Кс. Якуб Вуек SJ. Казанне на Вялікдзень

🕑

11 minutes

Евангелле аб уваскрасенні Пана (Мк 16:1-7)

Сённяшняе хвалебнае свята настолькі ж пераўзыходзіць і перавышае ўсе іншыя святы, як Сонца пераўзыходзіць зоркі. Бо марна б Хрыстус Пан нараджаўся, марна б даваў сябе абрэзаць, ахрысціць, спакушаць на пустыні, марна б пасціў, вучыў і прапаведаваў сваё Евангелле, і тым больш марна б цярпеў, быў замучаны і памёр, калі б потым не ўваскрос. Бо хто б паверыў, што нас уратаваў ад смерці той, хто сам смерцю быў схоплены? Хто б паверыў, што нас павінен быў вырваць з пекла той, хто сам з пекла не выйшаў? Хто б паверыў, што Ён павінен уваскрасіць нашыя целы, калі б цела Яго самога рассыпалася ў попел? (Пс 15). Але цяпер, дакладна ведаючы, што Ягоная душа не затрымалася ў пекле і цела Ягонае не спазнала сапсаванасці, мы так жа дакладна верым, што і нас Ён выратаваў ад грахоў, ад смерці і ад пекла, а ў свой час выправіць і нашыя целы, падлеглыя распаду (Флп 3). Таму, калі вялікай была радасць ад нараджэння Пана, яшчэ большай цяпер павінна быць радасць ад Яго ўваскрасення. Бо тады Ён нарадзіўся ў беднасці і нястачы, а цяпер уваскрос у хвале; тады — у целе, здольным цярпець, а цяпер — у праслаўленым целе; тады нарадзіўся, каб цярпець пакуты і паклёп, а цяпер — каб узвысіцца і атрымаць хвалу ад усялякага стварэння (Флп 2). Бо дадзена Яму ўсялякая моц на небе і на зямлі (Мц 24). Таму будзем усе радавацца і весяліцца, але духоўнай, а не цялеснай весялосцю, і не з таго, што пост скончыўся і да нас вярнулася мяса, а з таго, што Хрыстус Пан знішчыў нашыя грахі, спыніў смерць, перамог д’ябла, разбурыў пекла і вярнуў нам страчаныя даброты: адпушчэнне грахоў, апраўданне, уваскрашэнне цела і жыццё вечнае. Але пяройдзем да Евангелля і паглядзім перадусім на тое, каму найперш Хрыстус Пан захацеў паказаць сваё ўваскрасенне, а затым на тое, якую карысць прынесла ўваскрасенне Пана і як мы павінны ўваскрэснуць разам з Панам.

Усе евангелісты згаджаюцца ў тым, што Хрыстус Пан пажадаў аб’явіць сваё ўваскрасенне найперш жанчынам, бо яны больш за іншых любілі Хрыста і з вялікай стараннасцю Яго шукалі. Вялікая пабожнасць і любоў гэтых жанчын да Пана Езуса праявіліся не толькі на словах, але і ў вялікіх і значных учынках, бо яны любілі Хрыста Пана пры жыцці, не адышлі ад Яго падчас смерці і не перасталі любіць таксама пасля смерці (Мк 15). Пры жыцці яны ішлі за Ім з Галілеі і, пакінуўшы сваю радзіму і сяброў, цешыліся пры Пану, заўсёды шукаючы Ягонага слова і навукі, а акрамя таго, служылі Яму сваёй маёмасцю і прыходзілі Яму і Ягоным вучням на дапамогу ў патрэбах. Пры Яго смерці яны праявілі сваю вялікую любоў у тым, што, калі ўсе Ягоныя вучні паўцякалі, калі яны пакінулі Яго, а некаторыя і адракліся, калі Яго, нарэшце, асудзілі і ўкрыжавалі, як злачынцу над злачынцамі, жанчыны не толькі не адступіліся, але і суправаджалі Яго, і стаялі пад крыжам разам з Ягонай Маці і з Янам да самага канца. Таксама і пасля Ягонай смерці яны не перасталі Яго любіць, бо вырашылі аказаць Яму апошнюю паслугу і памазаць Ягонае цела каштоўнымі алеямі, і нічога не спужаліся: ні ўладароў і сваіх начальнікаў, ні ўзброеных жаўнераў, ні магілы з аховай і пячаткай, ні вялікага каменя, ні начной цемры, ні працы, ні расходаў на дарагія алеі.

І хоць яны добра ведалі і бачылі, што Яго святое цела ўжо памазалі святыя людзі — Юзаф з Арыматэі і Нікадэм, — усё ж ім здалося, што гэтага недастаткова, і яны вырашылі самі памазаць Яго святое цела (Ян 19; Мц 27; Лк 23). Бо таму, хто любіць, здаецца нязробленым тое, чаго ён сам не зрабіў таму, каго любіць.

Паглядзі таксама, што для таго, хто любіць, няма нічога складанага. Яны не думаюць ні пра што, а толькі пра Пана: не клапоцяцца ні пра якую небяспеку, ні пра кошт, ні пра работу, каб толькі мець магчымасць паслужыць узлюбленаму. Яны не памятаюць нават пра вялікі камень, а ўзгадваюць пра яго толькі тады, калі зусім наблізіліся да магілы: А хто ж нам адваліць камень? Таму Пан Бог спрашчае ім іхнія цяжкасці, каб толькі хапіла іхняй любові. Бо анёл ім і камень адваліў, каб яны маглі ўвайсці, і сам ім унутры паказаўся, каб іх узрадаваць.

Будзем жа вучыцца, браты наймілейшыя, як пастаянна і непахісна мы павінны шукаць і любіць Хрыста Пана, а не адгаворвацца рознымі цяжкасцямі, калі маем нагоду да добрага ўчынку, калі нам трэба памазваць Хрыста Пана, а нам здаецца, што на дарозе ляжыць вялікі камень. Бо сёння і заўсёды мы можам памазваць Яго ў членах Ягоных. Ён кажа: “Што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25). Таму няхай ніхто не палохаецца, калі нават здаецца, што на дарозе ляжыць камень. Бачыш чалавека беднага, хворага, убогага, патрабуючага тваёй дапамогі, хочаш яму дапамагчы ў патрэбе, толькі баішся, каб раптам не сталася, што і табе не застанецца. Гэта камень на дарозе. Але не бойся: адваліць яго для цябе Пан Бог, Які абяцае табе ў сто разоў больш за тое, што пакінеш дзеля Яго (Мк 10). Бачыш чалавека, нявінна пакрыўджанага і заклапочанага і хочаш яго абараніць, толькі баішся настроіць супраць сябе ягонага непрыяцеля. Гэта камень на дарозе. Але нічога не бойся: проста зрабі тое, чаго ад цябе патрабуе любоў да Бога і бліжняга, а Пан Бог зробіць так, што не толькі ніхто на цябе зла трымаць не будзе, але і сам праціўнік, якога ты баяўся, будзе вымушаны хваліць тваю цноту і пабожнасць. Хацеў бы ты ад Вялікадня пачаць новае жыццё, часта спавядацца, часта прымаць Найсвяцейшы Сакрамэнт, каб і сумленне чыстым ад граху захаваць, і ўмацоўвацца гэтым хлебам жыцця вечнага перад усялякімі спакусамі, ды толькі баішся, каб з цябе людзі не здзекаваліся, каб не называлі цябе святошам, папістам, езуітам, манахам, багамольцам і іншымі падобнымі мянушкамі. Гэта камень. Выпрабоўвае цябе Пан Бог, як і Пятра, ці не адрачэшся ад Яго (Мц 5). Але нічога не бойся: аберне гэта Пан Бог іначай, чым ты думаеш, бо тваім добрым прыкладам будуць заахвочаны іншыя: будуць таксама часцей спавядацца і прыступаць да стала Пана. Хацеў бы ты, бедны ерэтык, навярнуцца да адзінага святога Касцёла, бо бачыш, што не ў тых розных сектах, а толькі ў ім ёсць згода і праўда, ды толькі баішся, каб цябе не лічылі за непастаяннага, або баішся бацькоў, старэйшых або сваякоў сваіх. Гэта камень. Але няхай гэта не адводзіць цябе ад навяртання, бо лепш тут часова саромецца перад малой групай людзей, чым у дзень суда перад Богам і анёламі (Лк 9), і ўсімі святымі на вальным сойме ўсяго свету. А хто тут саромеецца Хрыста Пана і Яго Касцёла, таго будзе саромецца Хрыстус Пан. Хацеў бы ты, каталік, не мець ніякай супольнасці з ерэтыкамі, асабліва ў тых рэчах, якія датычацца веры і славы Божай, бо паўсюль цябе Божае слова асцерагае, каб ты пазбягаў гэтых падступных людзей (Мц 7). Аднак жа, калі цябе запрашаюць на хрэсьбіны або на аддаванне пасагу, або на свае пахаванні, ты не можаш адмовіць ім, баючыся абразіць іх або настроіць супраць сябе. Гэта камень. Але нічога не бойся. Належыць больш слухацца Пана Бога, чым людзей (Дз 5). Няхай не будзе табе прыяцелем той, хто хоча зрабіць цябе непрыяцелем Божым. Хацелі б вы, дзяўчына, удава або юнак аддаць і прысвяціць Пану Богу сваё цела і служыць Яму ў чысціні аж да смерці, але баіцеся бацькоў, каб іх не абразіць, або небяспекі, што не зможаце выканаць сваё абяцанне. Гэта камень. Але нічога не бойцеся: дапаможа вам у гэтым Пан Бог і схіліць сэрцы вашых бацькоў, і Той, хто даў вам ласку, каб вы гэтага хацелі, таксама ўмацуе вас і дасць вам сілы выканаць гэта. Няхай гэтыя і іншыя падобныя цяжкасці нас не адводзяць, наймілейшыя браты, ад любові Бога і бліжняга і ад выканання Яго святой волі. Бо калі б тыя святыя жанчыны зважалі на цяжкасці, на ўзброеных жаўнераў, на пячаткі, на вялікі камень, на ганьбу, якая магла б іх напаткаць, яны б ніколі не аказалі той удзячнай паслугі Пану і ніколі б не атрымалі радасці ад спаткання з анёлам і ад весткі пра ўваскрасенне Пана Езуса.

Мы пачулі, каму і чаму Пан Езус Хрыстус найперш аб’явіў сваё ўваскрасенне і як па прыкладзе гэтых святых жанчын мы павінны шукаць і любіць Пана, не зважаючы ні на якія цяжкасці. Паслухаем цяпер, якую карысць і радасць нам прынесла ўваскрасенне Пана. Гэта нам паказвае сваёй паставай анёл. “Увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака, які сядзеў з правага боку і быў апрануты ў белае адзенне, і вельмі спалохаліся”. Белае і прыгожае адзенне, у якім ім паказаўся анёл, азначае перамогу Хрыста Пана (і ўсіх верных членаў Яго) над грахом, сатаною і смерцю. Сядзенне з правага боку азначае справядлівасць, несмяротную славу і вечнае жыццё, якое ўжо атрымаў Хрыстус Пан і якое разам з Ім павінны атрымаць усе Яго верныя. А маладосць анёла азначае ўваскрашэнне, аднаўленне і праслаўленне цела Хрыста Пана і нашых цел пасля ўваскрашэння. Пра ўсё гэта мы маем яснае і выразнае сведчанне Святога Пісання.

Пра перамогу Хрыста Пана над грахом, смерцю і сатаною кажа св. Павел: “Ён сцёр запіс нашых даўгоў, які быў супраць нас, і скасаваў яго, прыбіўшы да крыжа. Раззброіў панаванні і ўлады, выставіў іх напаказ, трыумфальна перамогшы іх у Хрысце” (Клс 2). І яшчэ: “Перамога паглынула смерць. Cмерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала? Джала смерці — грэх, а сіла граху — Закон. Богу ж падзяка, бо Ён даў нам перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста” (1 Кар 15). Тое ж і прарокам даўно сказана: “О смерць, Я буду тваёй смерцю; о пекла, Я буду ўкусам тваім” (Ос 13). Бо Хрыстус Пан сваёй смерцю спыніў смерць і сваім сыходам у пекла разбурыў і сапсаваў усю вялікую справу пекла, а менавіта ўсе тыя адхлані, у якіх прабывалі святыя прабацькі, чакаючы прыйсця Хрыста Пана.

Таксама св. Павел кажа пра аднаўленне вечнага жыцця ўваскрасеннем Пана: “А Бог, будучы багатым на міласэрнасць, у сваёй вялікай любові палюбіў нас, і… ажывіў разам з Хрыстом… і пасадзіў нас на нябёсах у Хрысце Езусе” (Эф 2). І яшчэ: “Як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены” (1 Кар 15). Пра ўваскрашэнне і абнаўленне нашых целаў сведчыць той жа св. Павел: Мы чакаем Збаўцы, Пана нашага Езуса Хрыста, Які пераменіць і адновіць гэтыя нашы ўпаўшыя целы на ўзор свайго праслаўленага цела. І сам Хрыстус Пан абяцае, што справядлівыя засвецяць, як сонца, у валадарстве Айца іхняга.

З гэтых і падобных месцаў становіцца добра зразумела, што мы сапраўды вызвалены ад граху, смерці, сатаны і пекла, а таксама што нам вернуты страчаныя даброты: справядлівасць, паяднанне з Богам, вечнае жыццё і спадчына валадарства нябеснага. Бо Хрыстус Пан памёр за нашыя грахі, а ўваскрос дзеля нашага апраўдання (Рым 4). Нарэшце, мы ўпэўнены, што таксама павінны ўваскрэснуць у праслаўленым целе для вечнага і шчаслівага жыцця, калі будзем чыніць тое, што нам загадаў Пан і пра што я далей нагадаю. А якая ж большая радасць можа быць гаротнаму чалавеку, чым быць сапраўды вызваленым ад граху, смерці і д’ябла? Якая радасць большая, чым быць упэўненым у адпушчэнні грахоў, паяднанні з Богам, апраўданні, уваскрашэнні цела і жыцці вечным? Таму слушна радуецца Касцёл уваскрасенню Пана.

Але калі мы хочам быць удзельнікамі ўсіх гэтых дабротаў, якія Пан Езус пажадаў падрыхтаваць нам сваёй смерцю і ўваскрасеннем, то патрэбна, каб мы спачатку з Ім духоўна ўваскрэслі. Гэта нам вобразна дае зразумець анёл, калі кажа: “Ён апярэдзіць вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце”. Галілея азначае перанясенне або пераход. Таму, як Хрыстус Пан перайшоў ад распаду да незнішчальнасці, ад смерці да жыцця, ад зямлі да неба, так і мы павінны за Ім пераходзіць ад цела да духа, ад грахоў да праведнасці, ад бязбожнасці да пабожнасці, ад зямных старанняў і часовых рэчаў да жадання і разважання нябесных і вечных рэчаў. Так, як наc заклікае св. Павел у сённяшнім Пасланні ачысціцца ад старой закваскі нашых грахоў і стаць амаль прэснымі. А ў іншым месцы вучыць, як мы павінны наследаваць уваскрасенне Пана, а менавіта, каб мы, спачатку памёршы для граху, вялі новае жыццё ва ўсялякай святасці і справядлівасці, як і Хрыстус Пан уваскрос з памерлых да новага жыцця (1 Кар 15; Флп 3). Па-другое, трэба, каб мы, адзін раз падняўшыся з грахоў, больш у іх не траплялі, як і Хрыстус Пан, аднойчы ўваскросшы, больш не памірае і смерць больш не мае над Ім улады. Не так, як тыя няшчасныя, што адразу пасля Вялікадня вяртаюцца да старога зла, а часам і да яшчэ горшага і цяжэйшага, і ляжаць яны па-старому ў абжорстве, п’янстве, цялесных грахах, гневе і сварках, ліхвярстве, хцівасці, крадзяжы і розных іншых грахах. Яны альбо ніколі з Хрыстом праўдзіва не ўваскрасалі, альбо, уваскросшы на хвілінку, адразу ж памерлі, вярнуўшыся, як свінні да свайго гною або як сабакі да сваіх ванітаў (Прып 26). Тыя праз прыняцце Ягонага Сакрамэнту разам з Юдам пацалавалі свайго Пана, і ўжо адразу прадаюць Яго за распусныя і марныя рэчы гэтага свету. Таму хай і канца Юды асцерагаюцца.

Але нам, наймілейшыя мае, трэба адважыцца хутчэй усялякую шкоду панесці, хутчэй сто разоў памерці, чым зноў абразіць Пана Бога ранейшымі грахамі. Каб нам было лягчэй гэта зрабіць, будзем часта спавядацца з нашых грахоў і часта і годна прымаць Найсвяцейшы Сакрамэнт. Толькі так, амаль памёршы для грахоў, мы будзем жыць у праведнасці і станем удзельнікамі ўваскрасення Пана, а пасля смерці дзякуючы Яму атрымаем жыццё вечнае. Амэн.


Аўтар: кс. Якуб Вуек SJ (1541–1597)
Выданне: “Postylla mniejsza”, Warszawa, 1909
Ілюстрацыя: Ганс Мемлінг, “Трыптых аб Уваскрасенні” (каля 1490)

Падобныя допісы

Create a website or blog at WordPress.com

Design a site like this with WordPress.com
Get started