Diane Montagna • The Remnant

Ваша Эксцэленцыя, якое ваша агульнае ўражанне ад таго шляху, якім пайшоў Касцёл, адказваючы на эпідэмію каранавіруса?

Маё агульнае ўражанне такое, што, забараніўшы ўсе публічныя Імшы і — што яшчэ больш незразумела — закрыўшы касцёлы, пераважная большасць біскупаў адрэагавала надта паспешліва і панічна. Гэтыя біскупы адрэагавалі хутчэй як дзяржаўныя бюракраты, чым пастыры. Засяроджваючыся амаль выключна на гігіенічных мерах бяспекі, яны страцілі звышнатуральную перспектыву і адкінулі першасную ролю вечнага дабрабыту душаў.

Рымская дыяцэзія хутка прыпыніла ўсе публічныя Імшы, каб выканаць інструкцыі ўрада. Ва ўсім свеце біскупы прадпрынялі падобныя дзеянні. Польскія ж біскупы, наадварот, заклікалі служыць больш Імшаў, каб сходы вернікаў былі меншыя. Як вы глядзіце на рашэнне прыпыніць публічныя Імшы, каб пазбегнуць распаўсюджвання каранавіруса?

Да таго часу, пакуль адкрыты і даступны супермаркеты і пакуль людзі маюць доступ да грамадскага транспарту, нельга прыдумаць праўдападобную прычыну для забароны наведвання святой Імшы ў касцёле. У касцёлах можна гарантаваць такія самыя або нават лепшыя гігіенічныя меры бяспекі. Напрыклад, перад кожнай Імшою можна дэзынфікаваць лаўкі і дзверы, а кожны, хто ўваходзіць у касцёл, можа дэзынфікаваць рукі. Можна прадпрыняць і іншыя падобныя меры. Можна абмежаваць колькасць удзельнікаў і павялічыць частату цэлебрацыі Імшы. У нас ёсць натхняльны прыклад звышнатуральнай перспектывы падчас эпідэміі ў Танзаніі ад прэзідэнта Джона Магуфулі. 22 сакавіка 2020 года, у нядзелю Laetare, прэзідэнт Магуфулі, які з’яўляецца практыкуючым каталіком, сказаў у катэдральным касцёле св. Паўла ў сталіцы Дадоме такія словы:

“Я прашу вас, мае браты хрысціяне і нават мусульмане: не бойцеся, не пераставайце збірацца разам, каб праслаўляць Бога і хваліць Яго. Менавіта таму як урад мы не закрываем касцёлы і мячэты. Наадварот, яны павінны быць заўсёды адкрыты для людзей, якія шукаюць прыстанішча ў Бога. Касцёлы з’яўляюцца месцамі, дзе людзі могуць шукаць сапраўднага аздараўлення, таму што там прабывае сапраўдны Бог. Не бойцеся праслаўляць Бога і шукаць Ягонага аблічча ў касцёле”.

Кажучы пра Эўхарыстыю, прэзідэнт Магуфулі сказаў наступныя словы заахвочвання:

“Каранавірус не можа выжыць на эўхарыстычным Целе Хрыста; ён хутка будзе выпалены. Менавіта таму я не панікаваў, прымаючы святую Камунію, бо ведаў, што з Езусам у Эўхарыстыі я ў бяспецы. Гэта час для будавання нашай веры ў Бога”.

(Прамову прэзідэнта Магуфулі на мове суахілі можна паглядзець тут.)

Ці лічыце вы адказнымі паводзінамі, калі святар будзе служыць прыватную Імшу ў прысутнасці некалькіх свецкіх асобаў, прадпрымаючы пры гэтым неабходныя медыцынскія меры асцярогі?

Гэта адказныя паводзіны. Таксама яны заслугоўваюць адабрэння і з’яўляюцца сапраўдным пастырскім актам, вядома, пры той умове, што святар прадпрымае неабходныя медыцынскія меры бяспекі.

У гэтых абставіных святары знаходзяцца ў цяжкой сітуацыі. Некаторых добрых святароў крытыкуюць за падпарадкаванне загаду свайго біскупа прыпыніць публічныя Імшы (хоць яны і працягваюць служыць прыватныя Імшы). Іншыя шукаюць крэатыўныя спосабы слухаць споведзі, стараючыся пры гэтым абараніць здароўе людзей. Якую параду вы можаце даць святарам, якія жывуць па прынцыпах свайго паклікання ў гэтыя часы?

Святарам трэба ўзгадаць, што перадусім яны з’яўляюцца пастырамі несмяротных душаў. Яны павінны наследаваць Хрыста, Які казаў:

“Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак. Найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх. Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак. Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне” (Ян 10:11-14).

Калі святар разумна захоўвае ўсе неабходныя медыцынскія меры асцярогі і паступае разважліва, то ён не павінен падпарадкоўвацца загадам свайго біскупа і ўрада прыпыніць Імшы для вернікаў. Такія загады з’яўляюцца чыста чалавечым законам, а найвышэйшы закон у Касцёле — збаўленне душ. Святары ў такой сітуацыі павінны быць надзвычай вынаходлівымі ў тым, каб забяспечыць вернікам, прынамсі малой групе, магчымасць удзельнічаць у святой Імшы і прымаць сакрамэнты. Такім быў пастырскі падыход усіх святароў, што былі вызнаўцамі і мучанікамі ў часы пераследу.

Ці можа быць законным непадпарадкаванне святароў уладзе, у прыватнасці касцёльнай уладзе (напрыклад, калі святару загадана не наведваць хворых і паміраючых)?

Калі касцёльная ўлада забараняе святару наведваць хворых і паміраючых, ён не можа ёй падпарадкавацца. Такая забарона з’яўляецца злоўжываннем уладай. Хрыстус не даваў біскупу ўлады забараняць наведванне хворых і паміраючых. Сапраўдны святар зробіць усё магчымае для таго, каб наведаць паміраючую асобу. Многія святары рабілі гэта нават тады, калі гэта азначала, што іхняе ўласнае жыццё акажацца пад пагрозай ці то з-за пераследу, ці то з-за эпідэміі. У гісторыі Касцёла было шмат прыкладаў такіх святароў. Св. Караль Барамэа, напрыклад, сваімі рукамі ўдзяляў святую Камунію на язык паміраючым асобам, заражаным чумою. І ў нашыя дні мы маем узрушваючы і захапляльны прыклад святароў, асабліва з рэгіёна Бергама ў паўночнай Італіі, якія заражаліся і паміралі, таму што клапацілілся пра паміраючых хворых на каранавірус. Некалькі дзён таму ў Італіі памёр 72-гадовы святар з каранавірусам, які адмовіўся ад неабходнага яму для выжывання апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх і дазволіў, каб яго аддалі малодшаму пацыенту. Не пайсці адведаць хворага і паміраючага — гэта хутчэй паводзіны найміта, чым добрага пастыра.

Свае маладыя гады вы правялі ў савецкім падпольным Касцёле. Якім поглядам або якой перспектывай вы хацелі б падзяліцца са свецкімі вернікамі, якія не могуць удзельнічаць у Імшы, а ў некаторых выпадках нават не могуць правесці пэўны час перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, таму што касцёлы ў іхняй дыяцэзіі закрыты?

Я заахвоціў бы вернікаў рабіць частыя акты духоўнай камуніі. Яны могуць чытаць і разважаць штодзённыя чытанні Імшы, а таксама сам парадак Імшы. Яны могуць паслаць свайго Анёла-ахоўніка пакланіцца Езусу Хрысту ў табернакулюме ад іхняга імя. Яны могуць духоўна яднацца з усімі хрысціянамі, якія знаходзяцца ў вязніцах за сваю веру, з усімі хворымі хрысціянамі і тымі, хто прыкуты да ложка, з усімі паміраючымі хрысціянамі, пазбаўленымі сакрамэнтаў. Бог напоўніць шматлікімі ласкамі гэты перыяд часовай пазбаўленасці святой Імшы і Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Нядаўна Ватыкан абвясціў, што велікодныя літургіі будуць служыцца без прысутнасці вернікаў. Пазней ён удакладніў, што вывучае “спосабы рэалізацыі і ўдзелу, якія адпавядаюць мерам бяспекі, уведзеным на месцах дзеля папярэджання распаўсюджвання каранавіруса”. Што вы думаеце пра гэтае рашэнне?

Улічваючы, што італьянская дзяржаўная ўлада ўвяла строгую забарону збірацца на Імшах, можна зразумець, чаму Папа не можа служыць літургіі Вялікага тыдня ў прысутнасці вялікай колькасці вернікаў. Я думаю, што Папа мог бы служыць літургіі Вялікага тыдня з усёй годнасцю і без скарачэнняў, напрыклад у Сікстынскай капліцы (як было звычаем Папаў перад Другім Ватыканскім саборам), з удзелам духавенства (кардыналаў, святароў) і выбранай групы вернікаў, да якіх папярэдне прымянілі б меры гігіенічнай бяспекі. Нельга зразумець логіку ў забароне распальваць вогнішча, благаслаўляць ваду і хрысціць падчас Пасхальнай вігіліі, быццам бы гэтыя дзеянні распаўсюджваюць вірус. Квазі-паталагічны страх пераважыў над здаровым сэнсам і звышнатуральнай перспектывай.

Ваша Эксцэленцыя, якім чынам адказ Касцёла на эпідэмію каранавіруса сведчыць пра стан Касцёла і ў прыватнасці іерархіі?

Гэты адказ дэманструе страту звышнатуральнай перспектывы. У апошнія дзесяцігоддзі многія члены іерархіі Касцёла займаліся пераважна секулярнымі, свецкімі і зямнымі справамі, а таму страцілі адчуванне звышнатуральных і вечных рэалій. Іхнія вочы засляпіў пыл зямных пагоняў, як аднойчы сказаў св. Грыгорый Вялікі (Regula pastoralis, II, 7). Іх рэакцыя пры адказе на эпідэмію каранавіруса паказала, што яны надаюць большую важнасць смяротнаму целу, чым несмяротнай душы чалавека, і забываюцца пра словы нашага Пана: “Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а пашкодзіць сваёй душы?” (Мк 8:36). Тыя самыя біскупы, якія цяпер стараюцца абараніць (часам непрапарцыянальнымі мерамі) целы сваіх вернікаў ад заражэння матэрыяльным вірусам, спакойна дазвалялі распаўсюджвацца сярод сваёй аўчарні вірусу ерэтычных вучэнняў і практык.

Кардынал Вінсэнт Нікалс нядаўна сказаў, што, калі пройдзе эпідэмія каранавіруса, мы будзем мець новы голад па Эўхарыстыі? Вы згодны з гэтым?

Я спадзяюся, што ў выпадку многіх каталікоў гэтыя словы акажуцца праўдай. Штодзённы людскі досвед паказвае, што доўгая пазбаўленасць важнай рэчы распальвае сэрцы людзей сумам па ёй. Гэта, зразумела, датычыцца тых, хто сапраўды верыць у Эўхарыстыю і любіць яе. Такі досвед дазваляе таксама больш глыбока паразважаць над значэннем і каштоўнасцю Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Магчыма, тыя каталікі, якія так прызвычаіліся да Святога Святых, што пачалі лічыць яго чымсьці звычайным і даступным, перажывуць духоўнае навяртанне, зразумеюць і пачнуць ставіцца да Найсвяцейшай Эўхарыстыі як да чагосьці надзвычайнага і ўзвышанага.

У нядзелю 15 сакавіка Папа Францішак пайшоў памаліцца перад абразом Salus Populi Romani ў базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ, а таксама перад цудоўным распяццем, якое знаходзіцца ў касцёле Сан-Марчэла-аль-Корса. Ці лічыце вы, што важна, каб біскупы і кардыналы здзейснілі падобныя акты публічнай малітвы дзеля спынення эпідэміі каранавіруса?

Прыклад Папы Францішка можа заахвоціць многіх біскупаў да падобных актаў публічнага вызнання веры і малітвы, а таксама да канкрэтных знакаў пакуты, каб упрасіць Бога скончыць эпідэмію. Можна параіць, каб біскупы і святары рэгулярна абыходзілі свае гарады, мястэчкі і вёскі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам у манстранцыі ў суправаджэнні невялікай колькасці духавенства або свецкіх вернікаў (аднаго, дваіх ці траіх) у залежнасці ад пастанаўленняў улады. Такія працэсіі з эўхарыстычным Панам прынясуць вернікам і гараджанам суцяшэнне і радасць, што яны не адны ў час выпрабавання, што Пан сапраўды з імі, што Касцёл — гэта маці, якая ніколі не забывае і не пакідае сваіх дзяцей. Можна арганізаваць сусветны ланцужок манстранцый з эўхарыстычным Панам на вуліцах свету. Такія невялікія эўхарыстычныя працэсіі, нават калі яны выконваюцца толькі біскупам ці святаром, выпрасяць ласкі фізічнага і духоўнага аздараўлення і навяртання.

Каранавірус выбухнуў у Кітаі ў хуткім часе пасля Амазонскага сіноду. Некаторыя выказваюць у СМІ сур’ёзнае перакананне, што гэта Божая адплата за падзеі з Пачамамай у Ватыкане. Іншыя лічаць гэта Божым пакараннем за дамову Ватыкана з Кітаем. Ці згодны вы з якім-небудзь з гэтых меркаванняў?

На мой погляд, эпідэмія каранавіруса несумненна з’яўляецца Божым умяшаннем з мэтай пакарання і ачышчэння гэтага грэшнага свету, а таксама Касцёла. Нам нельга забывацца, што наш Пан Езус Хрыстус лічыў фізічныя катастрофы Божым пакараннем. Мы чытаем, напрыклад:

“У той самы час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра галілейцаў, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. А Ён адказаў ім на гэтае: “Думаеце, што гэтыя галілейцы былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілейцаў, калі так пацярпелі? Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. Думаеце, што тыя васямнаццаць, на якіх упала сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме? Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце” (Лк 13:1-5).

Культавае пакланенне паганскаму ідалу Пачамамы ў Ватыкане з адабрэння Папы, несумненна, было вялікім грахом нявернасці першаму прыказанню Дэкалога. Яно было агідай. Усялякія спробы прыменшыць гэты акт пакланення не вытрымлівае цяжару відавочных доказаў і здаровага сэнсу. Мне здаецца, што такія акты ідалапаклонства былі кульмінацыяй шэрагу іншых актаў нявернасці ў абароне боскага дэпазіту веры з боку многіх высокапастаўленых членаў касцёльнай іерархіі ў апошнія дзесяцігоддзі. У мяне няма абсалютнай упэўненасці, што выбух каранавіруса з’яўляецца Божай адплатай за падзеі, звязаныя з Пачамамай у Ватыкане, але разважанне над такой магчымасцю не будзе прыцягнутым за вушы. Ужо ў пачатку Касцёла Хрыстус асуджаў біскупаў (“анёлаў”) Касцёлаў у Пергаме і Тыятыры за іхняе патуранне ідалапаклонству і чужалоству. Вобраз “Ізабэлі”, якая зводзіць Касцёл у ідалапаклонства і чужалоства (гл. Ап 2:20), можна таксама разумець як сімвал свету ў нашыя дні. Многія з тых, хто сёння мае ўладу ў Касцёле, фліртуюць з ім.

Таксама і ў нашыя часы застаюцца актуальнымі словы Хрыста:

“…тых, хто распуснічае з ёю, аддам пад вялікі ўціск, калі не адвернуцца ад сваіх справаў. Дзяцей яе знішчу смерцю. І пазнаюць усе Касцёлы, што Я той, хто даследуе нутро і сэрцы. Я адплачу кожнаму з вас паводле ягоных учынкаў” (Ап 2:22-23).

Хрыстус пагражаў пакараннем і заклікаў Касцёлы да пакаяння:

“Але Я маю крыху супраць цябе, бо там ёсць тыя, хто трымаецца вучэння… каб яны спажывалі ахвярапрынашэнні ідалам і распуснічалі. Таму апамятайся. У адваротным выпадку Я хутка прыйду да цябе і буду ваяваць з імі мячом Маіх вуснаў” (Ап 2:14-16).

Я перакананы, што Хрыстус паўтарыў бы тыя самыя словы Папу Францішку і іншым біскупам, якія дазволілі ідалапаклонскае ўшанаванне Пачамамы і ўскосна ўхвалілі сэксуальныя адносіны па-за сапраўдным сужэнствам, дазволіўшы так званым “разведзеным і паўторна жанатым” асобам, якія практыкуюць сэксуальнае жыццё, прымаць святую Камунію.

Вы згадалі пра Евангеллі і кнігу Апакаліпсіса. Ці можа нам у цяперашняй сітуацыі штосьці падказаць тое, якім чынам Бог ставіўся да свайго выбранага народа ў Старым Запавеце?

Эпідэмія каранавіруса выклікала ў Касцёле сітуацыю, якая, наколькі я ведаю, з’яўляецца ўнікальнай, а менавіта амаль сусветную забарону ўсіх публічных Імшаў. Гэта часткова нагадвае забарону хрысціянскага культу ва ўсёй Рымскай імперыі ў першыя тры стагоддзі пасля нараджэння Хрыста. Аднак цяперашняя сітуацыя з’яўляецца беспрэцэдэнтнай, таму што пастанова аб забароне публічнага культу была вынесена каталіцкімі біскупамі, прычым яшчэ перад адпаведнымі загадамі ўрадаў.

Нейкім чынам цяперашнюю сітуацыю можна параўнаць таксама са спыненнем ахвярнага культу ў Ерузалемскім храме падчас вавілонскага палону выбранага Божага люду. У Бібліі Божае пакаранне ўспрымаецца як ласка, напрыклад: “Шчасны чалавек, якога наводзіць на розум Бог, і таму кары Ўсеўладнага не адхіляй, бо Ён спрычыняе раны і Сам перавязвае іх; Ён б’е, і Ягоныя ж рукі ацаляюць” (Ёў 5:17-18); “Каго Я люблю, тых дакараю і выхоўваю” (Ап 3:19). Адзіны адэкватны адказ на выпрабаванні, катастрофы, эпідэміі і падобныя сітуацыі, усе з якіх з’яўляюцца інструментамі ў руках Божага провіду і прызначаны для абуджэння людзей ад грахоўнага сну і абыякавасці да Божых прыказанняў і вечнага жыцця, гэта пакута і шчырае навяртанне да Бога. У наступнай малітве прарок Даніэль дае вернікам усіх часоў прыклад сапраўднага настрою, які ім варта мець, а таксама належных паводзінаў і малітвы падчас выпрабавання:

“І ўвесь Ізраіль пераступіў праз закон Твой і адвярнуўся, каб ня слухацца голасу Твайго… Прыхілі, Божа мой, вуха Тваё і паслухай, расплюшчы вочы Свае і паглядзі на спусташэньні нашыя і на горад, дзе названа імя Тваё; бо мы кладзем свае маленьні перад Табою, спадзяючыся не на справядлівасьць нашую, а на Тваю вялікую міласэрнасьць. Госпадзе, выслухай! Госпадзе, даруй! Госпадзе, уважы і зьдзейсьні, не спазьніся дзеля Цябе Самога, Божа мой, бо Тваё імя названа над горадам Тваім і над народам Тваім!” (Дан 9:11, 18-19, Сёмуха).

Св. Роберт Белармін пісаў: “Пэўнымі знакамі, звязанымі з прыйсцем Антыхрыста, [будуць] найбольшы і апошні пераслед, а таксама поўнае спыненне публічнай ахвяры (Імшы)” (Прароцтва Даніэля, с. 37-38). Ці лічыце вы, што тут ён кажа пра тое, што мы цяпер бачым? Ці з’яўляецца гэта пачаткам вялікага пакарання, пра якое кажа кніга Апакаліпсіса?

Цяперашняя сітуацыя дае дастатковыя разумныя падставы лічыць, што мы знаходзімся пры пачатку апакаліптычных часоў, якія ўключаюць у сябе Божыя пакаранні. Наш Пан казаў пра прароцтва Даніэля: “Калі ж убачыце агіду спусташэння, прадказаную прарокам Даніэлем, якая пануе на святым месцы, — хто чытае, няхай разумее” (Мц 24:15). Кніга Апакаліпсіса кажа, што Касцёл павінен будзе на пэўны час бегчы ў пустыню (гл. Ап 12:14). Амаль поўнае спыненне публічнай Ахвяры Імшы можна інтэрпрэтаваць як уцёкі ў духоўную пустыню. Што варта шкадавання ў нашай сітуацыі, дык гэта тое, што многія члены касцёльнай іерархіі не лічаць цяперашнюю сітуацыю выпрабаваннем, Божым пакараннем, так бы мовіць “Божым наведваннем” у біблейскім значэнні. У найшай фізічнай і духоўнай эпідэміі многіх прадстаўнікоў духавенства датычацца такія словы Пана: “…ты не пазнаў часу сваіх адведзінаў” (Лк 19:44). Цяперашнюю сітуацыю “вогненага выпрабавання” (гл. 1 П 4:12) Папа і біскупы павінны ўспрымаць сур’ёзна, каб гэта прывяло да глыбокага навяртання ўсяго Касцёла. Калі гэтага не адбудзецца, тады пасыл наступнай гісторыі Сёрэна К’еркегора можна будзе прымяніць і да нашай сітуацыі:

“За кулісамі ў тэатры разгарэўся пажар. Клоўн выйшаў на сцэну, каб папярэдзіць публіку. Яны падумалі, што гэта жарт, і пачалі пляскаць. Ён з мальбою паўтарыў папярэджанне — у зале пачалася авацыя. Мне здаецца, што менавіта так і скончыцца наш свет: пад агульныя воплескі гледачоў, якія лічаць, што гэта жарт”.

Ваша Эксцэленцыя, у чым заключаецца глыбіннае значэнне ўсяго гэтага?

Сітуацыя са спыненнем публічнай святой Імшы і сакрамэнтальнай святой Камуніі настолькі ўнікальная і сур’ёзная, што за ўсім гэтым можна ўбачыць больш глыбокі сэнс. Гэтая падзея здарылася прыблізна праз 50 гадоў пасля ўвядзення Камуніі ў руку (1969) і радыкальнай рэформы абраду Імшы (1969/1970) пры дапамозе пратэстантызуючых элементаў (малітвы аферторыя) і гарызантальнага, дыдактычнага стылю цэлебрацыі (моманты вольнасці, цэлебрацыя ў замкнёным коле і з кірунку людзей). Практыка ўдзялення Камуніі ў руку на працягу 50 гадоў прывяла да свядомай і несвядомай знявагі эўхарыстычнага Цела Хрыста ў беспрэцэдэнтных маштабах. На працягу больш чым пяцідзесяці гадоў Цела Хрыста (пераважна несвядома) тапталася нагамі духавенства і свецкіх вернікаў у каталіцкіх касцёлах па ўсім свеце. Крадзёж святых Гостый таксама дасягнуў трывожных маштабаў. Практыка прыняцця святой Камуніі непасрэдна сваімі рукамі і пальцамі больш нагадвае жэст спажывання звычайнай ежы. У выпадку немалой колькасці каталікоў практыка прыняцця Камуніі ў руку прывяла да аслаблення веры ў Рэальную Прысутнасць, у транссубстанцыяцыю і ў боскую і ўзвышаную сутнасць святой Гостыі. Падсвядома эўхарыстычная прысутнасць Хрыста з цягам часу стала для гэтых вернікаў нечым накшталт святога хлеба або сімвалам. Цяпер Пан умяшаўся і пазбавіў амаль усіх вернікаў удзелу ў святой Імшы і сакрамэнтальнага прыняцця святой Камуніі.

Нявінныя і вінаватыя зносяць гэтае выпрабаванне разам, таму што ў таямніцы Касцёла ўсе ўзаемна злучаны як яго члены: “…калi церпiць адзін член, церпяць з ім усе члены” (1 Кар 12:26). Цяперашняе спыненне публічнай святой Імшы і святой Камуніі Папа і біскупы могуць разумець як Божую кару за апошнія пяцьдзясят гадоў дэсакралізацыі і трывіялізацыі Эўхарыстыі і ў той жа час як міласэрны заклік да сапраўднага эўхарыстычнага навяртання ўсяго Касцёла. Няхай Дух Святы кране сэрцы Папы і біскупаў і натхніць іх выдаць канкрэтныя літургічныя нормы, каб культ Эўхарыстыі ва ўсім Касцёле быў ачышчаны і зноў скіраваны да Пана.

Можна прапанаваць, каб Папа разам з кардыналамі і біскупамі здзейсніў у Рыме публічны акт сатысфакцыі за грахі супраць Найсвяцейшай Эўхарыстыі, а таксама за грэшныя акты рэлігійнага ўшанавання статуэтак Пачамамы. Калі цяперашняе выпрабаванне скончыцца, Папу варта выдаць канкрэтныя літургічныя нормы і запрасіць увесь Касцёл зноў павярнуцца да Пана ў спосабе цэлебрацыі Імшы, гэта значыць калі цэлебрант і вернікі звернуты ў адным кірунку падчас эўхарыстычнай малітвы. Таксама Папу варта забараніць практыку ўдзялення Камуніі ў руку, таму што Касцёл не можа пакідаць беспакараным такое мінімалістычнае і неасцярожнае стаўленне да Святога Святых у малой кансэкраванай Гостыі.

Натхніць Папу і біскупаў да канкрэтных дзеянняў пакаяння і аднаўлення хвалы эўхарыстычнай Ахвяры і эўхарыстычнага Цела Пана можа наступная малітва Азарыі ў вогненай печы, якую кожны святар прамаўляе падчас аферторыя ў Імшы:

“Прымі нас, што ў духу пакоры і са скрухай у сэрцы стаім перад Табою, а наша ахвяра так хай споўніцца перад абліччам Тваім, каб была Табе даспадобы, бо няма збянтэжання для тых, хто спадзяецца на Цябе. І цяпер мы следуем за Табою ўсім сэрцам і баімся Цябе, і шукаем Твайго аблічча. Не выстаўляй нас на сорам, а зрабі з намі паводле сваёй дабрыні і паводле вялікай міласэрнасці Тваёй. Выбаў нас цудоўнымі справамі Тваімі і дай хвалу імені Твайму, Пане” (Дан 3:39-43, Вульгата).


Аўтар: Diane Montagna
Крыніца: The Remnant
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу рэдакцыі The Remnant.