Не трэба надта разбірацца ў літургіцы і валодаць глыбокімі тэалагічнымі ведамі, каб прынамсі з практыкі заўважыць, што святыя заслугоўваюць большага, чым ім дадзена ў новым рымскім абрадзе. Простая ілюстрацыя: вернік, які пайшоў бы ў касцёл 25 жніўня 2020 года, мог бы сустрэцца з трыма фармулярамі святой Імшы. У гэты дзень святар можа па выбары служыць:

  1. неабавязковы ўспамін св. Людовіка ІХ — французскага караля, кіраўніка крыжовых паходаў у ХІІІ ст.;
  2. неабавязковы ўспамін св. Юзафа Каласанса — заснавальніка ордэна піяраў, выхавацеля дзяцей і моладзі і стваральніка першай бясплатнай публічнай школы ў Еўропе;
  3. будні фармуляр аўторка ХХІ звычайнага тыдня — фактычна паўтарэнне нядзельнай Імшы з іншымі літургічнымі чытаннямі.

Як паказвае статыстыка назіранняў, хутчэй за ўсё быў бы выбраны апошні варыянт, але і ў тых рэдкіх выпадках, калі служылася б Імша пра святога, імшальныя тэксты амаль не раскрывалі б рысаў ягонай святасці ці абставінаў жыцця. Часткова гэта звязана з тым, што тэксты пра святых у новым Імшале напісаны максімальна агульна і невыразна, а часткова з тым, што ў Імшах пра святых дазволена выкарыстоўваць элементы будняга фармуляра. Напрыклад, у нашым выпадку амаль са стопрацэнтнай верагоднасцю прагучала б будняе Евангелле (Мц 23:23-26), якое не звязана ні са св. Людовікам, ні са св. Юзафам Каласансам:

Гора, вам кніжнікі і фарысеі крывадушныя, таму што звонку ачышчаеце кубак і місу, а ўнутры яны поўныя драпежнасці і нястрыманасці.

Як магчыма мець прывязанасць да святога, чыя Імша амаль ніколі не служыцца, а калі і служыцца, то мала чым звязана з асобай гэтага святога?

Мы працягваем чытаць Каментарый Камісіі да адноўленага літургічнага года і разбіраемся, як літургія дайшла да такога стану.

“Просты заклік выбітнага Божага слугі”

У чым заключаецца традыцыйная практыка святкавання дзён святых? Па-першае, кожны святы, які знаходзіцца ў агульным календары, павінен быць адзначаны ў літургіі. У традыцыйным календары няма паняцця неабавязковых (ad libitum) успамінаў. Часам здараецца, што тое ці іншае свята ІІІ класа неабходна прапусціць з-за супадзення з больш важным святам або нядзеляй, але ніколі такое свята нельга прапусціць без прычыны. Нават самая нізкая ступень святкавання ў традыцыйным календары — успамін (commemoratio) — абавязкова (зноў жа, калі гэтаму не перашкаджаюць прычыны, абумоўленыя рубрыкамі) адзначаецца малітвамі ў Імшы і Афіцыі.

Па-другое, кожнаму святому ў традыцыйным Імшале прыпісана калі не поўная ўласная Імша, то прынамсі пэўны “агульны” фармуляр — пра мучаніка, дзеву, біскупа і г. д. Ніколі не бывае так, што Евангелле або іншы імшальны тэкст сэнсава адарваны ад дадзенага святога.

Так, напрыклад, ужо спеў на ўваход (інтроіт) у свята св. Юзафа Каласанса адразу ставіць перад намі місію гэтага святога: “Прыйдзіце, дзеці, паслухайце мяне: боязі Божай навучу вас. Праслаўляць буду Пана ва ўсе часы; хвала Яго заўсёды на маіх вуснах”. Евангелле ж у гэты дзень ставіць дзяцей нам у прыклад (Мц 18:1-5):

…Сапраўды кажу вам, калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Таму той, хто прынізіць сябе, як дзіця гэтае, той будзе большым у Валадарстве Нябесным. І калі хто прымае адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае.

Што да свята св. Людовіка, то і тут Евангелле (Лк 19:12-26) выбрана не выпадковым чынам:

Пэўны чалавек шляхетнага паходжання адпраўляўся ў далёкую краіну, каб здабыць сабе каралеўства і вярнуцца. Паклікаўшы дзесяць сваіх слугаў, даў ім дзесяць мін і сказаў ім: “Зарабляйце, пакуль не вярнуся”…

Такая прадуманасць у чытаннях і малітвах з’яўляецца характэрнай рысай традыцыйнага рымскага Імшала. Якое свята мы ні выбралі б, усюды знойдзем падобную цэльнасць і завершанасць. Больш за тое, паколькі Імшалам прадпісаны і спевы для традыцыйнай Імшы, то музычны складнік таксама ўключаны ў гэтую тканую вопратку лацінскай Імшы.

Застаецца толькі здагадвацца, наколькі больш эфектыўнымі маглі б быць урокі, вынесеныя з дыдактычнай часткі святой Імшы, калі б вернікі траплялі пад уплыў гэтых цэласных кавалкаў настаўлення. Наколькі больш блізкімі маглі б быць для нас прыклады святых, калі б мы выслухоўвалі тэматычна звязаныя з іх жыццём урыўкі Святога Пісання, а не прадзіраліся бяздумным маршам праз пасланні апостала Паўла, не зважаючы на тое, што некаторыя іх часткі цяжка ўспрымаюцца на слых, а ў некаторых апостал проста прачышчае горла перад тым, як перайсці да сутнасці.

Камісію па выкананні саборнай канстытуцыі пра святую літургію такі фармат святкавання святых не задаволіў. Дакладнай прычыны гэтага мы пакуль не ведаем, але вось які рэцэпт прапаноўваюць рэфарматары:

…магчымасць выкарыстання будняга лекцыянарыя цалкам змяніла спосаб святкавання ніжэйшых святаў, бо толькі тыя святы ІІІ класа, якія маюць строга ўласныя  чытанні, служацца з выкарыстаннем свайго цэльнага фармуляра; у іншыя дні ІІІ класа рэспансарыйны псальм і аллелюятычны верш, а таксама Евангелле можна прачытаць з будняга лекцыянарыя.

У сувязі з гэтай нормай, ужо добра прынятай усімі, быў адшуканы наступны фундаментальны прынцып літургічнага аднаўлення Імшы: ва ўрачыстасці і святы выкарыстоўваецца цэльны фармуляр або з уласных, або з агульных тэкстаў; фармуляры ўспамінаў уладкаваны такім чынам, каб у Афіцый і Імшу дадзенага будня можна было ўставіць уласныя элементы пра святога, згодна з нормамі, выкладзенымі ў Агульных уводзінах да Імшы і Божага Афіцыя. Так, напрыклад, у Імшы абавязковага ці неабавязковага ўспаміну нейкага святога прамаўляецца калекта пра святога, а малітвы над дарамі і пасля Камуніі, а таксама чытанні і спевы могуць быць па жаданні ўзяты альбо пра святога, альбо з дадзенага будня.

Вось таму пасля Імшы амаль ніхто і не памятае, дзень якога святога адзначаўся, не кажучы ўжо пра ўсведамленне таго, чым менавіта гэты святы праславіўся. Калі пра святога згадвае адна толькі калекта, то ці можна гэта ўвогуле называць культам святых?

Камісія, вядома, скажа больш прыгожа:

Урачыстасць і свята лічацца выключэннем, а ўспамін уключаецца ў штодзённае літургічнае жыццё: ён з’яўляецца простым заклікам выбітнага Божага слугі, які, аднак, яднаючыся са здзяйсненнем Божага Афіцыя і прынашэннем эўхарыстычнай Ахвяры, становіцца крыніцай ласкі: “каб мы таксама маглі ўсё больш наследаваць веру тых, чыю памяць ушаноўваем удзелам у гэтым сакрамэнце”.

Але ўсё гэта пустая баўбатня. У рэфармаваным касцёльным годзе цыкл святых аказаўся ў пройгрышным становішчы, а ягоная сутнасць была падарвана дзеля расчысткі дарогі для гіганцкага, але бескарыснага лекцыянарыя.

У параўнанні з гэтым, дадаванні, выдаленні і перастаноўкі святых месцамі здаюцца ўсяго толькі касметычным рамонтам.

“Многія дні няправільныя”

Зрэшты, пэўныя моманты ў пераглядзе спісу святых усё ж заслугоўваюць абмеркавання. Значныя высілкі Камісія прыклала для таго, каб кожны святы адзначаўся ў свой уласны дзень смерці, або, як прынята казаць па-касцёльнаму, у дзень нараджэння для неба — dies natalis. “Рымскі каляндар, — зазначаюць рэфарматары, — яшчэ і цяпер мае шмат звязаных з гэтым анамалій”. Маецца на ўвазе, што дзе-нідзе ў каляндар святых увайшлі памылкі датавання, некаторыя дні ўстаноўлены без сувязі з рэальнымі датамі жыцця святых, а часам трапляюцца памылкі адносна асобы святога, напрыклад пераблытаны два розныя свв. Палікарпы.

Як так атрымалася? Адказ даволі просты: уявіце сабе, што ў мінулым стагоддзі вы напісалі гульню “Сапёр” пад Windows 95. Час ідзе, аперацыйная сістэма ўдасканальваецца, і вашу гульню прыходзіцца ўвесь час дапісваць, каб забяспечыць актуальнасць і працаздольнасць. Код маральна старэе і перастае быць элегантны. Пад нейкія асабліва ненадзейныя месцы прыходзіцца падстаўляць новыя і новыя мыліцы. Архітэктурна “Сапёр” ужо пачынае нагадваць прадмесці Ерэвана, але працуе добра і на яго ніхто не скардзіцца.

Гэта натуральны лёс усіх рэчаў, якія разлічаны на доўгае выкарыстанне. Іх рамантуюць, латаюць, кляпаюць, але не выкідаюць, бо яны дарагія як памяць, а новыя яшчэ не вядома, як зрабіць і дзе ўзяць.

Рымскі каляндар — адна з такіх рэчаў. Цыкл святых мае дастаткова даўняе паходжанне, у яго ўпісана шмат святых, і адносна новага св. Пія Х проста не атрымліваецца паставіць на дату смерці (20 жніўня), таму што яе займае св. Бернард. Прыходзіцца прыняць гэта як факт і шукаць нейкае выйсце. Так у календары і з’яўляюцца “анамаліі”.

Сама Камісія прызнае, што прыбягала да такіх пераносаў, калі той ці іншы ўспамін меў перашкоду з боку іншых, больш важных святкаванняў. Для таго ж св. Пія Х быў выбраны наступны дзень пасля смерці, 21 жніўня. Св. Францішка Сальскага паставілі на дзень перанясення рэліквій. Св. Амброзію далі дату прыняцця біскупскай сакры. Св. Тамаш Аквінскі не меў перашкоды, але яго перанеслі на іншы дзень, таму што ён выпадаў на Вялікі пост і не мог святкавацца ў адпаведнасці з новымі рубрыкамі, якія аддавалі перавагу буднім Імшам.

Атрымліваецца, што сам прынцып гістарычнай дакладнасці не вытрымаў праверкі практыкай ужо пры стварэнні новага календара: нават пасля адбору святых па важнасці іх не ўдавалася паставіць на правільныя дні і прыходзілася прыбягаць да тых самых прыёмаў, да якіх прыбягаў традыцыйны каляндар. У сувязі з гэтым вельмі цікава, што св. Бенедыкт у новым календары пастаўлены на дату 11 ліпеня, таму што ў гэты дзень яго ў VIII ст. ушаноўвалі манахі. Значыць, аргумент “так святкавалі” — таксама аргумент? Навошта тады было пераварочваць увесь каляндар?

“Агіёграфы… не маюць магчымасці цалкам растлумачыць гістарычныя падставы іхняга культу”

Шмат крыўды было зроблена ў выніку выкрэслівання з календара тых ці іншых святых. Прынцып быў такі, што абавязковымі ўспамінамі маглі ўшаноўвацца толькі тыя святы, пра якіх існавалі надзейныя гістарычныя звесткі. Паколькі ж у традыцыйным календары шмат старажытных святых, пра якіх вядома мала з увагі на натуральныя гістарычныя прычыны, многія з іх былі выкрэслены, або, як кажуць, “перанесены ў лакальныя календары”.

Сярод іх былі такія святыя, як св. Павел, першы пустэльнік, свв. Ян і Павел (мучанікі, якія згадваюцца ў Рымскім Каноне), св. Кацярына Александрыйская (пазней вернутая ў каляндар Янам Паўлам ІІ) і св. Барбара, якая таксама “выклікала вялікія гістарычныя цяжкасці”. Прычына нават не ў тым, што гэтых святых не існавала:

Агіёграфы не могуць даказаць, што гэтых святых не існавала, аднак яны не маюць магчымасці цалкам растлумачыць гістарычныя падставы іхняга культу, каб іх можна было лёгка зразумець са звестак, сабраных пра кожнага святога ў згаданых працах.

Па аналагічнай прычыне з календара выкрэслілі цэлы шэраг старажытных мучанікаў: яны не згадваліся ў даступных пісьмовых крыніцах і пра іх былі вядомыя толькі “агіяграфічныя каардынаты” (імя, месца і дзень смерці). Па меркаванні рэфарматараў, гэтыя звесткі “мала што значаць для вернікаў ХХ ст.”

Астатніх святых пераглядалі па крытэрыі “важнасці”, улічваючы ўніверсальнасць культу, уплывовасць асобы і важнасць працы, якую яны здзейснілі ў Касцёле. Улічваўся і геаграфічны крытэрый:

З календара былі выкрэслены імёны 30 святых, з якіх большая частка паходзіла з Італіі; тым самым у календары была дасягнута пэўная геаграфічная раўнавага.

У выніку людзі прадказальна пакрыўдзіліся. Анібале Буньіні сам прызнае, што новы каляндар быў прыняты негатыўна:

Каментатары не сталі шукаць аб’ектыўную праўду і даваць спакойную ацэнку працы і новых нормаў, а засяродзіліся на сенсацыйных рэчах і на тым, што магло быць выкарыстана як прапаганда. Журналісты вышуквалі святых, якія былі “выдалены”, “дыскваліфікаваны”, “паніжаны да другога гатунку” і г. д. Тыя з духавенства і свецкіх вернікаў, чый погляд на культ і рэлігію засноўваўся на пабожнасці, былі расчараваны, хоць збянтэжанасць назіралася таксама з-за нечаканасці і адсутнасці падрыхтоўкі. Іншыя скардзіліся на пропуск у новым календары свайго апекуна або апекуна свайго рэгіёна, дыяцэзіі ці народа. Таму былі закрануты пачуцці, што прывяло да непрыхільнага прыняцця новага календара.

Bugnini A., “The Reform of the Liturgy 1948–1975” (1990), p. 315

Гэтым тлумачыцца той факт, што падрыхтоўка новага календара трымалася ў сакрэце. Буньіні сцвярджае, што сакрэтнасць нанесла шкоду якасці перагляду, але затое ўдалося пазбегнуць палемікі. Ужо пасля публікацыі новага календара розныя групы пачалі прасіць Кангрэгацыю Божага культу, каб выдаленне іхніх святых перагледзелі.

Найбольш петыцый Кангрэгацыя атрымала ў сувязі з выдаленнем свята Найдаражэйшай Крыві: іх было ажно 367. (Гэта асобны від святаў, якія мы тут не абмяркоўвалі, але пра іх дастаткова сказана ў самім “Каментарыі”.) Свята не вярнулі, але вырашылі перайменваць урачыстасць Найсвяцейшага Цела Хрыста ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Для Камісіі гэта выглядала трапным варыянтам яшчэ і ў сувязі з тым, што якраз было адноўлена прыняцце вернікамі Камуніі пад дзвюма постацямі.

Асобнае даследаванне праводзілася адносна св. Мікалая. Пра яго было вядома толькі тое, што ён быў біскупам Міры ў IV ст., і Камісія аднагалосна пастанавіла святкаваць яго неабавязковым успамінам, таму што ніхто не мог адстаяць універсальнасць ягонага культу. Разам з тым, вялікае ўшанаванне св. Мікалая на Захадзе лёгка бачыць хаця б з таго факту, што ў Францыі і Германіі ў яго гонар пасвячана 2 тыс. касцёлаў, у Англіі — 400, у Ірландыі — 40. За св. Мікалая таксама прапаноўваўся экуменічны аргумент. Вынікі галасавання, аднак, паказалі, што св. Мікалай у крытэрыі працы Камісіі не змясціўся: за неабавязковы ўспамін выказалася 32 члены Камісіі, за абавязковы — толькі 2.

Біскупы Польшчы прасілі, каб хоць адзін з польскіх святых (Казімір, Станіслаў, Ядвіга або Ян Кенцкі) атрымаў абавязковы ўспамін і месца ў літаніі да ўсіх святых, каб “прынамсі раз на год увесь Касцёл мог прыгадаць, якія вялікія пакуты Польшча знесла за сваю вернасць Евангеллю”. Св. Станіслава дадалі ў літанію, але ў астатнім Польшчы адмовілі.

У адзінкавых сітуацыях па загадзе вышэйшай касцёльнай улады святых вярталі (так у календары захаваліся свв. Цэцылія, Агата і Люцыя), але ўсе астатнія падобныя просьбы адхілялі з-за страху, што, пабачыўшы дазволы, людзі дашлюць яшчэ больш просьбаў.

Ці быў выхад?

Літургіст Дамінік Юрчак ОР, інтэрв’ю з якім апублікавана ў апошнім нумары часопіса “В пути”, выказаў цікавае меркаванне, што Айцы Другога Ватыканскага сабору “задалі Касцёлу дамашнюю работу” па аднаўленні літургіі, але на той час ніхто не ведаў, як канкрэтна трэба яе рабіць:

Сегодня критиковать легко, но в то время никто не предложил мудрого решения, как выполнить задачу литургического обновления.

Зразумела, што рашэння ніхто не прапанаваў, таму што перагляд літургіі быў даручаны Камісіі, сакратар якой меў прамы доступ да Паўла VI ў абыход ватыканскіх кангрэгацый. Да таго ж, рэформа календара трымалася ў сакрэце, таму ці варта дзівіцца, што выйшла тое, што выйшла?

У чым Камісію сапраўды нельга папракнуць, дык гэта ў тым, што яна не ведала, што рабіць. І сам “Каментарый да адноўленага літургічнага года”, і ўспаміны Анібале Буньіні ясна паказваюць, што Камісія дзейнічала з унутраным перакананнем, адбівалася ад крытыкаў і нават мела планы, якія проста не паспела рэалізаваць.

Ці магла рэформа календара пайсці іншым шляхам?

Зразумела, што каляндар трэба абнаўляць. І, нават усведамляючы ўсю складанасць гэтай задачы, можна сцвярджаць, што любы іншы спосаб, заснаваны на рэформе (змяненні існуючага календара) або аднаўленні (у сэнсе instauratio), быў бы больш прымальны, чым стварэнне цалкам новага календара, якое было прадпрынята Камісіяй.

Пасля выдання ў 2007 годзе motu proprio Summorum Pontificum дарэформенны агульны каляндар 1960 зноў атрымаў сваё месца ў літургіі. Разам з ім вярнулася і пытанне, як арганізаваць святкаванне ўсіх святых, праслаўленых пасля 1960 года. Фактычна, гэта была магчымасць павярнуць рэформу, праведзеную Камісіяй, у іншы бок.

Пэўныя прапановы выказвала Міжнародная федэрацыя “Una Voce”, якая схілялася да кансерватыўнага варыянту з захаваннем агульнага календара і абнаўленнем лакальных. У стрыманым ключы вырашыў дзейнічаць і Ватыкан: у 2020 годзе Кангрэгацыя Божага культу правяла мяккае абнаўленне, адкрыўшы новыя магчымасці для святкавання “новых” святых, але не робячы іх абавязковымі і тым больш не даводзячы сітуацыю да таго, што літургічныя кнігі 1962 года страцілі б актуальнасць.

Перакульваючыя рэформы календара, падобныя тым, што мы разглядаем, у прынцыпе наносяць вялікую шкоду і літургіі, і пабожнасці людзей. Літургія па сваім характары патрабуе стабільнасці. Тым больш ад такіх рэформаў трэба аберагаць традыцыйную літургію, якая цяпер перажывае паступовае адраджэнне і пашырэнне. Застаецца спадзявацца, што шок, перажыты ў выніку рэформы 1960-х гг., адцягне з’яўленне чарговых рэфарматараў са сваімі правільнымі ідэямі.

Ілюстрацыя: старонкі з календаром з Брэвіярыя Людовіка Гіеньскага (1410–1413).