Кардынал Сара: Каталіцкі Касцёл страціў адчуванне сакральнага

Эдвард Пенцін з National Catholic Register узяў інтэрв’ю ў прэфекта Кангрэгацыі Божага культу кард. Рабэра Сара. Кардынал, тэрмін якога ў кангрэгацыі, вельмі верагодна, скончыцца ў гэтым лістападзе, апавядае пра сваю апошнюю кнігу “The Day Is Now Far Spent“, пра чаканні ад надыходзячага Амазонскага сінода і пра тое, ці варта афрыканцам танцаваць на святой Імшы.

Сярод іншага, кардынал Сара засяродзіўся на некаторых праблемных рэчах у літургіі.

* * *

Мне здаецца, што канстытуцыя Sacrosanctum concilium з’яўляецца важным тэкстам, які дазваляе ўвайсці ў глыбокае і містычнае разуменне літургіі. Нам трэба было выйсці з пэўнага роду рубрыцызму. На жаль, рубрыцызм замянілі кепскай крэатыўнасцю, якая змяняе Божую працу ў людскую рэальнасць. Сучасная тэхнічная ментальнасць хацела б звесці літургію да эфектыўнай педагагічнай працы. Дзеля гэтага мы стараемся зрабіць абрады святочнымі, прывабнымі і сяброўскімі. Аднак літургія не мае іншай педагагічнай каштоўнасці, акрамя той, калі яна цалкам накіравана на праслаўленне Бога — на культ Бога і асвячэнне чалавека.

З гэтага пункту гледжання, актыўны ўдзел мае на ўвазе шуканне ў сабе таго святога здранцвення, таго радаснага страху, які суцішвае нас перад Божай веліччу. Каб увайсці ў сферу боскага, мы павінны адмовіцца ад спакусы заставацца ў сферы людскога.

У гэтым сэнсе, варта шкадавання, што прэзбітэрыі нашых касцёлаў не з’яўляюцца месцам, адасобленым для Божага культу, што мы ўваходзім туды ў свецкай вопратцы, што пераход са сферы людскога ў сферу боскага не абазначаны архітэктурнай мяжой. Падобным чынам, калі, як навучае Сабор, Хрыстус прысутнічае ў абвяшчэнні свайго слова, вельмі шкада, што лектары не маюць адпаведнага ўбрання, якое паказвае, што яны прамаўляюць не людскія словы, а Божае слова.

Нарэшце, калі літургія з’яўляецца працай Хрыста, то цэлебранту няма неабходнасці ўносіць свае каментарыі. Богу падабаецца не мноства формул і варыянтаў на выбар і не пастаянная змена малітваў і перабольшаная літургічная крэатыўнасць, а метаноя — радыкальная змена ў нашым жыцці і паводзінах, сур’ёзна забруджаных грахом і пазначаных паўзучым атэізмам.

Неабходна памятаць, што, калі Імшал дазваляе зрабіць каментарый, то гэты каментарый не павінен станавіцца свецкай і людской прамовай, і тым больш аповедам пра бягучыя справы ці свецкім прывітаннем прысутных; гэта павінен быць лаканічны заклік да ўваходу ў таямніцу.

У літургічным дзеянні нішто свецкае не мае месца. Было б сур’ёзнай памылкай лічыць, што свецкія, відовішчныя элементы заахвоцяць вернікаў да ўдзелу. Гэтыя элементы могуць паспрыяць толькі людскому ўдзелу, а не ўдзелу ў Хрыстовым рэлігійным і збаўчым дзеянні.

Прыгожую ілюстрацыю гэтага мы бачым у прадпісаннях Сабору. У той час як канстытуцыя пра святую літургію пастаянна рэкамендуе свядомы і актыўны ўдзел і нават поўнае разуменне абрадаў, яна адначасова рэкамендуе і лацінскую мову, прадпісваючы, каб “вернікі ўмелі разам чытаць ці спяваць і лацінскія часткі парадку Імшы, прызначаныя для іх”. (…)

Як нядаўна нагадваў нам Папа Францішак, святар не павінен рабіць з сябе шоўмэна, каб заваяваць захапленне публікі. Наадварот, ён павінен удзельнічаць у Хрыстовым дзеянні, уваходзіць у яго, рабіцца Ягоным інструментам. Таму ён не абавязаны пастаянна гаварыць і глядзець на сабраных людзей, а хутчэй ён павінен дзейнічаць in persona Christi і ўключаць вернікаў у такі ўдзел.

Таму дарэчы будзе падчас абраду пакаяння, аферторыя і эўхарыстычнай малітвы павярнуцца ўсім разам да крыжа, або лепей да ўсходу, каб выказаць сваё жаданне ўдзельнічаць у справе культу і адкуплення, якую выконвае Хрыстус, а праз Яго выконвае Касцёл.

* * *

Астатнюю частку інтэрв’ю глядзіце тут.

Фота: Michael Swan / Flickr (CC BY-ND)

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google photo

You are commenting using your Google account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

Create a website or blog at WordPress.com

Up ↑

Create your website at WordPress.com
Get started
%d bloggers like this: