Выпуск 17. “Выдатная падрыхтоўка да ІІ Ватыканскага сабору”

Гэтае відэа можна праглядзець з беларускімі субцітрамі.

Вы слухаеце падкаст FSSPX, і мы вітаем вас у выпуску 17 праграмы “Крызіс у Касцёле”. Мы рады зноў сустрэцца з кс. Джонатанам Лупам, дырэктарам Акадэміі Беззаганнага Зачацця ў Пост-Фолс, штат Айдаха, каб абмеркаваць падрыхтоўку, якая мела месца перад ІІ Ватыканскім саборам. Мы хутка паглядзім на І Ватыканскі сабор і на тое, які ўплыў ён аказаў на ІІ Ватыканскі сабор, а таксама на тое, чаму Папа Ян ХХІІІ пажадаў склікаць гэты Cабор. Затым мы разгледзім саму падрыхтоўку. Вы пабачыце, што яна была вельмі глыбокай і, калі не ўлічваць некаторых трывожных дэталяў, вельмі традыцыйнай. Гэта дало арцыбіскупу Лефеўру прычыны быць аптымістам з увагі на тое дабро, якое мог прынесці гэты Сабор. Калі вы хочаце даведацца больш пра гэтую праграму, якую мы прысвячаем крызісу ў Касцёле, вярнуцца і перагледзець нашы папярэднія 16 выпускаў або калі вы хочаце падтрымаць гэты праект, калі ласка, наведайце старонку sspxpodcast.com/crisis. А цяпер пяройдзем да нашай размовы з кс. Лупам.


  1. Адкуль узялася ідэя правесці новы сабор?
  2. Падрыхтоўка да І Ватыканскага сабору
  3. Планаванне ІІ Ватыканскага сабору
  4. Рымскі сінод 1960 года
  5. Папярэдняя падрыхтоўчая праца
  6. Падрыхтоўчыя камісіі і сакратарыяты
  7. Скліканне Сабору

Адкуль узялася ідэя правесці новы сабор?

Эндру Лэтэм: Вы слухаеце падкаст FSSPX, і мы зноў вітаем кс. Лупа ў праграме “Крызіс у Касцёле”. З нашай апошняй размовы прайшло крыху часу. Як справы ў Пост-Фолс, ойча?

Кс. Джонатан Луп: У цэлым, справы ідуць даволі добра. У нейкім сэнсе, здаецца, што ўсе гэтыя складанасці, праз якія мы праходзілі ў сувязі з абставінамі кавіду, закранаюць нас крыху менш, чым у іншых месцах. Таму ў цэлым усё даволі добра.

Выдатна, выдатна. Мы хацелі запрасіць вас зноў, і вы ласкава згадзіліся правесці для нас выпуск або, магчыма, два выпускі пра падрыхтоўку да ІІ Ватыканскага сабору. Мы, вядома, будзем размаўляць яшчэ з іншымі святарамі і пра сам ІІ Ватыканскі сабор, і пра тое, як ён праходзіў. Але я хацеў паразмаўляць пра падмурак, пра тое, як всё пачыналася, таму што ўсё пачалося насамрэч перад самім ІІ Ватыканскім саборам. Мы скончылі новай тэалогіяй, мы нібыта крыху разабраліся са справай у тэалагічным сэнсе, але калі казаць пра сам Сабор… У канцы ХІХ ст. быў яшчэ І Ватыканскі сабор. Потым адбыўся ІІ Ватыканскі сабор. Адкуль жа ўзялася ідэя правесці ІІ Ватыканскі сабор?

Гэта вельмі добрае пытанне. У вялікай ступені гэтая ідэя ўжо нейкі час вісела ў паветры. Так было ў сувязі з тым, што І Ватыканскі сабор, пра які вы згадалі і да якога нам будзе цікава ненадоўга вярнуцца праз момант, скончыўся даволі раптоўна. Фактычна, ён толькі пачаўся, калі вайсковыя сілы італьянскай дзяржавы ўвайшлі ў Рым, што ў выніку прымусіла айцоў Сабору скончыць усе свае абмеркаванні і практычна адкласці іх. Таму на працягу наступных дзесяцігоддзяў некалькі разоў вярталася ідэя працягнуць працу, якую пакінуў той Сабор.

Яшчэ ў 1920-я гг. Пій ХІ кансультаваўся з некаторымі кардыналамі, адным з якіх быў кардынал Біё — вельмі знакаміты кансерватар, якога шанаваў арцыбіскуп Лефеўр. Калі ў кардынала Біё спыталіся пра меркаванне наконт мэтазгоднасці склікання новага сабору, ён выказаў думку, што гэта вельмі кепская ідэя. Напэўна, ён сказаў Пію ХІ, што нельга закрываць вочы на найгоршых ворагаў Касцёла, а менавіта мадэрністаў, якія, паводле самых надзейных сведчанняў, ужо рыхтуюцца скарыстацца Генеральнымі штатамі Касцёла, каб запусціць рэвалюцыю — новы 1789 год. Што ён меў на ўвазе пад Генеральнымі штатамі? Гэта адсылка да Французскай рэвалюцыі, бо менавіта так тая рэвалюцыя пачалася.

Затым гэтая думка зноў узнікла пры Пію ХІІ, які сам, наколькі я разумею, заснаваў камісію, якая павінна была разгледзець пытанне, але, нарэшце, вырашыў на сваім узроўні, што трэба пакінуць гэтую ідэю і не спрабаваць арганізаваць сабор. Такім чынам, гэтая ідэя перыядычна ўзнікала.

Падрыхтоўка да І Ватыканскага сабору

Значыць, І Ватыканскі сабор у нейкім сэнсе хутка згас з-за ўварвання, і пастаянна мела месца гэтае бурленне адносна таго, каб аднавіць і працягнуць яго. Калі казаць пра падрыхтоўку да сабору, магчыма, мы маглі б параўнаць І Ватыканскі сабор і ІІ Ватыканскі сабор у сэнсе таго, як яны рыхтаваліся. Ці можам мы параўнаць іх у сэнсе іх падрыхтоўкі: спачатку І Ватыканскі сабор, а потым ІІ Ватыканскі сабор?

Я думаю, можна. Калі спачатку паглядзець на І Ватыканскі сабор, то гэта быў першы сабор за трыста гадоў. Папярэднім быў, канешне, Трыдэнцкі сабор у сярэдзіне XVI ст. Пій ІХ у свой час захацеў склікаць яго, каб сапраўды выправіць многія памылкі, якія панавалі ў грамадстве ў сярэдзіне ХІХ ст.

Ён пачаў з таго, што спытаўся меркавання ў некаторых кардыналаў Рымскай курыі, каб даведацца, ці лічаць яны, што цяпер добры час, каб праводзіць яго. Большая частка з іх адказала, што лічыць гэта добрай ідэяй, што трэба брацца за гэтую справу.

Што ён тады зрабіў? Ён заснаваў падрыхтоўчую камісію, якая складалася з пяці кардыналаў. Гэта было на наступны год, у сакавіку 1865 г., якраз тады, калі ў нас даходзіла да завяршэння Грамадзянская вайна. Тады гэтыя кардыналы атрымалі заданне сабраць усе тэмы, якія маглі хаця б тэарэтычна быць узняты на саборы, і ўкласці чарнавікі, якія можна было б абмяркоўваць. Што яны зрабілі? І гэта будзе цікавае адрозненне ад ІІ Ватыканскага сабору.

Яны выбралі некалькіх біскупаў з розных краін — усяго каля 30-40 — і паслалі ім запыты з пытаннямі, якія тэмы яны лічаць вартымі абмеркавання, як іх трэба абмяркоўваць і г. д. У той жа час яны абавязалі іх захоўваць гэта ў сакрэце. Яны сказалі, што на дадзены момант хочуць даведацца іхняе меркаванне, хочуць зразумець, што, на іх думку, варта будзе разгледзець, асабліва ў кантэксце памылак, якія могуць пагражаць Касцёлу. Але ў той жа час яны не хацелі, скажам так, турбаваць душы неразважлівым заўчасным абвяшчэннем таго, што абдумваюць гэтыя пытанні.

Прабачце, ойча. Адно вельмі кароткае пытанне. Вы сказалі, што прычына сакрэтнасці заключаецца ў тым, каб не турбаваць душы. Гэта таму, што, калі б яны ўзяліся абмяркоўваць штосьці і нават толькі сказалі, што збіраюцца падняць нейкія пытанні, гэта магло б навесці некаторых людзей на думку, што гэтыя пытанні адкрыты для дыскусіі, тады як насамрэч яны маглі быць і не адкрыты?

Правільна. Але не толькі гэта. Таксама тое, што заўчаснае раскрыццё таго, што гэтыя тэмы будуць абмяркоўвацца, магло даць падставы для моцнага ціску на біскупаў і айцоў Сабору з боку прэсы, якая ў той час не была такой магутнай, як у нашыя дні або ў часы ІІ Ватыканскага сабору, але тым не менш мела вялізны прэстыж і вагу, якія магла выкарыстаць, каб пахіснуць публічнае меркаванне. Калі б гэта здарылася заўчасна, гэта нашкодзіла б свабодзе айцоў Сабору пры разглядзе гэтых спраў.

Зразумела, гэта мае сэнс. Дзякуй.

Насамрэч Папа меў намер паспрабаваць склікаць Сабор у 1800-гадовы юбілей мучаніцтва свв. Пятра і Паўла, гэта значыць у 1867 г. Ён скарыстаўся нагодай у чэрвені таго года, каб публічна абвясціць пра планы правесці Сабор, пра падрыхтоўчую працу. Але ў дастатковай ступені падрыхтоўку ўдалося правесці да чэрвеня 1868 г. — толькі на цэлы год пазней. Папа палічыў, што прыйшоў час склікаць Сабор. Адбылося публічнае абвяшчэнне таго, што Сабор сапраўды адбудзецца, і афіцыйнае запрашэнне ўсіх тых, хто меў права прысутнічаць на Саборы (дыяцэзіяльных біскупаў, настаяцеляў рэлігійных ордэнаў і г. д.), у Рым на канец 1869 г.

Адначасова ён абвясціў некаторыя мэты Сабору, якія можна падсумаваць як выпраўленне сучасных памылак, іх выкараненне ў вельмі рашучым стылі, калі ўвесь епіскапат Касцёла збіраецца вакол Папы і падтрымлівае яго ў гэтых пастановах. Таксама мэтай быў перагляд заканадаўства Касцёла, што з’яўляецца тыповай працай сабораў.

Адной з рэчаў, на якую будзе важна паглядзець у падрыхтоўцы І Ватыканскага сабору, будзе тое, як ставіліся да некаталікоў. Тое, як Папа паступіў у гэтай сітуацыі, даволі цікава. Ён апублікаваў у верасні 1868 г. брэвэ — гэта значыць ужо пасля афіцыйнага склікання Сабору — і звярнуўся да ад’яднаных усходніх хрысціянаў, іншымі словамі — праваслаўных, якія не знаходзяцца ў еднасці з Рымам, схізматыкаў. Ён выразна запрасіў іх з’явіцца на Сабор, але не ў тым сэнсе, каб яны зрабілі нейкі ўнёсак, а каб папрысутнічалі на дыскусіях. Вядома, з разлікам на тое, што гэта можа стаць для іх нагодай для ласкі, каб вярнуцца да еднасці і зноў падпарадкавацца Касцёлу. Тут можна прыгадаць Фларэнтыйскі сабор 1430-х гг., на якім былі прадстаўнікі праваслаўных Цэркваў, у тым ліку патрыярх Канстанцінопаля. І там яны выказалі падпарадкаванне Папу. Таму тут таксама была такая надзея.

У тым жа верасні 1868 г. было апублікавана яшчэ адно брэвэ, якое было скіравана да пратэстантаў. Важнай розніцай было тут тое, што Папа звяртаўся да індывідуальных асобаў, якія нават аддалена не маюць падабенства да Царквы, а проста знаходзяцца ў супольнасцях. Ён толькі паведамляе ім пра Сабор і ніякім чынам не заклікае іх на ім прысутнічаць.

Значыць, ён проста даводзіць да іх ведама, што будзе адбывацца ў Рыме: будзе такое і такое, але мы не запрашаем вас удзельнічаць. Вам месца на вечарыне няма.

Так, падобна да таго. Ды і праваслаўным таксама не было месца на вечарыне, але яны былі запрошаны, таму што ў іх ёсць святарства, яны захавалі большую частку таго, што мы маем.

Атрымліваецца, што такой была падрыхтоўка да І Ватыканскага сабору. Як вы сказалі ў пачатку, рыхтавацца да сабору — гэта не стандартная рэч, і гэта не ўніверсальны рэцэпт таго, як усё адбываецца. Але мы маглі б сказаць, што гэта добры спосаб распачаць сабор. Гэта добры прыклад для такой сітуацыі.

Дакладна. Сабор быў вельмі добра падрыхтаваны. Паводле планаў, ён павінен быў зрабіць вельмі шмат важнага, калі б яго не перапыніла палітычная сітуацыя. Вось жа, як мы бачылі раней, факт яго прыпынення прывёў да трывання думкі аб патэнцыйным вяртанні да яго. І так яна трывае без бачных эфектаў, пакуль у 1959 г. не выбіраюць Яна ХХІІІ.

Планаванне ІІ Ватыканскага сабору

І тут ёсць цікавая рэч. Калі Яна ХХІІІ выбралі, ён быў ужо даволі стары. Калі яго выбралі, яму было 76 гадоў. На той час гэта была ўжо не першая маладосць. Некаторыя людзі лічылі яго пераходным Папам, і ў нейкім сэнсе ён такім і быў. Але ён аказаўся па-свойму энергічным, і вельмі хутка пасля свайго выбару (а яго выбралі ў кастрычніку 1958 г.) ён ужо абмяркоўваў магчымасць правядзення сабору з некаторымі кардыналамі, перадусім кардыналамі Атавіяні і Руфіні, членамі Рымскай курыі. Даволі цікава, што яны былі кансерватарамі, але, са свайго боку, яны былі перакананыя, што правесці сабор — гэта добрая ідэя.

Ян ХХІІІ не быў падобны да Пія ІХ. Адно з вялікіх адрозненняў заключалася ў тым, што ён не кансультаваўся з кардыналамі адносна мэтазгоднасці правядзення сабору. Ён проста паразмаўляў з гэтымі двума, а потым з кардыналам Даменіка Тардзіні, які быў дзяржсакратаром. Ён паведаміў пра гэта невялікай групе рымскіх кардыналаў у свята навяртання св. Паўла, гэта значыць 25 студзеня 1959 г. — прыкладна праз тры месяцы пасля свайго абрання, у самым пачатку свайго пантыфікату. У яго зусім не было часу адаптавацца або адчуць Рымскую курыю. І вось, ён абвяшчае тое, што фактычна акажацца вельмі маштабным праектам. Гэта таксама будзе заблытаны праект, як мы пабачым, а падрыхтоўка да яго будзе нават большай, чым у выпадку І Ватыканскага сабору.

Я толькі хацеў дадаць, гледзячы праз прызму амерыканскай палітыкі, што ў нас ёсць такое паняцце, як сто дзён новага прэзідэнта. Такія магічныя сто дзён, якія амерыканскі прэзідэнт мае ў сваім распараджэнні. Папы зазвычай маюць значна большы перыяд часу, каб зрабіць сваю працу, але нягледзячы на гэта ён робіць яе за першыя сто дзён. І гэта здзіўляе.

Дакладна. Часткова прычына таго, чаму ён так падганяў гэтую справу, заключалася ў яго пажылым узросце. Ён не лічыў, што пражыве надта доўга. Таму ён не хацеў зацягваць. Фактычна, ён быў Папам чатыры з паловай гады. Ён памёр у канцы вясны — пачатку лета 1963 г., пасля ўсяго толькі адной сесіі ІІ Ватыканскага сабору. Таму часткова ён падганяў Сабор па гэтай прычыне, хоць у той жа час ясна, што ён меў пэўную візію.

Некаторыя гісторыкі, якія каментуюць першапачатковае паведамленне пра Сабор, зазначаюць, што, калі ён зрабіў гэтае паведамленне, кардыналы былі шакаваны: “Э-э? Што?” Пазней, праўдападобна, у сваім завяшчанні, Папа Ян ХХІІІ напіша, што чакаў ад кардыналаў станоўчай рэакцыі: “Выдатная ідэя! Давайце зробім гэта!” Але выглядае так, што ніхто з іх не сказаў ні слова. Яны проста прамаўчалі.

Пазней Ян ХХІІІ тлумачыў гэта тым, што так у гэтых абставінах праявілася пашана і пабожнасць. Ды і хто можа ведаць дакладна? Я не ведаю, што было ў думках гэтых людзей, але ясна тое, што іх заспелі знянацку. Яны не ведалі, што сказаць, незалежна ад таго, за ці супраць яны былі. Яны проста не ведалі.

Рымскі сінод 1960 года

У некаторых членаў Рымскай курыі сапраўды было пэўнае ваганне. Напэўна, каб крыху згладзіць яго, Ян ХХІІІ вырашыў склікаць сінод рымскага духавенства, які па вялікім рахунку павінен быў стаць пэўным узорам таго, якім будзе ІІ Ватыканскі сабор. Гэта такая паменшаная копія. Не зусім падрыхтоўка ў строгім сэнсе, але прыклад таго, што Папа меў у планах. Фактычна, калі б выконвалася метадалогія Рымскага сіноду, ІІ Ватыканскі сабор прайшоў бы больш гладка.

Ян ХХІІІ заснаваў камісію, якая займалася тым, што ўкладала так званыя сінадальныя акты — пэўныя дакументы, якія апісваюць дысцыплінарныя рэформы, падкрэсліваюць пэўныя прынцыпы, якімі павінна кіравацца рымскае духавенства. Іх падрыхтавалі перад самім сінодам. І гэтыя дакументы, калі ўсе святары сабраліся разам, былі прачытаны перад імі. Ім трэба было проста выслухаць іх і зразумець, пра што ідзе мова. Затым ім далі магчымасць падаць пісьмовыя прапановы і папраўкі — змены, якія належала б зрабіць у саміх дакументах.

Іначай кажучы, прынамсі па словах Ксав’е Рэна, там нават не было адкрытай дыскусіі, якая пазней была на ІІ Ватыканскім саборы. Замест гэтага святарам прадстаўлялі дакументы, якія былі падрыхтаваны загадзя, і ў іх была магчымасць зрабіць некаторыя невялікія змены, якія не датычыліся істоты дакументаў. З-за гэтага некаторыя лібералы глядзелі на гэта з пагардай і казалі, што гэта проста прыпячатванне таго, што было падрыхтавана камісіяй пры Яне ХХІІІ, хоць пэўныя мадыфікацыі фактычна былі прыняты па прапанове духавенства Рыма. Іншымі словамі, водгук духавенства прымаўся, але гэта рабілася абмежавана.

Калі ж перайсці да зместу, то вось што вельмі цікава. Рымскае духавенства прыняло шмат у чым вельмі традыцыйныя па сваім характары рашэнні. Я прачытаю невялікі ўрывак з кнігі “Iota unum” Рамана Амерыа, які крыху апавядае і пра гэты Рымскі сінод. Ён кажа:

“Гэты сінод [гэты сход рымскага духавенства] фактычна прапанаваў магутнае аднаўленне на ўсіх узроўнях касцёльнага жыцця. Дысцыпліна духавенства мадэлявалася на традыцыйным узоры, сфармуляваным на Трыдэнцкім саборы. [Мы паглядзім назад і ўбачым, якім чынам гэта канкрэтна праяўлялася.] Яна засноўвалася на двух прынцыпах, якія заўсёды прымаліся і практыкаваліся. Першы заключаўся ў асаблівым характары асобы, прысвечанай Богу і звышнатуральным чынам надзеленай здольнасцю рабіць Хрыстову працу, і тым самым яўна адасобленай ад людзей свецкіх (“сакральны” азначае аддзелены)”.

Гэта штосьці, што фактычна было цалкам адкінута, як мы пабачым у далейшых выпусках нашай праграмы, калі разгледзім наступствы ІІ Ватыканскага сабору. Ідэя таго, што святар адасоблены ад свецкіх на моцы сваёй місіі, пастаянна прымяншаецца і ў нейкім сэнсе ўвогуле адкідваецца. Была такая папулярная фраза ў 1970-я і 1980-я, або пераважна ў 1970-я, што “святар — такі ж чалавек, як і іншыя”. Ён не адасоблены.

“Другі засноўваўся на першым і заключаўся ў аскетычным выхаванні і ахвярным жыцці, што было адрознай прыкметай духавенства як цэлага”.

Іншымі словамі, ад святароў чакалася самаўтаймаванне і ахвярнае жыццё звыш таго, што робіць сярэдні свецкі чалавек. Некаторыя канкрэтныя рэкамендацыі заключаліся ў вяртанні да нашэння характэрнага духоўнага адзення, асабліва сутаны. Гэта моцна падкрэслівалася. Акрамя таго, падкрэслівалася і падтрымлівалася значэнне танзуры. У дадатак, і гэта вельмі цікава, духавенству забаранялася прысутнічаць на публічных відовішчах, такіх як опера або скачкі, або штосьці, што мае вельмі свецкі характар. Ім забаранялася там прысутнічаць.

У той жа час літургічнае жыццё, скажам так, аднаўлялася да сваіх традыцыйных падмуркаў. Гэта вельмі захапляльна чытаць, таму што варта памятаць, што ў 1950-я гг. у Рыме было шмат эксперыментаў. Напрыклад, Анібале Буньіні, які, вядома, вельмі канкрэтным чынам уключаны ў стварэнне новай Імшы, быў у 1950-я гг. пробашчам парафіі. Дакладней, не проста быў пробашчам, а адыгрываў вельмі важную ролю: ён эксперыментаваў у сваёй рымскай парафіі. У сваіх пастановах сінод падкрэсліў, што трэба захаваць традыцыйную форму і размяшчэнне табернакулюма, прадпісаў выкарыстанне грыгарыянскага спеву, зацвярджэнне біскупам новых папулярных песень, а таксама забараніў усё свецкае ў касцёлах. Алтар таксама павінен быў знаходзіцца на сваім належным месцы.

Тут ёсць яшчэ некалькі рэчаў, якія трэба было зрабіць, але ўсё гэта ў тым жа традыцыйным ключы. Многае з таго, што падкрэсліла і пастанавіла рымскае духавенства, было даволі традыцыйным. З іншага боку, тое, што можна было бачыць на Рымскім сінодзе з яго традыцыйнай атмасферай, у той жа час будзе падарвана адкрытасцю для свету.

Папярэдняя падрыхтоўчая праца

Цяпер я прапанаваў бы паглядзець на фармальную падрыхтоўку, або на тое, што сапраўды можна назваць афіцыйнай падрыхтоўкай да самога Сабору. Паўтаруся, што Рымскі сінод павінен быў стаць пэўнай мадэллю, пэўным арыенцірам для таго, якім мог бы быць ці павінен быў стаць ІІ Ватыканскі сабор.

Папярэдняя падрыхтоўчая праца пачалася ў свята Пяцідзясятніцы 1959 года, у маі, калі Ян ХХІІІ заснаваў камісію, якую ўзначаліў кардынал Тардзіні. Яму дапамагаў мансіньёр Перыклес Фелічы, да якога мы яшчэ вернемся на працягу ІІ Ватыканскага сабору, таму што ён там быў важнай фігурай. Пад кіраўніцтвам кардынала працавала 10 членаў з розных рымскіх кангрэгацый — частак Рымскай курыі. Гэта азначае, што Курыя першапачаткова павінна была адыгрываць вялікую ролю ў вызначэнні напрамку, у якім пойдуць дакументы.

Збор інфармацыі адбываўся ад трох асноўных груп. Першай крыніцай былі дыяцэзіяльныя біскупы з усяго свету. Кардынал Тардзіні даволі рана выслаў ліст абсалютна ўсім дыяцэзіяльнам біскупам, пытаючыся пра іх думкі і іх суджэнні адносна таго, чым павінен заняцца Сабор. Сумарна гэта было каля 2600 лістоў. У рэшце рэшт яны атрымаюць адказы ад прыкладна 2 тыс. біскупаў. Гэта вялікі масіў уваходнай інфармацыі. Адзін з лістоў быў таксама ад арцыбіскупа Лефеўра, які ў той час усё яшчэ быў арцыбіскупам Дакара ў Афрыцы. На гэтай падставе ён атрымаў ліст і выслаў свой адказ з рэкамендацыямі.

Другая група, у якой збіралася інфармацыя, гэта былі самі рымскія кангрэгацыі, сама Рымская курыя: што вы як прафесіяналы лічыце неабходным абмеркаваць? Трэцяй групай былі рэктары каталіцкіх універсітэтаў і дэканы тэалагічных факультэтаў у Рыме, напрыклад Грыгарыянума, Ангелікума.

Значыць, гэта была проста просьба выслаць свае думкі пра тое, аб чым мы будзем размаўляць: пішыце, што хочаце, а мы гэта прагледзім.

Дакладна. Мне здаецца, вы закранулі вельмі цікавую і важную рэч. І Ксав’е Рэн, і кс. Вільтген падкрэсліваюць, што кардынал Тардзіні ў сваім першым лісце наўмысна ўстрымліваецца ад нейкіх указанняў, фактычна пакідаючы біскупам поўную свабоду дасылаць усё, што яны палічаць цікавым. Гэта азначае, што атрымаецца шырокі пералік розных тэм.

Вам гэта здаецца добрай ідэяй, ойча? Я маю на ўвазе адкрыты фармат. Я бачу і плюсы, і мінусы. Гэта біскупы, яны ведаюць, што адбываецца ў іх дыяцэзіях — няхай яны дадуць нам падказкі.

Гэта цікава параўнаць з тым, як справы вяліся на І Ватыканскім саборы, таму што, калі памятаеце, яны выбралі некаторых біскупаў і прасілі інфармацыю ў іх. Іншымі словамі, гэта быў выбар тых, каму больш давяралі ў іхнім суджэнні. У той жа час трэба было захаваць сакрэтнасць, як мы казалі, каб не ствараць сітуацыі, калі людзі звонку Касцёла маглі б ціснуць на біскупаў. Або нават тэолагі ўнутры дыяцэзій, да якіх біскупы прыслухоўваліся, маглі схіляцца ў прагрэсіўны бок, што, вядома, мела месца ў выпадку некаторых экспертаў, якія прыбывалі на ІІ Ватыканскі сабор. Таму так, ёсць плюс у тым, што людзі выказваюцца, але ёсць і мінусы. Адзін з іх — гэта вялізны аб’ём адказаў.

Гэта шмат працы!

Так, шмат працы! І гэта вельмі здзіўляе, што ім удалося так шмат зрабіць. У рэшце рэшт, як я сказаў, яны атрымалі каля 2 тыс. адказаў ад біскупаў, што дало 8 тамоў для публікацыі, сумарна каля 10 тыс. старонак. Усю гэтую інфармацыю яны атрымалі і нейкім чынам апрацавалі.

Падрыхтоўчыя камісіі і сакратарыяты

У гэты час пачынаецца другая фаза, так званая падрыхтоўчая фаза. Атрымаўшы гэтую інфармацыю, яны пачынаюць выкарыстоўваць яе для фармулявання фактычных дакументаў, якія стануць асновай таго, што мы ўбачым на Саборы. Гэтая фаза таксама пачынаецца на Пяцідзясятніцу. Гэта цікава, што Ян ХХІІІ вельмі стараўся звязаць працу ІІ Ватыканскага сабору з Пяцідзясятніцай, з працай Святога Духа.

Ён засноўвае цэнтральную падрыхтоўчую камісію, якая будзе адыгрываць самую важную ролю ў падрыхтоўцы і якая складаецца са 120 членаў з рымскіх кангрэгацый, з лічбы кардыналаў і настаяцеляў законных супольнасцяў. Менавіта ў гэтай апошняй ролі арцыбіскуп Лефеўр стаў членам цэнтральнай падрыхтоўчай камісіі, адным з яе 120 членаў. У рэшце рэшт каля 800 членаў увойдуць у дзесяць розных камісій, не ўлічваючы больш за 100 чалавек у цэнтральнай падрыхтоўчай камісіі. Фактычна, у падрыхтоўку ўключана даволі вялікая група людзей. Мэта гэтых камісій — пісаць чарнавікі дакументаў, якія пазней стануць вядомыя, як дэкрэты або схемы.

Тут трэба дадаць такі каментарый. У той самы час — і гэта будзе важна пазней — па-за ўсімі гэтымі камісіямі былі заснаваны яшчэ тры сакратарыяты, якія не маюць той жа фармальнай задачы, што камісіі, і не ствараюць ніякіх дакументаў для разгляду на Саборы, але яны таксама ўключаны ў працу.

Адзін — гэта сакратарыят па працы з прэсай. Ужо наспявае думка правесці Сабор іначай, чым першы, у сэнсе зносін з прэсай. Затым ёсць сакратарыят па тэхнічных справах: каардынацыя, напісанне дакументацыі і г. д. Трэці сакратарыят самы цікавы, і ў выніку ён акажацца самым важным. Гэта сакратарыят па справах хрысціянскага адзінства, які будзе мець на мэце кіраванне высілкамі па спрыянні экуменічным мэтам. Узначаліць гэты сакратарыят кардынал Аўгустын Бэа, які, як ведаюць некаторыя нашы слухачы, пазней будзе вельмі цесна звязаны з прасоўваннем дэкрэта, што ў выніку стане вядомы пад назвай Dignitatis humanae. Іншымі словамі, дэкрэта пра рэлігійную свабоду.

Але з ім таксама звязаны некаторыя першыя вялікія бітвы, якія адбываюцца паміж традыцыйным бокам у цэнтральнай падрыхтоўчай камісіі і прагрэсістамі. Справа не толькі ў тым, што ён піша дакумент, які вельмі выразна датычыцца рэлігійнай свабоды: кардынал Атавіяні, у той час галава Святой Канцылярыі і сакратар тэалагічнай камісіі — самай важнай з камісій, — таксама напісаў дакумент з загалоўкам “Пра рэлігійную цярпімасць”. Гэты тэкст павінны былі прадставіць на Саборы. Паміж імі адбылася сур’ёзная бітва.

Арцыбіскуп Лефеўр казаў, што гэта вельмі жахлівая справа: два кардыналы, два князі Рымска-Каталіцкага Касцёла сварацца па прычыне гэтага крытычнага пытання. Таксама арцыбіскуп Лефеўр зазначаў, што дакумент, які падрыхтаваў кардынал Атавіяні, меў каля 14 старонак зносак, а дакумент кардынала Бэа — ніводнай або, можа, адну. Вельмі абмежаваную колькасць. Сэнс у тым, што было адразу ясна, які з гэтых двух быў заснаваны на папярэдняй традыцыі Магістэрыя.

Згаданыя мной дзесяць розных камісій да вясны-лета 1962 года падрыхтавалі 75 схем. Цэнтральная падрыхтоўчая камісія тады бярэ іх, некаторыя адкладвае ўбок, некаторыя аб’ядноўвае. Калі цэнтральная падрыхтоўчая камісія заканчвае сваю працу, застаецца толькі 20 схем, якія павінны быць прадстаўлены айцам Сабору. Гэта вялікая праца: трэба ўзяць 10 тыс. старонак, прагледзець іх, апрацаваць і на працягу двух гадоў падрыхтаваць 20 схем, вельмі распрацаваных схем. Да некаторых нават ёсць доступ: яны перакладзены на англійскую мову.

Ёсць таксама каментарыі некаторых членаў гэтай камісіі, напрыклад мансіньёра Вінчэнца Карбонэ, якога цытуе кс. Ральф Вільтген, аўтар кнігі “The Rhine Flows into the Tiber“:

“Ніводзін іншы сабор не меў падрыхтоўкі настолькі шырокай, настолькі старанна праведзенай і настолькі глыбокай”.

І гэта цікава, таму што ў рэшце рэшт арцыбіскуп Лефеўр таксама ў большай ці меншай ступені падзяляў гэтае меркаванне. Ён каментаваў гэта так, што:

“Сабор у выніку працы падрыхтоўчых камісій быў гатовы абвясціць праўду перад абліччам сучасных памылак, каб прымусіць іх знікнуць з Касцёла на доўгі час. Ён быў гатовы стаць яркім воблакам [ён адсылае да таго воблака, якое накрыла свв. Пятра, Якуба і Яна на гары Табор], якое ззяе ў свеце, калі б ён выкарыстаў дасаборныя тэксты, у якіх знаходзіцца ўрачыстае вызнанне надзейнага вучэння адносна сучасных праблем”.

Іншымі словамі, на яго думку, у цэлым падрыхтоўчая праца была грунтоўнай і стала б годным матэрыялам для абнародавання Касцёлам на Саборы.

Захапляльна. Значыць, пра гэтую працу мы можам сказаць пару слоў у вельмі пазітыўным ключы. Гэта была фантастычная праца ў сэнсе сваёй глыбіні, грунтоўнасці. Яна рабілася старанна і была даволі традыцыйнай, прынамсі на гэты момант. Яна абвяшчае ўсё тыя ж рэчы. Ёсць некаторыя разыходжанні, як вы сказалі, паміж кардыналамі Бэа і Атавіяні, але збольшага ўсё ідзе ў правільным напрамку.

Правільна. Мы можам так сказаць пра большую яе частку, не ўлічваючы некаторых разыходжанняў. Існавалі таксама іншыя праблематычныя рэчы, напрыклад, у падрыхтоўчым дакуменце пра літургію. Адпаведная камісія была адносна больш багата напоўнена прагрэсістамі, літургістамі з Германіі і Францыі. Але ў цэлым — так, усё было значна больш грунтоўна, чым можна было чакаць. На гэты момант падрыхтоўка ў нейкім сэнсе адпавядае таму, што мы бачылі на Рымскім сінодзе.

Скліканне Сабору

Мы ўжо набліжаемся да заканчэння, але яшчэ пад канец я хацеў бы звярнуцца да булы аб скліканні Сабору, якую Ян ХХІІІ выдаў у канцы снежня 1961 г. Гэта афіцыйнае запрашэнне ўсім, хто павінен быў стаць айцом Сабору, з’явіцца ў Рыме ў вызначаны дзень.

Гэта вельмі інтрыгуючы дакумент, таму што ў ім, з аднаго боку, ёсць даволі вялікая доля рэалізму. І гэта само па сабе дае надзею на сур’ёзную і ясна акрэсленую мэту Сабору. Напрыклад, Папа кажа, што ў свеце назіраецца заняпад духоўнага жыцця. Ён кажа:

“Адсюль аслабленне імкнення да духоўных каштоўнасцяў; адсюль тэндэнцыя шукаць толькі зямных прыемнасцей, якія тэхналагічны прагрэс так лёгка падае кожнаму; адсюль таксама адносна новы і трывожны факт існавання ваяўнічага атэізму, які дзейнічае па ўсім свеце”.

Гэта даволі моцная заява. Словы пра ваяўнічы атэізм — гэта не вельмі яўнае, але амаль што канкрэтнае ўказанне на рост камунізму, які быў і атэістычным, і ваяўнічым у сваіх спробах распаўсюджвання. Калі б Сабор быў скліканы для вырашэння гэтых канкрэтных праблем і для таго, каб даць свету сапраўднае святло, каб папярэдзіць людзей перад гэтай небяспекай, мы маглі б сказаць, што гэта будзе вельмі добрая і плённая справа. Як казаў арцыбіскуп Лефеўр, Сабор пахаваў бы многія памылкі на працяглы час.

Адзіная праблема, на жаль, заключаецца ў тым, што ў дадатак да гэтай афіцыйнай падрыхтоўкі (магчыма, мы ўбачым гэта ў наступны раз) праводзілася вельмі шмат патаемнай падрыхтоўкі за кулісамі, што па сутнасці прывяло да падрыву ўсяго станоўчага, што мела месца. Гэтая патаемная падрыхтоўка, на жаль, атрымлівала пэўнае заахвочванне з боку Яна ХХІІІ. Гэта мы разгледзім у наступны раз.

Ого, вельмі цікава. Добра, ойча, дзякуй за гэтыя ўводзіны. Гэта даволі сумна, таму што ў гэты момант нашай размовы, у гэты момант падрыхтоўкі ўсё здаецца даволі добрым. А людзі возьмуцца і ўсё разбураць. Вось чаму ў нас няма добрых рэчаў!

Гэта праўда!

Добра. Дзякуй, ойча. У наступным выпуску мы паразмаўляем пра гэтую закулісную падрыхтоўку і пра падзеі, якія адбыліся непасрэдна перад Саборам. Гэта сапраўды вельмі цікава. Вялікі дзякуй за ваш час, ойча.

Вельмі прыемна, дзякуй вам.

Дзякуй.


Дзякуй, што паслухалі і паглядзелі выпуск 17 праграмы “Крызіс у Касцёле” на SSPX Podcast. У выпуску 18 мы зноў пагаворым з кс. Лупам і завершым разгляд падрыхтоўкі да Сабору. Мы паглядзім на закулісную падрыхтоўку, на працу, якую вялі неамадэрністы, каб падарваць тое добрае, што павінна было быць рэалізавана. Калі ў вас ёсць пытанне на тэму крызісу, калі ласка, задайце яго на старонцы sspxpodcast.com/crisis. Калі ласка, падзяліцеся гэтым выпускам з тымі, каму ён можа спадабацца. А калі яны не ведаюць, што такое падкаст, калі ласка, пакажыце ім, каб яны маглі атрымаць карысць ад усіх нашых выпускаў. Нарэшце, калі ў вас ёсць магчымасць дасылаць нам штомесячныя ахвяраванні ў $5, 10 або 20 праз старонку sspxpodcast.com, гэта вельмі дапамагло б нам завяршыць гэты цыкл “Крызіс у Касцёле”. Да наступнага тыдня. Дзякуй, што паслухалі! З Богам!