Як Павел VI пагарджаў каталікамі, якія халодна прынялі літургічную рэформу

🕑

11 minutes

Peter Kwasniewski • NLM

Мы паволі і з меланхоліяй набліжаемся да 50-й гадавіны ўступлення ў сілу апостальскай канстытуцыі Папы Паўла VI Missale Romanum і першай абавязковай цэлебрацыі Novus Ordo Missae ў першую нядзелю Адвэнту 30 лістапада 1969 года. У сувязі з гэтым варта прыгадаць, што гэты спрэчны і праблемны Папа лічыў неабходным часта звяртацца да тых “незадаволеных” свайго часу, якія скардзіліся на плынь пастаянных зменаў, што ўводзіліся ў рымскую літургію на працягу 1960-х гадоў. Некаторыя чытачы ўжо ведаюць пра нечуваныя агульныя аўдыенцыі ў сакавіку 1965 года і ў лістападзе 1969 года (пра іх я падрабязна апавядаў у дакладзе “A Half-Century of Novelty: Revisiting Paul VI’s Apologia for the New Mass”), але нямногія чулі пра іншыя публічныя звароты, у якіх ён працягваў сваю тыраду супраць тых, хто паставіўся да рэформы без энтузіязму.

У Папы Паўла быў цікавы стыль прамоваў — такі, быццам свецкія вернікі і духавенства, нібы шчаслівыя грамадзяне камуністычнага раю працоўных, у захапленні і прагненні актыўнага ўдзелу кінуліся прымаць новую форму Імшы. Апублікаваныя і вусныя сведчанні, а таксама рэзкі спад у колькасным складзе вернікаў у 1960-я і 1970-я гады дазваляе судзіць, што “добрыя намеры” камісіі Буньіні ацаніла толькі невялікая меншасць. Таму пагарда Паўла VI была накіравана не толькі на большасць сваіх жа аднаверцаў (што само па сабе было б нядобра); насамрэч яна была накіравана супраць стагоддзяў традыцыйнай каталіцкай практыкі, якая нягледзячы на ўсе свае верагодныя хібы трымала пры Касцёле і пры веры вялікую колькасць вернікаў, надаючы ім такую пабожнасць і сур’ёзнасць, якую ўвогуле цяжка было знайсці па-за каталіцтвам, не кажучы ўжо пра тое, каб дзесьці яна была вышэйшай. Парада, якую ў 1956 годзе даў Луі Буе, засталася незаўважанай: “Мы павінны не дапамагаць штучнай супольнасці ўдзельнічаць у антыкварнай літургіі, а хутчэй рыхтаваць сапраўды існуючыя супольнасці Касцёла да ўдзелу ў правільна зразуметай і сапраўды традыцыйнай літургіі” [1].

У гэтым артыкуле я хачу прапанаваць некаторыя цытаты Паўла VI, якія я знайшоў у таўшчэзнай падпорцы для дзвярэй пад назвай “Documents on the Liturgy 1963–1979”. Гэтыя цытаты раскрываюць увесь маштаб, або адсутнасць маштабу, папскай думкі ў тым, што датычыцца значэння participatio actuosa і ганебных паводзінаў тых, хто ўпарта працівіўся маршу прагрэсу.

Зварот да італьянскіх біскупаў, 14 кастрычніка 1964 (DOL 21)
“Літургічная рэформа адкрывае нам шлях да перавыхавання нашых людзей у іхняй рэлігійнасці, да ачысткі і ажыўлення іхніх формаў малітвы і пабожнасці, да аднаўлення годнасці, прыгажосці, прастаты і добрага густу нашых рэлігійных абрадаў. Без такога ўнутранага і знешняга аднаўлення застаецца мала надзеі на паўсюднае выжыванне рэлігійнага жыцця ў сённяшніх змененых умовах… Развівайце сакральную музыку, пабожны супольны спеў народу. Памятайце, што, калі вернікі спяваюць, яны не пакінуць Касцёл; калі яны не пакінуць Касцёл, яны захаваюць веру і будуць жыць, як хрысціяне”.

Агульная аўдыенцыя, 13 студзеня 1965 года (DOL 24)
“Сваім імкненнем давесці Канстытуцыю пра літургію да дакладнага і жыццядайнага выніку вы [г. зн. свецкія] паказваеце, што маеце тое распазнанне знакаў часу, якое Хрыстус раіў сваім першым вучням (гл. Мц 16:4) і якое Касцёл сёння абуджае і знаходзіць у дарослых каталіках… Вы паказваеце, што разумееце той новы шлях рэлігіі, які бягучая літургічная рэформа імкнецца аднавіць… Цяпер дбайнасць Касцёла пашыраецца; сёння яна змяняе пэўныя аспекты рытуальнай дысцыпліны, якія цяпер з’яўляюцца неадэкватнымі, і стараецца адважна, але разважліва пранікнуць у іх эклезіяльнае значэнне, у патрэбы супольнасці і звышнатуральны сэнс касцёльнага культу. Каб зразумець гэтую рэлігійную праграму і атрымаць асалоду ад яе чаканых вынікаў, мы ўсе павінны змяніць свой прывычны спосаб мыслення пра святыя абрады і рэлігійныя практыкі як пра штосьці, што патрабуе толькі пасіўнай і разгубленай прысутнасці. Нам трэба цалкам усвядоміць сабе той факт, што разам з Саборам нарадзілася новая духоўная педагогіка. Гэта тое новае, што прынёс Сабор, і мы не павінны адмаўляцца ад таго, каб стаць спачатку вучнямі, а затым і настаўнікамі ў гэтай школе малітвы цяпер, пры яе пачатку. Можа стацца так, што рэформы закрануць вельмі дарагія нам практыкі, годныя павагі; што рэформы запатрабуюць ад нас высілкаў, якія спачатку будуць цяжарам. Але мы павінны мець паслухмянасць і давер: рэлігійныя і духоўныя перспектывы, якія перад намі адкрывае Канстытуцыя, вельмі важныя ў сваёй дактрынальнай грунтоўнасці і аўтэнтычнасці, у неаспрэчнасці сваёй хрысціянскай логікі, у чысціні і багацці культурных і эстэтычных элементаў, у сваім адказе на характар і патрэбы сучаснага чалавека”.

Прамова да пастыраў і велікапосных прапаведнікаў, 1 мая 1965 года (DOL 25)
“Вось некаторыя з заданняў: змяніць вельмі шматлікія паставы, якія ў пэўных адносінах самі па сабе з’яўляюцца годнымі павагі і дарагімі для людзей; абудзіць пабожных і добрых людзей, прадставіўшы ім новыя спосабы малітвы, якія яны зразумеюць не адразу; перацягнуць на бок асабістага ўключэння ў супольную малітву многіх людзей, якія прывыклі маліцца — або не маліцца — у касцёле як ім падабаецца; узмацніць навучанне малітве і культу ў кожнай супольнасці, гэта значыць паказаць вернікам новыя пункты гледжання, жэсты, практыкі, формулы і паставы, якія паспрыяюць актыўнаму ўдзелу ў рэлігіі, да якога многія не прызвычаіліся. Адным словам, заданнем з’яўляецца заахвоціць Божы люд да святарскага літургічнага жыцця. Зноў жа, можна сказаць, што гэта складаная і далікатная справа, але трэба дадаць, што яна неабходная, абавязковая, вартая і аднаўленчая. Мы спадзяёмся, што яна таксама прынясе задавальненне”.

Агульная аўдыенцыя, 17 сакавіка 1965 года (DOL 27)
“Што людзі думаюць пра рэформу літургіі?.. Па-першае, ёсць тыя, хто дае сведчанне аб пэўным замяшанні, а таму неспакоі. Дагэтуль людзі адчувалі сябе зручна: яны маглі маліцца так, як жадалі, усе даволі добра ведалі тое, як адбываецца Імша. Цяпер з усіх бакоў новыя рэчы, змены, сюрпрызы: дайшло нават да таго, што прыйшлося адмовіцца ад званкоў на Sanctus. Таксама ёсць малітвы, якія больш ніхто не можа знайсці; Камунію прымаюць стоячы; Імша раптоўна заканчваецца пасля благаслаўлення. Кожны дае адказы, ёсць шмат руху; малітвы і чытанні прамаўляюцца гучна. Карацей, спакою больш няма, рэчы сталі менш зразумелымі і гэтак далей. Мы не будзем крытыкаваць гэтыя погляды, таму што тады нам прыйшлося б паказаць, што яны сведчаць пра дрэннае разуменне значэння рэлігійных абрадаў і прыадкрываюць нам не сапраўдную пабожнасць і сапраўдную ацэнку значэння і каштоўнасці Імшы, а хутчэй пэўную духоўную ляноту, якая перашкаджае зрабіць асабісты высілак для лепшага разумення і ўдзелу, накіраванага на лепшае разуменне і выкананне гэтага самага сакральнага з усіх рэлігійных актаў, у якім мы запрошаны, а хутчэй у якім абавязаны ўдзельнічаць”.

(Наўмысна такіх рэчаў не выдумаеш!)

Гамілія ў рымскай парафіі, 27 сакавіка 1966 года (DOL 33)
“Сабор заняў фундаментальную пазіцыю, што вернікі павінны разумець тое, што кажа святар [2], і ўдзельнічаць у літургіі; быць не проста пасіўнымі гледачамі, а жывымі душамі… Паглядзіце на алтар, устаноўлены цяпер для дыялогу з прысутнымі; прыгадайце лацінскую мову, якую прынеслі ў ахвяру, бясцэннае сховішча скарбаў Касцёла. Гэтае сховішча адкрылі, і сёння размоўная мова людзей становіцца часткай іхняй малтвы. Вусны, якія часта былі маўклівымі, нібы запячатанымі, цяпер нарэшце пачынаюць рухацца, паколькі ўвесь сабраны люд можа прамовіць сваю частку ў дыялогу… Не існуе больш таго смутнага феномену, што людзі добра ведаюць і выказваюцца на любую людскую тэму, аднак становяцца маўклівымі і апатычнымі ў Божым доме. Як узвышана гучыць падчас Імшы супольнае прамаўленне малітвы “Ойча наш”! Так нядзельная Імша становіцца не проста абавязкам, а задавальненнем; не проста выкананнем павіннасці, а ўспрымаецца як права”.

Павел VI быў прарокам у тым, што датычыцца кантрацэпцыі, аднак не здолеў выканаць той жа функцыі ў сферы літургіі.

Агульная аўдыенцыя ў Кастэль-Гандольфа, 13 снежня 1969 года (DOL 45)
“Дзякуючы інтэнсіўнаму і працягламу рэлігійнаму руху літургія, увянчаная і, так бы мовіць, кананізаваная Другім Ватыканскім саборам, набыла новую важнасць, годнасць, даступнасць і долю ў свядомасці і духоўным жыцці Божага люду, і мы прадказваем, што гэта будзе яшчэ ў большай ступені назірацца ў будучыні”.

Заўважце, што праз тры гады пасля сваіх скаргаў у 1966 годзе Павел VI ўсё яшчэ цягне валынку на тэму супраціву рэформе і тых заганаў, пра якія гэты супраціў сведчыць:

Агульная аўдыенцыя ў Кастэль-Гандольфа, 20 жніўня 1969 года (DOL 46)
“Другая катэгорыя, шэрагі якой папоўніліся ўстрывожанымі людзьмі пасля саборнай рэформы літургіі, уключае падазроных людзей, крытыканаў, незадаволеных. Патрывожаныя ў сваіх пабожных практыках, гэтыя натуры неахвотна аддаюцца новым шляхам, аднак не спрабуюць зразумець прычыны, што стаяць за імі. Яны лічаць новыя выразы Божага культу нездавальняючымі. Яны прыбягаюць да наракання, якое псуе ім старажытны водар тэкстаў мінуўшчыны і не дае адчуць смак таго, што Касцёл у гэтую другую вясну літургіі прапануе тым душам, якія адкрыліся на значэнне і мову новых абрадаў, санкцыянаваных мудрасцю і аўтарытэтам паслясаборнай рэформы. Не вельмі складаны высілак, накіраваны на прыняцце і разуменне, прынясе досвед годнасці, прастаты і адшуканай старажытнасці ў новых літургіях, а таксама прынясе ва ўнутраную святыню кожнага чалавека суцяшэнне і жыццядайную сілу супольных цэлебрацый. Унутранае жыццё атрымае ад гэтага большую паўнату”.

Агульная аўдыенцыя, 26 лістапада 1969 года (DOL 211)
“Новы абрад Імшы — гэта змена ў шанаванай традыцыі, што мела месца стагоддзямі. Гэтая рэч закранае нашу традыцыйную рэлігійную спадчыну, якая, здавалася, мае прывілей недатыкальнасці і ўсталяванасці. Яна, здавалася, укладае нам у вусны малітву нашых продкаў і нашых святых і дае нам камфорт дзякуючы адчуванню, што мы верныя духоўнай мінуўшчыне, якую мы захоўвалі для перадачы наступным пакаленням.
Менавіта ў такі момант, як гэты, мы пачынаем лепш разумець значэнне гістарычнай традыцыі і супольнасці святых. Гэтая змена закране абрады Імшы. Мы заўважым, магчыма, з пэўным пачуццём раздражнення, што цырымоніі пры алтары больш не выконваюцца з тымі самымі словамі і жэстамі, да якіх мы прызвычаіліся — магчыма, прызвычаіліся настолькі моцна, што больш не звярталі на іх увагі. Гэтая змена таксама закранае вернікаў. Яна мае на мэце зацікавіць кожнага з прысутных, выцягнуць іх з прывычнай прыватнай пабожнасці або звычайнай апатыі.
Нам неабходна падрыхтавацца да гэтай шматбаковай нязручнасці. Гэта той від разладу, які выклікае любое новаўвядзенне, што ўрываецца ў нашыя звычкі. Мы заўважым, што пабожныя асобы ўстрывожаны найбольш, таму што яны маюць свой уласны шанаваны спосаб слухання Імшы, і яны адчуюць, што іх вытраслі з іх звычайных думак і абавязалі следаваць за думкамі іншых. Нават святары могуць адчуць некаторае раздражненне ў гэтых адносінах. Што ж неабходна зрабіць з гэтай асаблівай і гістарычнай нагоды? Перш за ўсё мы павінны падрыхтавацца. Гэтае новаўвядзенне — немалая справа. Мы не павінны дазволіць сабе здзіўляцца прыродай і нават нязручнасцю яго знешніх формаў…
Менавіта воля Хрыста, подых Духа Святога заклікае Касцёл зрабіць гэтую змену. У Містычным Целе Хрыста, у Касцёле адбываецца прароцкі момант. Гэты момант устрасае Касцёл, абуджаючы яго і абавязваючы аднавіць таямнічае мастацтва свайго культу.
І тут будзе заўважана найбольшая навізна — навізна мовы. Галоўнай мовай Імшы ўжо будзе не лаціна, а размоўная мова. Увядзенне народных моваў, несумненна, будзе вялікай ахвярай для тых, хто ведае прыгажосць, моц і выразную сакральнасць лацінскай мовы. Мы расстаемся з голасам хрысціянскіх стагоддзяў; мы становімся падобнымі да неадукаваных зламыснікаў у літаратурным запаведніку сакральнага слова. Мы страцім вялікую частку такой вельмі важнай і духоўнай рэчы, як грыгарыянскі спеў. У нас сапраўды ёсць прычыны для шкадавання, амаль што для збянтэжанасці. Чым мы можам замяніць гэтую мову анёлаў? Мы адмаўляемся ад рэчы бясконцай вартасці. Але навошта? Што можа быць больш каштоўным за гэтыя ўзвышаныя каштоўнасці нашага Касцёла?
Адказ здасца банальным і празаічным. Аднак гэта добры адказ, таму што ён чалавечы, таму што ён апостальскі. Разуменне малітвы каштуе больш за шаўковае ўбранне, у якое яна па-каралеўску апранута. Больш каштуе ўдзел людзей, асабліва ўдзел сучасных людзей, якія так захапляюцца простай мовай, якую лёгка зразумець і перавесці ў штодзённую размову”.

Агульная аўдыенцыя, 3 лістапада 1971 года (DOL 53)
“Касцёл у малітве (Ecclesia orans) атрымаў ад Сабору сваю цудоўную ідэалізацыю. Мы не павінны забывацца пра гэта, калі кажам пра хвалюючую рэальнасць літургічнай рэформы. Нават у сувязі з духоўным станам сённяшняга свету гэтая рэформа мае вялікую вагу дзякуючы свайму паходжанню, дзякуючы пастырскаму намеру абудзіць малітву сярод Божага люду. Гэта будзе чыстая і супольная малітва: унутраная і асабістая, але ў той жа час публічная і агульная. Яе каштоўнасць заключаецца не проста ў рытуальных справах, прыналежнасці да сакрыстыі або таямнічай і выключна літургічнай эрудыцыі. Малітва павінна быць рэлігійным сцвярджэннем, поўным веры і жыцця; апостальскай школай для ўсіх, хто шукае жыццядайнай праўды; духоўным выклікам, кінутым атэістычнаму, паганскаму і секулярызаванаму свету”.

* * *

Назіраючы з вышыні апошніх пяцідзесяці гадоў, як літургічная рэформа або падрывае сама сябе, або паціху скасоўваецца ўсё мацнейшым традыцыяналістычным рухам, мы маем перавагу ў тым, што рэтраспектыўна бачым, што не трэба рабіць са сваёй каштоўнай спадчынай, і старанна працуем над тым, каб рабіць супрацьлеглае. Вялікая іронія заключаецца ў тым, што новая літургія не з’яўляецца і ніколі не была “апостальскай школай для ўсіх, хто шукае жыццядайнай праўды; духоўным выклікам, кінутым атэістычнаму, паганскаму і секулярызаванаму свету”. Наадварот, мы ўсё больш і больш бачым, наколькі добра гэтае апісанне пасуе класічнаму рымскаму абраду, які, нібы фенікс, паўстае з попелу.

Зноскі

[1] “Life and Liturgy” (1956), pp. 14-15. Гэтыя словы цытуе Алкуін Рэйд у прадмове да выд. Beauduin, “Liturgy, the Life of the Church”.

[2] Гэтае сцвярджэнне, вядома, з’яўляецца адкрытай хлуснёю з боку Паўла VI, паколькі Сабор не займаў такой пазіцыі, а фактычна займаў іншую. Гэтую хлусню ён паўтараў пры дзясятках нагодаў.


Аўтар: Peter Kwasniewski
Крыніца: New Liturgical Movement
Ілюстрацыі: New Liturgical Movement

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Падобныя допісы

Create a website or blog at WordPress.com

Design a site like this with WordPress.com
Get started