Кардынал Альфрэда Атавіяні. Прамова на ІІ Ватыканскім саборы (і гісторыя пра выключаны мікрафон)

Роўна 60 гадоў таму здарылася адна з самых злавесных гісторый у дзеях ІІ Ватыканскага сабору. Ліберальная фракцыя, якая прыехала на Сабор падрыхтаванай, атрымлівала перавагу яшчэ з першага дня. Абмеркаванне чарнавікоў дакументаў было сарвана, склад камісій, у якіх знаходзіліся пераважна кансерватыўныя тэолагі, быў зменены, і Сабор перайшоў да абмеркавання першага праекта — дакумента пра святую літургію, які прапаноўваў зрабіць у Імшы істотныя змены. У цэлым, справы для прыхільнікаў аджарнамента ішлі добра, але 30 кастрычніка 1962 года яны нанеслі ці не найбольшы тактычны ўдар, калі ў зале пасяджэнняў Сабору адбылося публічнае прыніжэнне самага магутнага кансерватара — кардынала Альфрэда Атавіяні, у той час старшыні Святой Канцылярыі. Гэтую падзею апісвае кс. Ральф Вільтген у кнізе “The Rhine Flows into the Tiber”:

“30 кастрычніка, на наступны дзень пасля свайго 72-га дня нараджэння, кардынал Атавіяні звярнуўся да Сабору з пратэстам супраць драматычных змен, якія прапаноўвалася зрабіць у Імшы. “Ці хочам мы ўзбудзіць здзіўленне ці, магчыма, скандал сярод хрысціянскага люду, уводзячы змены ў такі шанаваны абрад, які быў прыняты на працягу шматлікіх стагоддзяў і цяпер усім знаёмы? Да абраду святой Імшы нельга ставіцца так, як быццам бы гэта кавалак анучы, які можна перарабляць паводле прыхамаці кожнага пакалення”. Прамаўляючы без напісанага тэкста па прычыне сваёй частковай слепаты, ён перавысіў 10-хвілінны ліміт, які ўсіх прасілі захоўваць. Кардынал Цісеран, дэкан прэзідыума Сабору, паказаў на гадзіннік кардыналу Алфрынку, які ўзначальваў пасяджэнне той раніцай. Калі кардынал Атавіяні дайшоў да 15 хвілін, кардынал Алфрынк пазваніў у званочак, але прамоўца настолькі захапіўся сваёй тэмай, што не заўважыў гэты званочак або свядома праігнараваў яго. Па сігнале кардынала Алфрынка тэхнічны спецыяліст адключыў мікрафон. Пастукаўшы ў яго пальцам і пераканаўшыся ў гэтым, кардынал Атавіяні, кульгаючы, пайшоў на сваё месца ў прыніжэнні. Самы магутны кардынал у Рымскай курыі быў змушаны замаўчаць, і айцы Сабору пачалі радасна пляскаць у далоні”.

Гісторыя пра выключаны мікрафон даволі папулярная ў традыцыйных колах, а вось сама прамова — не настолькі. Тым не менш яна дазваляе ўпэўніцца, што кардынал Атавіяні сапраўды казаў важныя рэчы, што ў рэшце рэшт ягоная трывога аказалася абгрунтаванай і што мадэратары дыскусіі, хутчэй за ўсё, не былі зацікаўлены ў тым, каб даслухаць яго да канца.

Дзеі ІІ Ватыканскага сабору вельмі падрабязна дакументаваны, і ў адпаведных зборніках можна знайсці ўсе вусныя выступленні і пісьмовыя нататкі айцоў Сабору. Ніжэй мы прыводзім тэкст прамовы ў перакладзе з лацінскай мовы.

PDF

Кардынал Альфрэда Атавіяні

ПРАМОВА

на 10-м агульным пасяджэнні
першай сесіі ІІ Ватыканскага сабору

30 кастрычніка 1962 года

Шаноўныя Айцы,

У арт. 37 гэтага раздзела чытаем: “Парадак Імшы або ў сваёй агуль­най арганізацыі, або ў паасобных частках павінен быць пера­гледжаны”. Што азначаюць гэтыя словы? Ці не хо­чуць яны зра­біць нейкую рэвалюцыю з усёй Імшою? Бо калі па­радак Імшы трэба рэфармаваць ці то ў агульнай арганізацыі, ці то ў сваіх па­асобных частках, то што застанецца? Што ж гэта за такія словы, настолькі шырокія, настолькі агульныя, што могуць вельмі лёгка дазволіць рэфарма­цыю? Мне здаецца, што гэтыя словы трэба цалкам выкрасліць або прынамсі праясніць. Парадак Імшы мы маем многія стагоддзі. Імша з’яўля­ецца цэнт­рам усяго літургічнага культу; найсвяцейшай рэччу, з якой добра знаёмыя ўсе вернікі, якія разумеюць, а асабліва цяпер, дзякуючы літургіч­на-пастыр­скай працы, добра разумеюць паасобныя часткі. І ёсць не­бяспека, што з-за празмернай змены ўзнікне якое-небудзь здзіўленне, калі не ска­ндал. Мова ідзе пра найсвяцейшую рэч, якую няможна свабодна змяняць ко­жнае пака­ленне; пра найсвяцейшую рэч, да якой трэба ставіцца пабо­жна і з паша­най і кранаць яе не іначай як з неахвотай. Прыходзяць цяпер на думку словы Бога, сказаныя Майсею, які набліжаўся да палаючага куста: “Здымі абутак з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, гэта святая зямля”. Та­му будзем абач­лівымі ў прапановах рэформы Імшы.

Затым у арт. 42 сказана пра Камунію пад дзвюма постацямі. Дзіўна, што гэ­тая прапанова робіцца пасля таго, як у цэнтральнай камісіі, як мне здаец­ца, калі я добра памятаю, гэтую прапанову рашуча і амаль аднадушна адхілі­лі. Дзіўна таму, што былі пакінуты без увагі некаторыя прапановы, якія мелі до­брую падтрымку і ўхваленне цэнтральнай камісіі; і цяпер, калі пакідаюць без увагі штосьці, што было так ухвалена, настойваюць на рэчы, якая не атрыма­ла ўхвалення цэнтральнай камісіі, прынамсі большасцю галасоў. Напрыклад, Яго Эміненцыя кардынал-дэкан Цісеран кароткімі і простымі словамі прапа­наваў: “Мартыралог павінен быць рэфармаваны”, і ўсе Айцы, якія знаходзілі­ся ў цэнтральнай камісіі, ухвалілі гэта. Пра гэтую справу, ухваленую ўсімі, у дадзенай канстытуцыі няма нічога. Іншае, што не было ўхвалена, прынамсі пе­раважнай большасцю, прапаноўваецца. Але сверб навізны настойвае — вы бачыце, што сверб навізны сапраўды ёсць — сверб навізны настойвае так­сама на рэчах, якія не толькі не з’яўляюцца неабходнымі, але і не з’яў­ля­юцца карыснымі, а тым больш могуць аказацца шкоднымі.

Гэтыя рэчы не з’яўляюцца неабходнымі. Біблейскі аргумент шмат даказвае тыя рэчы, якія сёння прапануюцца, а таму, як кажа вядомае выслоўе, нічога не даказвае. Іначай нам прыйдзецца заўсёды, штодзённа не толькі служыць Імшу пад дзвюма постацямі, але і ва ўсе дні ўдзяляць Камунію вернікам пад дзвюма постацямі. І, акрамя таго, нельга аспрэчваць, што, калі вернікам удзя­ляецца Найсвяцейшая Эўхарыстыя, для спажывання ўдзяляецца Цела і Кроў. Спосаб — гэта рэч выпадковая, а субстанцыя ёсць субстанцыя.

Але гэта небяспечна. Сапраўды, у самой прапанаванай канстытуцыі, у арт. 42, сказана: “Пазбягаючы небяспекі для веры”. Як можна прапаноўваць рэч, да якой неабходна дадаваць выраз “пазбягаючы небяспекі для веры”? І я разу­мею гэта, таму што мы ведаем, якія праблемы выклікаў Ян Гус і якая бараць­ба ўзнікла ў Касцёле. У самім пытанні пра Камунію пад дзвюма по­стацямі за­ключана небяспека памылковай інтэрпрэтацыі, але ёсць таксама, як ужо ска­зана (і я ў гэтым не сумняваюся), практычныя пытанні, практычныя скла­да­насці, і на гэта ў пастырскай літургіі трэба звяртаць увагу найперш. З гэтага мы не можам рабіць літургічнага вучэння, гэтага не павінны ўводзіць у літу­ргічную практыку, гэтага немагчыма ўвесці ў практыку.

Затым арт. 44. Я хацеў быў прапанаваць штосьці таксама адносна гэтага ар­тыкула, у якім сказана пра народныя мовы ў Імшы, але прапускаю гэта, слу­хаючыся выказанага пажадання больш не падымаць гэтага пытання.

Хачу дадаць толькі адну рэч. Многія спасылаюцца на аўтарытэт Папы Пія ХІІ, які сапраўды быў шчодрым і міласцівым у допуску адаптацый літургіі на на­роднай мове. Несумненна. Але тыя, хто спасылаецца на аўтарытэт Вярхоўна­га Пантыфіка Пія ХІІ не памятаюць — выглядае, што не памятаюць, — як той жа Вярхоўны Пантыфік у 1956 годзе ў сваёй прамове да членаў міжнародна­га літургічнага кангрэса ў Асізі сказаў: “L’Eglise a de graves motifs de maintenir fermement l’usage inconditionné — звярніце ўвагу на словы “fermement” і “in­conditionné” — de la langue latine dans la Messe célébrée dans le rite latin”. Гэта значыць, Касцёл мае сур’ёзныя прычыны цвёрда захоўваць выкарыстанне лацінскай мовы ў лацінскай Імшы — выкарыстанне лацінскай мовы без уся­лякага скарачэння, паслаблення. Гэта мы павінны мець перад вачыма, таму што нельга заклікаць аўтарытэт Пантыфіка ў тым, што падабаецца, і ігнара­ваць ў тым, што не падабаецца.

Нарэшце, што датычыцца канцэлебрацыі. Я разумею яе як пэўную знеш­нюю, прабачце, калі скажу тэатральную, форму цэлебрацыі Імшы, але ў ёй таксама ёсць некаторая небяспека памылкі. Сюды закрадаецца тая памылка, што быц­цам бы праз канцэлебраваную Імшу аддаецца большая слава і атрымліваец­ца большая дзейснасць, чым праз прыватную Імшу. Вы ведаеце, што Вярхоў­ны Пантыфік Пій ХІІ ў энцыкліцы Mediator Dei асудзіў тэорыю тых, хто пры­мяншаў і выступаў супраць Імшы, якая цэлебруецца прыватна. Я не хачу, каб тыя, хто выступае супраць прыватнай Імшы, пэўным чынам падымалі кан­цэлебрацыю супраць звычаю прыватнай Імшы. Акрамя таго, апускаючы тое, што ўжо добра сказалі кардыналы, якія выступалі перада мною, апускаючы гэта, я скажу, чаму тут ёсць яшчэ небяспека: бо ў гэтай прапанаванай кан­стытуцыі сказана, што можна прапускаць пэўныя рэчы, можна прапускаць некаторыя малітвы. Я не хацеў бы, каб было сказана, што канцэлебранты могуць прапусціць словы кансэкрацыі і што іх можа прамаўляць толькі той, хто ўзначальвае канцэлебрацыю, пры маўчанні астатніх; што астатнія іх апу­скаюць. Бо гэтая тэорыя ўжо была разгледжана і асуджана Святым Пасадам. Несумненна. Ёсць тыя, хто сцвярджае, што ў канцэлебрацыі дапушчальна, каб толькі галоўны цэлебрант прамаўляў словы кансэкрацыі, а астатнія маў­чалі. Ёсць пэўныя рэчы, выдуманыя нядаўна, якія нясуць з сабою замяшан­не, у тым ліку дактрынальнае.

Акрамя таго, да прыведзеных аргументаў дадам яшчэ адзін: пры канцэле­браванай Імшы святары, якія збіраюцца разам, не цэлебруюць Імшу ў пара­фіях, у капліцах, дзе вернікам патрэбна Імша. Канцэлебраваная Імша пазбаў­ляе вернікаў многіх прыватных Імшаў.

Дарэчы, ужо рабілася, у тым ліку кардыналам Годфры, пэўная згадка пра стыпендыю. Быў адзін вельмі разважлівы кардынал, які ў цэнтральнай ка­місіі сказаў — паколькі там, у першай схеме, ішла мова пра тое, што святары-кан­цэлебранты таксама могуць прыняць ахвяраванне за Імшу. Члены цэнт­раль­най камісіі прапаноўвалі прыбраць гэтую фразу, таму што той вельмі раз­­важлі­вы кардынал сказаў: “Прыбярыце яе — і пабачыце, што не так і шмат ёсць святароў, якія хочуць канцэлебраваць”. Таму… але камісія, якая падрых­тава­ла гэтую канстытуцыю…

Старшыня кард. Алфрынк: “Ваша Эміненцыя, прабачце, пятнаццаць хвілін прайшлі”.

Прамоўца: “Я ўжо скончыў, ужо скончыў, ужо скончыў!” [Воплескі ў зале.]


Перакладзена з лацінскай мовы паводле выд. Acta Synodalia Sacrosancti Concilii Œcumenici Vaticani II, т. 1, ч. 2, с. 18–20.