Увосень споўніцца 13 гадоў з таго моманту, як набыло сілу апостальскае пасланне Summorum Pontificum, якое ясна акрэсліла юрыдычны статус традыцыйнай лацінскай Імшы ў Каталіцкім Касцёле. У сувязі з гэтым Папа Францішак жадае даведацца пра актуальны стан рэалізацыі гэтага дакумента. Такія навіны перадае каталіцкі блог Rorate Caeli, далучаючы копіі дакументаў.

Прэфект Кангрэгацыі дактрыны веры кардынал Луіс Ладарыя Ферэр SJ папрасіў біскупаў кожнай дыяцэзіі даслаць адказы на некалькі пытанняў, звязаных з вышэйзгаданым апостальскім пасланнем і надзвычайнай формай рымскага абраду. Адпаведны ліст быў разасланы 7 сакавіка бягучага года.

Сярод іншага, Ватыкан цікавіць тое, ці з’яўляецца цэлебрацыя традыцыйнай лацінскай Імшы адказам на пастырскія патрэбы ці яе прасоўвае толькі адзін святар; ці паважаюцца нормы Summorum Pontificum; ці можна сказаць, што ў той ці іншай дыяцэзіі звычайная форма рымскага абраду пераймае рысы надзвычайнай формы. Асобнае пытанне датычыцца ўплыву Summorum Pontificum на жыццё семінарый і дамоў фармацыі.

Таксама біскупам прапанавана выказаць свой погляд на станоўчыя і адмоўныя рысы традыцыйнай літургіі і прапанаваць парады па выніках гэтага трынаццацігадовага перыяду.

Як і ў кожнай падобнай справе, свецкім вернікам застаецца толькі сачыць за развіццём сітуацыі, аднак некаторыя каментатары ўжо паспяшаліся выказаць здагадку, што рашэнне, прынятае па выніках гэтага апытання (або незалежна ад іх), будзе неспрыяльным для традыцыйнай літургіі.

Крайні тэрмін для адказу на пытанні — 31 ліпеня 2020 года.

Фота: Jim McIntosh / Flickr (CC BY)