Некаторыя заўвагі адносна Адказаў Кангрэгацыі Божага культу на dubia ў святле кананічнага права

Таварыства лацінскай Імшы (Latin Mass Society, Англія)

У гэтым дакуменце мы даём некаторыя кароткія заўвагі, звязаныя са статусам і практычнымі наступствамі Адказаў на dubia, апублікаваных Кангрэгацыяй Божага культу 18 снежня 2021 г., у святле кансультацый, якія мы атрымалі ад некалькіх кананістаў.

Агульныя меркаванні

Статус Адказаў. Гэта не інструкцыя і не закон, а адміністратыўны акт, інтэрпрэтацыя апостальскага ліста Traditionis custodes (ТС). Адказы маюць сілу, але не могуць выходзіць па-за межы таго, што патрабуе ТС, і самі па сабе падпарадкоўваюцца касцёльнаму праву. Зацвярджэнне гэтага паяснення Папам (згаданае ва ўступе) з’яўляецца агульным, а не канкрэтным [specific]: толькі ў апошнім выпадку яно становіцца актам заканадаўцы, а не дыкастэрыі.

Па многіх пунктах гэтыя Адказы прадстаўляюць складанасці, адзначаныя многімі кананістамі, і заключаюцца яны ў меркаваным абмежаванні прэрагатываў біскупаў і святароў, і нават прэрагатываў, устаноўленых кананічным правам і дакументамі Другога Ватыканскага сабору, што часта выходзіць па-за межы тэкста TC.

Гл. кан. 33.1:

Выканаўчыя агульныя дэкрэты, нават калі яны выдаюцца ў дырэкторыях або ў дакументах з іншай назвай, не скасоўваюць законаў, і тыя іх прадпісанні, якія супярэчаць законам, пазбаўлены ўсялякай сілы.

Таксама ўлада біскупа дыспенсаваць ад закону, пастаноўленая ў кан. 87.1, з’яўляецца простым юрыдычным выражэннем прынцыпа, выкладзенага Другім Ватыканскім саборам у дэкрэце Christus Dominus, 8. Роля біскупа і яго выкананне пастырскага суджэння падкрэслены ў ТС, арт. 2.

Гэтыя складанасці такія, што ў пэўных выпадках, прыведзеных ніжэй, нарматыўная сіла Адказаў з’яўляецца як мінімум няяснай, што патрабуе далейшага тлумачэння ад Рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў або ад Святога Айца. Гл. кан. 14:

Законы, у тым ліку тыя, што пазбаўляюць юрыдычнай сілы або дзеяздольнасці, не абавязваюць пры наяўнасці сумневу адносна закону.

Праблемы, якія ўзнікаюць з Адказаў

1. Парафіяльныя касцёлы. Многія ўказалі, што пункт ТС 3.2, які забараняе “групам” цэлебрацыю Імшы 1962 года ў парафіяльных касцёлах, з’яўляецца непрактычным, і біскупы карысталіся кан. 87.1, каб часткова скасаваць яго. Цяпер Кангрэгацыя прапануе даваць скасаванні сама.

Аднак адступленне ад гэтага закона на зарэзервавана за Кангрэгацыяй, а таму біскупы ўсё яшчэ могуць дыспенсаваць ад яго сваёй уласнай уладай паводле кан. 87.1. У прынцыпе, калі біскуп адмовіцца рабіць гэта, вернікі могуць звярнуцца па дыспенсацыю ў Кангрэгацыю Божага культу.

Далей Адказы просяць, каб цэлебрацыі 1962 года не рэкламаваліся ў парафіяльных бюлетэнях і не адбываліся ў той жа час, што іншыя “пастырскія актыўнасці”. Хоць дакладнае значэнне другога патрабавання не зусім зразумелае, абодва яны, як здаецца, выходзяць па-за межы таго, што патрабуе ТС, а таксама па-за межы таго, што Кангрэгацыя сваёй уладай мае права патрабаваць аўтарытэтам закону.

2. Рытуал і Пантыфікал. Адказы абмяжоўваюць першую з гэтых кніг да “персанальных парафій”, а другую забараняюць цалкам.

Гэта, як здаецца, выходзіць па-за межы інтэрпрэтацыі ТС; да таго ж, паколькі выкарыстанне гэтых кніг не згадваецца ў ТС (а таму не канфліктуе з ім), дазвол на іх выкарыстанне, дадзены ў Summorum Pontificum, арт. 9, як здаецца, захоўвае сілу. ТС, арт. 8 скасоўвае толькі тыя пастановы папярэдняга заканадаўства, якія канфліктуюць з яго ўласнымі.

Не прыводзіцца тлумачэння таго, чаму Рытуал можна выкарыстоўваць у персанальных парафіях, а не, напрыклад, у фармальна ўстаноўленых душпастырствах ці санктуарыях, прысвечаных літургіі 1962 года, або нават больш шырока; няма і тлумачэння, якім чынам гэтае адрозненне выводзіцца з ТС.

3. Бінацыя. Першае з двух пытанняў адносна бінацыі датычыцца канкрэтна будняў, калі правілы бінацыі больш вузкія, чым у нядзелі. Адказы сцвярджаюць, што святар не павінен прыбягаць да бінацыі (служыць другую Імшу ў дадзены дзень), каб адслужыць Імшу 1962 года. Меркавана, ён можа служыць сваю адзіную буднюю Імшу як Імшу 1962 года, а ў нядзелю ён, меркавана, можа служыць Імшу 1962 года разам з іншымі Імшамі са свайго парафіяльнага раскладу.

Адказы апісваюць дазвол на старэйшую Імшу як “саступку, дадзеную ім [людзям] дзеля іх дабра”. Калі гэта так, то незразумела, чаму другая Імша не можа паспрыяць дабру людзей і, адпаведна, не мае пастырскага апраўдання, напрыклад, для тых, хто фізічна не можа змог увайсці ў касцёл першы раз, паколькі напаўняльнасць касцёла была абмежавана супрацькавіднымі мерамі. Тое самае датычыцца будня пасля цэлебрацыі рэфармаванай Імшы.

Так ці інакш, гэтыя Адказы трэба чытаць у кантэксце прэрагатывы біскупа судзіць пра існаванне пастырскай апраўданасці бінацыі: гл. кан. 905.2, які застаецца ў сіле.

4. Канцэлебрацыя. ТС кажа нам, што групы, якім дазваляецца Імша 1962 года, павінны прымаць “сапраўднасць і законнасць літургічнай рэформы, пастаноў Другога Ватыканскага сабору і магістэрыя Вярхоўных Пантыфікаў”. Гэты хутчэй неадназначны прынцып пашыраецца ў Адказах на святароў, якім даецца права служыць гэтую Імшу. Адказы сцвярджаюць:

Яўная адмова ад удзелу ў канцэлебрацыі, асабліва ў Імшы Хрызма, як здаецца, выказвае непрыманне літургічнай рэформы і недахоп эклезіяльнай еднасці з біскупам — дзве гэтыя ўмовы з’яўляюцца неабходнымі патрабаваннямі для карыстання дазволам служыць Імшу паводле Рымскага Імшала 1962 г.

Гэта, аднак, трэба чытаць у святле кан. 902:

Калі карысць верных не патрабуе і не рэкамендуе іншага, святары могуць канцэлебраваць Эўхарыстыю, аднак за кожным застаецца поўная свабода цэлебраваць Эўхарыстыю індывідуальным чынам, але не ў той час, калі ў тым жа касцёле ці ў той жа капліцы адбываецца канцэлебрацыя.

Улічваючы права не канцэлебраваць, рэкамендаваны Адказамі дыялог паміж біскупам і святаром, які не жадае канцэлебраваць Імшу Хрызма, можа паказаць, што гэтае нежаданне не сведчыць пра “недахоп эклезіяльнай еднасці”. Эклезіяльная еднасць можа праяўляцца рознымі спосабамі: інтэркамуніяй з біскупам, згадваннем біскупа ў Каноне, прысутнасцю на Імшы Хрызма ў хоры, выкарыстаннем алеяў, благаслаўлёных сваім біскупам на Імшы Хрызма, і г. д.

5. Вышэйшая асіста. Dubium адносна “ўдзелу” дыяканаў і ўстаноўленых служыцеляў у Імшы 1962 года, меркавана, адносіцца да выканання імі сваёй ролі ў цэлебрацыі, а не проста да прысутнасці сярод сабраных. Гэта здараецца тады, калі яны дзейнічаюць на ўрачыстай Імшы як дыякан і субдыякан. (Устаноўленыя акаліты могуць выконваць функцыю субдыякана.)

Гэты пункт, як здаецца, выходзіць па-за межы таго, што патрабуе ТС.

6. Прыватныя Імшы. Яны не згадваюцца ў Адказах, як не згадваюцца і ў ТС. Нягледзячы на тое, што многія біскупы выступалі за абмежаванне прыватных цэлебрацый паводле Імшала 1962 года (а гэта азначае, што гэтае пытанне знаходзілася пад увагай Кангрэгацыі), яе маўчанне азначае, што прыватныя цэлебрацыі паводле Імшала 1962 года застаюцца законнымі для ўсіх святароў Лацінскага Касцёла.

7. Традыцыйныя інстытуты і супольнасці. Брацтва св. Пятра зазначыла:

Нядаўні дакумент ад Кангрэгацыі Божага культу, выдадзены 18 снежня, не датычыцца наўпрост супольнасцяў былой камісіі “Ecclesia Dei”, у тым ліку Святарскага брацтва св. Пятра, якое валодае сваім уласным правам.

FSSP і іншыя адзінкі, устаноўленыя апостальскім лістом Ecclesia Dei adflicta, атрымалі права карыстання Пантыфікалам, і гэтага нельга змяніць дакументам дыкастэрыі, у якім інтэрпрэтуецца іншы дакумент, так што ніводзін з іх не згадвае гэтыя інстытуты.

8. Чытанні на народных мовах. Кангрэгацыя Божага культу настойвае, што чытанні павінны быць тыя, што пазначаны ў Імшале 1962 года, але што не павінна быць спробы стварыць лекцыянарый на народнай мове, каб прадставіць гэтыя чытанні ў зручнай форме.

Тым самым Кангрэгацыя знеахвочвае распрацоўку гібрыднага Імшала: Імшала 1962 года з чытаннямі на народнай мове або з лекцыянарыем 1970 года, што часам прапаноўвалі прыхільнікі “рэформы рэформы”.

Адказы, як і сам ліст ТС, не сцвярджаюць, што чытанні нельга спачатку прамовіць на лацінскай мове. Народныя чытанні варта хутчэй проста дадаць да цэлебрацыі Імшы, якой і была практыка доўгі час.

Праблема несупадзення тэкстаў біблейскіх перакладаў, зацверджаных канферэнцыямі біскупаў, з тэкстам лекцыянарыя 1962 года не згадваецца.

9. Ліст кардынала-вікарыя Рыма (7 кастрычніка) сцвярджаў, што выкарыстоўваць Рымскі Рытуал і служыць Пасхальны трыдуум нельга. Адказы не згаджаюцца з гэтым, дазваляючы выкарыстоўваць Рытуал прынамсі ў некаторых месцах і не згадваючы Трыдуум. Гэта ўказвае на тое, што меркаваныя абмежаванні ў Рымскай дыяцэзіі скасаваны.

Наступствы

Улічваючы прыроду Адказаў, іх наступствы для вернікаў залежаць перадусім ад біскупаў: уласна кажучы, Адказы і скіраваны да старшыняў канферэнцый біскупаў.

Біскупы, якія дазволілі працягваць Імшу 1962 года, як раней або з невялікімі зменамі ў выніку ТС, несумненна, могуць і далей прытрымлівацца гэтай палітыкі. Яны могуць, калі палічаць патрэбным, пацвердзіць сваё пастырскае суджэнне адносна апраўданасці бінацыі, што дазваляе ім кан. 905, а таксама дазволіць выкарыстанне Рытуала, у адпаведнасці з кан. 87.1; іх існуючыя дазволы на выкарыстанне парафіяльных касцёлаў, дадзеныя ў адпаведнасці з кан. 87.1, захоўваюць сваю сілу.

Яны могуць таксама цэлебраваць сакрамэнт канфірмацыі з выкарыстаннем старэйшых кніг, паколькі іх права рабіць гэта не можа быць забрана адміністратыўным актам ватыканскай дыкастэрыі. Там, дзе прысутнічаюць традыцыйныя інстытуты, іх у любым выпадку Адказы не датычаць.

У той жа час, біскупы могуць успрыняць Адказы як паказчык пажаданняў Кангрэгацыі і пастарацца рэалізаваць іх у большай ці меншай адпаведнасці з мясцовымі ўмовамі. Як зазначана вышэй, Адказы прызнаюць, што дабро душаў падразумявае даступнасць Імшы 1962 года, і гэта павінна быць для біскупаў галоўным крытэрыем пры рэгуляванні яе даступнасці.

Што датычыцца святароў і свецкіх вернікаў, то здаецца разумным меркаваць, што бягучыя мерапрыемствы могуць працягвацца да той пары, пакуль нас не праінфармуюць пра адваротнае.


Крыніца: lms.org.uk
Ілюстрацыя: Cristina Gottardi / Unsplash

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу LMS.