некаторых сваіх калег, усё гэта рыхтуе прастору для таго, што адбудзецца ў пачатку ІІ Ватыканскага сабору. Усе біскупы збяруцца разам, хутка паглядзяць на працу, якая рыхтавалася два гады, і адкінуць яе. Гэта прывядзе да перапісвання ўсіх дакументаў.

Таму вось, гэта сапраўды захапляльны час! Ён адначасова інтрыгуючы і трагічны, таму што, на жаль, ворагі Традыцыі, у якіх былі праблемы з тым, чаму вучылі Пій ХІІ, Пій ХІ і св. Пій Х, правялі значна большую падрыхтоўку ў тым сэнсе, што яны ведалі пра бітву, якая надыходзіць. Яны былі гатовыя да яе, тады як кансерватары не былі. Напрыклад, гэты еўрапейскі альянс, які сфарміраваўся перад Саборам у сваім зачаткавым стане, пачаў працаваць з першага дня, тады як арцыбіскуп Лефеўр, які ў выніку стане членам coetus internationalis patrum, прыбудзе на Сабор толькі на другое пасяджэнне. Такая вось розніца.

У самым пачатку я казаў, што Папа Ян ХХІІІ, напэўна, быў наіўны. Ён казаў, што ўсё добра, быў аптымістам. Напэўна, гэта можна перавярнуць і сказаць, што кансерватары… Я не хачу сказаць, што яны былі наіўнымі… Яны, напэўна, не ўяўлялі сабе, што такое нават можа здарыцца. Такога ніколі не бывала раней. Магчыма, яны і наіўныя, але ў той жа час хто мог такое прадказаць?

Я думаю, гэта справядліва. Арцыбіскуп Лефеўр казаў… Прынамсі яго цытуе біскуп Цісье дэ Малерэ ў біяграфіі. Гэта было ў пачатку Сабору, калі ён кажа, што, на яго думку і па яго ацэнках, калі адбыліся гэтыя першыя крокі, большасць айцоў Сабору адчула, што штосьці пайшло абсалютна няправільна. Але не больш за тое. Штосьці не так, але мы не ведаем, адкуль гэта ідзе, куды гэта ідзе. У выніку, нават калі б яны былі сур’ёзна настроены змагацца, а на жаль, яны, напэўна, не былі, то яны не ведалі б, адкуль пачынаць.

Ого. Гэта сапраўды сумна. Як мы бачылі ў мінулым выпуску, справы выглядалі добра, выглядалі так, быццам бы ўсё будзе прававерна, традыцыйна, а цяпер з-за гэтых патаемных закулісных махінацый усё гэта будзе разбурана.

Так, сапраўды.

Ну, гэта даволі эмацыйны спосаб завяршыць гэты выпуск. Дзякуй, ойча.

Гэта праграма пра крызіс у Касцёле. Тут не асабліва чакаеш ледзянцоў і цукерак.

Затое гэта цікава. Дзякуй, што разгледзелі гэта з намі, ойча. Мы вельмі гэта цэнім. Далей мы паразмаўляем з кс. Магіліўры пра падзеі самога Сабору. Я не ведаю дакладна, калі мы сустрэнемся наступным разам, але гэта дакладна раней ці пазней будзе.

Я дакладна на штосьці яшчэ падпісаны, так што гучыць выдатна.

Дзякуй, ойча. Добрага вечара.

Вам таксама.


Дзякуй, што паслухалі і паглядзелі выпуск 18 праграмы “Крызіс у Касцёле” на SSPX Podcast. У выпуску 19 мы сустрэнемся з кс. Уільямам Магіліўры, каб пачаць трохсерыйны разгляд падзей Сабору. У першым выпуску мы паглядзім на скліканне Сабору, на першую сесію і на пастаянныя спробы біскупаў з Францыі, Германіі і Нідэрландаў нейтралізаваць усё, што было традыцыйным. Калі ў вас ёсць пытанне на тэму крызісу, калі ласка, задайце яго на старонцы sspxpodcast.com/crisis. Калі ласка, падзяліцеся гэтым выпускам з тымі, каму ён можа спадабацца. А калі яны не ведаюць, што такое падкаст, калі ласка, пакажыце ім, каб яны маглі атрымаць карысць ад усіх нашых выпускаў. Нарэшце, калі ў вас ёсць магчымасць дасылаць нам штомесячныя ахвяраванні ў $5, 10 або 20 праз старонку sspxpodcast.com, гэта вельмі дапамагло б нам завяршыць гэты цыкл “Крызіс у Касцёле”. Да наступнага тыдня. Дзякуй, што паслухалі! З Богам!

Падобныя допісы

Create a website or blog at WordPress.com

Design a site like this with WordPress.com
Get started